Што чытаюць у Магілёве?

Што чытаюць жыхары Магілёва? Каб адказаць на гэта пытанне, можна завітаць у мясцовыя бібліятэкі ці наладзіць адпаведнае апытанне на вуліцах горада. Аднак мы выбралі іншы варыянт, і разам з начальнікам аддзела друку ААТ “Магілёўсаюздрук” Іннай Ракевіч прайшліся па магілёўскіх кнігарнях.


Кнігарня «Мысль». Фота аўтара

Агульны партрэт
Сённяшні стан кніжных устаноў горада немагчыма зразумець без згадкі пра падзеі, якія адбыліся ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Тады кніжныя крамы амаль ва ўсіх абласных цэнтрах былі далучаны да абласных аддзяленняў “Белкнігі”. Выключэннем сталі кнігарні Магілёва, якія сталі часткай “Магілёўсаюздрука” і з таго часу падпарадкоўваюцца аддзелу друку гэтай установы.

Наогул, у структуру “Магілёўсаюздрука” уваходзяць чатыры звычайныя крамы, харчовая крама, шэраг кіёскаў, а таксама чатыры кніжныя кнігарні: “Мир” (№ 6), “Мысль” (№ 7), “Світанак” (№ 8) і “Раніца” (№ 9). Ва ўсіх іх быў зроблены рамонт. Уведзена сістэма штрыхсканіравання, якая дазваляе мець інфармацыю пра рэалізацыю тавараў, кнігі, якія карыстаюцца найвялікшым попытам. У крамах прадстаўлена каля 37 тысяч назваў кнiжнай прадукцыi. Больш за 1700 з іх складае прадукцыя дзяржаўных выдавецтваў. Побач з кнiгами прадаюцца перыядычныя выданні. Прадстаўлена рэспубліканская перыёдыка. Праца ў крамах перайшла на прынцып самаабслугоўвання.

Разам і паасобку
Чатыры кнігарні ўяўляюць сабой адзіны механізм, часткі якога ў пэўных момантах дзейнічаюць асобна, праз спецыялізацыю на пэўнага чытача або прадукцыю, а ў іншых – узаемазвязана.

Кнігарня “Мир” размешчаная на вуліцы Першамайскай, 9/2, арыентуецца на тэхнічную і юрыдычную літаратуру. Плённа супрацоўнічае з Беларускім інстытутам правазнаўства, Рэспубліканскім цэнтрам прававой інфармацыі, выдавецтвамі “Дыкта” і “Амалфея”. Як сцвярджае загадчык кнігарні Валянціна Сініцкая, продаж кніг залежыць ад шэрагу фактараў. Напрыклад, навучальная літаратура карыстаецца асаблівым попытам перад пачаткам і ў пачатку навучальнага года (жнівень, верасень, кастрычнік), а таксама напрыканцы вясны (у мае).

Крама “Раніца” знаходзіцца на праспекце Міра, 39. Яна больш маленькая па памеры. Кнігарня арыентуецца на навучальную літаратуру. Але на яе папулярнасць вельмі ўплывае сезон. Напрыклад, пасля пачатку навучальнага года навучальныя выданні могуць складаць да 90% продажу. Зараз, вясной, суадносіны мастацкай і навучальнай літаратуры складаюць 50 на 50%. Сярод мастацкай літаратуры кожнай узроставай групе цікава нешта сваё. Моладзь у асноўным арыентуецца на фэнтазі, сталае пакаленне – на рускую класіку, гістарычныя раманы Валянціна Пікуля, жаночая частка насельніцтва – на дэтэктывы і жаночыя раманы. Госці з блізкага замежжа таксама цікавяцца падарачнымi фотаальбомамі.

Самай вялікай крамай з’яўляецца “Мысль”, размешчаная на праспекце Міра, 10. Акцэнт зроблены на навучальнай і прававой літаратуры. З мастацкай літаратуры вялікім попытам карыстаецца руская і беларуская класіка, дэтэктывы, універсальная і псіхалагічная літаратура.

На дзейнасць крамы “Світанак”, якая месціцца праспекце Міра, 10, аказвае істотны ўплыў яе размяшчэнне бібліятэчны тэхнікум і Магілёўскі педагагічны універсітэт імя Аркадзя Куляшова.


