M@art.кантакт-2011. Пасляслоўе

З 21 па 27 сакавіка ў Магілёве традыцыйна, вось ужо шосты раз прайшоў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “M@art.кантакт-2011”, у якім прынялі ўдзел калектывы з васьмі краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і Балгарыі.


Брэнд фестывалю (з сайта www.mogdt.ru)

Фармат і правіла гульні
Час правядзення фестывалю сімвалічны. Ноч з 20 на 21 сакавіка – час веснавога раўнадзенства, калі зіма паварочвае на вясну. А 27-га – міжнародны дзень тэатра. У прамежку паміж гэтымі днямі Магілёў стаў цэнтрам прыцягнення маладых творчых сіл з еўрапейскага рэгіёна.
Арганізатарамі фестывалю выступілі Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сёлета іх фінансава падтрымала Міністэрства культуры Беларусі. Дзякуючы іх спрыянню і прафесійнай арганізацыі з боку калектыва тэатра і яго дырэктара Андрэя Новікава жыхары горада і яго госці сталі сведкамі і ўдзельнікамі цэлага тузіну мерапрыемстваў.

“M@art.кантакт-2011” пачынаў сваю працу вечарам кожнага дня, калі на сцэне Драматычнага тэатра, Тэатра лялек, канцэртнай залы “Магілёў” паказваліся дзве пастаноўкі. Прычым, час быў выбраны так удала, што гледачы паспявалі перасоўвацца паміж аб’ектамі. Раніцай наступнага дня ў тэатральнай кавярні, размешчанай у будынку драмтэатра, група тэатральных крытыкаў у прыстутнасці акцёраў і журналістаў прафесійна “разбірала” спектакль.

Міжнароднае журы на чале з народным артыстам Расіі Юрыем Назаравым, якое ўключала прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы, Польшчы і Германіі, амаль не ўмешвалася ў абмеркаванні. Ацэнка журы павінна была прагучаць на закрыцці форуму. У другой палове дня ў драмтэатры ладзіліся мерапрыемствы рознага фармату: майстар-класы Людмілы Мальцавай, Мікалая Каляды і Грыгорыя Казлова; круглы стол “Сучасная тэатральная рэжысура. Эвалюцыя прафесіі ў ХХІ стагоддзі”; Майстэрня маладой рэжысуры, падчас якой рэжысёр Яўген Карняг паказаў на малой сцэне эксіз да спектакля “Інтэрв’ю” па матывах казак братоў Грым, падрыхтаваны ім на працягу фестывальных дзён. Нарэшце, бліжэй да вечара пачыналіся новыя паказы. Такім чынам, 15 спектакляў за тыдзень… Паспрабуем разабрацца ў ацэнках і ўражаннях.

Лепшае
Сапраўднымі падзеямі форуму, іх без перабольшвання можна назваць шэдэўрамі, сталі тры спектаклі, між якімі і разгарнулася барацьба за перамогу.

Пастаноўка “Рэвізора” екацерынбургскім “Каляда-тэатрам”, адзначаная дыпломам “Лепшаму маладому акцёру” (выканаўца галоўнай ролі Алег Ягодзін), істотна адрознівалася ад традыцыі і папросту шакіравала некаторых гледачоў.


Аляксей Ягодзін (у цэнтры). Фота з сайта www.region.mogilev.by

Асновай сцэнаграфічнага рашэння спектакля (рэжысёр М.Каляда) з’яўляецца… бруд, па якім ходзяць ўсе героі і проста не звяртаюць на яго ўвагу.Тагачасная Расія паказана як азіяцкая краіна, дзе ўсе асобы апрануты ў халаты і цюбецейках, а кожны чыноўнік робіць памылкі ў націсках слоў. Бадай, толькі расіянін мог сказаць такую бязлітасную праўду пра свой народ. Істотна, што пасля такога “Рэвізора” ўспрымаць традыцыйнае прачытанне п’есы проста немагчыма.

Балгарскі спектакль “Тата заўсёды мае рацыю” (сафійскі тэатр “Крэда”) нездарма атрымаў разам з дыпломам “Лепшы аўтарскі спектакль” “Прыз глядацкіх сімпатый”.


