Шахматная партыя ў тысячу гадоў

На тэрыторыі Кіеўскай Русі, куды пэўны час ўваходзілі тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны, вядома каля дванаццаці гарадоў, дзе знойдзена хаця б адна шахматная фігурка. Шаснаццаць з іх знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Адной са старажытных шахматных “кропак” з’яўляецца Слуцк, куды мы і запрашаем чытачоў у віртуальную вандроўку.


Шахматныя касцяныя фігуркі: кароль (ХІІ ст.) — злева, слон (ХІІІ ст.) — справа. Фота аўтара.

Дзейнасць мясцовага Слуцкага краязнаўчага музея пачалася ў 1952 годзе. Але спярша ўстанова размяшчалася ўсяго ў двух невялікіх пакояў гарадскога Дома культуры. І толькі ў 1966-м, калі рэспубліка адзначала 850-годдзе Слуцка, для экспазіцыі і фондаў музея быў перададзены будынак былога Дома дваранскіх сходаў, помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя. З таго часу музейная справа ў горадзе набыла новы імпульс.

На пачатак 2000-х гадоў музейныя фонды налічвалі больш за 21 тысячу адзінак захоўвання. Паколькі плошча экспазіцыі складала 280 м2, паўстала непазбежнае пытанне пра яе пашырэнне. Таму неўзабаве сваіх наведвальнікаў прынялі два філіялы установы. У чэрвені 2001 года – “Музей этнаграфіі”, а ў 2005-м – Галерэя мастацтва.

Тым не менш і зараз асноўнай музейнай пляцоўкай горада застаецца будынак былога Дома дваранскіх сходаў. Сярод экспанатаў краязнаўчага музея наведвальнік убачыць упрыгожанні з ІІІ стагоддзя да нашай эры – І стагоддзя нашай эры з гарадзішча Івань, каменныя і бурштынавыя крыжыкі ХІІ стагоддзя, сярэбраны слуцкі пояс, габелен “Паляванне на дзіка” ХVІІІ стагоддзя, вырабы ўрэцкага шкла і цэлы шэраг іншых цікавых эспанатаў з мінулага слуцкага краю. Але прызнаюся, што пры аглядзе экспанатаў найбольшая ўвага была аддадзена шахматным фігуркам.

Гісторыкі лічаць, што адпаведная гульня, верагодна, узнікла ў Індыі ў канцы V стагоддзя нашай эры ў форме так званай чатурангі, у якую гулялі чатыры чалавекі. У VII – VIII стагоддзях яна стала вядомай у арабскіх краінах у форме так званай шатрандж (шатранг), у якую ужо гулялі два чалавекі. А праз некалькі соцен гадоў гульня трапіла на тэрыторыю Кіеўкай Русі.

Беларуская калекцыя старажытных шахмат складаецца з больш чым трыццаці асобных фігурак, якія датуюцца ХІ – ХІІІ стагоддзямі. Яны знойдзены падчас раскопак у Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродна, Друцку, Копысі, Лукомлі, Мінску, Мсціслаўі, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і ў гарадзішчы на Менцы (у 12 км ад Мінска). Апошняя знаходка, а таксама фігуркі выяўлены ў Ваўкавыску і Друцку, найбольш старажытныя: яны датаваныя ХІ стагоддзем.

Матэрыял, з якога выраблялі фігуры, самы разнайстайны. Як пісаў даследчык Станіслаў Цярохін, “пераважная большасць іх выразана або вытачана з костак і рагоў. (…). У друку і Копысі шахматы знойдзены на месцы старажытных кастарэзных майстэрняў сярод недаробленых касцяных рэчаў, нарыхтовак і іх адыходаў. Ёсць драўляныя фігуркі, і толькі адна, гродзенская ладдзя, зроблена з пакуль нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі пражылкамі”.

У Слуцкім краязнаўчым музее знаходзяцца чатыры фігуры: пешка, ладдзя, слон і кароль. Першыя дзве, якія знаходзяцца ў фондах, выразаныя з дрэва. У экспазіцыі прадстаўлены касцяныя фігуры: слон, датаваны ХІІІ стагоддзем, і кароль, старэйшы за яго прыкладна на стагоддзе. Асабліва адметнай здаецца фігура караля. Яна ўяўляе сабой выяву чалавека шляхетнага выгляду ў дарагім галаўным уборы, які сядзіць на троне. Яе вышыня – 6,8 см. Цікава, што бліжэйшы аналагам такой знаходкі вядомы… у Нарвегіі. Як сцвярджае археолаг Леанід Калядзінскі, на тэрыторыі Усходняй Еўропы гэта пакуль што першая знаходка такога кшталту.

Як вядома, першая ўзгадка пра Слуцк сустракаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1116 годам. Таму шахматныя фігуры можна лічыць ці не равеснікамі горада. Цяжка ўявіць, але нашыя прашчуры ігралі ў іх яшчэ падчас існавання Полацкага і Турава-Пінскага княства.

З таго часу на беларускай зямлі прайшло багата падзей. Але шахматы так і не зніклі з нашага жыцця. І зараз, калі грасмайстар з Мінску Барыс Гельфанд змагаецца за сусветную шахматную карону, разумееш, што нічога дзіўнага тут няма. За яго поспехамі – традыцыі беларускіх шахмат, працягласцю амаль ў тысячагоддзе.

Партыя ў тысячу гадоў// Літаратура і мастацтва. 2011. 24 чэрвеня. № 25. С. 20.