Агульнасусветная традыцыя правядзення “ночы музеяў” займела свой працяг. Напрыканцы мая Слуцкі краязнаўчы музей вось ужо трэці год запар запрасіў сваіх наведвальнікаў на адведную акцыю, якая сёлета мела назву “Свет дзяцінства”.
Цырымонія адкрыцця «ночы музеяў».
Фота аўтара
Уверцюрай праграмы, якая пачалася а 6 гадзіне вечара ля ўваходу ў музей, стаў невялікі канцэрт. Падчас яго прагучалі дзіцячыя песні ў выкананні юных жыхароў горада. Акрамя таго для гараджан ладзілі разнастайныя конкурсы. Напрыклад, падчас аднаго з іх тры сям’і павінны былі намаляваць на мальберце карціну, прысвечаную тэме дзяцінства.
Потым у памяшканні музея адбылася прэзентацыя выставы рускіх мастакоў XIX – пачатку XX стагоддзяў, прадстаўленая з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Яе ўключэнне ў праграму з’яўлялася невыпадковым. Справа ў тым, што падчас першай “ночы музеяў” сярод наведвальнікаў правялі анкетаванне. Яно паказала, што гараджане хацелі б убачыць у Слуцку выставу жывапісу. Сярод карцін прысутнічалі творы такіх знакамітых майстроў як Васіль Трапінін (“Партрэт хлопчыка”), Васіль Пяроў (“Гора вандроўнага катрыншчыка”), Іван Крамской (“Партрэт хлопчыка”, “Дзеці ў лесе”), Уладзімір Макоўскі (“Ля гарадской сталовай. За дармавым абедам”, “Спатканне”), так і іх менш вядомых калег.
Уладзімір Макоўскі. «Спатканне». З сайта www.iskusstwo.ru
Мастацтвазнаўцы нездарма лічаць, што сапраўднае адкрыццё асобы дзіцяці адбылося ў рускай культуры ў 1 палове ХІХ стагоддзя. У выставе, якая будзе працаваць на працягу ўсяго чэрвеня, прадстаўлены творы розных перыядаў. Як часоў рамантызму, калі аблічча дзяцей і іх асяроддзе паўставала крыху ідэалізаваным, так і рэалізму, калі на першы план выходзіла натуральнага адлюстравання іх жыцця (асабліва ў прадстаўнікоў бедных саслоўяў).
А 19-й гадзіне святкаванні плаўна перамясціліся ў Галерэю мастацтва – філіял музея, адкрыты ў 2005 годзе падчас правядзення ў Слуцку свята “Дажынкі”. У галерэі прайшоў майстар-клас Алены Латушка па вітражнай размалёўцы. А потым сваю выставу прэзентаваў мінскі мастак Леанід Гурбо, чый бацька паходзіў са Случчыны. Сярод 33 прац у жывапісу і графіцы адно з найбольш моцных уражанняў пакінула карціна “Званы Хатыні”. Яе прастора заключана ў кола. На ім безліч званоў, якія сімвалізуюць усе спаленыя вёсак. А прастору рассякаюць сваімі крыламі птушкі. Яны ці то ратуюцца ад бяды, ці то спяшаюцца паведаміць людзям вестку пра трагедыю.
А сярод стацыянарнай экспазіцыі можна ўбачыць працу «Тэатр аперэты». Фота аўтара
Упершыню ў Слуцку быў праведзены аўкцыён твораў мясцовых мастакоў. І хоць карціны пакуль яшчэ не знайшлі сваіх пакупнікоў, можна спадзявацца, што першыя крокі ў гэтай справе зроблены.
Яркім завяршэннем акцыі “Ноч музеяў” стала прэзентацыя альбома “Слуцкая палітра”, які выйшаў у РВУ “Літаратура і мастацтва”. Дырэктар музея Наталля Серык, якая выступіла складальнікам кнігі, праставіла на яе старонках творчасць Людвіга Асецкага, Уладзіміра Басалыгі, Міхася Басалыгі, Ігара Бархаткова, Міхася Блішча, Мікалая Валынца, Уладзіміра Вішнеўскага, Міхася Карпука і іншых мастакоў. Іншымі словамі, усіх без выключэння значных майстроў, чыя біяграфія і лёс звязаныя са слуцкай зямлёй.
Ноч музеяў на Случчыне// Літаратура і мастацтва. 2011. 10 чэрвеня. № 23. C. 21.
P.S. Шкада толькі, што на мерапрыемства прыйшло так мала людзей. Па маіх падліках, 100-150 чалавек, з якіх частку складалі дзеці. І гэта на 62-тысячны Слуцк. Няўжо нікога больш акцыя не зацікавтла?
P.S-2. А яшчэ ў Слуцкім краязнаўчым музее можна ўбачыць… шахматы, узрост якіх складае крыху менш за тысячу гадоў. Падрабязнасці чытайце ў адным з наступных запісаў.