Ян Гамарнік. У гонар каго названа мінская вуліца?

Гамарник был подтянут и высок
И знаменит умом
И бородою. Ему ли стать
Казанскою сиротою перед судом?
Он выстрелил в висок.


Ян Гамарнік. Тут і далей выкарыстаны фотаздымкі са зборніка «Возвращенные имена»

Гэтыя радкі з верша Барыса Слуцкага «Пасля рэабілітацыі» прысвечаны Яну Гамарніку, які ўзначальваў нашую рэспубліку ў 1928-1929 гадах. Гамарнік – актыўны ўдзельнік Грамадзянскай вайны. Вядомы партыйны дзеяч. Палітык саюзнага ўзроўню. Нарэшце, чалавек, якога лёс ўзняў вельмі высока, каб потым апусціць да зямлі. Таму ён варты не толькі нашай памяці, але і разгляду яго жыцця і дзейнасці.

Дзяцінства. Юнацтва. Маладосць
Ян Барысавіч Гамарнік нарадзіўся ў украінскім горадзе Жытоміры 21 мая (2 чэрвеня — па новым стылі) 1894 года ў сям’і дробнага канторскага служачага Барыса Маісеевіча Гамарніка. Дзяцінства Гамарніка прайшло ў Адэсе, куды яго сям’я пераехала ў самым канцы ХІХ стагоддзя ў пошуках больш высокааплачваемай працы. Яну тады было каля пяці год. Гамарнік атрымаў даволі добрую адукацыю: у Адэсе ён закончыў мясцовую гімназію. Вучыўся цудоўна, ішоў на залаты медаль, але, прымаючы пад увагу “вольнасць думак”, як патлумачыў Гамарніку-старэйшаму дырэктар, атрымаў толькі срэбраны. Наконт вольнасці думак кіраўніцтва гімназіі не памылялася. Як сведчаць сёстры Яна, “яго любімымі пісьменнікамі былі Пушкін, Лермантаў і Някрасаў (шэраг яго вершаў ён ведаў на памяць). Ён чытаў Бялінскага, Дабралюбава, Чарнышэўскага. Захапленне кнігамі не перашкаджала вучобе. Ян цудоўна ведаў матэматыку і ўжо з чатырнаццаці-пятнаццаці гадоў пачаў весці урокі з вучнямі малодшых класаў. Заробленыя грошы ён аддаваў бацькам, пакідаючы сабе толькі на кнігі”.

Няма сумненняў, што на светаўспрыманне Гамарніка паўплывала не толькі літаратура. Паўплывалі яшчэ і асяроддзе, і час. Паўднёвая сонечная Адэса. Мора. 1905 год. Паўстанне на знакамітым браняносцы “Пацёмкін”.


Праз гады Гамарніку будзе падпарадкоўвацца флот краіны.
На манёўрах Чарнаморкскага флоту.

1905-ы і з’яўляецца годам непасрэднага далучэння Гамарніка да палітычнай дзейнасці. Тады Ян, адзінаццацігадовы гімназіст, прыняў удзел у масавым мітынгу каля будынка Адэскага універсітэта.

Паколькі за навучанне Гамарніка ў гімназіі трэба было плаціць, грошай у сям’і не хапала. Таму бацька Яна быў вымушаны з’ехаць з Адэсы ў вёску Турчынку, дзе наняўся працаваць на лесапільны завод. Але з’ехаў не адзін, а з усёй сям’ёй. Ян Гамарнік застаўся ў Адэсе адзін і дзеля таго, каб матэрыяльна дапамагчы сваім родным, пачаў даваць урокі. Сам ён пасля пісаў, што з 15-гадовага ўзросту быў вымушаны сам знаходзіць сабе сродкі на існаванне. Але нават цяжкія ўмовы жыцця не адбіваліся на яго поспехах у вучобе. Гамарнік заставаўся адным з лепшых вучняў гімназіі, займаўся спортам – цудоўна плаваў, захапляўся музыкай і тэатрам. Але ў будынку тэатра Ян быў рэдкім госцем: прычынай гэтага была ўсё тая ж адсутнасць сродкаў.

Кожнае лета, на вакацыях, Гамарнік жыў у бацькоў у вёсцы Турчынка. Мясцовы лесапільны завод меў шмат коней, і Яну не раз прадстаўлялася магчымасць асвоіць азы коннай язды. Ян пайшоў далей: ён стаў першакласным наезнікам. Гэта не аднойчы дапаможа яму ў часы Грамадзянскай вайны.

