«Вяселле Крачынскага» у Рускім тэатры

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прапанаваў гледачам чарговую прэм’еру: сатырычную камедыю “Вяселле Крачынскага” паводле аднайменнай п’есы Аляксандра Сухаво-Кабыліна.


Лідачка (Кацярына Шатрова), Атуева (Вольга Клебановіч) і Крачынскі (Аляксандр Ткачонак).
Фота Андрэя Спрынчана.

Асоба аўтара застаецца для большасці чытачоў нібы ў цені класікаў рускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Магчыма, справа ў тым, што таленавіты драматург вядомы перш за ўсё сваёй трылогіяй “Карціны мінулага”, якая складаецца з твораў “Вяселле Крачынскага”, “Справа” і “Смерць Тарэлкіна”. Цікава, што першая частка была напісана А.Сухаво-Кабыліным падчас знаходжання ў турме.

Згодна сюжэту, галоўны герой Крачынскі (Аляксандр Ткачонак), ігрок па характару і ладу жыцця, вырашае паправіць сваю фінансавае становішча, а для гэтага ўзяць шюб з Лідачкай Мурамскай (Кацярына Шатрова). Яе бацька (Аляксандр Брухацкі) першапачаткова выступае супраць, але Атуева, цётка Лідачкі (Вольга Клебановіч), спрыяе маладой пары. Грошай, каб пратрымацца да вяселля не хапае, і Крачынскі пачынае махінацыі з каштоўнасцю, раней падараванай нявесце…

Упершыню “Вяселле Крачынскага” было пастаўлена на сцэне Рускага тэатра ў далёкім 1933-м. Сёлетнюю прэм’еру ажыццявіў рэжысёр Міхаіл Кавальчык. У 1976-1982 гадах ён ужо працаваў у калектыве, а зараз з’яўляецца кіраўніком Валгаградскага дзяржаўнага тэатра “Царыцынская опера”. Мастацкі ўзровень любой пастаноўкі вельмі часта наўпрост залежыць ад задач, якія ставіліся перад яго стваральнікамі. Менавіта таму “Вяселле Крачынскага” можна ацэньваць вельмі па-рознаму.

Калі разглядаць спектакль як бенефіс да 60-годдзя Аляксандра Ткачонка, трэба прызнаць, што мэта пастаноўкі была выканана. Народны артыст Беларусі, кумір не аднаго пакалення гледачоў, ён сапраўды “засядзеўся” ў вобразах харызматычных старых. Дастаткова сказаць, што з пяці роляў, што знаходзіліся ў рэпертуары Ткачонка да сёлетняй прэм’еры, тры належаць менавіта такім героям. У “Вяселлі” яго персанаж па ўзросце маладзейшы за акцёра на дваццаць гадоў. Але прынцыповай розніцы не адчуваецца. Падцягнуты, стройны, Ткачонак да пары да часу трымае ў сваіх руках усе ніткі дзеяння, маніпулюе і нават іграе астатнімі персанажамі.


Крачынскі (Аляксандр Ткачонак).
Фота Андрэя Спрынчана

У яго асобе ёсць нешта злавеснае, д’ябальскае, таму ў фінале Крачынскі не выклікае аніякага шкадавання.

Спектакль можна разглядаць як далейшае пашырэнне “рускага” рэпертуара тэатра. Можа ўзнікнуць пытанне: ці ёсць у гэтым вялікая патрэба? Зараз на сцэне калектыва ідуць “Жаніхі” Гогаля, “Рускія вадэвілі” Грыгор’ева і Фёдарава, “Прыбытковае месца” і “Праўда – добра, а шчасце – лепш” Астроўскага, “Дзядзечкаў сон” Дастаеўскага, “Васса” Горкага, “Бег” Булгакава, з твораў нашых сучаснікаў – “Эсфір” Уліцкай і “Сыходзіў супруг ад супругі” Злотнікава. На першы погляд, у разнастайнасці назваў праяўляецца традыцыйная арыентацыя калектыва на рускую класіку. Таму новы спектакль павінен толькі падкрэсліць рух у гэтым накірунку. Але існуе яшчэ адзін важкі момант. Пераважная большасць згаданых спектакляў, пастаўленых у розны час рознымі рэжысёрамі, вырашаны ў традыцыйнай рэалістычнай манеры.

