Гэта салодкае слова — «Камея»

Адной з апошніх прэм’ер Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра стаў мюзікл Кіма Брэйтбурга “Блакітная камея”.


Княжна Тараканава — Ілона Казакевіч. Граф Арлоў — Дзмітрый Якубовіч.
Фота з сайта тэатра www.musicaltheatre.by

“Візітная картка” калектыва – паняцце зменлівае. Заўсёднікі Музычнага тэатра згадаюць, што ў 1990-я гады пад такую катэгорыю траплялі нацыянальныя мюзіклы Уладзіміра Кандрусевіча “Джулія” і “Шклянка вады”.У складаныя для калектыва 2000-я іх месца занялі мюзіклы для дзяцей і дарослых “Бураціна.by” і “Прыгоды брэменскіх музыкантаў”, пастаўленыя рэжысёрам Настассяй Грыненка. Цяпер жа вектар зрушыўся ў бок міжнароднх праектаў, дзякуючы якім тэатр, відаць, спадзяецца прыцягнуць да сябе ўвагу публікі як ў Беларусі, так і за яе межамі, а таксама палепшыць уласнае фінансавае становішча. Таму пасля нядаўняга ўвасаблення на сцэне калектыва азербайджанскай музычнай камедыі “Аршын мал Алан” чарга дайшла і да рускага мюзікла “Блакітная камея”.

Ідэя твора належыць кампазітару Кіму Брэйтбургу і паэту Карэну Кавалерану. Паводле іх слоў, яны захацелі “здзейсніць сумесную працу, якая б выходзіла за межы эстэтыкі поп-культуры”. Асновай “Блакітнай камеі” сталі падзеі другой паловы ХVІІІ стагоддзя, якія адбываліся ў Расійскай імперыі. Падчас кіравання імператрыцы Кацярыны ІІ (Маргарыта Александровіч) за мяжой з’явілася княжна Тараканава (у розных складах Ілона Казакевіч, Ірына Дарафеева, Кацярына Муратава), якая аб’явіла сябе спадчынніцай расійскага трона. Каб прывезці самазванку ў Расію, імператрыца накіравала ў Венецыю графа Аляксея Арлова (Дзмітрый Якубовіч), які закахаўся ў прыгажуню…

Праца над творам пачалася ў 2005-м, і праз тры гады асобныя ўрыўкі ўжо былі напісаныя. Штуршком для заканчэння мюзікла стала прапанова аб супрацоўніцтве з боку Рускага драматычнага тэатра рэспублікі Башкартастан, які размяшчаецца ва Уфе. У 2009 годзе быў аб’яўлены рэспубліканскі кастынг, пераможцы якога разам з часткай стацыянарнай трупы склалі трупу спектакля. Прэм’ера “Камеі” адбылася ў канцы снежня таго ж года. У канцы наступнага, 2010 года спектакль быў пастаўлены ў Краснаярскім музычным тэатры, а сёлета “Блакітную камею” прыняў ў сябе Мінск.

Падрыхтоўка мюзікла адбывалася па напрацаванай схеме. Выканаўцы былі выбраны праз кастынг і ўмоўна складаліся з двух груп: “прафесіяналаў” з ліку салістаў тэатра і “аматараў”, адабраных пастановачнай трупай. Між іншым, амаль усе яе прадстаўнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы папярэдніх спектакляў. Такім чынам, беларускія гледачы змаглі ўбачыць “прадукт” у той жа канцэпцыі, у якой яго пакаштавалі жыхары Уфы і Краснаярска.

Якім жа падаўся спектакль з глядзельнай залы? Упэўнены, што сярод гледачоў абавязкова знойдзецца пара-тройка тэатральных снобаў, якія назавуць гэтую пастаноўку “таннай папсой”,убачаць у ёй пошласць і безгустоўнасць і ў лепшым выпадку здолеюць асцярожна пахваліць некалькі нумароў княжны Тараканавай за лірызм, прадэманстараваны кампазітарам і салісткай. Вузкае кола гэтых эстэтаў! Страшэнна далёкія яны ад народа!

