Якія казкі чытаюць у ХХІ стагоддзі?

Якія казкі чытаюць у ХХІ стагоддзі? Якія творы гэтага жанру адпавядаюць сучаснасці? На маю думку, лепшыя беларускія казкі выходзяць у адным з самых паспяховых праектаў выдавецтва “Мастацкая літаратура” — серыі “Казкі ХХІ стагоддзя”.


“Падказкі ў казках доктара Компі” Вольгі Шчукінай

Як жа быў распрацаваны праект? На якую мэтавую аўдыторыю разлічаны? Якія кнігі чакаюць свайго з’яўлення ў серыі?

Ідэя серыі “Казкі ХХІ стагоддзя” нарадзілася ў 2008 годзе за дырэктарскім сталом выдавецтва “Мастацкая літаратура”. “Аднойчы кіраўнік нашай установы Уладзіслаў Мачульскі, Віктар Праўдзін і я, – расказвае галоўны рэдактар Віктар Шніп, – сабраліся на чарговае абмеркаванне выдавецкіх планаў. Тады ў нас існавала серыя “Аўтарская казка”, у фармаце якой выходзілі творы, напісаныя пэўнымі пісьменнікамі. Для свайго часу гэта таксама быў прарыў, бо мы прызвычаіліся чытаць толькі народныя творы, у якіх дзейнічалі баба, дзед ды рэпа. А час патрабаваў казак на сучасную тэматыку, якія б карысталіся попытам у чытачоў. У той час у выдавецтве ўжо існавала серыя “Беларуская проза ХХІ стагоддзя”, якая выдавалася з 2005 года. Па аналогіі з ёй мы вырашылі заснаваць праект «Казкі ХХІ стагоддзя»”.

Значную ролю ў стварэнне серыі адыграла пісьменніца Алена Масла, тагачасны загадчыкам аддзела дзіцячай літаратуры ў выдавецтве. Яна падтрымала ідэю свайго кіраўніцтва і распрацавала падрабязную канцэпцыю. Афармленне належала мастачцы Людміле Рудакоўскай, дзякуючы якой чытачы книг могуць даведацца звесткі не толькі пра аўтара, але і пра мастака. Супольнымі намаганнямі супрацоўнікаў выдавецтва серыя ў 2008 годзе пабачыла свет.

Спачатку ў серыі планавалася выдаць пяць кніг, якія выйшлі на працягу 2008 года. Гэта “Прыгоды маленькай машынкі” Наталлі Бучынскай, экалагічная казка Пятро Васючэнкі “Каляровая Затока”,


Экалагічная казка Пятра Васючэнка “Каляровая Затока”

“Нарочанские сказки” Наталлі Новаш, “Падарожжы ў Чароўны лес” Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і “Падказкі ў казках доктара Компі” Вольгі Шчукінай. У наступным годзе з’явіліся казкі Анатоля Бутэвіча, “Прыгоды Віруса Шкодзі” і “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак” Генадзя Аўласенкі. Нарэшце, 2010 год прынёс кнігі Алеся Карлюкевіча “Зорны шлях белых гарлачыкаў” і “Як панi Чаротная на госцi ў Палангу бегала” Алены Масла. Зараз у выдавецкіх планах знаходзяцца рукапісы кніг Уладзіміра Васькова “Дамавік Казік” і Сержука Мінскевіча “Чароўная крыніца, Або як навучыць дракона чысціць зубы”.

На думку Віктара Шніпа, “галоўнай асаблівасцю праекта з’яўляецца якраз яго мэтавая аўдыторыя. Кнігі серыі, што выходзяць накладам каля 3 тысяч асобнікаў, адрасаваныя як дзяцям малодшага ўзросту, так і іх бацькам, бабулям і дзядулям”. І сапраўды, тэматыка выдадзеных кніг толькі падкрэслівае такое меркаванне. Камп’ютарную скіраванасць маюць творы А.Бутэвіча (нездарма кніга мае падзагаловак “Незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп’ютэры”)


“Незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп’ютэры” Анатоля Бутэвіча

і В.Шчукінай. На старонках твора апошняга аўтара можна прачытаць пра камп’ютарныя гульні. Дарэчы, адначасова аўтар пісьменніца тлумачыць, навошта чысціць зубы і чаму неабхона абавязкова рухацца. А вось у казцы Н.Бучынскай, якая, несумненна, будзе цікава хлопчыкам, гаворка ідзе ад імя машынкі, якая расказвае пра працэс ўласнай зборкі на заводзе, тлумачыць якія грузы перавозяць вялікія машыны і чаму шэраговым падарожнікам варта стаяць далёка ад лужын. Дарослым чытачам прыйдзе даспадобы экалагічная тэматыка Пятра Васючэнкі.

Што датычыцца беларускай спецыфікі ў серыі, дык адметным, уласнабеларускім выданнем безумоўна з’яўляецца кніга А.Масла “Як панi Чаротная на госцi ў Палангу бегала”. Галоўная гераіня твора, Пані Чаротная, гэта камышовая жабка, якая расказвае сваім унукам прыгоды часоў маладосці: пра тое, як падарожнічала з роднага пруда ў Палангу, да цёткі і перажыла шэраг прыгодаў. Таму асобныя крытыкі нават сцвярджаюць, што “ў прыгодах жабкі адчуваецца беларуская шляхецкая гісторыя. А прыгоды жучкоў і ракавінак нагадваюць гісторыі смелых рыцараў і прыўкрасных паненак, спрытных. авантурыстаў і ўзнёслых летуценнікаў”.

З казкай – у ХХІ стагоддзе// Кніжны свет. 2011. 25 сакавіка. Выпуск 40. С. 2.

P.S. Дарэчы, некаторыя з кніг серыі можна заказаць праз інтэрнэт: http://prastora.by/knihi/scukina-volha-padkazki-u-kazkach-doktara-kompi