Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа?

Зараз перед беларускай літаратурай паўстала праблема разрыву паміж грунтоўна напісанымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, непадрыхтавай да іх чытацкай аудыторыяй і амаль поўнай адсутнасцю папулярных біяграфій пра жыццё літаратурных класікаў. Інакш кажучы, праблема адсутнасці ў беларускай літаратурнай прасторы свайго Андрэ Маруа — знакамітага французскага пісьменніка, аўтар бліскучых біяграфій Шэлі, Байрана, Вальтэра, Шатабрыяна, Жорж Санд, Гюго, Дзюма, Бальзака і шэрагу іх калег па пяру.


Андрэ Маруа. Партрэт узяты з рускай «Вікіпедыі».

Прапаную сваю версію вырашэння гэтага пытання

Кожная нацыянальная літаратура (а таксама звязаныя з ёй навукі, у прыватнасці, літаратуразнаўства), з’яўляецца сваім адасобленым светам, сваёй цывілізацыяй. Аднак кожная з іх існуе па агульных для ўсіх законах. Перыядычна нацыянальная літаратура сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі, пераадоленне якіх дазваляе акрэсліць і завастрыць надзённыя праблемы, што паўсталі ў грамадстве, спрыяе росту цікавасці да твораў і далейшаму развіццю прыгожага пісьменства. Калі карыстацца тэрміналогіяй англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, якую ён ужыў для характарыстыкі сусветных цывілізацый, гэта катэгорыі “выкліку” і “адказу”.

Ці не першым такім выклікам было пытанне аб праве беларусаў “людзьмі звацца”, размаўляць і пісаць на сваёй мове, у выніку чаго беларуская літаратура падаравала свету “нашаніўскае адраджэнне”, творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага… Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны з’явілася неабходнасць расказаць пра яе не ў гераічна-пафасным стылі, а паказаць яе як найвялікшую сусветную трагедыю – так у савецкай мастацкай прасторы з’явілася “лейтэнанцкае пакаленне”, а ў беларускую літаратуру прыйшоў Васіль Быкаў. Няўвага да свайго мінулага і сваіх каранёў сфарміравала ў беларускім пасляваенным грамадстве нацыянальны нігілізм. Такі дыягназ яшчэ ў “Лістках календара” канстатаваў Максім Танк, які зазначыў, што беларуская літаратура зачакалася свайго Вальтэра Скота. Неўзабаве ў літаратурнай прасторы з’явіўся Уладзімір Караткевіч. Казаць пра канчатковае вырашэнне “гістарычнага пытання” яшчэ рана, але ўражвае, колькі зроблена за апошнія дзесяцігоддзі.

У наступныя дзесяцігоддзі нацыянальная літаратура часам з большым, часам з меншым поспехам спрабавала вылучыць у сваіх шэрагах аўтараў-фантастаў, крочыць у нагу з суседзямі ў дэтэктыўнай сферы, “прышчапіць” на беларускім дрэве галіну постмадэрнісцкія традыцыі.

Цяпер жа перад намі паўстаў новы выклік – праблема разрыву паміж грунтоўна напісанымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, непадрыхтавай да іх чытацкай аудыторыяй і амаль поўнай адсутнасцю папулярных біяграфій пра жыццё літаратурных класікаў. Інакш кажучы, праблема адсутнасці ў беларускай літаратурнай прасторы свайго Андрэ Маруа (знакаміты французскі пісьменнік, аўтар бліскучых біяграфій Шэлі, Байрана, Вальтэра, Шатабрыяна, Жорж Санд, Гюго, Дзюма, Бальзака і шэрагу іх калег па пяру).

