Расшыфруем «Рыжие сны»?

На небасхіле маладой беларускай паэзіі з’явілася новае імя: у маладой, 19-гадовай паэтэсы Аляксандры Дударчык выйшаў зборнік вершаў “Рыжие сны”.


Аляксандра Дударчык. Фота з сайта www.vkontakte.ru

Паколькі імя аўтара пакуль яшчэ невядома ўдзельнікам беларускага літаратурнага працэсу, дазволю сабе прывесці для знаёмства некалькі фактаў з яе біяграфіі. А. Дударчык нарадзілася ў Мінску, закончыла гістарычны клас ліцэя БДУ і цяпер з’яўляецца студэнткай гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Вершы пачала пісаць з 14 гадоў. Некаторыя з іх публікаваліся ў зборніку “Проба пера”, які выходзіў у Экалагічнай гімназіі № 19 горада Мінска. З’яўляецца пераможцай некалькіх літаратурных конкурсаў. “Рыжие сны” – яе першая кніга.

Пісаць рэцэнзіі на першыя кнігі маладых творцаў, асабліва на кнігі паэтычныя, а тым больш, калі аўтарам з’яўляецца маладая дзяўчына, справа надзвычай цяжкая. Лягчэй звярнуцца да творчасці каго-небудзь з прызнаных ці непрызнаных майстроў, чый почырк ужо сфарміраваўся, манера вершаскладання вызначылася, а глыбіня патэнцыялу відавочная. Аналіз дэбютных твораў больш нагадвае спробу бяспечна прайсці па вузкаму калідору паміж Сцылай і Харыбдай. З аднаго боку, ці не кожны крытык натуральна адзначыць “свежасць думкі, маладосць душы”, шчырасць і адкрытасць ці шэрагу аўтараў-пачаткоўцаў. З другога, большасць першых твораў пакутуюць ад адных і тых жа праблем. Іх думкі яшчэ не ўкладаюцца ў вершаваныя памеры, што нараджае перыядычныя канфлікты з рыфмай і рытмам. Акрамя таго асобныя радкі часам ствараюцца проста для таго, каб зарыфмаваць іх з папярэднімі. Таму любому крытыку даводзіцца балансіраваць на мяжы і шукаць для сябе “залатую сярэдзіну”: не пакрыўдзіць маладога творцу і адначасова расставіць належныя прыярытэты.


Вокладка кнігі «Рыжие сны»

На першы погляд, творчасць Аляксанды Дударчык цалкам укладаецца ў адзначаныя вышэй асаблівасці маладой паэзіі. Сярод яе вершаў можна знайсці надзіва прыгожыя вобразы, метафары, параўнанні: “Южный ветер колышет гриву,// Разгоняет остатки звезд.// Он сегодня остатки мира// Будет складывать в новый мост// Мост, что свяжет вчера и завтра,// Мост из песен, обид и слов,// Где узоры рисует правда,// Где надежда – основа основ” (“Лев”). Або: “Мой сон бережет пес –// Статный зверь благородной масти. Мой сон – это отблеск звезд,// Утонувших в тумане страсти” (“Мой…”). Пры жаданні пакрытыкаваць аўтара можна звярнуць увагу на не вельмі ўдалыя творы (“Пограничник”), дзе сустракаюцца такія радкі: “Сердит мой взгляд и неподкупен.// Не пропускать – такой закон.// Кусочки фраз, ошметки судеб// Сложу я в личный Рубикон”, або “Забыт – и в том моя отрада.// Непобедим – и в том печаль.// И с неба для меня награда –// Глоток воды, чтоб сделать чай ”.

Што ж тады дае падставу вылучаць зборнік “Рыжие сны” з агульнай плыні маладой паэзіі? Бадай, уласцівая ёй агульная тэндэнцыя. Той з чытачоў, хто ўважліва адсочвае пошукі творцаў-пачаткоўцаў, згадзіцца, што сярод іх твораў найбольш прадстаўлены вершы пра каханне. І хоць лепшыя з іх уражваюць напалам пачуццяў і глыбінёй перажыванняў, падчас іх прачытання ўзнікаюць пэўныя сумненні ў здольнасці іх аўтараў “прабегчы” ў будучым доўгую паэтычную дыстанцыю.

Не сакрэт, што вершаскладаннем займаюцца сотні, калі не тысячы дзяўчат. Большасць з іх прыходзіць у паэзію, каб падзяліцца эмоцыямі, якія асабліва перапаўняюць іх у маладыя гады. Пачуцці закаханасці ці кахання займаюць сярод іх ці не першае месца. Але праходзіць час, адзінота і нераздзеленасць пачуццяў саступаюць месца асабістаму шчасцю. Вось тады большасць паэтэс-пачаткоўцаў і перастаюць пісаць, бо знаходзяць аб’ект сваіх эмоцый у рэальным жыцці. Зразумела, ёсць тыя, хто застаюцца ў палоне любоўнай лірыкі надоўга. Але паколькі для напісання вершаў яны павінны ўвесь час пагружацца ў вір няспраўджаных пачуццяў і ўздымаць градус перажыванняў, існуе небяспека таго, што аднойчы аўтар проста не зможа выбрацца са свайго віртуальнага свету, або спыніць уласную творчасць.

То бок для таго, каб на працягу доўгага часу жыць паэзіяй і ствараць яе, неабходна ўвесь час сілкавацца ўнутраным агнём. Полымя пачуццяў распальваецца хутчэй, але можа знішчыць свайго ўладальніка. Пры гэтым у кнізе А.Дударчык прысутнічаюць вершы пра каханне (“…И страсть кружилась в центре зала”, “Любовник”), але не яны вызначаюць агульную танальнасць зборніка. Аснова “Рыжих снов” – выразна інтэлектуальная. У вершах маладой паэтэсы можна знайсці матывы Сярэднявечча і эпохі Адраджэння, зварот да вобразаў князя Уладзіміра, які хрысціў Русь (“Владимир-князь, креститель всей Руси,// Ты сам себе построил храм из ребер,// Когда забыл о нравах русского народа,// Глумясь над верой прадедов своих” – “Княжеский крест”), Дантэ, Мефістофеля. Асабліва ўдалым падаецца пераасэнсаванне лёсу А. Салжаніцына: “И сытая овца, вы мне поверьте,// Дает чуть-чуть побольше белой шерсти.// И новенький, не думай, что здесь рай.// Здесь первый адский круг. Ты привыкай” (“Шарашка”).

Пры звароце да творчасці А.Дударчык узгадваецца асоба Алеся Пісьмянкова і яго пасмяротная кніга “Думаць вершы”. Мяркую, што такі падыход – менавіта думаць іх, а не пісаць “стихи навзрыд” – найбольш уласцівы маладой паэтэсе. У яе творчасці бачыцца выразная перспектыва і багаты духоўны патэнцыял, які ў будучым можа прынесці А. Дударчык поспех і прызнанне.

Водгулле рыжых сноў// Літаратура і мастацтва. 2011. 12 жніўня. № 32. С. 7.