Рэліквіі сям’і Багушэвіча

Музей гісторыі беларускай літаратуры прадстаўляе сваім наведвальнікам унікальны, дагэтуль невядомы экспанат: рэліквіярыкі Ганны Багушэвіч, сястры Францішка Багушэвіча, аднаго з пачынальнікаў новай эпохі ў беларускім прыгожым пісьменстве.


У святле вывучэння жыцця і творчасці Багушэвіча з’яўленне ў калекцыі такіх экспанатаў бачыцца невыпадковай з’явай. З аднаго боку, у мінулым годзе літаратурная грамадскасць урачыста адзначыла 170-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Сёлета спаўняецца 120 гадоў з часу выхаду яго легендарнага зборніка “Дудка беларуская”. З другога боку, у біяграфіі творцы па-ранейшаму хапае “белых плямаў”.

Як вядома, будучы пісьменнік з’яўляўся адным з удзельнікаў паўстання 1863 года, пасля якога быў вымушаны надоўга пакінуць Беларусь. Ганна Багушэвіч, якая таксама ўдзельнічала ў вызваленчай барацьбе, у адрозненне ад брата была арыштаваная. Яе заключылі ў турму, куды дзяўчына ўзяла з сабой самаробныя рэліквіярыкі – некалькі медальёнаў, унутры якіх знаходзіліся мошчы святых. Потым, ужо праз гады рэквіліярыкі перайшлі па спадчыне да дачкі Ганны, Марыі, якая ўзяла шлюб з Янкам Тарчэўскім. Іх сын, таксама Янка, з’ехаў пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Польшчу. Ён жыў пад Шчэціным, дзе і знаходзіліся каштоўнасці.

У 1980-я гады Тарчэўскі пазнаёміўся з Уладзімірам Содалем, вядучым беларускім даследчыкам творчасці Ф.Багушэвіча. Завязалася ліставанне. У 1987 годзе стрыечны ўнук пісьменніка даслаў у Мінск фотаздымкі рэліквіярыкаў, а ў пачатку 1990-х гадоў перадаў іх У.Содалю асабіста са спадзяваннем у далейшым убачыць іх сярод экспанатаў музея. Даследчык пэўны час захоўваў экспанаты ў сябе, а потым перадаў іх у Чырвоны касцёл ксёндзу Завальнюку. Апошні ў знак удзячнасці паспрыяў выданню кнігі Содаля “Святы той куточак фальварак Свіраны”, прысвечаную месцу нараджэння Ф.Багушэвіча.

Між тым сярод супрацоўнікаў музея Гісторыі беларускай літаратуры расла ўпэўненасць у мэтазгоднасці захоўвання рэквіліярыкаў у музеі (дом Ф.Багушэвіча ў Кушлянах з’яўляецца філіялам установы). Тым больш, у гэтым павінна была рэалізавацца воля сваякоў пісьменніка. Таму ў мінулым годзе прадстаўнікі ўстановы звярнуліся з афіцыйным лістом да ксёндза Завальнюка. Да яго гонару, ён пайшоў насустрач і перадаў рэліквіярыкі ў музей.

Знаходка сямейнай рэліквіі роду Багушэвічаў з’яўляецца не адзіным поспехам даследчыкаў. Так, параўнальна нядаўна Алесь Жамойцін, загадчык загадчык літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.Багушэвіча ў вёсцы Кушляны, знайшоў на двары сядзібы чыгунную пліту, якая выкарыстоўвалася гаспадарамі ў якасці сонечнага гадзінніку. Хутка ў Кушляны вернуцца і рэліквіярыкі, захаваныя для нашчадкаў дзякуючы клопатам Янкі Тарчэўскага, Уладзіміра Содаля і ксёндза Завальнюка. Пакуль жа каштоўнасці экспануюцца ў Музеі беларускай літаратуры, дзе іх неўзабаве зможа ўбачыць кожны з наведвальнікаў.

Прыгоды рэліквіярыкаў// Літаратура і мастацтва. 2011. 29 кракавіка. № 17. С. 12.