Часта яны прымушаюць захапляцца тонкай псіхалагічнай ігрой акцёраў, але іншым разам – сумаваць ад статычнасці і акадэмізму пастановак. Стваральнікі “Вяселля Крачынскага” зрабілі спробу захаваць ранейшы курс і адначасова выйсці на новы ўзровень інтэрпрэтацыі класікі. Таму вынік, на жаль, атрымаўся супярэчлівы, а дзе-нідзе –супрацьлеглы папярэднім планам.

У захаванні мастацкай палітыкі апошніх гадоў (досыць супярэчлівых у гісторыі тэатра) ёсць значныя поспехі. Таму калі на спектакль трапіць кансерватыўны глядач, які з’яўляецца прыхільнікам традыцый, або прыйшоў спецыяльна, каб паапладзіраваць А.Ткачонку, пастаноўка яму спадабаецца.

Для гэтага існуць ўсе перадумовы: любоўная інтрыга і дэтэктыўны сюжэт, азартная гульня ў карты і сапраўднае злачынства. Сцэнаграфія Веніаміна Маршака дзякуючы паваротнаму колу пераносіць дзеянне то ў светлую кватэру Мурамскіх, то ў змрочны пакой Крачынскага. Удалай можна палічыць выкарыстанне на заднім плане гадзіннікаў. Ход не арыгінальны, бо неаднаразова выкарыстоўваўся дагэтуль, але ў патрэбныя моманты ён перадае адчуванне часу, якога не хапае галоўнаму герою для сваёй афёры. Касцюмы Марыі Герасімовіч удала перадалі эпоху і пры гэтым не апусціліся да побытавага ўзроўню. Але тэатрал, які завітае на “Вяселле Крачынскага” у таемным спадзяванні ўбачыць наватарскую пастаноўку, будзе прыкметна расчараваны. Спектакль стаў яшчэ адной традыцыйнай, зусім прадказальнай версіяй класікі.

Здзіўляе зацягнутасць дзеяння. Павага пастановачнай групы да аўтарскага тэксту відавочная. Але зараз і ў класічных балетах, і ў операх, і ў драматычных спектаклях рэжысёры дазваляюць сабе невялікія купюры, якія ажыўляюць дзеянне і адпавядаюць новым рэаліям. Няўжо так неабходная ў “Вяселлі Крэчынскага” занудная агранамічная спрэчка паміж Мурамскім і Расплюевым (Уладзімір Шэлестаў), хаўруснікам галоўнага героя? Ці іх жа размова пра кіраўніцтва аддаленых губерняў?

Нераўназначнымі падаліся і асобныя сцэны. Дзеянне, што разгортавалася ў пакоі Крэчынскага да “капітальнага рамонту”, створанага, каб пусціць пыль у вочы новых сваякоў, яшчэ захапляла сваімі кантрастамі.


Расплюеў (Уладзімір Шэлестаў), Крачынскі (Аляксандр Ткачонак) і Фёдар (Іван Трус).
Фота Андрэя Спрынчана

Але падзеі ў доме Мураўскіх не выклікалі нічога, акрамя ўстойлівага адчування дэжа-вю. Гульня на фартэпіяна і прамаўленне для прыліку колькі французскіх фраз, чарговае ўжыванне на замежны манер слоў “папа” і “Мішэль” – усе гэтыя рэаліі ХІХ стагоддзя ўжо даўно сталі штампамі, якія вандруюць са спектакля ў спектакль. На жаль, адмовіцца ад іх і прапанаваць штосьці новае стваральнікі спектакля не здолелі.

Тое ж можна сказаць і пра выканаўцы асобных роляў. Андрэй Душачкін (роля Нэлькіна) ужо выпрабаваў характар такога героя, шчырага барацьбіта за праўду, своесаблівага пракурора-абвінаваўцы, у спектаклях “Мачыха” і “Дзядзечкін сон”. А тыпаж праставатага старога, часцей за ўсё служакі ў адстаўцы з поспехам выкарыстоўваўся А.Брухацкім у тых жа спектаклях, ды яшчэ і ва “Уяўным хворым”.

Прафесіяналізм пастановачнай групы і выканаўцаў усё ж не дазволіў спектаклю апусціцца ніжэй за ватэрлінію. Глядачу, які ўпершыню пераступіў парог тэатра, можа нават спадабацца такі прадукт. Але шчырыя прыхільнікі драматычнага тэатра імя Максіма Горкага чакаюць ад калектыва прац, якія адпавядаюць іх амбіцыям і патэнцыялу.

Ніжэй або вышэй за ватэрлінію?// Настаўніцкая газета. 2011. 12 сакавіка. № 31. С. 8.