Фота з сайта www.222.by

Камедыя, пастаўленая на аснове казкі Андэрсэна, у якой муж пайшоў прадаваць на рынак каня, а ў выніку абменаў вярнуўся дадаму з мехам гнілых яблак, выклікала аднадушнае захапленне крытыкі і публікі. Пастаноўка аснавана на прынцыпах мінімалізму і максімалізму. Мінімум сцэнаграфіі, часткі якой лёгка памяшчаецца на квадраце сцэны – і максімум сітуацый, праз якія яны абыгрываюцца (напрыклад, аднымі і тымі ж сродкамі паказаны конь, карова, авечка і курыца). Мінімум людзей на сцэне (усяго два выканаўцы, дзядуля і бабуля) – і максімум герояў, якіх яны ўвасабляюць (суразмоўцы на рынку і наведвальнікі карчмы). Спектакль можна назваць тыповым для балгар (асобы выканаўцаў), датчан (у аснове сюжэта пакладзены казкі Андэрсэна), нават для беларусаў (гісторыя ідэальна праектуецца на айчынныя рэаліі). Пры гэтым паказаная гісторыя магла адбыцца ў любой краіне. Але галоўнае, што дзеянне, якое адбываецца ў маленькай вёсачцы і яго ваколіцах фантастычным чынам праецыруе гісторыю на ўсю зямную прастору.

Нарэшце, Гран-пры фестываля ўпершыню за апошнія гады атрымаў беларускі спектакль“Офіс”, пастаўлены рэжысёрам Кацярынай Аверкавай у Купалаўскім тэатры.


Фота з сайта www.region.mogilev.by

Дзеянне пастаноўкі, адбываецца ў сучаснай фірме. Пяцёра службоўцаў пакутуюць ад свайго шэфа, змагаюцца з прыхаванымі ўласнымі комплексамі і сварацца між сабой. А ў глыбіні душы з’яўляюцца тонкімі, шчырымі людзьмі, якія напрыканцы спектакля пад чароўную музыку Вівальдзі прызнаюцца пра свае мары. Для характарыстыкі “Офіса” можна выкарыстаць тэрмін “эстэтыка брыдкага”, больш уласцівы для заходняга тэатральнага мастацтва. Сапраўды, у спектаклі няма звыклай для нас логікі ў развіцці падзей і ва ўчынках герояў. Дзеянне, з аднаго боку, адбываецца ў канкрэтнай прасторы фірмы (офіса), а, з другога боку, у пазачасавай прасторы. І толькі перыядычныя вітанні службоўцаў сведчаць, што пачаўся новы працоўны дзень. Беларускія тэатралы даўно не бачылі пастаноўкі, якая б прымушала так пакутліва думаць і аналізаваць яе складнікі. Прычым, розныя ўзроўні сэнсу становяцца зразумелыя не адразу, ні нават пасля спектакля, а праз пэўны час пасля яго. Толькі тады пачынаеш суперыжываць героям “Офіса” як ахвярам сучаснага гарадскога жыцця, лялькам, што рухаюцца на сцэне паводле жадання лялькавода. Нарэшце, асобам, індывідуальнасць якіх не патрэбная грамадству.

Залатая сярэдзіна
Вельмі моцна паўплывалі на гледачоў спектаклі “залатой сярэдзіны”, якія, магчыма, не сталі прарывам, але пакінулі пасля сябе яркае ўражанне. Вылучым сярод іх некалькі накірункаў.

