У РВУ “Літаратура і мастацтва” выйшаў зборнік нарысаў “Вечны агонь Перамогі”, прысвечаны Героям Савецкага Саюза, які або жывуць у Беларусі, або толькі нядаўна пакінулі гэты свет.
Адзін з герояў кнігі, лётчык Рыгор Дзенісенка.
Фота з сайта www.gorodgomel.by
Цяжка спрачацца з польскім філосафам Тадэвушам Катарбіньскім, які аднойчы сказаў: “Мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сучаснага”. Здавалася, што яшчэ патрабуецца для таго, каб трагічныя падзеі 1940-х гадоў назаўзёды засталіся ў людской памяці? Кожны трэці забіты ці памерлы. Разбураныя гарады. Разрабаваная гаспадарка.
Але такая ўжо ўласцівасць чалавечай псіхікі: не акцэнтаваць увагу на негатыўных эмоцыях, перамяшчаць іх на другі план, а часта, у рэшце рэшт, забываць. Акрамя таго у любое грамадства ўвесь час прыходзяць новыя пакаленні, для якіх мінулае – гэта нешта далёкае, забытае і абстрактнае. Між тым, трэба спяшацца. З пачатку вайны прайшло ўжо 70 гадоў, Адзінкі з тых, хто былі ў 1941 годзе маладымі юнакамі, зараз з’яўляюцца даўгажыхарамі. Астатнія даўно спяць вечным сном. Калі сёння не паспець запісаць іх ўспаміны, заўтра ўжо можа быць позна.
Як даказаць новым пакаленням неабходнасць захавання памяці пра вайну? Чым зацікавіць? З фармулёўкай адказу на першае пытанне пакуль пачакаем. А вось на другое прарэагуем адназначна: зразумела, новымі фактамі пра вайну, забытымі героямі, невядомымі падрабязнасцямі ваенных гадоў. Усё гэта можна знайсці ў “Вечным агні Перамогі”.
Кніга стала сумесным праектам часопісаў “Нёман” і “Полымя”, на
старонках якіх спярша друкаваліся аповеды. Выданне адкрываеццца
прадмовай Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі М.Чаргінца і вершам
паэта М.Мятліцкага “Перамога”. А далей змешчаны нарысы, аўтарамі якіх
выступілі С.Антановіч, Г.Ануфрыеў, Н.Гальпяровіч, М.Гарэцкая, В.Гардзей, У.Гаўрыловіч, Л.Екель, А.Зэкаў Л.Кебіч, А.Крэйдзіч, А.Марціновіч, М.Мятліцкі, П.Сабіна, М.Шамякіна, М.Шэлехаў ды іншыя творцы. Адным з аўтарам кнігі быў і нябожчык А.Мяснікоў, які так і не дачакаўся яе выхаду ў свет.
Хто ж з’яўляецца героямі новай кнігі? Канстанцін Лазаненка, Мікалай Зайцаў, Іван Міранкоў, Мікалай Далжанскі, Дзмітрый Жмуроўскі, Віктар Вятошкін, Анатоль Дзюбко, Аляксандр Барданаў, Іван Кустаў, Мікалай Гарбанёў і шэраг іншых вядомых Герояў. Кожны з іх варты асобага прадстаўлення. Але дазволю сабе спыніцца на біяграфіі Рыгора Дзенісенкі. З аднаго боку, яна чамусьці ўразіла мяне найбольш. З другога, як не банальна, з’яўляецца досыць тыповай для ўсіх герояў кнігі.
Ураджэнец Харкаўскай вобласці, Дзенісенка з дзяцінства марыў пра неба. Займаўся ў аэраклубе. Пасля заканчэння ў 1943 годзе ваенна-авіяцыйнай школы трапіў на фронт у якасці “штурмавіка”. “Штурмавікоў называлі «паветранай пяхотай», бо яны, як і пяхотнікі на полі бою, неслі самыя вялікія страты сярод лётчыкаў, — распавядае Рыгор Кірылавіч. – Ляталі на вельмі нізкіх вышынях. Нашы самалёты можна было збіць нават з пісталета, І ўсё ж ваявалі! Думаеце, чаму? Добрыя людзі былі побач і шмат чаму вучылі!”. Гітлераўцы шэсць разоў збівалі ў баі самалёт, які пілатаваў Дзенісенка. “Двойчы яму даводзілася скакаць з парашутам з ахопленай полымем машыны, – піша У.Гаўрыловіч, – але ўсё абыходзілася — пілот заставаўся жыць і працягваў ваяваць”. Пасля вайны Дзенісенка працаваў у саратаўскім аэраклубе, дзе вучыў маладога Юрыя Гагарына, у Гомеле.