Вырашэнне пастаўленай праблемы можна падзяліць на два аспекты: стварэнне папулярнай літаратуры для навучэнцаў і для дарослых. Як не згадаць традыцыі савецкіх часоў, калі для малодшых і сярэдніх школьнікаў быў напісана мноства папулярных выданняў?! Памятаю, маё знаёмства з гісторыяй рускай літаратуры пачалося з кнігі Надзеі Шэр “Апавядані пра рускіх пісьменнікаў”. Вядома, у той кнізе былі свае маленькія недахопы: у катэгорыю класікаў – за сваё дзекабрысцкае мінулае – трапіў Рылееў, не было Дастаеўскага (зрэшты, можа школьнікам сапраўды было зарана чытаць пра Радзіёна Раскольнікава?), гістарычныя недакладнасці сустракаліся ў апісанні грамадскай пазіцыі Горкага. Але біяграфіі Пушкіна, Лермантава, Тургенева, Талстога, Чэхава, іншых рускіх пісьменнікаў былі прачытаны на адным дыханні яшчэ да знаёмства з іх асноўнымі творамі. Прынцып пабудовы тэксту фарміраваўся як храналагічна-біяграфічны, але ў адпаведных раздзелах гаворка ішла пра змест, сэнс і значэнне найбольш вядомых аповесцяў і раманаў. Такім чынам, адбывалася своесаблівая падрыхтоўка да іх ўспрымання. Аўтар станавіўся не чужым і халодным пісьменнікам з партрэта, які вісеў над дошкай у класе рускай мовы і літаратуры, а жывым чалавекам, аднадумцам, старэйшым сябрам, чытанне твораў якога ператваралася з абавязку ў свята.

Можа падацца, што такія кнігі варта чытаць толькі ў школьныя гады. Але звычайна яны напісаны так проста, даступна, без прэтэнзій на літаратуразнаўчыя і мастацтвазнаўчыя адкрыцці, у якіх часам можна заблытацца, што ідэальна падыходзяць да знаёмства з раней невядомым светам. Адначасова такія выданні дапамагаюць атрымаць грунтоўныя, базавыя веды па тых сферах мастацтва, якія па пэўных прычынах у маладосці аказаліся па-за сферай увагі. Таму той, хто зацікавіцца гісторыяй балета, наўрад ці абміне кнігу Валянціны Пасюцінскай “Чароўны свет танца”, пачынаючым тэатралам прыйдзецца даспадобы праца Аляксандра Кузьміна “Ля вытокаў рускага тэатра”, а аматары оперы не прапусцяць выдання “У свеце оперы” пад аўтарствам Людмілы Міхеевай і Таццяны Розавай. Нават папулярная расійская энцыклапедыя “Аванта+”, хоць афіцыйна і разлічана на школьнікаў, можа прыдацца нават пры падрыхтоўцы да семінараў у ВНУ.
Ці выдаваліся кнігі такога кшталту ў Беларусі? Ці могуць беларускія школьнікі даведацца пра падрабязнасці біяграфіі беларускіх пісьменнікаў, знакамітых драматычных артыстаў, спевакоў? Баюся, адказам будзе маўчанне.

Што датычыцца кніг для дарослых, дык пакуль што адзіная паўнавартасная папулярная біяграфія беларускага пісьменніка выйшла яшчэ ў 1982 годзе ў Маскве ў знакамітай серыі “ЖЗЛ”. Гаворка, як можна здагадацца, пра кнігу Алега Лойкі “Янка Купала”. (Праз два гады, у 1984-м раман-эсэ “Як вада, як агонь…” выйшаў асобнай кнігай у Мінску, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”).

У большасці чытачоў раман выклікаў неверагодную цікавасць і захапленне. Смеласцю ў абмалёўцы вобраза галоўнага героя, тонкай псіхалагічнай пераканальнасцю, захоплена-рамантычным ракурсам успрымання творчасці класіка беларускай літаратуры і культавай асобы. Варта заўважыць, што такая значная праца, як “Янка Купала”, магла з’явіцца толькі дзякуючы шматграннасці асобы яе аўтара, які спалучаў у сябе вядомага літаратуразнаўцу, аўтара шматлікіх арыткулаў і аглядаў, аўтара грунтоўнай “Гісторыі беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд” і адначасна паэта, чулага да праяў паэтычнага таленту іншых.

Разам з тым раман і цяпер выклікае палеміку ў пэўных літаратурных і мастацкіх колах. На думку апанентаў, у асобных яго раздзелах адчуваецца водгулле савецкага часу. У А. Лойкі можна сустрэць і крыху іранічнае стаўленне да асобных дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, і факты, якія трактуюцца зусім не гістарычна. Магчыма, цяпер асобныя раздзелы “Янкі Купалы” патрабуюць пэўных каментарыяў. Але заўзятыя крытыкі, якія самі наўрад ці здолеюць напісаць нешта падобнае, не ўлічваюць, што гэта ці адзіная кніга такога жанру, напісаная для чытача, а не для спецыяліста. Чытаецца яна лёгка, аналіз твораў і разгляд падзей жыцця паэта арганічна паядноўваюцца.