У 1913 годзе Гамарнік закончыў гімназію і хацеў працягваць адукацыю. Бацькі былі не супраць. Але сродкаў на няблізкі шлях (а Ян марыў паехаць у Санкт-Пецярбург) не было. Тады ўчарашні гімназіст вырашыў зарабіць іх самастойна: ён паехаў ва павятовы горад Малін і пачаў даваць там прыватныя ўрокі. Балазе, такі вопыт у яго ўжо быў. У наступным, 1914-м годзе Гамарнік удала здаў іспыты і паступіў у Пецярбургскі псіханеўралагічны інстытут. Сталіца зрабіла на студэнта першага курса незабыўнае ўражанне. На зімовых вакацыях, калі Ян прыязджаў дадому, ён з захапленнем распавядаў пра тое, што бачыў і чуў Максіма Горкага, фізіёлага Бехцерава і іншых прафесараў.

Але вучоба ў сталіцы не была працяглай: праз год, у 1915-м, Гамарнік перавёўся на юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Адназначную прычыну гэтага назваць нельга. Па-першае, можна дапусціць, што Я.Гамарнік думаў, што вывучэнне прававых навук будзе больш карысным для яго далейшай дзейнасці. Па-другое, Украіна была яго радзімай, у апошнія гады там знаходзілася яго сям’я. І жыць разам з ёй было безумоўна лягчэй, чым у сталіцы ў часы першай сусветнай вайны.

Заўважым, што ў 1916 годзе Гамарнік уступіў у шэрагі бальшавікоў. Таму няма сумненняў, што Гамарнік вітаў Лютаўскую рэвалюцыю. А з сакавіка 1917 года Ян амаль перастаў бываць дома: кіеўскія бальшавікі ўтварылі свой легальны камітэт. Сакратаром стаў дваццацітрохгадовы Ян Гамарнік.

Гэтую пасаду ён займаў у час паміж рэвалюцыямі (Лютаўскай і Кастрычніцкай), як раз тады, калі бальшавікі займаліся актыўнай агітацыяй сярод насельніцтва. Асаблівую ўвагу яны звярталі на рабочых кіеўскіх заводаў і вайсковыя часткі, што ў рэшце рэшт прынесла ім поспех.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Украіне, як па ўсёй былой Расійскай імперыі, усталявалася двоеўладдзе. З аднаго боку былі Саветы салдацкіх і рабочых дэпутатаў, з другога – Часовы ўрад. Але на Украіне, як, дарэчы, і на Беларусі, існавала даволі ўплывовая трэцяя сіла: мясцовая інтэлігенцыя і частка нацыянальна свядомай буржуазіі, якая змагалася спачатку за аўтаномію, а пасля і за незалежнасць Украіны. У сакавіку 1917 года была ўтворана Цэнтральная рада, якая стала прадстаўнічым органам “трэцяй сілы”. Паміж гэтымі сіламі ў далейшым і разгарнулася барацьба.

Падзеі Грамадзянскай вайны
Рэха Кастрычніцкай рэвалюцыі данеслася да Кіева надзіва хутка. Ужо праз два дні – 27 кастрычніка – адбылося аб’яднанае пасяджэнне Кіеўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, вайсковых частак і прафсаюзных арганізацый. Зразумела, што яно падтрымала рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе. На тым жа пасяджэнні быў створаны рэвалюцыйны орган улады: рэвалюцыйны камітэт. У склад рэўкама быў абраны і Ян Гамарнік.

Супраць бальшавісцкай ўлады выступіла Цэнтральная рада. Яе падтрымалі дэлегаты Усерасійскага агульнаказацкага з’езда, які быў скліканы Часовым урадам. У ноч на 29 кастрычніка казакі і юнкеры арыштавалі ўсё бальшавісцкае кіраўніцтва. 14 чалавек, у тым ліку і Гамарніка, пасадзілі пад арышт у будынку Кіеўскай ваеннай акругі. Існавала рэальная небяспека таго, што арыштаваныя будуць расстраляны. Але 31 кастрычніка бальшавікі былі вызваленыя сваімі прыхільнікамі з ліку рабочых мясцовага завода “Арсенал”.

Канфрантацыя яшчэ больш нарастала. Лідэры ўкраінскай буржуазіі і інтэлігенцыі 7 лістапада (па новым стылі 20 лістапада) 1917 года абвясцілі пра ўтварэнне Украінскай народнай рэспублікі ў складзе Расіі, а 11 студзеня (па новым стылі 24 студзеня) 1918 года незалежнасць УНР. Бальшавікі былі вымушаны часова адступіць, але ужо 26 студзеня (8 лютага па новым стылі) 1918 года зноў занялі Кіеў.

У сярэдзіне лютага сваё наступленнне на Украіну пачалі немцы. Гамарнік кіраваў абаронай Кіева. Аднак у рэшце рэшт было прынята рашэнне пакінуць украінскую сталіцу. Урад Украіны пераязжаў паслядоўна ў Палтаву, Екацерынаслаў (сучасны Днепрапятроўск), Таганрог. Тым часам у Кіеве ў час нямецка-аўстрыйскай акупацыі была адроджана ўлада УНР. Але 29 красавіка немцы разагналі Цэнтральную раду (урад УНР). Замест яе была створана гетманшчына на чале са Скарападскім.