У кнігарні «Світанак». Фота аўтара

Гэта спрыяе пэўным заказам з боку гэтых устаноў. А вось тэхнічнай літаратуры прадаецца меней. Магчыма, таму, што побач няма вялікага прадпрыемства. Кнігарня супрацоўнічае і са школьнымі бібліятэкамі. Імкнецца перыядычна звязвацца з імі, даведацца, ці не патрабуецца абнаўленне фондаў. Перш за ўсё папулярныя падручнікі па псіхалогіі і педагогіцы, метадычная літаратура. Тым больш, што “Світанак” з’яўляецца апорнай крамай выдавецтва “Народная асвета”. Шмат прадаецца кніг для дзяцей. Часам можна нават прасачыць эвалюцыю пэўнага дзіцяці, змяненне яго чытацкага густу на працягу часу. Вельмі часта завітваюць у кнігарню студэнты, прычым, па старой звычцы, нават пасля завяршэння вучобы. З мастацкай літаратуры пераважаюць кнігі гісторыка-біяграфічнай скіраванасці, пэўныя серыі (напрыклад, фантастыкі), праграмныя творы.

Як жа праяўляецца сумесная дзейнасць кнігарняў? Перш за ўсё, у агульнай каардынацыі працы. Акрамя таго ў кожнай кнігарні вывучаюць зацікаўленасць у выданнях сярод насельніцтва. Калі пакупнік цікавіцца новай кнігай, у яго бяруць дадзеныя, звязваюцца з выдавецтвамi i у найбольш кароткi час кнiга знаходзiць свайго чытача. Акрамя таго на сайце “Магілёўсаюздрука” існуе магчымасць заказаць кнігі праз электронную пошту. Iснуе магчымасць пакупкі непасрэдна праз інтэрнэт.

Чытаем беларускае!
Якія творы беларускай літаратуры цікавяць магіляўчан, якія карыстаюцца кнігарнямі? Якія творцы найбольш папулярныя? Апытанне загадчыкаў кнігарняў намалявала ў нечым прадказальныя, а ў нечым нечаканыя для літаратараў вынікі. Заўважу, што наўмысна не запытваў у загадчыкаў кнігарняў ніякіх прозвішчаў, бо імёны, узгаданыя самастойна, больш вартыя даверу.

Ва ўсіх кнігарнях па-ранейшаму попытам карыстаецца класіка. Лідзіруюць Іван Шамякін і Уладзімір Караткевіч (4 галасы загадчыц), Максім Багдановіч (2 галасы), Васіль Быкаў і Іван Мележ (па 1 голасе), а таксама кнігі, выдадзеныя ў серыі “Школьная бібліятэка”. З творчасці Уладзіміра Сямёнавіча асабліва папулярная аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Як мяркуе В.Аляксеева, гэта звязана, тым ліку, з удалай экранізацыяй. Бо твор запытваюць нават расіяне.

З сучасных беларускамоўных пісьменнікаў лідзіруе Алесь Марціновіч са сваёй серыяй “Гісторыя ў асобах”. Папулярныя творы Аляксея Дударава, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Анатоля Клышкі (перш за ўсё яго легендарная “Азбука”).

З рускамоўных беларускіх аўтараў па-за канкурэнцыяй застаецца дуэт Тамары Лісіцкай і Наталлі Батраковай. Магчыма, мяркуюць самі супрацоўніцы кнігарняў, на ажыятаж вакол імя Лісіцкай і яе рамана “Ідыёткі” паўплывала нядаўняя прэзентацыя з удзелам аўтара, якая прайшла ў Гарадскім цэнтры культуры. Што датычыцца Батраковай, дык паэтычныя творы апошняй чытачы нават часам таемна перапісваюць. А раманы “Территория души” і “Площадь согласия” да такой ступені папулярныя, што да В.Аляксеевай перыядычна звяртаюцца з пытаннем, калі ж выйдзе трэцяя кніга гэтай пiсьменнiцы.

Сярод навукова-папулярнай літатаратуры сапраўдным бестселерам з’яўляецца кніга “Залатыя правілы народнай культуры” Янкі Крука і Аксаны Катовіч. Кнiга расказвае пра кожны дзень года, пра найбольш значныя каляндарныя святы, а таксама пра забароны i прадпiсаннi, пра правiлы паводзiн чалавека, сям’i, роду, якiя звязаны з падрыхтоўкай i правядзеннем абрадаў — нараджэння, хрышчэння, вяселля, пахавання.Яе набылі не толькi пакупнiкi, але i шэраг супрацоўнікаў “Магілёўсаюздрука”. Прычым многія не па адным асобніку.