Таму сітуацыя з літаратурнымі біяграфіямі ў нашых усходніх суседзяў выглядае марай-ідэалам. Ва ўзгаданай вышэй серыі “ЖЗЛ” у свой час выходзілі біяграфіі Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Някрасава, Чэхава, Цютчава, Дастаеўскага, Салтыкова-Шчадрына – там прадстаўлены практычна ўсе буйнейшыя асобы рускай літаратурнай класікі ХІХ ст. Можа, уся справа ў тым, што росквіт нашай літаратуры адбыўся на стагоддзе пазней і мы яшчэ не паспелі сабраць неабходныя матэрыялы? Але тут варта згадаць пра бліскучую працу Дзмітрыя Быкава, прысвечаную Барысу Пастарнаку, які памёр на чатыры гады пазней за Якуба Коласа, у 1960-м. Або фундаментальную кнігу Людмілы Сараскінай, якая мае 992 старонкі (!) і прысвечана жыццю і творчасці Аляксандра Салжаніцына? Кніга пачала стварацца яшчэ пры жыцці героя і выйшла ў 2008-м, у год яго смерці.

Хтосьці справядліва заўважыць, што сучасных біяграфій беларускіх пісьменнікаў нашмат больш, і згадае нарыс “Абуджаная памяць” Анатоля Верабея пра Уладзіміра Караткевіча, “Нескароны талент” Міхася Мушынскага пра Міхася Зарэцкага, даследаванні “Іван Шамякін: нарыс жыцця і творчасці” Віктара Каваленка, “Іван Чыгрынаў” Алеся Марціновіча, “Іван Мележ” Уладзіміра Гніламёдава… Але ўсе пералічаныя кнігі з’яўляюцца не біяграфіямі, а нарысамі жыцця і творчасці, з тым ўдакладненнем, што ўласна творчасць дамінуе. Магчыма, гэта, так бы мовіць, літаратура больш высокага пілатажу. Але яна патрабуе і большай падрыхтаванасці ад чытачоў, бо калі хаця б асобныя творы пісьменніка раней не былі прачытаны, адкрываць старонкі такіх нарысаў будзе псіхалагічна складана.

Відавочна, што нарысы жыцця і творчасці павінны з’яўляцца наступным этапам пасля папулярных біяграфій. Таму давайце ўявім, што мы з вамі – маладыя даследчыкі літаратуры, якія вырашылі напісаць такую папулярную біяграфію аднаго з беларускіх класікаў, якая б прымусіла ўсіх чытаць яго творы. Каб чуткі пра яе пайшлі не толькі па нашай зямлі, але і “па ўсёй Русі вялікай”, і па Еўропе, і па Амерыцы. Наіўныя! Мы нават не здагадваемся, колькі праблем чакае нас наперадзе.

Каркасам альбо “шкілетам” любой біяграфічнай працы з’яўляецца факталогія. Інакш кажучы, летапіс жыцця і творчасці пісьменніка. Але зараз вядомы толькі тры “летапісы”, выдадзеныя асобнымі выданнямі. Яны прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа (кніга Міхася Мушынскага), Максіма Гарэцкага (Таццяна Дасаева) і Міхася Лынькова (Міхась Кенька). У іх уведзены ва ўжытак як інфармацыя дзённікаў, асабістай перапіскі творцаў, так і архіўныя матэрыялы, і вынік працы іншых даследчыкаў. Астатнія “летапісы” звычайна змешчаны ў зборах твораў пісьменнікаў і змяшчаюць толькі асноўныя даты яго жыцця і творчасці.

У ідэале неабходны матэрыял для напісання біяграфій павінны прапаноўваць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці таго ці іншага пісьменніка. У Беларусі іх праводзіцца нібыта дастаткова. На агульным фоне найбольш плённай выглядае праца арганізатараў “Каласавін” і Гарэцкіх чытанняў, якія штогод ладзяць канферэнцыі і пры гэтым своечасова выдаюць зборнікі дакладаў. Зрэшты, гэта сапраўды падвіжніцкая праца групы энтузіястаў, сканцэнтараваных вакол музея Якуба Коласа і Фонда імя братоў Гарэцкіх, пакуль не ацэнена як след і, на жаль, не зрабілася прыкладам у літаратуразнаўтве.