Сітуацыя для Саветаў была крытычнай. Як раз у той час Гамарніку было даручана заняцца наладжваннем падпольнай барацьбы. У красавіку-ліпені 1918 года ён уваходзіць у склад Усеўкраінскай паўстанцкай дзевяткі, якая кіравала нелегальнай барацьбой ў Адэсе, Харкаве, Крыме. Дарэчы, у час падпольнай дзейнасці ў Адэсе Гамарнік пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Блюмай.

9 лістапада 1918 года ў Германіі пачалася рэвалюцыя. Немцы пачалі адступаць, і ў гэтых умовах 14 снежня 1918 года гетманшчыну змяніла Украінская дырэкторыя, якую ўзначаліў Пятлюра. Карыстаючыся гэтым, “чырвоныя” перайшлі ў наступленне і ў чарговы раз занялі частку тэрыторыі Украіны. 26 снежня таго ж года УНР была ў чарговы раз адноўлена. У студзені яна нават аб’ядналася з Заходне-украінскай народнай рэспублікай і пашырыла сваю тэрыторыю. Але тое былі апошнія яе поспехі. У студзені-лютым 1919 года “чырвоныя” занялі Харкаў, Палтаву, Кіеў. Да красавіка 1919 года Пятлюра быў выбіты з тэрыторыі Украіны. На кароткі тэрмін на большай частцы краіны ўсталявалася Савецкая ўлада.


Праз гады на ваенным парадзе

У маі таго ж года Гамарнік зноў прыехаў у Адэсу, да якой падыходзілі войскі Дзянікіна. Абарона Адэсы цягнулася да 25 жніўня, калі Чырвоная армія пакінула горад. Крыху раней Гамарнік быў накіраваны ў толькі што створаную Паўднёвую групу войск 12-й арміі. Яе ўзначальваў знакаміты ваеначальнік Іона Якір, а Ян Гамарнік стаў членам ваеннага савета. Паўднёвай групе, якая складалася з трох дывізій, даручалася працягваць абарону Паўднёвай Украіны, абараняць раён Адэсы і Чарнаморскага ўзбярэжжа ад войск Пятлюры, якія наступалі з паўночнага-захаду, і ад войск Дзянікіна, якія наступалі з ўсходу, і не дапусціць іх аб’яднання.

У канцы жніўня Паўднёвая група трапіла ў акружэнне з-за хуткага прасоўвання войск Дзянікіна. “Белы” генерал хутка наступаў, заняў усю Украіну і пачаў наступленне на Маскву. “Белыя” дайшлі да Арла.
Тым часам кіраўніцтва Паўднёвай групай вырашыла з баямі прабівацца да сваіх. Гэты паход стаў легендай. Кіраўнікі Паўднёвай групай, у тым ліку і Ян Гамарнік, атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі, які быў у той час адзіным і вышэйшым ордэнам Савецкай ўлады.

Ва ўладзе пасля вайны
Пасля заканчэння пахода Гамарнік некаторы час знаходзіўся на пасадзе камісара 58-й стралковай дывізіі. Але Грамадзянская вайна паступова сціхала. Таму ў тым жа 1919 годзе Яна Гамарніка ў чарговы раз перавялі ў Адэсу, дзе стаў старшынёй мясцовага губернскага камітэта партыі. Там Гамарнік праводзіў даволі ўзважаную, без характэрнага для таго часу радыкалізму палітыку. Пра гэта ёсць згадкі ў лісце Луначарскага да Леніна (май 1920 г.): “Я ніколькі не адмаўляю, што таварыш Ян – вельмі значны работнік, які праводзіць не без розуму сваю мяккую палітыку. … Мяккая палітыка ў Адэсе нічога не вартая. … Таварыш Ян указвае, што немагчыма спыніць свабоду гандлю ў Адэскай губерніі, якая фактычна не дае стаць на ногі сапраўднай харчразвёрстцы”.

У ліпені 1920 года Гамарніка пераводзяць у Кіеў, на пасаду старшыні Кіеўскага губернскага камітэта і Кіеўскага губернскага рэвалюцыйнага камітэта. Таму не памылімся, калі скажам, што ў тыя гады Гамарнік быў адным з галоўных людзей на Кіеўшчыне. Пра сітуацыю ў Кіеве сучаснікі ўзгадвалі наступнае: “Мост праз Дняпро узарваны палякамі. Лютуе сыпны тыф. З’яўляецца сібірская язва і халера. У горадзе няма паліва. На вёсцы – бандытызм…. а хадзілі ўсе члены губкома і прэзідыума губвыканкама, і тым ліку і Ян Гамарнік, па горадзе без усялякай аховы і пешшу”.

2 ліпеня 1923 года жыццёвы лёс Гамарніка зрабіў нечаканы паварот: яго накіравалі працаваць на Далёкі Усход.

