Аляксандр Сцефановіч. Таямніцы старадрукаў

Параўнальна нядаўна пры кнігарні “Кніжны салон” быў арганізаваны клуб аматараў кнігі, які стаў месцам сустрэчы людзей, неабыякавых да кніжнай справы. Падрабязнасці працы аб’яднання, а таксама знаходкі і дасягненні беларускіх кнігазнаўцаў у гутарцы з загадчыкам аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Сцефановіч


Каталог, адным са складальнікаў якога выступіў А.Сцефановіч

– Захапленне кнігамі пачалося ў мяне, як, бадай, у кожнага кніжніка, з дзяцінства. Наогул, літаратуру ў нашай сям’і збіраў бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Але ў яго была свая цікавасць, таму нашу хатнюю бібліятэку часцей за ўсё папаўняла ваенная літаратура, кнігі палкаводцаў, пад кіраўніцтвам якіх бацька служыў (напрыклад, Жукава, Ракасоўскага). Ён з’яўляўся сябрам таварыства “Кнігалюбаў”, што давала магчымасць падпісвацца на поўныя зборы твораў, а таксама атрымліваць тыя кнігі, якія цяжка распаўсюджваліся. Сам бацька класіку не чытаў, але разумеў яе значнасць для мяне. Таму дома мелася добрая бібліятэка.

Уласным пошукам і зборам кніг заняўся пазней. У 9-10 класах сферай інтарэсу сталі кнігі па беларускай літаратуры. Але яны былі ў свабодным продажы, хоць, як потым высветлілася, не пазбаўленыя купюр. Пасля школы пайшоў працаваць на завод, але неўзабаве зразумеў, што мне не хапае свайго асяроддзя. Таму ў 25 гадоў паступіў на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Гэта стала штуршком для перачытання рускай класікі (Лермантава, Гогаля, Грыбаедава, Салтыкова-Шчадрына, Дастаеўскага), а потым і збору адпаведных кніг і зборнікаў. Працаваў экспедытарам у Нацыянальнай бібліятэцы (тады яна мела назву Ленінскай), а ў 1985 годзе, калі я вучыўся на 4 курсе, Лідзія Іванаўна Збралевіч, загадчык аддзела рэдкай кнігі Цэнтральную навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, запрасіла да сябе на працу. Дома ў асноўным захоўваю класіку, а таксама мемуарную літаратуру, фэнтэзі (пад ім маю на ўвае кнігі, дзе прысутнічае фальклор і нацыянальны каларыт). Люблю чытаць усё “срэбранае стагоддзе”, творы Васіля Гросмана, Яўгена Яўтушэнка, Фрыдрыха Гарэнштэйна, Дзіны Рубінай, Яўгена Рэйна.

Што падштурхнула Вас да працы ў бібліятэцы, тым больш у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў?

– Праца ў бібліятэцы, дзе я нязменна працую з 1985 года, а з 2000 года ўзначальваю аддзел, прадаставіла мне адразу некалькі магчымасцяў. З аднаго боку, я атрымаў доступ да старадрукаў, пасля чаго мог параўноўваць атрыманыя звесткі з лекцыямі выкладчыкаў і нават уступаць з імі ў спрэчкі. З другога боку, у савецкія часы значны масіў літаратуры выдаваўся ў купюрах. Прычым гэта датычылася не толькі такіх “крамольных” аўтараў, як Шапенгауэр, Ніцшэ, Метэрлінк, якія наогул забараняліся і перадаваліся ў так званыя “першыя аддзелы”, а нават рускай класікі (у прыватнасці твору Гогаля “Выбраныя месцы перапіскі з сябрамі”). Чытаць арыгінальныя творы можна было толькі ў бібліятэках, або ў дзяржаўных органах, якія выдавалі адпаведныя дазволы. Але нават студэнтам выдаваліся лічаныя асобнікі, якія заўсёды знаходзіліся на руках. Між тым, такая “забароненая” літаратура раскрывала адваротны бок савецкага жыцця. Павялічвалася мая цікавасць да яе. Але наклад такіх кніг быў вельмі маленькі. Таму некаторых аўтараў можна было прачытаць толькі ў дарэвалюцыйных выданнях, або ў машынапісу (як вершы Мікалая Гумілёва).

Так паступова павялічвалася мая цікавасць да рэдкіх кніг і старадрукаў. Яны надавалі чытачу атмасферу таямнічасці, недасказанасці. Заўсёды цікава было пачытаць запісы ўладальнікаў кніг на палях. Часам гэта давала больш інфармацыі пра выданне, чым сам твор. У бібліятэку яе супрацоўнікі трапляюць па-рознаму: хтосьці выпадкова, іншыя – асэнсавана. Але калі працаваць у нас доўга, немагчыма не зрабіцца фанатам кніжнай справы.

Якія кніжныя багацці знаходзяцца ў фондзе аддзела? Ці вядзецца іх навуковая апрацоўка?