Па-першае, гэта так званы “дакументальны тэатр”, прадстаўлены монаспектаклем “Наташына мара” (Чалябінскі тэатр) – дыплом “Лепшая маладая актрыса” атрымала Марына Карцава,


Марына Карцава. Фота з сайта www.gorad.by

і пастаноўкай “Забойца” (маскоўскі “Тэатр. doc”) – адзначана спецыяльным дыпломам “За акцёрскі дуэт”. Наогул, жанр “дакументальнага тэатра” прадугледжвае арыентацыю не на мастацкія тэксты, увасабленне на сцэне лёсаў рэальных людзей. Абодва спектакля пераносяць гледачоў у суровыя рэаліі расійскай глыбінкі. Гаворка ідзе пра моладзь, прычым дыялог адбываецца на іх уласнай мове, што абумоўлівае некаторае ўжыванне жарганізмаў і ненарматыўнай лексікі. Але кантраст паміж спектаклямі відавочны. “Забойца” з’яўляецца светлай, добрай казкай (герой, які ідзе забіваць, знаходзіць сваё каханне). А вось “Наташына мара”, у якой выхавальніца дзіцячага дома ў барацьбе за любімага чалавека амаль адпраўляе суперніцу на той свет, увасабляе жорсткі, бязлітасны, першабытны свет гераіні і не дае ніякіх рэцэптаў для яе выздараўлення.

Па-другое, былі прадстаўлены ў Магілёве і пластычныя праекты “Пупі–Піпа–Пупі” (акцёрскі ансамбль “Дзягам”, Вільнюс) і “Уцёкі” (пластычны тэатр “Часкі”, Берлін), а таксама балет “Мухі на сонцы” (тэатр сучаснай харэаграфіі “D.O.Z.SK.I.”, Мінск). “Пупі – Піпа – Пупі” і “Мухі на сонцы” атрымалі спецыяльныя дыпломы “Лепшы пластычны спектакль”.


Балет «Мухі на сонцы». Фота з сайта www.relax.by

А актрысе Вользе Скварцовай-Кавальскай, прадстаўленай ў двух пастаноўках і ў “Офісе”, уручылі дыплом “Падзея форуму”. Мяркую, гэтыя спектаклі найбольш інтрыгавалі гледачоў. У сітуацыі, калі тэмпы развіцця беларускага балету запаволены, менавіта з пошукамі маладых звязваюцца спадзяванні на новыя мастацкія адкрыцці. Праекты радавалі нетрывіяльнасцю падыходу і арыгінальным харэаграфічным мысленнем, але крыху расчаравалі зацягнутасцю і адстутнасцю цэльнасці. Складвалася ўражанне, што аўтары яшчэ не перараслі ўзровень мініяцюр і нумароў. Асобныя фрагменты пастановак успрымаліся як сапраўдныя мастацкія адкрыцці, але агульная карціна ўзнікала, на жаль, далёка не заўсёды.

У трэці накірунак аб’яднаем астатнія спектаклі. Нестандартны падыход для настальгічнай пастаноўкі пра савецкае мінулае прапанаваў рыжскі тэатр “Абсерваторыя” у спектаклі “Як стаць знакамітай”. У ім галоўная гераіня, перад якой маці паставіла адпаведную назве мэту, піша школьнае сачыненне і, адпаведна, узгадвае мінулае сваёй сям’і і самой сябе. Пэўным недахопам пастаноўкі сталі яе зацягнутасць: некаторыя эпізоды смела могуць быць скарочанымі. (просяцца пад скарачэнне). Найбольш істотная перавага рыжан – выкладанне падзей, якія адбываюцца не па парадку, часам нават хаатычна. На першы погляд, такі падыход выклікае толькі блытаніну. Але той, хто калі-небудзь запісваў успаміны, згадзіцца: погляд пажылых людзей на мінулае з’яўляецца менавіта такім, эпізадычным, нехраналагічным і неструктураваным. Выкарыстаўшы такі падыход, рыжскі калектыў змог увасобіць савецкі час і перадаць яго атмасферу з вышыні гадоў (з часавай адлегласці).

Пастаноўка “Ідыёт. Вяртанне” (спецыяльны дыплом “За захаванне традыцый рускай псіхалагічнай школы”), ажыццёўленая санкт-пецярбургскім тэатр “Майстэрня”), стала вельмі дакладным, літаральным увасабленнем 1-ай часткі знакамітага рамана Дастаеўскага. Спектакль пакінуў дваістае ўражанне, якое можна патлумачыць асобай кіраўніка тэатра Рыгора Казлова. З аднаго боку, захапіў яго педагагічны клопат, што паспрыяла з’яўленню вельмі глыбокіх акцёрскіх прац. З другога боку, празмерная зацягнутасць дзеяння і спрэчнасць асобных мізансцэн нараджае пытанні да яго рэжысёрскай інтэрпрэтацыі. Зрэшты, пасля прагляду не знікае адчуванне, што лепшыя ролі ў выканаўцаў яшчэ наперадзе.