Першапачаткова Гамарнік працаваў ва Уладзівастоку старшынёй губернскага выканкама, а ў чэрвені 1924 года быў прызначаны на пасаду старшыні Дальрэўкома, вышэйшага органа Савецкай улады ў зноў утворанай Далёкаўсходняй вобласці, якая пазней была перайменавана ў Далёкаўсходні край. У выніку Гамарнік стаў першай асобай на вельмі вялікай тэрыторыі: яму падпарадкоўваліся Прыбайкальская, Забайкальская, Амурская, Прыморская і Прыамурская губерніі, паўночная частка вострава Сахалін, паўвостраў Камчатка… У той час (у 1927 годзе) Гамарнік неафіцыйна трапіў у больш вузкую партыйную эліту: ён стаў членам ЦК ВКП(б).

Кіраўнік Беларусі
1928 год прынёс змяненні ў жыццё Гамарніка. Ён быў адкліканы ў еўрапейскую частку СССР і накіраваны на Беларусь. На пленуме ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (далей – КП(б)Б), які праходзіў з 28 лістапада па 1 снежня 1928 года, Гамарнік быў абраны 1-м сакратаром рэспубліканскай арганізацыі і на месцы пачаў разбірацца ў асаблівасцях і рэаліях беларускай палітыкі. Кандыдатуру Яна прапанаваў сакратар ЦК Вячаслаў Молатаў, які ў канцы 1920-х гг. карыстаўся вялікім даверам з боку Іосіфа Сталіна. У лісце да апошняга ад 17 жніўня 1928 г. В. Молатаў прапанаваў перавесці на працу ў Польшчу тагачаснага кіраўніка Беларусі Вільгельма Кнорына. А ў якасці яго пераемніка назваў асобу Гамарніка.

Кадравая палітыка на Беларусі не вылучалася стабільнасцю: першыя сакратары ЦК КПБ(б) мяняліся кожныя некалькі год. Пры гэтым можна было заўважыць некаторыя асаблівасці. Па-першае, сярод першых сакратароў зусім не было карэнных беларусаў. Па-другое, нават сярод прыезжых было вельмі мала людзей, якія хоць крыху былі звязаны з Беларуссю – ці ў негатыўным, ці ў пазітыўным сэнсе. Пасля ад’езду ў Закаўказзе Аляксандра Мяснікова і пераводу ў Маскву Вільгельма Кнорына – ініцыятараў абвяшчэння Савецкай улады на Беларусі, беларускую кампартыю ўзначальвалі паляк Вацлаў Багуцкі (1922-1924), рускія Аляксандр Асаткін-Уладзімірскі (1924) і Аляксандр Крыніцкі (1924—1927).

Але не яны вызначалі курс развіцця БССР. Самым уплывовым у вышэйшым кіраўніцтве рэспублікі быў Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК БССР з 1920 года, адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922 года, адначасова старшыня СНК БССР у 1920—1924 гадах. Менавіта ён быў неафіцыйным лідэрам нацыянальна-арыентаванай плыні, якая падтрымлівала курс беларусізацыі, што праводзіўся ў рэспубліцы ў 20-я гады. Аўтарытэт Чарвякова быў вялікі, і таму кадравыя змены можна разглядаць, з аднаго боку, як імкненне часткова аслабіць уплыў старшыні ЦВК, стварыць іншыя палюсы сілы, якія б ураўнаважвалі Чарвякова, з другога боку, кадравыя пературбацыі не давалі кіраўнікам заседжвацца на месцах, “урастаць” у асяроддзе, знаходзіць там сваіх прыхільнікаў, фарміраваць сваю каманду. Першы сакратар павінен быў быць правадніком ідэй партыі, своеасаблівым трацейскім суддзёй у спрэчках, якія тычыліся далейшага развіцця рэспублікі.

З усіх кіраўнікоў 20-х найбольшую сімпатыя выклікае ўраджэнец Цвяры Аляксандр Крыніцкі, які пры ўсіх сваіх недахопах авалодаў беларускай мовай, актыўна ўжываў яе і, увогуле, зведаў уплыў беларусізацыі. Але ў 1927 годзе паміж Крыніцкім і старшынёй беларускага СНК Адамовічам узнікла канфліктнай сітуацыя. У выніку ўплывовасці Чарвякова абодва ў маі таго ж года былі вымушаны пакінуць рэспубліку. Гэтая сітуацыя добра паказала, хто на самой справе з’яўляецца неафіцыйным кіраўніком Беларусі. У адказ Масква вярнула на Беларусь латыша Вільгельма Кнорына, які зноў узначаліў партарганізацыю рэспублікі. Але яго перавод у Польшчу прымусіў шукаць новую кандыдатуру.

Адразу ж варта зазначыць, што, як і яго папярэднікі, на гэтай пасадзе Ян Гамарнік знаходзіўся вельмі непрацяглы час: менш чым год – да 5 лістапада 1929 года. Якая ж яго роля ў нашай гісторыі? Чым час яго кіравання быў адметным для Беларусі?