Музыка спектакля (кампазітар Кім Брэйтбург, музычны кіраўнік і педагог па вакалу Валерыя Брэйтбург) вызначалася прыцягальнасцю і стылістычнай вытрыманасцю. Апошняя акалічнасць асабліва праявілася ў імклівых пераходах ад лірыкі да шансона, ад вальса да хіп-хопа. Пагадзіцеся, далёка не кожны аркестр можа выканаць такія шэдэўры на належным ўзроўні. Тым больш, што нядаўна новым галоўным дырыжорам тэатра стаў Алег Лясун, які працаваў раней усяго толькі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Таму К.Брэйтбург эфектна вырашыў праблему… шляхам выкарыстання фанаграфы. Яна пераважна інструментальная, але дзе-нідзе ў ёй дапісаны і “бэкі”. У тым выпадку, калі публіка акажацца скупаватай і пашкадуе набыць вельмі танныя квіткі (ад 65 да 90 тысяч беларускіх рублёў), аркестр можна будзе пасадзіць у глядзельнай зале.

Высокі мастацкі ўзровень прадэманстраваў Карэн Кавалеран, аўтар лібрэтта і тэкста песень. Ён здолеў тварыць вобразы сапраўды дэмакратычнай, простай арыстакратыі і нават каранаваных асобаў, гатовых падтрымліваць “кантакт” з падданымі (“я одна, а Вас так много”, “все реально, все возможно, если только осторожно”). Пасля спектакля міжволі пачынаеш шкадаваць, што Тараканава не апынулася на чале Расійскай імперыі. Можа, манархія працягвала існаваць у краіне і дагэтуль?

Бясспрэчна, надзіва удалай знаходкай стаў вобраз Нуарэ (Дяніс Баевіч), сакратара княжны. Гэты герой літаральна прасякнуты мужчынскай годнасцю і сілай. Менавіта такая катэгорыя персанажаў звычайна з непераймальнай інтанацыяй прамаўляе: “Какой противный!”. Найбольш ярка запаветныя памкненні Нуарэ праяўляюцца ў той момант, калі герой прызнаецца, што падчас вяселля Арлова і Тараканавай марыць аказацца… на месцы княжны. А калі ён глядзіць на дзеншчыка Арлова, дык, паводле словаў апошняга, “не по-хорошему”.


Нуарэ — Дзяніс Баевіч, дзяншчык Арлова, Сомаў — Аляксандр Крукоўскі.
Фота з сайта тэатра www.musicaltheatre.by

А якія сапраўды глыбокія, філасофскія думкі і арыгінальныя афарызмы гучаць у спектаклі з вуснаў герояў! “Все люди носят маски, чтоб избежать огласки, и чтоб добиться ласки, все люди носят маски ”, “улыбки, улыбки, рождают в нас ошибки”, “любовь бывает зла, полюбишь и козла”, “жить надо играючи, а играть умеючи”. А як вам такая свежая сентэнцыя: “оставайтесь молодыми, чтобы не состариться”. Нарэшце, вуснамі сваіх гераінь запытвае: “Зачем нужны мужчины?”, адказвае, што “есть разные причины”, удакладняе, што яны (мужчыны) патрэбныя для “сладости и утех”. І дадае, “а с остальным совсем, у женщин нет проблем”.

Між іншым, за лібрэтта да мюзікла было ацэнена вельмі і вельмі сціпла. Кавалеран атрымаў ад Саюза пісьменнікаў Расіі, сябрам якога ён з’яўляецца, усяго толькі медаль Антона Паўлавіча Чэхава. Якое неадэкватнае таленту прызнанне! Упэўнены, што любы з класікаў рускай літаратуры проста не дарос да філасофскай глыбіні аўтара, вартага, як мінімум, Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Да сапраўднага адкрыцця ў сусветнай культуры спрычыніўся рэжысёр і харэограф-пастаноўшчык Мікалай Андросаў. Нечакана высветлілася, што знакаміты танец канкан прыдумалі менавіта ў часы Кацярыны ІІ. Нездарма яго так эфектна выконвалі дамы са світы імперытрыцы! З якім задвальненнем, дзе трэба і дзе не трэба, яны падымаюць свае пышныя спадніцы! Думаецца, прыкладна тады ж на берагах Нявы або на ўзбярэжжы Венецыянскага заліва узнік і брэйк-данс, якім герояў радавалі ўдзельнікі “Камеі”. Рэжысёр здолеў напоўніцу перадаць разняволенасць грамадства і свабоду, з якой вышэйшы свет віхляўся і “зажигал” у такт “класічным” мелодыям Брэйтбурга.

На славу папрацавалі мастак-пастаноўшчык Грыгорый Бялоў і мастак па касцюмах Марыяна Сычова. Першы сваімі моцнымі ляпістымі мазкамі наблізіў сусветную сцэнаграфію да апошніх дасягненняў народных майстроў з правінцыйных дамоў культуры. На жаль, М.Сычова у рабоце над касцюмамі галоўных герояў часам выкарыстоўвала банальны класічны стыль. Думаецца, найперш задачам патрыятычнага выхавання павінен быў спрыяць бела-сіне-чырвонымі трыкалор, у якім былі вырашаны касцюмы фрэйлін. Але вопратка іншых герояў радавала стракатасцю і абсалютнай неспалучальнасцю колераў.

