Праект “Серыя сустрэч з цікавымі людзьмі”, арганізаваны Цэнтральнай сістэмы дзіцячых бібліятэк, пашырыў сваю геаграфію. Чарговая сустрэча прайшла ў санаторнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2, размешчанай адразу за мінскай кальцавой дарогай.
Галоўны герой новай сустрэчы — Андрусь Такінданг, музыкант, паэт, мастак, тэлевядучы.
Фота з сайта www.vkontakte.ru
Фактычна мерапрыемствы ў такім фармаце пачалі праводзіцца яшчэ ў 2010 годзе, але афіцыйны статус атрымалі толькі сёлета. Ініцыятарам іх правядзення стала Анастасія Берасневіч, бібліятэкар 1-й катэгорыі аддзелу маркетынгу ЦСДБ горада Мінска. У чым заключаецца сутнасць акцыі? У бібліятэкі на сустэчы з чытачамі запрашаліся знакамітасці. Сярод іх бармэн Юрый Яцына, спецыяліст па флерынгу; фіналістка конкурсу “Міс Беларусі 2010” Вікторыя Раховіч; журналіст Жан Садэль, вядучы “Рускага радыё” і “Радыёрокс”; чэмпіён Беларусі на хіп-хоп танцам Антон Аполька; акцёр Рускага тэатра Іван Трус і іншыя. Наогул, у сістэме дзіцячых бібліятэк знаходзіцца 17 устаноў такога кшталту. На прапанову аб супрацоўніцтве адгукнулася 5 бібліятэк, з якімі быў наладжаны кантакт. Прычым сустрэчы не абмяжоўваліся звычайымі выступленнямі гасцей. Дзеці атрымлівалі магчымасць авалодаць першымі азамі “зорнай прафесіі”. Напрыклад, рабіць кактэлі, танцаваць хіп-хоп і г.д.
У новую вандроўку А.Берасневіч запрасіла гурт “Рэха” – неаднаразовага ўдзельніка праекту. Створаны ў 2004 годзе, калектыў выконвае беларускую папулярную музыку на словы свайго лідара, Андруся Такінданга. На канцэрт гурта ў актавай зале санатарыя-школы сабраліся разам са сваімі педагогамі вучні 4-9 класаў. Сустрэча мела форму дыялога: выступленні “Рэха” чаргаваліся з размовамі музыкантаў са слухачамі і выкананнем дзецьмі вершаў (прычым экспромтам, а не падрыхтаваных загадзя).
У санаторыі-інтэрнаце жывуць і вучацца дзеці з аслабленым здароўем, чые бацькі з-за ўласных хвароб і шкодных звычак не могуць выхоўваць і клапаціцца пра іх належным чынам. Таму любая ўвага з боку дарослых, праявы цеплыні, пяшчоты і спагады не могуць не адгукнуцца ў дзіцячым сэрцы. Таму не дзіўна, што гасцей санаторыя-школы чакаў захоплены прыём і працяглая аўтограф-сесія пасля завяршэння канцэрта.
Сустрэча з «Рэхам»// Літаратура і мастацтва. 2011. 3 чэрвеня. № 22. C. 10
P.S. Падрабязнасці пра гурт «Рэха» можна знайсці ў іх групе на сайце «Вконтакте».