Класічная схема разгляду дзейнасці любога кіраўніка дзяржавы – гэта яе падзел на знешнюю і ўнутраную палітыку, грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае жыццё. Але знешняя палітыка БССР увогуле не праводзілася, а палітычная і эканамічныя сферы былі пераплецены ў невырашальны клубок супярэчнасцяў. Лепш за ўсё гэты асаблівасці таго часу можна разглядзець пры аналізе 12-ага з’езда КП(б)Б, які праходзіў з 5 да 16 лютага 1929 года ў Мінску.

Але да гэтага трэба сказаць колькі слоў пра тое, што адбылося перад ім. Яшчэ ў 1928 годзе Сталін выказаў тэзіс пра ўзмацненні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму. Гэтае сцверджанне і стала тэарэтычным абгрунтаваннем палітычных рэпрэсій.

Пленум ЦК КП(б)Б, які працягваўся з 28 лістапада да 1 снежня і на якім Гамарнік быў абраны першым сакратаром, падкрэсліў, што ва ўмовах Беларусі (нязначная колькасць пралетарыяту, шматнацыянальны склад насельніцтва, пагранічнасць рэгіёна) асаблівае значэнне мае барацьба на два франты: супраць трацкізму і правага ўхілу (прыхільнікі М. Бухарына і А. Рыкава, якія выступалі супраць згортвання НЭП). Так што барацьба з правым ухілам пачалася менавіта ў час кіравання Гамарніка.

З’езд, які пачаўся 5 лютага 1929 года, добра адлюстраваў той прамежкавы стан, тое своеасаблівае зацішша перад бурай. Яшчэ не набралі ход масавыя рэпрэсіі, яшчэ не пачалося практычнае здзяйсненне палітыкі калектывізацыі, а подых будучых радыкальных змен ужо адчуваўся.

У сацыяльна-эканамічнай сферы з’езд прадэманстраваў фактычнае адмаўленне ад новай эканамічнай палітыкі (НЭПа), ад тых элементаў рынку, якія былі адроджаны пасля эпохі ваеннага камунізму. Фактычна быў распачаты пераход да планава-дырэктыўнай эканомікі. Быў зацверджаны першы пяцігадовы план, прычым найбольшая ўвага надавалася развіццю буйной прамысловасці, ідэі калектывізацыі сельскай гаспадаркі, прыярытэтам калгаснай і саўгаснай форм. Але разам з тым не ўсе заваёвы НЭПа былі здадзены без боя. Так, напрыклад, на з’ездзе была адхілена ідэя ліквідацыі саматужнай і рамесніцкай прамысловасці, кааперацыі. Прызнавалася неабходнасць яе развіцця, стымуляванне росту індывідуальнай гаспадаркі беднякоў і сераднякоў.

У культурнай сферы таксама не абыйшлося без ідэі ўзмацнення класавай барацьбы. Больш таго, яна стала асновай усіх рашэнняў. На з’ездзе былі пастаўлены задачы падрыхтоўкі новых пралетарскіх кадраў, павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ. Усё гэта адкрывала шлях да адукацыі шырокім слаям працоўных, але разам з тым рабіла сістэму адукацыі цалкам ідэалагізаванай.

У грамадска-палітычнай сферы пачалася барацьба з усімі, хто не падзяляў генеральную лінію партыі. На Беларусі ў прыналежнасці да правага ўхілу былі абвінавачаны нарком земляробства Д.Прышчэпаў, былы старшыня першага беларускага савецкага ўрада Зм.Жылуновіч, А.Чарвякоў, У.Ігнатоўскі і іншыя. Прычым, расправіліся з імі даволі хутка: напрыклад, ужо восенню 1929 года Прышчэпаў быў зняты са сваёй пасады і выключаны з партыі.

Пачалося імклівае згортванне палітыкі беларусізацыі. Праўда, на з’ездзе была прынята рэзалюцыя з тэзісам пра ўзмацненне беларусізацыі, бо ў кіраўніцтве рэспублікі яшчэ заставаліся людзі, які выступалі за працяг ранейшага курсу. Ды і далейшая генеральная лінія партыі была зразумела яшчэ не ўсім. Таксама была пастаўлена задача, каб да канца 1930 года ў складзе КП(б)Б было не менш 50 працэнтаў батракоў і рабочых.

Выбары кіруючых органаў КП(б)Б прайшлі без нечаканасцяў. Першым сакратаром быў абраны Ян Гамарнік.

З’езд стаў яшчэ адным крокам для ўзмацнення адмістрацыйна-каманднай сістэмы. Але сам Гамарнік не надта падыходзіў на пасаду чалавека, які быў абавязаны ўсімі магчымымі сродкамі змагацца з праявамі беларушчыны ў рэспубліцы. Увогуле сам Гамарнік адносіўся да беларускай мовы паблажліва. Не так добра, як Крыніцкі, але і не так, як яго спадкаемцы на пасадзе Першага сакратара.