Двойчы (1995, 2005) ў Оршы ладзіліся канферэнцыі, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу. Калі матэрыялы першай выйшлі праз пяць гадоў, у 2000-м, дык матэрыялы другой дагэтуль чакаюць свайго выдаўца. На працу “Караткевічаўскіх чытанняў” напрамую паўплывала і асабістае знаёмства большасці яго ўдзельнікаў з пісьменнікам, чаго, па зразумелых прычынах, не магло адбыцца на “Каласавінах”, а тым болей на Гарэцкіх чытаннях. Таму, калі першыя чытанні больш нагадвалі канферэнцыю, дык другія пераўтварыліся, па сутнасці, у вечар памяці Караткевіча, дзе замест уласна навуковых дакладаў пераважалі аповеды кшталту “Уладзімір Сямёнавіч і я” або (пры меншай сціпласці дакладчыка) “я і Уладзімір Сямёнавіч”.

У Магілёве на базе універсітэта імя Аркадзя Куляшова таксама праводзяцца аднайменныя чытанні. Прызнацца, давялося трымаць у руках толькі зборнік 2006 года, але ўбачанае расчаравала: ад Куляшоўскіх чытанняў засталася толькі… назва. З 322 старонак пульхнага зборніка толькі 5 дакладаў было прысвечана творчасці паэта.

Раз у два гады ладзіцца канферэнцыя, прысвечаная творчасці Янкі Купалы. Тэмамі Узвышаўскіх чытанняў перыядычна становіцца творчасць таго ці іншага пісьменніка, які належаў да аднайменнага літаратурна-мастацкага згуртавання (Змітрака Бядулі, Тодара Кляшторнага, Кузьмы Чорнага, Антона Бабарэкі). Перыядычна ладзяцца канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча, Уладзіміра Калесніка. Вясной 2008 г. у Слуцку прайшлі першыя Віткаўскія чытанні.

Іншыя канферэнцыі адбываліся толькі аднойчы і па шэрагу прычынаў не мелі свайго працягу (Адамовіцкія чытанні; канферэнцыя ў БДУ, прысвечаная Васілю Быкаву; канферэнцыі пра жыццё і творчасць Пятруся Броўкі і Пятруся Глебкі).

Агульнай праблемай для ўсіх канферэнцый з’яўляецца вузкае кола іх удзельнікаў, якое не змяняецца гадамі, слабы прыток маладых даследчыкаў, а таксама тэматыка дакладаў, якая ў працах асобных літаратуразнаўцаў робіць “кругавую эвалюцыю” і часта вяртаецца да таго, пра што ўжо вялася гутарка некалькі гадоў таму.

Дастаткова каштоўнай крыніцай інфармацыі павінны з’яўляцца ўспаміны пра пісьменніка. Але многіх з іх маюць адну істотную загану: замест таго, каб падзяліцца каштоўнай інфармацыяй, аўтары часцей згадваюць пра саміх сябе ў сувязі з аб’ектам ўспамінаў, прэтэндуюць на ролю яго галоўнага сябра, шкадуюць, што пісьменніка не ацанілі як след пры жыцці. Ва ўсіх такіх тэкстах пісьменнік выступае проста ідэальнай асобай, анёлам, які спусціўся на грэшную зямлю. Ад колькасці падобнага ялею часам становіцца прыкра. Сорамна прызнацца, але часам нейкія “адмоўныя”, а значыць больш рэальныя штрыхі да біяграфіі, спрэчныя меркаванні ці паводзіны ўспрымаюцца з радасцю, бо манументальная постаць становіцца жывой і больш блізкай.

Абсалютна не адлюстроўваюцца ва ўспамінах ўзаемаадносіны пісьменнікаў з калегамі. Па-першае, як ужо адзначалася, колькасць яго сяброў павялічваецца з часам у геаметрычнай прагрэсіі. Па-другое, калі праходзяць пэўны час, зразумець сапраўдныя адносіны паміж творцамі становіцца ўсё больш складана. З лепшымі сябрамі ўсё больш зразумела. Агульнавядома, што Шамякін сябраваў з Макаёнкам, Караткевіч – з Барадуліным, Быкаў – з Карпюком і Адамовічам. Але як, напрыклад, ставіліся адзін да аднаго Быкаў і Шамякін, даследчыкі звычайна не згадваюць (хоць асобныя месцы ў мемуарах Быкава дазваляюць меркаваць, што адносіны іх аўтара да Шамякіна былі крыху іранічнымі). Таму ва ўспамінах пісьменнікі, здараецца, выглядаюць не жывымі людзьмі, а “абшчынай талстоўцаў”, якія толькі і думалі, як не пакрыўдзіць адзін аднаго. Але калі літаратура – адлюстраванне жыцця, дык чаму пісьменнікі не маглі паводзіць сябе ў адпаведнасці з жыццёвымі законамі? Чаму сярод асноўных дат жыцця і творчасці Тургенева, змешчанага напрыканцы яго біяграфіі ў серыі “ЖЗЛ” (даследаванне Юрыя Лебедзева), можна называць канфлікт з Талстым і Дастаеўскім? Цяжка ўявіць такую сітуацыю ў беларускіх выданнях. І таму часта атрымліваецца, што кнігі ўспамінаў ёсць, а факталогіі ў іх няма.

