Беларусы сталі нацыяй

Доўга шукаў словы, якія б змаглі, хаця б часткова, перадаць агульны настрой. Жахлівае адчуванне таго, што побач з табой былі людзі, якія радаваліся жыццю, святлу і вясне. А потым хтосьці націснуў кнопку, і ўсё знікла.

У майго любімага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча ёсць аповесць «Лісце каштанаў». Яе дзеянне адбываецца ў толькі што вызваленым ад немцаў Кіеве. А фінал вельмі трагічны: амаль усе героі, падлеткі, якія мараць збегчы на фронт, а таму шукаюць зброю, падрываюцца на мінах і застаюцца навек засыпаныя пяском:

«I кожны раз у гэтыя дні я думаю, што вось такая сволач, як Гнат, ходзіць па зямлі і зараз.
А мае хлопцы, мае сябры спяць у дняпроўскім пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў.
Не будуць лаяцца, спяваць, ныраць з быкоў, смяяцца. Не будуць ваяваць з несправядлівасцю, якой на зямлі куды больш, чым мы думалі.
А яны ж і загінулі толькі таму, што — хай сабе па-дзіцячы — збіраліся на вайну з ёю, каб яна хаця на хвіліну хутчэй знікла з зямлі. (…)
I вось яны ляжаць недзе там, «за краем чорнай вясёлкі», як кажуць нашы казкі. Пры жыцці лёс не даў ім прывязанасці тых, каго яны хацелі. Але цяпер яны разам. Цяпер яны ляжаць разам, звязаныя самай моцнай повяззю, якая ёсць на зямлі».

Мне бачыцца глыбокі сэнс ва ўжыванні словазлучэння «мае сябры» у дачыненні да людзей, якія разам з намі былі ў той дзень у Мінску. Згадзіцеся, кожны з нас паспеў адчуць небяспеку за лёс сваіх родных і блізкіх людзей. Бадай, кожны перажыў бясконцае тэлефанаванне на іх мабільныя тэлефоны, якія не спраўляліся з перагружанасцю сеткі.

Але адначасова быў клопат і хваляванне пра лёс сяброў і калег. Пра жыццё зусім незнаёмых людзей.

Былі разгубленасць, шок ад смерці ні ў чым не вінаватых ахвяр.

Было дзіўнае адчуванне ад кожнай гісторыі, расказанай у метро і на працы, у паліклініцы і на вуліцы. Пра абставіны, якія прымусілі людзей дзе спазніцца, дзе паспяшацца, дзе пайсці іншым шляхам, і гэтым выратаваць сабе жыццё. Уздых палёгкі за іх. Смутак за тых, чый лёс склаўся іначай. І адчуванне фаталізму, наканаванасці лёсу, пра якое я чуў ужо не ад аднаго чалавека.

Мне здаецца, што самае галоўнае, што вынеслі ці павінны вынесці беларусы з трагедыі на станцыі метро «Кастрычніцкая», гэта адчуванне таго, што яны з’яўляюцца нацыяй.

Галоўнай прыкметай нацыі, акрамя агульнай тэрыторыі, мовы, культуры і г.д., з’яўляецца яе самасвядомасць — усведамленне чалавекам самога сябе ў адрозненні ад іншых. Ці існавала яна сярод беларусаў?

Замест таго, каб спрачацца па гэтым пытанні, нагадаю, што, паводле меркавання Бенедыкта Андэрсана, класіка тэорыі нацыяналізму, першымі ў нацыі аформіліся жыхары лацінаамерыканскага кантыненту, што стала вынікам вайны за незалежнасць. Потым тыя ж працэсы адбыліся ў ЗША і Францыі, дзе мелі месца, адпаведна, змаганне з англічанамі за сваю незалежнасць і рэвалюцыя. Ва ўсіх выпадках разам з аб’ектыўнымі унутрана-эканамічнымі прычынамі існавала знешняя пагроза, якая прымушала нацыю аб’яднацца.

Цяжка сказаць, якіх мэтаў збіраліся дасягнуць людзі, якія арганізавалі гэты бесчалавечны тэракт. Але ўпэнены, што з-за трагедыі на метро «Кастрычніцкая» беларусы яшчэ больш згуртаваліся і з наіўнага перыяду «нацыі-падлетка» адразу сталі дарослымі людзьмі.

Нас пакуль не змаглі аб’яднаць мова, рэлігія, палітыка. На жаль, нас аб’яднала толькі небяспека і агульнае гора. І хай гэта прагучыць прафасна, менавіта зараз, як ніколі раней, я адчуваю адзінства са сваім народам. І адчуваю свой народ як адзінае, цэлае, сваё.