Сучасная літаратура. Васіль Гігевіч

Працягваем разгляд твораў сучаснай беларускай літаратуры. Новым аб’ектам нашай ўвагі стаў твор Васіля Гігевіча “Страчанае шчасце”.


Так выглядае нумар часопіса, дзе надрукавана аповесць.

Дзеянне аповесці Васіля Гігевіча “Страчанае шчасце”, якая выйшла ў красавіцкім нумары часопіса “Полымя”, адбываецца падчас неаліту – апошняга перыяду каменнага веку – у невядомай мясцовасці, у якой чытачы пры жаданні могуць пазнаць тэрыторыю Беларусі. Малады хлопец Ран закахаўся ў Маю, дачку старэйшыны роду. Але на прыгажуню прэтэндуе і Сын мядзведзя, лепшы паляўнічы. Каб прадухіліць канфлікт, маці Маі накіроўвае Рана па крэмень: “Калі Ран зможа прынесці прынесці гэты камень, тады Мая сама будзе выбіраць сабе мужа. Бо вы абодва роўныя. Калі ж Ран не прынясе крэмень, то яе мужам станеш ты, дужы Сын мядзведзя”. Малады паляўнічы накіроўваецца ў падарожжа…

Зварот да творчасці В.Гігевіча быў цікавы для мяне асабіста па двух прычынах. З аднаго боку, у беларускай літаратуры з’яўляецца няшмат твораў, прысвечаных гістарычным, а тым больш дагістарычным часам. Таму разгортваючы кожны раман, аповесць ці нават апавяданне такой тэматыкі, заўсёды спадзяешся на мастацкае адкрыццё, якое прымусіць беларусаў яшчэ больш усведамляць сваё слаўнае мінулае. З другога боку, цікавіла асоба аўтара, крыху напаўзабытая новым пакаленнем чытачоў і маладымі ўдзельнікамі беларускага літаратурнага працэсу. Між тым, быў час, калі Васіль Гігевіч, які актыўна друкаваўся, прычым, у жанрах, мала распрацаваных у айчыннай літаратуры, успрымаўся як лідар маладой прозы.

Калі падыходзіць да аповесці з пазнавальнага пункту гледжання, чытач сапраўдны можа атрымаць пэўнае яўленне пра першабытны лад. Аўтар здолеў перанесціся ў час да нашай эры, перадаць свядомасць людзей таго часу, іх погляды на прыроду і будову свету. Але пры асэнсаванні “Страчанага шчасця” як мастацкай з’явы, давядзецца канстатаваць, што аповесць В.Гігевіча, на вялікі жаль, расчароўвае. Такая катэгарычная ацэнка звязана хутчэй з патэнцыялам твору, які не быў выкарыстаны аўтарам належным чынам.

Галоўная праблема “Страчанага шчасця” бачыцца ў неадпаведнасці матэрыяла прапанаванаму жанру. Бо калі разглядаць твор як аповесць, знайсці ў ім рысы гэтага жанру надзвычай цяжка. Каб вызначыць крытэрыі ацэнкі, дазволю сабе працытаваць урывак з артыкула “Аповесць”, напісанага П.Дзюбайлам для “Беларускай энцыклапедыі”: «аповесць ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой”.

Што мы бачым у “Страчаным шчасці”? Так, твор В.Гігевіча можа пахваліцца сюжэтнай разнастайнасцю. Але складваецца ўражанне, што аўтар паспрабаваў ахапіць неахопнае. Апісанне здабычы сома, якога злавілі ў рацэ Пры Ран і яго два маладыя сябры, паказвае знаходлівасць паляўнічых. Намаляваны любоўны трохкутнік (Ран – Мая – Сын мядзвядзя) належна перадаў атмасферу першага кахання. Размовы паляўнічага Бабуна з дзецьмі сталі цудоўнай казачнай гісторыяй, што мае дыдактычную накіраванасць. Падарожжа за крэменем, якое ўключала бойку з мамантам і дзіком, прэтэндуе на самастойны твор у жанры прыгодніцкай літаратуры. Нарэшце, сон Рана вырастае ў асобнае фантастычна-філасофскае эсэ. Калі б В.Гігевіч падзяліў крыху больш за сорак часопісных старонак на невялікія апавяданні, кожнае з якога мела сваю тэматыку, мог атрымацца нядрэнны эфект. Яшчэ адной альтэрнатывай бачыцца стварэнне на аснове “Страчанага шчасця” рамана. Тады б заяўленыя ў творы фрагменты маглі пераўтварыцца у паўнавартасны твор.

Але ў жанры аповесці творцу, на жаль, напаткала няўдача. Калі ўлічыць, што чытач так і не ўбачыў у “Страчаным шчасці” завершанай канцоўкі (канчатковыя лёсы амаль усіх герояў засталіся не тое што невядомымі, нават не прамаляванымі пункцірна), а знешняе дзеянне пераважала над унутраным псіхалагізмам, з-за чаго вобразы большасці нашых прашчураў атрымаліся надзіва спрошчанымі, вынік атрымаўся не самым ўдалым. Пакуль што замест паўнавартаснага, цэльнага твору ў аўтара атрымаліся таленавіта зробленыя фрагменты, накіды, якія пры далейшай працы могуць ператварыцца ў сур’ёзны твор.

Неалітычны трохкутнік// Літаратура і мастацтва. 2011. 27 мая. № 21. С. 7.