У беларускім літаратуразнаўстве надзіва мала – у параўнанні з нашымі суседзямі – надаецца ўвага ролі жанчын у творчасці пісьменнікаў. Прозвішчы Ганны Керн і Лізаветы Варанцовай, Кацярыны Сушковай, Паліны Віардо, Алены Дзянісьевай (“дзянісьеўскі цыкл” Цютчава), Апалінарыі Суславай, іншых муз і спадарожніц жыцця знакамітых людзей ўжо даўно сталі легендамі. Іх лёсы, уплыў на творчасць класікаў становяцца тэмамі як часопісных публікацый, так і грунтоўных даследаванняў (як класіку жанру згадаем працу Людмілы Сараскінай “Каханая Дастаеўскага: Апалінарыя Суслава: біяграфія ў дакументах, лістах і матэрыялах”). А што мы ведаем пра Уладзіславу Францаўну – жонку Янку Купалы? Пра Валянціну Караткевіч? Пра першую і другую жонку Васіля Быкава? Памятаю, пасля прачытання трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” ўзнікла цікавасць да дзяўчыны, якая зрабілася прататыпам Ядвісі – галоўнага жаночага персанажу твору. Але ўсё што давялося знайсці, аказалася невялікай згадкай у кнізе Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”.

Вядома, асобныя ўзаемаадносіны вывучаны больш грунтоўна. Дастаткова згадаць цікавую палымянскую публікацыю, якая аналізавала перапіску Якуба Коласа і Святланы Сомавай. Але гэта, на жаль, пакуль што выключэнне.

Але што даследаванні! Мы часта нават не ведаем, каму прысвечаны той ці іншы хрэстаматыйны твор… Напрыклад, сын Петруся Броўкі ўспамінаў, што бацька ніколі не расказваў, каму быў прысвечаны знакаміты верш “Пахне чабор”. Але можна падумаць, што Пушкін ці Лермантаў рабілі камусьці падобныя прызнанні! Не, на гэты конт сярод літаратуразнаўцаў ішлі сапраўдныя дыскусіі, але часцей за ўсё аб’ект перажыванняў таго ці іншага класіка акрэсліваўся і ўстанаўліваўся. У нас жа часам складваецца ўражанне, што такі клопат наогул нікому не патрэбны. Адзінае выйсце ў такой сітуацыі – самому пісьменніку расказаць пра жанчыну свайго жыцця, як тое зрабілі Іван Шамякін у аповесці “Слаўся, Марыя!” ці Ніл Гілевіч – у кнізе “Добры анёл беларускасці: Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч”.

Зразумела, што пры падрабязным разглядзе біяграфіі пісьменніка немагчыма абмінуюць яго творчасць. Вось тут даследчыкам не абыйсціся без поўных збораў твораў. Але прыкладаў такіх выданняў беларуская навука налічвае няшмат: 3 тамы са спадчыны Максіма Багдановіча і 9 тамоў (у 10 кнігах) – Янкі Купалы. 20-томнік твораў Якуба Коласа і 15-томнік Максіма Танка, якія ажыццяўляюцца цяпер, разам з асобнымі іншымі выданнямі з’яўляюцца толькі набліжанымі да поўных. Большасць жа збораў спадчыны пісьменнікаў змяшчаюць толькі іх празаічныя, паэтычныя і драматургічныя творы, а вось перапіска пры гэтым часта ігнаруецца. А як жа расказаць пра паўсядзённае жыццё аўтараў без аналізу эпісталярнага жанру?