Паміж ўсімі ўдзельнікамі трэба размеркаваць лаўры ў стварэнні маштабнай камп’ютарнай графікі. Абрысы карабля, што рухаецца па мору, аблокі, што нясуцца па небе, бясспрэчна адпавядаюць сусветным тэндэнцыям у гэтай галіне.

Падчас прэс-канферэнцыі стваральнікі мюзікла прызналіся, што падчас яго паказу ў Уфе і Краснаярску асобныя нумары выклікаліся бязмежнае захапленне ў публікі. Іх нават давялося выконваць на “біс”. Напэўна, менавіта таму аўтары прапанавалі гледачам шчаслівую канцоўку. Бо, згадзіцеся, калі б “Блакітная камея” заканчвалася смерцю Тараканавай падчас наваднення, героіню давялося тэрмінова рэінкарніраваць. А то і выкарыстоўваць для кожнага паказа па дзве княжны. Таму фінал мюзікла выглядае абсалютна лагічным і мэтазгодным.

Як сціпла заўважыў на прэс-канферэнцыі Кім Брэйтбург, кампазітар і прадусар праекта, відовішчнасці такога ўзроўню, як у “Блакітнай камеі”, няма нават на Брадвеі! Таму спектакль на беларускай сцэне выглядае проста непаўторным. Будзем спадзявацца, што работы такога кшталту на нашай акадэмічнай сцэне сапраўды не паўторацца больш ніколі….

Княжна Тараканава і К.// Мастацтва. 2011. № 3. С. 26-27.

Гэта салодкае слова — «Камея»: 8 комментариев

  1. Спасибо! Спектакль так мне «понравился», что просто не было сил отмолчаться:))
    Согласитесь, что морализаторство в тональности «как вам не стыдно такое ставить», уже не кому не интересно. А ирония вместе с небольшими издевательствами всегда радует читательский глаз:))

  2. А то! Іронія нам жыць і пісаць дапамагае. Дзякуй, класна напісана!

  3. Дзякуй! Наогул рэакцыя на гэты артыкул дапамагае зразумець, чаго нам не хапае ў сучасным (тэатральным і не толькі) жыцці. Іроніі і гумару! Бо амаль усе (і я ў тым ліку) пішуць сур’ёзна.

  4. Дарэчы, пра рэакцыю.
    Дадаю ніжэй каментарыі на рэцэнзію з форуму, прысвечанаму Музычнаму тэатру (http://forums.tut.by/showflat.php?Board=teatr&Number=13476038&page=0&view=collapsed&sb=5&o=&fpart=&vc=1#Post13476038).
    Для аб’ектыўнасці, значная колькасць яго ўдзельнікаў не падтрымлівае сучасную палітыку тэатра. Але думаю, што рэакцыя на «Блакітную камею» ва ўсіх тэатралаў была адназначнай.

    evil joker Добавлено: 07.04.11 12:19
    БРАВО! БРАВО автору!
    Ну, читая такие роскошные по язвительности отзывы, хочется верить, что с этим народом не все так плачевно…

    tatyana3108
    Добавлено: 07.04.11 15:50
    Весьма забавно насчет заполняемости зала на «Камею», оркестр не работает — всех в зал. Хороооооошее решение проблемы создания массовости.

    annet90
    Добавлено: 08.04.11 01:13
    Отличная рецензия!

    kojan61
    Добавлено: 08.04.11 10:08
    Спасибо,братцы,порадовали!!!Высший пилотаж!!!Автору жму руку!!!

    gilliotina
    Добавлено: 08.04.11 11:08
    Просто маккиавелиевский отчёт.
    Плакать или смеяться?
    Спасибо!!!

  5. Потрясающий отзыв, Денис! :))))))
    Что ни предложение так просто шедевр! Низкий паклон. Своей иронией Вам, кажется, удалось раскрыть всё (и не только о «Камее»…)нет не могу писать, эмоции восхищения переполняют меня…

    —-
    «Страшэнна далёкая ад народа» з таго самага «вузкае кола гэтых эстэтаў»!

  6. Спасибо Вам за такие теплые слова!
    Жаль только, что рецензии ни на что не влияют. Издевайся не издевайся, а спектакль все равно в репертуаре и на сцене.

Комментарии запрещены.