Фота з сайта www.gorodgomel.by
Да нядаўняга часу ён заставаўся адзіным Героем Савецкага Саюза на Гомельшчыне. Але ўявіце сабе, нават у 87-гадовым узросце Дзенісенка штораніцы праходзіў бадзёрым крокам па 10—12 кіламетраў, з ранняй вясны да глыбокай восені купаўся ў Сажы, пакуль вада не астывала хаця б да васьмі градусаў. Ветэран памёр 21 сакавіка 2011 года. 10 мая яму споўнілася б 90 гадоў…
Таму з чытачоў, хто цікавіцца спортам, а дакладней, яго гісторыяй,
найбольш цікавым будзе нарыс пра Віктара Лівенцава, які пасля барацьбы
з фашыстамі ў партызанскім атрадзе зрабіў вялікую кар’еру. На працягу
дваццаці гадоў ён узначальваў галоўнае спартыўна-фiзкультурнае
ведамства рэспублiкi — Камiтэт па фiзiчнай культуры i спорце пры
Савеце Мiнiстраў БССР. “У гэты час, – пісаў А.Мяснікоў, – былi пабудаваны мінскія Палац спорту, воднаспартыўны камбінат, стралковы комплекс імя Цімашэнкі, спартыўныя базы «Стайкі», «Ратамка», «Уручча» і «Раўбічы», заснаваны добра вядомыя ва ўсім спартыўным свеце
беларускiя школы па фехтаванні, спартыўнай гімнастыцы, вольнай i
класiчнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, веславанні на байдарках i каноэ,
ручным мячы i iншых вiдах спорту”. Беларусы неаднаразова перамагалі на летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы. А імёны Вольгі Корбут і Аляксандра Мядзведзя гучалі па ўсім свеце.
Хтосьці з чытачоў зацікавіцца сваімі землякамі. Зрэшты, несумняюся,
кожны з герояў кнігі варты ўвагі і цікавасці з боку чытачоў.
А цяпер вернемся да згаданага раней пытання. Як даказаць кожнаму новаму пакаленню неабходнасць захавання памяці пра вайну? Будзем шчырымі, патрыятычныя заклікі і апеляцыя да вечных каштоўнасцяў спрацоўваюць далёка не заўсёды. Каб пераканаць нябачных апанентаў у сваёй слушнасці, працытуем урывак з верша паэтэсы Людмілы Рублеўскай, аднаго з лепшых у яе творчай біяграфіі: “І нас забудуць непапраўна рана,// Як мы забылі – так забудуць нас.// Наш след зямны загасіцца, як рана,// Як гасне слуцкі залаты паяс.// Не затрымацца ні радком, ні вершам.// Парсуна страціць колер і імя.// Хто быў апошнім – той не стане першым,// А першага – таксама з’есць зямля”.
Сапраўды, кожнае пакаленне, якое з’яўляецца на белы свет, наўрад ці адчувае бег часу. Так, іх прашчуры сыходзяць, але кожны думае, што яны і іх аднагодкі прыйшлі на зямлю назаўжды. Як жа тады застацца ў вечнасці? “Напісаць вялікі твор”, – скажуць класікі. Але ж гэта дадзена не кожнаму. А можа, прасцей проста не забываць сваё мінулае, сваіх папярэднікаў, дзякуючы якім ты з’явіўся на свет. І спадзявацца, што далёкія нашчадкі не забудуць самога цябе: “Я Памяці служу, як служаць храму.// Між мною і мінуўшчынай – не тло,// А лёгкі дождж і агароджа брамы –// Архангела празрыстае крыло.// І, можа, я таксама – толькі кніга// З лістамі, недаступнымі дажджу.// Няхай маё імя забудуць звыкла,// Я буду жыць у тым, што запішу”.
Жыццё ў тым, што запісана// Літаратура і мастацтва. 2011. 6 мая. № 18. С. 5.
P.S. Усіх са святам Перамогі!