Відавочна, што перад літаратуразнаўцамі нават пры жаданні працаваць над папулярызацыяй айчыннай літаратуры паўстае шэраг праблем. Асобныя з іх могуць быць вырашаны толькі пры падтрымцы дзяржавы. Ці праз стварэнне спецыяльнай праграмы па прапагандзе беларускай літаратуры, ці нават праз заснаванне ў структуры Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук аддзела, які займаецца напісаннем кніг такога кшталту. Але акрамя матэрыяльнага заахвочвання, патрэбна яшчэ і ўсведамленне неабходнасці такой працы. Па прымусу таленавіты раман-біяграфію напісаць немагчыма.

На першы погляд, можа здавацца, што літаратуразнаўства развіваецца надзіва шпаркімі тэмпамі. І сапраўды, ствараюцца калектыўныя працы, выходзяць манаграфіі, абараняюцца дысертацыі. Але такі спакой не можа быць падставай для аптымізму. Нагадаю савецкія часы, калі кнігі пісьменнікаў выходзілі фантастычна высокімі накладамі, але сфера ўжывання беларускай мовы няўхільна скарачалася. Да пэўнага часу, пакуль удзельнікамі літаратурнага працэсу (пісьменнікамі і чытачамі) з’яўлялася пакаленне, якое, прынамсі ў дзяцінстве, гадавалася ў беларускамоўным асяроддзі, справы ішлі нібыта нядрэнна. Але магла ўзнікнуць такая сітуацыя, калі праз некалькі дзесяцігоддзяў прозу і паэзію, акрамя іншых творцаў, ужо не было б каму чытаць.

Тое самае можа ў далёкай перспектыве адбыцца і з літаратуразнаўствам. Даследаванні для навукі, іншых навукоўцаў і саміх сябе – гэта, вядома, добрая справа. Але для забеспячэння непарыўнасці працэсу, яго падпіткі новымі маладымі кадрамі проста неабходна, каб хоць бы частка прац тэарэтыкаў станавілася здабыткам досыць шырокага кола чытачоў. Тады, магчыма, з сотні зацікаўленых чытачоў дзесятак будучых навукоўцаў калі-небудзь напішуць уласнае даследаванне. Тыя ж, каго абставіны накіруюць на іншыя жыццёвыя сцежкі, прынамсі, атрымаюць уяўленне пра законы і традыцыі прыгожага пісьменства.

“Залаты век” кожнай літаратуры не прыходзіць з узмахам чароўнай палачкі добрага чараўніка. Яго чакаюць, але да яго і рыхтуюцца, пераадольваюць праблемы і такім чынам адказваюць на выклік часу. Мажліва тады новы росквіт беларускай літаратуры, пра які ў глыбіні душы марыць кожны чытач, неўзабаве стане рэальнасцю…

Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа?// Маладосць. 2009. № 4. С. 137-141.

Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа?: 6 комментариев

  1. Шчыры дзякуй, Дзяніс, за цёплыя словы на адрас нашых «Каласавінаў»! Толькі адна заўвага — музей Якуба Коласа, а не яго імя ! Выпраўце, калі ласка!
    Да заўвагі , што «Агульнай праблемай для ўсіх канферэнцый з’яўляецца вузкае кола іх удзельнікаў, якое не змяняецца гадамі, слабы прыток маладых даследчыкаў, а таксама тэматыка дакладаў…». Мы выдатна ведаем гэту праблему і настойліва стараемся яе вырашыць, асабліва, што тычыцца маладых удзельнікаў канферэнцыі. Калі даклад моцны, бяром нават студэнтаў і Вы гэта ведаеце).

  2. Каму патрэбныя гэтыя папулярныя біяграфіі? Літаратуразнаўцы і так ведаюць розныя факты з жыцця пісьменнікаў, а масы нават самі іх творы не чытаюць, не тое што крытыку ці нейкія нарысы: не тая эпоха. І навошта ўвогуле пісаць нарыс, эсэ і г.д. (нешта сярэдняе паміж навуковай працай і мастацкім творам)? Як навуковай працы я ёй не паверу, а калі стану чытаць як мастацкі твор, то, можа, засну ад нуды (калі ён будзе занадта акадэмічны). Адным словам, і пісаць, і чытаць такія творы — марнаванне часу.

