Дзіду. Успаміны пра майго дзядулю Міхася Мушынскага

Мой першы ўспамін пра дзядулю – фотаздымак у сямейным альбоме. На мяне глядзіць усмешлівы, абаяльны чалавек з кінакамерай у руках. Я, малы, разумею, што неаднаразова бачыў яго, але не магу здагадацца, хто на здымку. “Гэта ж дзядуля Міша”, — усміхаецца мама.

Мы з братам называлі яго не дзядулем, а дзіду – на ўкраінскі манер. Калі і пры якіх абставінах узнікла такая звычка, не памятаю. Але яна прыжылася і захавалася на ўвесь шчаслівы і доўгі час нашых сустрэч.

Міхась Мушынскі

Зялёны Луг як рай і аазіс шчасця

Большасць маіх успамінаў з дзядулем звязана з Зялёным Лугам. У далёкім 1964-м ён атрымаў там невялікую (на сённяшні погляд) “хрушчоўку”, дзе і пражыў з жонкай усё жыццё.

У савецкія часы Міхась Іосіфавіч мог атрымаць кватэру ў знакамітым “долары” – элітным доме на вуліцы Кульман. Патрабавалася “ўсяго толькі” зрабіцца сакратаром партыйнай арганізацыі Інстытута літаратуры. Можна было змяніць кватэру і дзякуючы іншай прапанове: пасля абароны доктарскай дзядуля мог стаць рэктарам Інстытута культуры. Але такія прапановы цалкам супярэчыла яго філасофіі: Міхась Іосіфавіч досыць іранічна ставіўся да любога афіцыёзу. І адначасова заўсёды імкнуўся адмовіцца ад любой адміністрацыйнай працы, якая забірала час ад любімай навукі. Пазней, у 1990-я існавалі іншыя варыянты для пераезда і пашырэння плошчы. Але бабуля і дзядуля на яго так і не наважыліся і засталіся ў сваёй “рэзідэнцыі”.

З вышыні часу і ўзросту разумееш: напачатку тая кватэра здавалася раскошай. Асабліва пасля звычайнай вясковай хаты на мінскай вуліцы Грушаўскай, дзе маладыя Міхась Іосіфавіч і Тамара Фёдараўна жылі першыя гады пасля шлюбу. У гады незалежнасці кватэра ў Зялёным Лузе ўжо выглядала архаічнай. Але дзядулю, рамантыка ў навуцы і адначасова кансерватара ў побыце, не надта турбавалі такія дробязі. У дзяцінстве на падобныя пытанні не звяртаў увагі і я: тая тэрыторыя ў Зялёным Лузе ўспрымалася сапраўдным раем.

Усе вокны, акрамя аднаго, выходзілі на поўнач. Таму летам у пакоях панавала прахалода, што было для нас надзвычай актуальна: мы з братам часцей прыязджалі да бабулі і дзядулі падчас вакацый.

Кніжныя шафы, запоўненыя да самай столі, вабілі яшчэ непрачытанымі кнігамі. Міхась Іосіфавіч як чалавек свайго часу прыносіў дадому ўсе кнігі, якія яму падаравалі (зрэшты, мой бацька паступаў гэтаксама, таму можна казаць пра сямейную традыцыю). Сярод іх мелася выданні патрэбныя і не надта патрэбныя: перад чарговымі выбарамі член-карэспандэнтаў Акадэміі навук прэтэндэнты літаральна завальвалі “суддзяў” сваімі опусамі. Але куды больш у хатняй бібліятэцы аказвалася класікі, рэдкіх кніг па літаратуразнаўству і гісторыі.

Тыя ж “Каласы пад сярпом тваім” я прачытаў менавіта ў Зялёным Лузе і потым некалькі гадоў запар, кожнае лета зноў вяртаўся да іх. Прычым, я трымаў у руках першае кніжнае выданне: дзядуля і бабуля сачылі за літаратурнымі навінкамі. На паліцах стаялі падшыўкі часопісаў “Полымя”, дзякуючы якім пачытаў ледзь не ўсе аповесці Андрэя Федарэнкі, камплекты “Нового мира”, кнігі Лотмана ды Бахціна, да якіх, натуральна, трэба яшчэ дарасці.