Восенню 1929 года ў Маскве прыйшлі да высновы, што час замены Першага сакратара КП(б)Б прыйшоў. Краіна стаяла напярэдадні радыкальных змен, і на такой пасадзе быў патрэбен больш рашучы чалавек. Звычайна такія рашэнні зацвярджаліся непасрэдна ў рэгіёнах і не выклікалі пярэчанняў. Але 3 кастрычніка таго ж года бюро ЦК КП(б)Б, якое заслухала паведамленне аб тым, што Гамарніка пераводзяць на працу ў Маскву, не пагадзілася з ім. Выпадак гэты ўнікальны. За ўвесь савецкі перыяд у Беларусі такая сітуацыя здарыцца яшчэ раз у 1953 годзе, калі на сваёй пасадзе застанецца першы сакратар Мікалай Патолічаў. Але тут ёсць прынцыповае адрозненне: Патолічаў застаўся на сваёй пасадзе толькі дзякуючы таму, што на гэта пагадзілася Масква. У 1929 годзе Масква была супраць. Але вышэйшае кіраўніцтва не збіралася здавацца. Для вырашэння гэтага пытання ў Палітбюро была накіравана цэлая дэлегацыя з 10 чалавек, членаў бюро. Сярод іх былі старшыня Саўнаргаса Галадзед, старшыня ДПУ Піляр, старшыня ЦВК Чарвякоў, другі сакратар Васілевіч.

Масква не перадумала. Месца Гамарніка заняў Канстанцін Гей. І што цікава: хутка пасля гэтага быў зменены і старшыня ДПУ (відаць, згуртаванасць беларускага кіраўніцтва не спадабалася саюзнай уладзе).

У кіраўніцтве Чырвонай арміяй
А Гамарнік пераехаў у Маскву. Як раз у той час старшыня палітупраўлення Чырвонай Арміі Андрэй Бубноў быў прызначаны наркомам асветы РСФСР, і Гамарнік заняў яго месца. Якія ж былі прычыны гэтага кадравага рашэння? Акрамя зразумелага матыву пераводу перспектыўнага работніка ў сталіцу, варта заўважыць два істотныя моманты. Па-першае, у Беларусі ў чэрвені 1929 года працавала камісія на чале з У.Затонскім, накіраваная Масквой для аналізу практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі. Камісія прыйшла да высноў, што ў БССР нацыянал-дэмакратызм выкарыстоўвае тактыку адкрытага наступу і не атрымлівае дастатковага адпору з боку вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі. Пры гэтым негатыўна ацэньвалася праца А.Чарвякова, наркома асветы А.Баліцкага, наркома земляробства Дз.Прышчэпава і іншых, што ўскосна ўдарыла і па Гамарніку. А, па-другое, існавалі пэўныя абставіны, якія былі звязаны з дзейнасцю папярэдніка Гамарніка на пасадзе старшыні Палітупраўлення А. Бубнова. Справа ў тым, што калісьці апошні з’яўляўся прыхільнікам Л.Троцкага, хоць потым адыйшоў ад яго лагера. А Сталін імкнуўся выдаліць з кіруючых пасадаў прыхільнікаў усіх сваіх канкурэнтаў, сярод якіх Троцкі па ўплывовасці быў на першым месцы. Гамарнік жа падаваўся асобай нейтральнай, якая не выклікала пярэчанняў у іншых членаў палітбюро, дзе ў Сталіна тады яшчэ не было адзінадушнай падтрымкі.


Разам з Іосіфам Сталіным

У чэрвені 1930 года Гамарніка прызначылі першым намеснікам народнага камісара па ваенным і марскім справам Клімента Варашылава. Праз чатыры гады, калі ваенныя і марскія справы былі падзелены паміж двума наркаматамі, Гамарнік стаў першым намеснікам наркома абароны. А калі ў 1935 годзе былі ўведзены персанальныя воінскія званні, Гамарнік першы атрымаў званне армейскага камісара 1-га ранга.

У Чырвонай арміі Гамарнік належаў да групоўкі Тухачэўскага, якая выступала за актыўнае ўкараненне новай баявой тэхнікі, танкаў, авіяцыі, стварэнне буйных матарызаваных і паветрана-дэсантных частак. Іх праціўнікамі былі былыя прадстаўнікі 1-й Коннай арміі (Варашылаў, Будзённы), якія збіраліся ваяваць так, як ваявалі ў Грамадзянскую вайну: без выкарыстання аніякіх тэхнічных сродкаў, адной толькі кавалерыяй.

Спрэчкі паміж дзвюма групоўкамі не мелі палітычнага характару. Гэта была выключна прафесійная дыскусія. Але ў 30-я гады, калі Савецкі Саюз пачынаў выходзіць на арэну сусветнай палітыкі, здзяйсняць любыя планы можна было, толькі валодаючы моцнай арміяй. Але гэтая армія павінна была быць маналітнай і, галоўнае, вернай свайму павадыру.