  3. Не пагаджуся з папярэднім аратарам. Ва ўсім свеце чытаюць, а ў нас не будуць? А чаму тады перакладаюць? Чаму «Жыццё Хантэра Томпсана» Вэнэра раскупілі за некалькі месяцаў, і цяпер знайдзі яго. Ці чаму «Аўтарызаваная біяграфія Фрэнка Запы» добра прадаецца? Ці «Кніга-інтэрв’ю Уільяма Бэроўза» Отэя? Ці, напрыклад, купляюць «ВСЁ» Ввядзенскага не ў апошнюю чаргу для біяграфічных звестак. Я б с задавальненнем прачытаў якасную неакадэмічную біяграфію Караткевіча, ці Ластоўскага, ці Барадуліна.

    А Лойка дрэнна напісаць не мог — ён «гарэў» літаратурай, Купалам і Коласам. «Гэта ж наш Колас, Каласочак…» казаў ён з замілаваннем сваім першым студэнтам. Шкада, што гэтага чалавека не стала

  4. Ну, а я з вамі, Юрась, пагаджуся: сапраўды, і ў нас будуць чытаць. Толькі хто? Cтудэнты, якіх выкладчыкі прымусяць. Аспіранты, якія дысертацыі рыхтуюць. Але праблема, якую ўздымае Дз.Марціновіч, — набліжэнне літаратуры да мас — вырашаная не будзе. (Спадзяюся, я правільна зразумеў ідэю публікацыі як праблему набліжэння літаратуры да мас? Мяркуючы хаця б па першых радках артыкула гэта так: «Зараз перед беларускай літаратурай паўстала праблема разрыву паміж грунтоўна напісанымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, непадрыхтавай да іх чытацкай аўдыторыяй і амаль поўнай адсутнасцю папулярных біяграфій пра жыццё літаратурных класікаў…»).

    P.S. Дарэчы, на фоне ўсіх папярэдніх каментарыяў пафаснасць вашага выказвання робіць хутчэй вас, чым мяне, больш падобным да аратара.

  5. Дзякуй Вам вялікі, Ганна!
    Заўвагу ўжо выправіў. Дарэчы, такая сітуацыя ў мяне ўжо была: у надрукаваным тэксце ўсё правільна, але паколькі капіруеш з тэкставага файла, часам не выпраўляеш ўсіх абдрукоўкі.
    Што датычыцца «агульнай праблемай для ўсіх канферэнцый…», дык, відавочна, што мая заўвага не датычыцца арганізатараў. Тут праблема ўсёй нашай навукі, бо падобную карціну я сустракаў і на канферэнцыях па гісторыі.
    А выйсце я бачу ў тым, што з цягам часу навука стане больш фінансава прыбытковай і прэстыжнай (о, мары!), колькасць удзельнікаў будзе павялічвацца, і тады можна будзе рабіць адбор дакладаў. Тады і ўзровень канферэнцый узрасце.

  6. Яшчэ хацеў бы адказаць шаноўнаму Чытачу.
    Абсалютна не згодзен з Вашым выказваннем наконт таго, што калі такія біяграфіі будуць чытаць, дык толькі «студэнты, якіх выкладчыкі прымусяць. Аспіранты, якія дысертацыі рыхтуюць. Але праблема, (…), – набліжэнне літаратуры да мас – вырашаная не будзе».
    Паколькі ўвесь артыкул я даказваў адваротнае, паўтараць ранейшых аргументаў не буду. Прывяду толькі адзін, але новы. Не мне даказваць, якое ўздзеянене мае ў наш час тэлебачанне. Памятаю, калі па ТВ прайшоў серыял «Ідыёт» па Дастаеўскаму, некаторыя мае знаёмыя (і я ў тым ліку) звярнуліся да самога рамана.
    Дык вось на мінулым тыдні канал «Расія» паказваў серыял «Дастаеўскі» з тым жа Яўгенам Міронавым у галоўнай ролі. Пайшлі анонсы ў газетах, публікацыі пра Дастаеўскага і яго ўзаемааносінах з жанчынамі. Напрыклад, паласу серыялу прысвяціла «Камсамольская праўда» — ці не самая масавая газета (яе чытаюць мае сваякі, таму часам праглядаю па дыяганалі). Магу гарантаваць, што каго-небудзь такі серыял прывядзе ў бібліятэкі і г.д.

    На аснове якога матэрыяла ствараўся серыял? Няўжо пры выкарыстанні літаратуразнаўчых прац? Хутчэй за ўсё, ўспамінаў, лістоў, інфармацыя з якіх аб’яднаная ў папулярныя біяграфіі. Вось і прыклад іх уздзеянне на масы.

Комментарии запрещены.