Але галоўнае – тут панавала агульная атмасфера цеплыні, гармоніі і тактоўнасці, якая стварала адчуванне аазіса пасярод мітуслівага горада. У Зялёным Лузе ніколі – прынамсі пры дзецях – не чулалася спрэчак, ніхто не павышаў голас. За дзесяцігоддзі нашых стасункаў памятаю толькі два выпадкі, калі нават не дзядуля, а бабуля раззлавалася на нас. Першы раз, калі мы з братам гулялі ў кватэры ў футбол і разбілі яе любімую вазу. У другі раз, я, ужо падлеткам, зацята спрачаўся наконт праграмы па рускай літаратуры для школы, і бабуля дала волю эмоцыям. Увогуле неверагодная вытрымка, бо малыя дзеці – далёка не анёлы.

У Зялёным Лузе заўжды радаваліся тваім перамогам. Прычым, так шчыра і захоплена, што часам я адчуваў сябе ніякавата: здавалася, што не заўжды варты такіх высокіх слоў.

Бег ля басейна і размовы пра жаночую прыгажосць

Дом бабулі і дзядулі быў прасторай, дзе перад кожным стваралі ўсе магчымасці для развіцця. Прычым у ненавязлівай, тактоўнай форме. Якім чынам адбывалася гэтае развіццё?

Адказ на гэтае пытанне пачну крыху здалёку.

Пакуль Міхась Іосіфавіч быў маладзейшы, то меў звычку шмат хадзіць. Калі прыязджаў у дом адпачынку, то абыходзіў ўсё накаволле і ведаў кожную сцежку. У 55-60 гадоў смела сыходзіў на пешыя прагулкі на палову дня. Доўгія вандроўкі з’яўляліся для яго своеасаблівай формай адпачынку. Зрэшты, як чалавеку, што нарадзіўся ў вёсцы, яму мог надакучваць аднастайны урбаністычны пейзаж, а краявіды радавалі вока і давалі неабходнае натхненне.

Часам мы разам адпачывалі і хадзілі ў такія паходы. Часцей выпраўляліся ў вандроўкі па Мінску. Шмат разоў завітвалі ў Севастопальскі парк, выходзілі за кальцавую – балазе, яна знаходзіцца не надта далёка ад Лагойскага тракта. Аднойчы мы разам з бабуляй дайшлі да Курапат.

Падчас адной з сумесных з дзядулем вандровак па Мінску выйшлі да старога, занядбанага басейна. І раптам Міхась Іосіфавіч прапанаваў паспаборнічаць: хто прабяжыць уздоўж басейна хутчэй? У мяне нават не ўзнікала сумненняў ва ўласнай перамозе. Усё ж дзядулю на той час споўнілася 70 гадоў. Напачатку я лідзіраваў, расслабіўся, але тут нечаканым рыўком ён абагнаў перад самым фінішам. Так я атрымаў прышчэпку ад самаўпэўненасці і падказку, што сітуацыю варта кантраляваць да канца. Узнікла павага да ўжо немаладога чалавека, які мае столькі жыццёвых і фізічных сіл.

Падчас такіх падарожжаў абмяркоўвалі ўсё на свеце: жыццё ў вёсцы пад акупацыяй і цяжкасці пры паступленні ў аспірантуру, рэакцыю калег па Інстытуту літаратуры на «застой» і перабудову, характары і паводзіны класікаў беларускай літаратуры ў паўсядзённым жыцці. Прычым, усе героі аповедаў паўставалі як жывыя людзі, без німба вакол галавы. Дарэчы, ніводны з аповедаў не выглядаў катэгарычным.

Магчыма, менавіта тады я зразумеў, што ў жыцці няма нічога адназначнага. Падобныя размовы радыкальна змянілі маё ўспрыманне гісторыі і мастацтва. Без уплыву Міхася Іосіфавіча я наўрад ці б стаў займацца навукай і атрымаў кандыдацкую ступень па гісторыі.