Сярод палітычнай эліты краіны. Злева Мікіта Хрушчоў. Справа Сямён Будзённы

Сталін павінен быў выбіраць: на каго рабіць стаўку. Групоўка Тухачэўскага была больш прафесійнай. Але для Сталіна вялікае значэнне мела асабістая адданасць. А вось яе ў першай групоўцы было з пераборам: большасць яе прадстаўнікоў ведалі Сталіна яшчэ з часоў Грамадзянскай вайны. Лёс таленавітых ваенначальнікаў, у тым ліку і Яна Гамарніка, быў прадвызначаны.

Ахвяра рэпрэсій
У перыяд рэпрэсій пазіцыя Гамарніка істотна адрознівалася ад маўклівай і паслухіянай большасці. На лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК 1937 года, дзе падымалася пытанне наконт барацьбы з ворагамі народа, Варашылаў і Гамарнік цвёрда заявілі, што становішча ў арміі не выклікае трывогі, таму што прыхільнікі Троцкага ўжо выгнаны адтуль. Выступленне Варашылава ўвогуле было самым спакойным на пленуме. Яно значна адрознівалася ад выступленняў іншых членаў ЦК, кожны з якіх дакладваў пра шматлікіх ворагаў народа. Але такі пункт гледжання не атрымаў падтрымкі ў вышэйшага кіраўніцтва.

13 сакавіка 1937 года Гамарнік быў прызначаны ўпаўнаважаным Наркамата абароны пры Саўнаркоме РСФСР па пытаннях абароннай работы. 20 мая таго ж года ён зацверджаны членам Ваеннага савета Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі. Сэнс гэтых прызначэнняў зразумелы, бо гэта быў традыцыйны метад Сталіна: спачатку чалавека пераводзілі на больш нізкую пасаду, куды-небудзь у правінцыю, а потым на шляху да новага месца працы арыштоўвалі. Такі лёс чакаў і Гамарніка. Але ў Сярэднюю Азію ён выехаць не змог, бо хварэў і ляжаў дома ў сувязі з абвастрэннем цукровага дыябету. У гэтыя дні да Гамарніка заходзіў маршал Блюхер, які папярэдзіў, што на яго ёсць матэрыялы. Сын Анастаса Мікаяна таксама прыводзіць у сваіх мемуарах сведчанне, што яго бацька папярэджваў Гамарніка. Але нічога змяніць было ўжо не магчыма.

28 мая Гамарнік прагаласаваў за выключэнне з партыі Тухачэўскага: відаць, спадзяваўся, што гэта выратуе яго. Праз дзень, 30 мая, медыцынская сястра, якая дзяжурыла ў Гамарніка, знайшла ў яго пад падушкай пісталет, якога раней не бачыла.

А 31 мая Варашылаў падпісаў наступны загад: “Адхіліць ад займаемай пасады, выключыць з складу Ваеннага савета пры наркоме абароны СССР начальніка палітычнага упраўлення РККА армейскага камісара 1-га ранга Гамарніка Яна Барысавіча, як работніка, што знаходзіцца ў цеснай групавой сувязі з Якірам, выключаным з партыі за ўдзел ваенна-фашысцкай змове”.

Да Гамарніка прыехалі начальнік сакратарыята Наркамата абароны Іван Смародзінаў і намеснік Гамарніка Антон Булін, якія забралі ключы ад службовага сейфа. Наконт далейшых падзей існуюць дзве версіі. Па першай, Гамарнік скончыў жыццё самагубствам адразу пасля сыходу Смародзінава і Буліна і, нібыта, яны чулі стрэлы пісталета, калі выходзілі з кватэры. Па другой версіі, неўзабаве пасля іх да Гамарніка прыйшлі супрацоўнікі НКУС. І калі дачка адчыняла ім дзверы, пачуўся стрэл.

Самагубства Гамарніка было ўчынкам мужнага чалавека. У той час гэта было выклікам, актам нязгоды з тым, што рабілася ў краіне. З Гамарніка, відаць, хацелі зрабіць нямецкага шпіёна і ўдзельніка змовы ў Чырвонай арміі. Нездарма на пашыраным паседжанні Ваеннага савета пры Наркамаце абароны (2 чэрвеня 1937 года) Сталін сказаў: “Гамарнік. У нас няма дадзеных, што ён інфарміраваў, але ўсе яго сябры: Убарэвіч, асабліва Якір, Тухачэўскі, займаліся сістэматычнай інфармацыяй нямецкага генеральнага штаба”. А ў прыгаворы па справе Тухачэўскага было сказана пра тое, што ўстаноўлены удзел Гамарніка “у антыдзяржаўных сувязях з кіруючымі ваеннымі коламі адной з замежных дзяржаў”. Асоба Гамарніка згадваецца і ў знакамітай кнізе Аляксандра Салжаніцына “Архипелаг ГУЛАГ”: “Самыя дальнабачныя і рашучыя з асуджаных — тыя ў рукі не даліся, тыя пакончылі з сабою да арышту (Скрыпнік, Томскі, Гамарнік). А далі арыштаваць сябе тыя, хто жадаў жыць. А з хаго, хто хоча жыць, можна віць вяроўкі!..”. Салжаніцын меў на ўвазе тое, што паказальныя працэсы, у тым ліку супраць ваенных, прайшлі ў першую чаргу таму, што арыштаваныя пасля допытаў і здзекаў сведчылі супраць саміх сябе. Тыя, хто скончыў жыццё самагубствам, пазбеглі гэтага.

