Спроба стаць класікам. Уладзімір Саламаха

Сярод новых твораў, што з’явіліся апошнім часам у літаратурных часопісах, ці не найбольшае ўражанне пакінула аповесць Уладзіміра Саламахі “…И нет пути чужого”, надрукаваная ў лютаўскім і сакавіцкім нумарах часопіса “Нёман” у перакладзе самога аўтара. Дзеянне твора адбываецца ў апошні год Вялікай Айчыннай вайны. Вайсковыя часткі, што вызвалі беларускую вёску Гуда, сышлі далей на захад, і ў населеным пункце, спаленым у 1943 годзе немцамі, пачынае адраджацца жыццё. Ды толькі жыхароў там засталіся адзінкі: стары Яфім, былы партызан Міхей, Мікалай, што вярнуўся інвалідам з фронту, двое дзяцей, жанчына, што збіраецца нарадзіць… Але ў цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца вобраз Іосіфа Кучынскага, чый сын на пачатку вайны пайшоў служыць у паліцыю, а потым удзельнічаў у знішчэнні вескі Гуда. Прыхаваны канфлікт паміж Іосіфам і аднавяскоўцамі завязваецца ў невырашальны клубок супярэчнасцяў, вырашыць які можа, бадай, толькі сам герой.

“…И нет пути чужого” з’яўляецца бясспрэчным творчым поспехам аўтара. Сакрэт гэтага бачыцца ў майстэрску прапісаных, жывых характарах герояў, выпрацаваным стылі, жывой мове, адчуванні часу. Але няглядзячы на сэнсавую завершанасць твора, мяне не пакідае ўражанне таго, што аповесць з’яўляецца часткай будучага, больш значнага твору пісьменніка.

Пагадзіцеся, цяпер наўрад ці хто-небудзь зможа стварыць паэму пра народнае, сялянскае жыццё, якая б пераўзышла “Новую зямлю” Якуба Коласа, ці раман пра калектывізацыю, варты “Палескай хронікі” Івана Мележа. Істотна тое, што такія творы ствараліся відавочцамі падзей. Але пры гэтым аўтары з-за ўзросту з’яўляліся хутчэй іх сузіральнікамі або пасіўнымі ўдзельнікамі. Уласны досвед, апора на ўспаміны сталых сваякоў і пэўная часавая дыстанцыя давала праз гады належны мастацкі эфект.

Пра вайну напісана велізарная колькасць мастацкіх твораў. Але паколькі іх аўтарамі часцей за выступалі ўдзельнікі баявых дзеянняў, найбольш удалым стаў зварот да жанру аповесці. Ён дазволіў ідэальна спалучыць мікрасвет герояў і элементы, фрагменты навакольнага макракосмасу. Магу памыляцца, але дагэтуль у беларускай літаратуры не з’явіўся такі раман пра вайну, пасля якога б наступцам проста не было чаго сказаць.

З гэтай нагоды вельмі дарэчы прагучыць выказванне літаратуразнаўцы Аксаны Бязлепкінай пра феномен “канцэнтрацыі”. На адным з “круглых сталоў” яна намалявала наступную схему: “спярша ствараецца шэраг тэкстаў пэўнай тэматыкі, а потым прыходзіць пісьменнік, які выдае мастацкія адкрыцці сучаснікаў у канцэнтрараваным выглядзе. Ён і становіцца класікам, а астатнія будуць успрымацца як эпігоны”.

Магчыма, мае высновы прагучаць занадта смела. Але ўпэўнены, што Уладзімір Саламаха мае патэнцыял, які дазволіць яму напісаць такі твор. Твор падагульняльны для самога сябе, дзе ён, аўтар больш за дзесятка кніг, выкарыстае ўсё лепшае са сваіх ранейшых творчых набыткаў і адначасова падымецца на новую вышыню. Твор у пэўным сэнсе падагульняльны для беларускай ваеннай літаратуры, дзе знойдзе сваё адлюстраванне рэчаіснасць 1940-х гадоў, акупацыйнае ліхалецце, пасляваенны час, жыццё і выжыванне чалавека паміж мірам і вайной. Для гэтага ў У.Саламахі ёсць самае галоўная якасць сапраўднага эпічнага пісьменніка, раманіста – здольнасць да натуральнага пераключэння аповеду з зямнога на “нябесны ракурс”, з жыццёвых, часам дробных рэалій да погляду на чалавецтва з вышыні аблокаў.

Не, зусім не хацелася б, каб гэта рэцэнзія ўспрымалася як суцэльнае, нястрыманае ўсхваленне. Не, як і большасці аўтараў, у творах Саламахі сустракаюцца свае спрэчныя моманты. Напрыклад, вобраз Стаса, сына Іосіфа Кучынскага, упісваецца ў агульную танальнасць аповесці. Але зноў-такі, пры працы над творам больш шырокага жанру такая адзначнасць вобраза наўрад ці паспрыяе абсалютнай аб’ектыўнасці, бо людзі былі вымушаны супрацоўнічаць з немцамі па самых розных прычынаў. Зрэшты далейшыя мастацкія пошукі пісьменніка залежыць не ад меркаванняў і высноў крытыка, а ад творчых памкненняў самога аўтара.

Феномен канцэнтрацыі// Літаратура і мастацтва. 2011. 22 сакавіка. № 16. С. 7.