Падчас такіх гутарак маглі закранацца і цалкам мужчынскія тэмы. Кшталту, тыпаў жаночай прыгажосці. Але гаворка аказалася выключна тэарэтычнай: Міхась Іосіфавіч шчыра кахаў Тамару Фёдараўну. Аднойчы, калі я пасталеў, спытаў у дзіду максімальна тактоўна: ці не было жадання хоць раз у жыцці паглядзець зблізку на іншыя аб’екты? Ён адказаў надзвычай сур’ёзна: не, ніколі. Калі ў сям’і добра, калі туды хочацца вяртацца, навошта зазіраць на некага іншага?

Днём – класіка, вечарам – футбол і дэтэктывы

Звычайна дзядуля вяртаўся дадому позна. Але яго маршрут і расклад дня ні для каго не быў таямніцай. У маладыя гады ён мусіў з’яўляцца на працы своечасова. Але статус члена-карэспандэнта Акадэміі навук, аўтарытэт ды і ўзрост дазвалялі дзейнічаць так, як зручней.

У дзевяностыя і нулявыя гады ён узнімаўся пазнавата, каля 10 раніцы. Пачыналіся няспешныя зборы на працу, якія нагадвалі рытуал. Снядак з уключанымі радыё, павольнае галенне, чытанне газет – Міхась Іосіфавіч аддаваў перавагу “Народнай волі”, “Свабодзе” і “ЛіМу”. Тым часам бабуля збірала яму абед. Дзесьці каля 12 ён выходзіў з дому. Тыя, хто заставаліся ў кватэры, абавязкова махалі яму, стоячы ля акна. Ён адказваў нам, а пасля шыбаваў да трамвайнага прыпынку. Хвілін 20 язды – і дзіду выходзіў з вагона, ішоў па вуліцы Багдана Хмяльніцкага да галоўнага корпуса Акадэміі навук і заставаўся ў сваім кабінеце да вечера.

Яго кабінет – асобная песня. Гэта быў надзвычай цесны, маленькі пакойчык, застаўлены патрэбнымі і непатрэбнымі кнігамі, завалены артыкуламі і выразкамі, якіх Міхась Іосіфавіч рабіў безліч. Там працаваць я не здолеў бы, але дзядуля, бадай што, адчуваў у такой атмасферы пэўную асалоду. Праўда, знайсці у пакоі патрэбны зборнік аказвалася цяжкай, часам і невырашальнай задачай.

Але дзіду выбраў такі пакой свядома. У той час Інстытут літаратуры працаваў “на выселках” – у будынку на Сурганава. У апошнія дзесяцігоддзі жыцця Міхась Іосіфавіч хацеў цішыні, а лішнія кантакты толькі перашкаджалі ў працы. Ды і начальства аказвалася далёка.

Дзядуля вяртаўся дадому вечерам. Часам а 8-й ці 9-й гадзіне. У добрае надвор’е мог выйсці з трамвая на некалькі прыпынкаў раней і прайсціся ўздоўж Севастопальскага парка. Падчас і пасля вячэры абавязкова расказваў сваякам свежыя навіны, чытаў услых упадабаныя артыкулы з газет ці прыводзіў асобныя цытаты. Здаралася, абмяркоўваў з бабуляй канцэпцыю сваіх будучых тэкстаў, выслухоўваў яе думкі або заўвагі і, ужо з улікам іх, ствараў канчатковую версію новай працы. Тамара Фёдараўна на той час з’яўлялася кандыдатам педагагічных навук і аўтарам школьных падручнікаў па рускай літаратуры. Таму такой папярэдняй апрабацыі ўласных даследаванняў мог бы пазайздросціць кожны.

Тамара Фёдараўна дапамагала мужу не толькі ў гэтым. Міхась Іосіфавіч так і не захацеў “перасесці” за камп’ютар. А паколькі друкарская машынка даўно выйшла з моды і ўжытку, усе ягоныя навуковыя працы па-ранейшаму пісаліся ад рукі. А бабуля пераводзіла іх у электронны выгляд.

Потым, перад сном пачынаўся прагляд тэлепраграм. Часта спартыўных. Яшчэ ў маладосці Міхась Мушынскі актыўна займаўся спортам (бегаў на кароткія дыстанцыі), а з гадамі стаў заўзятарам і тэлегледачом. Заўсёды з задавальненнем глядзеў Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і Еўропы па футболе, спаборніцтвы`па лёгкай атлетыцы, гімнастыцы, хакеі. Паколькі ён добра памятаў куміраў мінулых гадоў, а я цікавіўся гісторыяй спорту, то часам мы маглі абмяркоўваць з ім гульню мінскага “Дынама” 1980-х гадоў ці перамогу лёгкаатлета Уладзіміра Куца ў алімпійскім Мельбурне ў 1956-м.