Закрыццём фестывалю стаў спектакль “Падзея”, які зрабіўся дэбютам для Кацярыны Аверкавай у якасці галоўнага рэжысёра магілёўскага тэатра.


Фота з сайта www.gorad.by

Мяркую, ён атрымаўся досыць удалы, бо ў пастаноўшчыка атрымалася наладзіць кантакт з большасцю выканаўцаў і прымусіць іх выконваць пастаўленыя задачы, з-за чаго спектакль успрымаўся як аўтарскі, рэжысёрскі. Багаццем і фантазіяй радавала сцэнаграфія Алены Ігрушы. Аднак спектаклю істотна пашкодзіла пэўная нявызначанасць жанру пастаноўкі. Калі пераважная большасць выканаўцаў другога плану імкнуліся выконваць рэжысёрскія задачы і фактычна ігралі фарс, дык галоўныя героі, Люба і Лёша (Аляксандра Вінічэнка і Ігар Ламановіч) зрабілі акцэнт на псіхалагічным тэатры. У выніку “Падзея” крыху страціла ў дынамічнасці і набыла эклектызм, што не дазволіла арыгінальнай задуме зрабіцца бясспрэчным поспехам.

Расчараванні
На любым фестывалі не можа не абыйціся без расчараванняў. На сёлетнім “M@art.кантакт-2011” такімі спектаклямі сталі “Пакроўскія вароты” (Наўгародскі тэатр), “Распутнік” (кіеўскі Новы драматычны тэатр на Пячэрску), “Жаба” (Херсонскі тэатр), і “Комплекс Партнога” (варшаўскі тэатр “Консеквентны”). На маю думку, першыя два спектакля не зусім адпавядалі фармату фестываля. “Пакроўскія вароты” прадставілі савецкае рэтра, якое пакідала ўстойлівае адчуванне дэжа-вю, нібыта выканаўцы паспрабавалі перанесці на сцэну аднайменны фільм М.Казакова з А.Меншыкавым у галоўнай ролі. А “Распутнік” аказаўся хутчэй антрэпрызнай пастаноўкай, стваральнікі якога так і не змаглі перадаць патэнцыял, закладзены ў тэкст аўтарам, знакамітым пісьменнікам Э.Шмітам. Што датычыцца “Жабы” і “Комплексу Партнога”, дык спектаклі, на жаль, успрымаліся ніжэй пояса за ўясялякія эстэтычныя параметры.

Спроба высноў
Якое месца заняў фестываль у культурным жыцці краіны? Каб адказаць на пытанне, неабходна зразумець сённяшні стан айчыннага тэатра. Пераважная большасць спектакляў задумваюцца і ставяцца ў Беларусі ў фармаце “рускага псіхалагічнага тэатра” (РПТ). Яны рэалістычныя па жанру і традыцыйныя па форме, уздымаюць вечныя праблемы і прымушаюць суперыжываць героям. Няма сумненняў, што ў такога накірунку ёсць перспектывы для далейшага развіцця. Але ад бясконцага ўжывання аднаго і таго ж прадукту тэатр перастае развівацца, пачынаюцца паўторы і выкарыстанне штампаў. Гледачы і крытыкі не бачаць пастановак, альтэрнатыўным РПТ. У выніку любы наватарскі спектакль, пастаўлены ў іншай выканальніцкай манеры, успрымаецца публікай “у штыхі”. “M@art.кантакт-2011” пазнаёміў публіку з замежнымі калектывамі і арыгінальнымі рэжысёрскімі канцэпцыямі, прапанаваў маладзёжную альтэрнатыву традыцыі і, галоўнае, стаў глытком свежага паветра ў тэатральнай прасторы Беларусі.

Тэатралы кантактуюць у Магілёве// Настаўніцкая газета. 2011. 23 красавіка. № 50. С. 10.