Самагубства Гамарніка выклікала ў Сталіна раздражненне, якое ўзнікае ў паляўнічага, які страчвае здабычу. У наступны дзень – 1 чэрвеня – газеты надрукавалі паведамленне, якое, як лічаць некаторыя даследчыкі, па стылю, магло быць напісана самім Сталінам: “Былы член ЦК ВКП(б) Я.Б.Гамарнік, заблытаўшыся ў сваіх сувязях з антысавецкімі элементамі і, мабыць, баючыся выкрыцця, 31 мая пакончыў жыццё самагубствам”.

Нельга не працытаваць і загад Варашылава № 96 ад 12 чэрвеня таго ж года: “Былы намеснік Народнага камісара абароны Гамарнік, здраднік і баязлівец, які пабаўся паўстаць перад судом савецкага народа, пакончыў жыццё самазагубствам.

Сусветны фашызм і на гэты раз даведаецца, што яго верныя агенты гамарнікі і тухачэўскія, якіры і ўбарэвічы і іншая здрадлівая падаль, лакеі, якія служылі капіталізму, сцёртыя з твару зямлі і памяць аб іх будзе праклятая і забытая”.

2 чэрвеня 1937 года цела Гамарніка крэміравалі ў крэматорыі на Шабалаўке. Труну з целам суправаджалі жонка, дачка і шафёр. Пасля крэмацыі ім сказалі, каб месца пахавання шукалі самі. Праз тры дні сям’ю высялілі з кватэры, а 10 чэрвеня выслалі ў Астрахань, куды накіроўвалі і сем’і іншых арыштаваных ваенных. Перад адпраўкай цягніка на станцыю прыбегла жонка Анастаса Мікаяна, Ашхен Мікаян, якая была лепшай сяброўкай Блюмы Гамарнік, і прынесла ёй і іншым жанчынам грошы. У Астрахані ніхто з іх працы, канечне, не знайшоў.

5 верасня жонак ваенных арыштавалі. Блюму Гамарнік прыгаварылі да васьмі гадам турэмнага зняволення, потым яшчэ да дзесяці. Усіх жонак трымалі ў Цемнікоўскіх лагерах у Мардовіі, а дзяцей тым часам накіравалі ў астраханскі дзіцячы прыёмнік. Цэлы год жонкі Тухачэўскага, Гамарніка і Убарэвіча перапісваліся са сваімі дачкамі. Потым перапіска закончылася.

Жанчыны былі расстраляныя. Старэнькую маці Гамарніка тым часам саслалі ў Башкірыю, дзе яна вымушана была жабраваць. Сясцёр Яна Барысавіча таксама саслалі ў лагер. Пасля Астрахані дачку Гамарніка Вікторыю адправілі ў дзіцячы дом, які знаходзіўся каля Свярдлоўска. У 1949 годзе, у час другой хвалі рэпрэсій, яе зноў арыштавалі і разам з двума дзецьмі на дзесяць гадоў выслалі ў Краснаярскі край. Потым Вікторыя Гамарнік вярнулася ў Маскву, дзе ў 60-ыя гады працавала ў Міністэрстве нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці СССР.

У 1955 годзе Ян Гамарнік быў пасмяротна рэабілітаваны.

Спроба высноў
Дык хто ж такі быў Ян Гамарнік? Ці варта нам сёння залічваць яго ў героі, ці наадварот – варта забыць, адправіць у мінулае і не вяртаць у сучаснае?

Я думаю, як бы гэта банальна ні гучала, што Гамарнік быў тыповым чалавекам свайго часу. Чалавек з беднай сям’і, добра адукаваны, ён, як тысячы іншых людзей, жадаў рашучых змен у жыцці, хацеў пабудаваць новы справядлівы свет. Так, гэта была ўтопія. Але тады не кожны зразумеў гэта.

…На ўскраіне Мінска ёсць не надта шматлюдная і гаманкая вуліца, якая носіць імя Яна Гамарніка. Яна ляжыць крыху ўбаку ад асноўных магістраляў. Там пануе цішыня. І я думаю, што гэта лепшы падарунак нашаму герою, які, як булгакаўскі майстар, не заслужыў святло, але заслужыў спакой.

Ян Гамарнік. Штрыхі да палітычнага партрэта// Маладосць. 2007. №7. С. 130-137.

Ян Гамарнік. У гонар каго названа мінская вуліца?: 2 комментария

Комментарии запрещены.