Вечарам, часцей у адпачынку ён заўсёды чытаў “лёгкую” літаратуру. Звычайна дэтэктывы. Асабліва ўпадабаў серыю Фрыдрыха Нязнанскага. На яе аснове быў зняты серыял “Марш Турэцкага” з папулярным расійскім акцёрам Аляксандрам Дамагаравым. Гэты тэлепраект мы таксама ахвотна разам глядзелі.

Студэнта заўжды перапаўняе максімалізм, таму пэўны час я не мог зразумець, навошта дзядуля глядзеў падобныя фільмы і чытаў падобныя кнігі, а не звяртаўся да класікі. Але потым зразумеў, што Міхась Іосіфавіч рабіў зусім слушна: мэтраў ён вывучаў на працы. А дома пераключаўся ад іх сур’ёзнасці і велічнасці на больш лёгкае “чытво”.

Амаль вечнае здароўе, гумар і абаяльнасць

Здаровы лад жыцця (дзіду ніколі не паліў і не піў нічога мацнейшага за віно) на доўгія гады ў пэўным сэнсе “закансерваў” яго. З пункту гледжання ўнукаў гэта ўспрымалася як фантастычная з’ява. Мы сканчвалі ліцэі і ўніверсітэты, уладкоўваліся на працу. А дзядуля жыў, працаваў і знешне амаль не змяняўся. У 80 гадоў выглядаў у лепшым выпадку на 70. Праз гэтую трываласць і ўстойлівасць узнікала адчуванне адчуванне непарушнасці, гарманічнасці — ды вечнасці.

Гэтая, намсамрэч крохкая раўнавага пакрысе пачала разбурацца ў апошнія гады яго жыцця. Натуральна сваю ролю адыграў узрост: усё ж такі дзядуля пражыў 87 гадоў. Але, няхай сабе і ўскосна, на сітуацыю паўплывалі псіхалагічныя прычыны.

У часы ягонай сталасці навука перажывала свой росквіт. Пасля перабудовы прыйшлі галодныя, але адначасова свабодныя 1990-я, дзякуючы якім у Міхась Іосіфавіч нібы адкрылася другое дыханне: свае лепшыя кнігі і артыкулы – даследаванні пра Максіма Гарэцкага, другое выданне кнігі пра Максіма Зарэцкага, раздзелы з “Гісторыі беларускай літаратуры” – ён напісаў ужо ў незалежнай Беларусі.

Але пазней навуцы пачала надавацца ўсё меншая ўвага з боку дзяржавы. Сыходзілі ў іншы свет яго сябры – Віктар Каваленка, Сцяпан Майхровіч, Алесь Адамовіч. Агульны ўзровень навуковых даследаванняў пакрысе зніжаўся. У Інстытут ўсё менш прыходзіла моладзі, якую не вабілі сціплыя заробкі.

…Большасць мемуарыстаў заўжды малююць сваіх герояў як бездакорных анёлаў. Пры ўсёй маёй шчырай любові да дзядулі рабіць так прынцыпова не хачу. Міхась Іосіфавіч быў і застаецца выбітным, для мяне – вялікім беларускім вучоным. Ён упісаў сваё імя ў айчынную гуманітарыстыку і назаўжды застанецца ў яе гісторыі. Але адначасова ён быў чалавекам свайго часу — з усімі яго перавагамі і недахопамі.

Дзіду паўставаў сапраўдным рамантыкам, захопленым нацыянальнай культурай і гісторыяй. А таксама чалавекам з неверагодным пачуццём гумару. Ведаў безліч жартоўных гісторый, анекдотаў і расказваў іх з сапраўдным артыстызмам. Яго абаяльнасць кантраставала з заглыбленасцю і не давала ператварыцца ў тыповага “кабінетнага” навукоўца.