Што шукаюць, але не знаходзяць пакупнікі?
Якія кнігі неабходныя чытачам кнігарняў? Пра якія выданні запытваюць у прадаўцоў, а яны не могуць адказаць нічога пэўнага? Паводле слоў загадчыцы крамы “Світанак” Надзеі Бабковай, “не хапае літаратуры для дашкольнікаў, якая б развівала іх, а таксама метадычнай літаратуры для такога ўзросту (напрыклад, планаў-канспектаў па лепцы, маляванню). Хацелася б бачыць перавыданні асобных кніг прозы і паэзіі, якія выйшлі ў 1980-я гады. Вельмі не хапае сціслай хрэстаматыі па беларускай літаратуры. Адзінае выключэнне “Беларуская літаратура. Пазакласнае чытанне. 2 – 4 класы”. Загадчык кнігарні “Мысль” Вольга Косцікава дадае, што не хапае сучаснага альбома пра Магілёў, выдадзенага на некалькіх мовах (папярэдні выходзіў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”) пра выдатныя мясцiны города. А вось загадчык кнігарні “Раніца” Вольга Аляксеева мяркуе, што “айчынным выдавецтвам неабходна звярнуць увагу на выданне беларускамоўных дзіцячых кніг” у болей шырокiм асартыменце и па больш даступных цэнах. Да нас часта звяртаюца маладыя мамы, якія жадаюць навучыць свайго дзіця роднай мове, – кажа яна.

“Захадзі дарагі, госцем будзеш!”
Як завабіць у кнігарню чалавека “з вуліцы”? Як зацiкавiць яго набыць кнігу? Магілёўскія кнігарні прапануюць самыя разнастайныя сродкі. Напрыклад, рэклама кніжных выданняў ажыццяўляецца праз тэлебачанне, радыё i мясцовыя газеты. Ва ўсіх кнігарнях прысутнічае музычнае афармленне. Зразумела, гучаць спакойныя кампазіцыі, якія імкнуцца не перашкодзіць людзям зрабіць свой выбар. З пэўнай перыядычнасцю гучыць інфармацыя пра кніжныя навінкі, якая абнаўляецца з перыядычнасцю ў тры-чатыры тыдні.

Кожная кнігарня акцэнтуе ўвагу пакупнікоў на пэўную літаратуру дзякуючы такiм мерапрыемствам, як “Территория низких цен”, “Любая книга до 5 тысяч”, “Любая книга до 10 тысяч”, “Книга за полцены” (ва усiх крамах), “Огород без ошибок” (магазiн “Світанак”). Акрамя таго, крамы наладжваюць прэзентацыі з нагоды пэўных святаў. Напрыклад, на кніжных паліцах крамы “Мысль” з нагоды міжнароднага дня паэзіі з’явілася аднайменная рубрыка, у рамках якога прадстаўлены выданні з серый “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” і “Беларускі кнігазбор”. А ў кнігарні “Мир” нядаўна былі наладжаныя выставы, прысвечаныя 90-годдзю выдавецтва “Беларусь”, міжнароднаму дню роднай мовы, міжнароднаму дню паэзіі.

Спроба падагульнення
Як ацаніць узровень працы магілёўскіх кнігарняў? Зразумела, існуюць афіцыйныя крытэрыі. Напрыклад, перамогі на разнастайных конкурсах. У 2008 годзе кнігарня “Мысль” была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая кніжная крама”, а таксама дыпломам Міністэрства інфармацыі “Лепшая кніжная крама”. У 2010 годзе супрацоўніца крамы “Мир” Ларыса Траццякова была ўзнагароджана дыпломам І ступені “Лепшы прадавец кнігі”, які праводзіўся Міністэрствам інфармацыі. А сёлета крама атрымала дыплом Міністэрства інфармацыі “Лепшая кніжная крама” па выніках працы за мінулы год.

Але галоўнае, бадай, не ў гэтым. Не сумняюся, што любы кнiгалюб, які ўпэўнены, што цікавыя кнігі можна набыць толькі ў межах сталiцы, будзе прыемна здзіўлены. Так, магчыма, некаторыя выданні з малым накладам сапраўды можна знайсці толькі ў Мінску. Але ў астатнім чытач амаль не адчуе розніцу паміж асартыментам, які прадстаўляюць кнігарні двух гарадоу.

Кніжны свет. 2011. 15 красавіка. Выпуск 43. С. 1.