– У якасці самастойных комплексаў у фондзе прысутнічаюць прыватныя зборы князёў Радзівілаў, пісьменнікаў Пятра Глебкі (каля 3 тысяч кніг), Янкі Брыля, Анатоля Вялюгіна, вучоных Браніслава Эпімаха-Шыпілы, Паўла Беркава (каля 12 тысяч кніг), Адама Багдановіча (каля 2 тысяч кніг), Міхаіла Спірыдонава, Ібрагіма Канапацкага, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі, кіраўніка рэспублікі Панцеляймона Панамарэнкі і іншых. Вельмі каштоўнай з’яўляецца бібліятэка вядомага беларускай паэта, акадэміка НАН Беларусі Пятра Глебкі, якая падчас вайны знаходзілася на акупаванай тэрыторыі і захавалася ў поэўным аб’ёме. У зборы прысутнічаюць шэраг выданняў рэпрэсаваных пісьменнікаў, некаторыя з якіх не перевыдаваліся дагэтуль. Тое, што Глебка захоўваў іх у сябе, стварае яму гонар, бо за такі ўчынак у сталінскі час можна было страціць не толькі свабоду, але і жыццё.

Што датычыцца непасрэднай працы, то цяжка пералічыць усе яе аспекты. Гэта арганізацыя выстаў, навуковых канферэнцый. Напрыклад, у мае гэтага года плануецца правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беркаўскія чытанні. Кніжная культура ў кантэксце міжнародных кантактаў”, прысвечаная 115-годдзя з дня нараджэння літаратуразнаўцы, кнігазнаўцы, крыніцазнаўцы, гісторыка літаратуры Паўла Беркава.

Прымаю ўдзел у клубе аматараў кнігі, які арганізаваны кнігарняй “Кніжны салон”. Такая ідэя ўзнікла ў Лідзіі Збралевіч яшчэ ў 1970-я гады, але па пэўных прычынах не атрымала развіцця. Зараз на пасяджэннях мы абмяркоўваем апошнія навіны кнігазнаўства, разбіраем новыя выданні. Напрыклад, тэмай адной з гаворак стала кніга Уладзіміра Крукоўскага “Срэбраная страла ў чырвоным полі”, прысвечанае беларускай шляхецкай геральдыцы. Падчас апошняй сустрэчы адбылася прэзентацыя каталога “Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации”.

Якія кніжныя праекты на рахунку Вашага аддзела?

– Мяркую, неабходна расказаць чытачам пра працу над зборам князёў Радзівілаў. Да нас у бібліятэку ён трапіў у студзені 1941 года. Колькасць адзінак захоўвання складала 20 тысяч. Зразумела, за паўгады апісаць фонд немагчыма. Калі пачалася вайна, бібліятэку запакавалі ў скрыні і вывезлі ў Германію. Яна прастаяла ўсе баявыя дзеянні ў эшалонах. А 1945 годзе вярнулася ў Беларусі ў якасці рэпатрыяцыі. Частка кніг з гэтага збору трапіла ў цяперашнюю Нацыянальную бібліятэку (каля 500 кніг), частка – у Прэзідэнцкую, але большасць, каля 3,5 тысяч, да нас, паколькі на кніжках стаялі нашыя штампы. Зараз мы вядзем навуковае апісанне гэтых кніг. У 2010 годзе ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў унікальны каталог “Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации = Library of tne Radziwills’ of Nesvizh Ordynation”, прысвечаны гісторыі фарміравання і развіцця бібліятэкі XV-XVI стагоддзяў. Як бачна з назвы, ён створаны на двух мовах, рускай і англійскай. Складальнікамі выступілі Марына Ліс і я. У Беларусі гэта першае навуковае выданне такога кшталту, якое апісвае кнігі, што знаходзяцца ў Беларусі.

Выданне пачынаецца з уводнага артыкула на двух мовах, напісанага дырэктарам Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Наталляй Бярозкінай і мной. Далей змешчаны непаспэдны навуковы каталог, дзе даецца поўнае апісанне 27 дакументаў. Адзначана наяўнасць калантытулаў, выдавецкай маркі і іншых элементаў кніжнага афармлення, дадзена падрабязнае апісанне вокладак, прыводзяцца звесткі пра захаванасць кніг. Звернута ўвага на індывідуальныя асаблівасці разгляданых выданняў: наяўнасць суперэкслібрысаў, экслібрысаў, пячатак, штэмпеляў, а таксама маргіналий і іншых запісаў з указаннем іх пэўнага месцазнаходжання ў дакументах. Пададзеныя ў каталозе выдання забяспечаны багатым ілюстрацыйным матэрыялам: малюнкам вокладак, тытульных лістоў, выдавецкіх марак, экслібрысаў, пячатак, фрагментаў тэкстаў, гравюр, заставак, канцовак і іншых элементаў кнігі, а таксама ўзораў уладальніцкіх і іншых запісаў.


Разварот з каталога (прадстаўлены на сайце бібліятэкі www.csl.bas-net.by)

Таксама ў выданні ўключаны дапаможны апарат. Ён уключае паказальнік імёнаў аўтараў, каментатараў, перакладчыкаў і іншых асобаў, узгаданых у апісаных дакументах; паказальнік друкароў, прыватных асобаў і ўстаноў – уладальнікаў дакументаў; тэрміналагічны слоўнік, а таксама спіс выкарыстаных крыніц і скарачэнняў. Дарэчы, праграма па апісанню радзівілаўскай спадчыны разлічана да 2015 года. Зараз вядзецца праца над працягам, які будзе ахопліваць перыяд XVIІ стагоддзя.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч

Таямніцы старадрукаў// Кніжны свет. 2011. 15 красавіка. Выпуск 43. С. 2.