Свае навуковыя ідэі і гіпотэзы Міхась Іосіфавіч выкладаў захоплена, пакрысе дзяліўся аргументамі і падводзіў слухача да сваёй высновы. Падчас гутаркі з ім цяжка было стрымаць захапленне пісьменнікамі, чыю творчасць ён даследаваў, і глыбінямі, схаванымі ў іх творах. Фантазія і эрудыцыя Мушынскага сягала ў вышыні, недаступныя шэрагу даследчыкаў.

Але па шчырасці, мне, маладзейшаму за Міхася Іосіфавіча на 55 гадоў, часам было цікавей яго слухаць, чым чытаць. Сядаючы за пісьмовы стол, ён пачынаў пісаць так, як вымагала савецкая навуковая традыцыя. Таму часам нават самыя глыбокія разважанні аказваліся “запакаванымі” ў грувасткія фармулёўкі. І патрабавалася цярпенне, каб іх абмінуць ці не звяртаць увагу.

Мне здаецца, Міхась Іосіфавіч быў адным з апошніх, калі не апошнім навукоўцам старой, яшчэ савецкай беларускай школы, якія зрабілі ўсё, што маглі, у межах акадэмічнай традыцыі.

Спроба падмануць час

Патрабаваліся новыя, міждысцыплінарныя падыходы, новы стыль і манера выкладання матэрыялу. Да гонару дзядулі, ён цудоўна разумеў гэта.

За некалькі месяцаў да яго смерці я з’ездзіў на некалькі дзён як турыст у Нарвегію. Вярнуўшыся, заехаў у Зялёны Луг і расказаў пра свае ўражанні. У тым ліку захоплена распавядаў пра сучасную архітэктуру Осла, паказаў фота асабліва ўпадабаных будынкаў. Пасля паўзы Міхась Іосіфавіч сказаў: “Ведаеш, я гэта не зразумею”.

Але ў яго словах не чулася катэгарычнасці або рашучага непрымання (на жаль, гэта ўласціва шэрагу яго аднагодкаў). Ён цудоўна разумеў: свет змяняецца, але адчуваў сябе камфотна ў сваім часе і сваім свеце. Менавіта таму Міхась Іосіфавіч прынцыпова пісаў пра класікаў, блізкіх яму па духу, і пакідаў сучасных паэтаў ды празаікаў для вывучэння больш маладзейшым калегам.

У такой сітуацыі хавалася пэўная пастка. Дзядуля паважаў як навукоўцаў-наватараў, так і іх права на даследаванні. Але стаіць ім блізкім сябрам і аднадумцам (у тым ліку і з-за ўзросту), натуральна, не мог. Яго сябры ў большасці сваёй ўжо сышлі з жыцця. Адначасова вучоны не мог не бачыць: узровень даследаванняў, якія стваралі прыхільнікі традыцыйнай лініі, зніжаецца (мы з ім неаднаразова абмяркоўвалі тое па тэлефоне).

У падобнай сітуацыі Міхасю Іосіфавічу не заставалася нічога іншага, як замкнуцца ў сваёй “вежы са слановага косці” і працягваць працу. Як быццам нічога не змянілася, і ўсе яго сябры і аднадумцы жывыя.

Гэта ўспрымалася, бадай, як адзіная магчымасць падмануць час. Калі б ён перастаў працаваць, дык згарэў бы нашмат раней. Уплываў узрост, здароўе пакрысе пагаршалася, ехаць у санаторыі не выпадала. Адпачынку зрабілася менш, колькасць працы павялічылася. Можна сказаць, у апошнія гады жыцця ён развучыўся адпачываць. У дадатак разумеў, што не вечны і імкнуўся паспець як мага больш. Гэтыя акалічнасці, а таксама праца над “Летапісам жыцця і творчасці Якуба Коласа” (кніга складала каля тысячы старонак), фактычна падарвалі яго сілы і здароўе, сур’ёзна азмрочылі апошнія гады.

У рамане Самерсэта Маэма “Тэатр” галоўная гераіня, Джулія згадвала знакамітую фразу Шэкспіра “Увесь свет – тэатр, у ім жанчыны, мужчыны – усе акцёры”. І доўжыла афарызм вялікага англічаніна ўласным назіраннем: “Але тое, што я бачу (…), усяго толькі ілюзія, толькі мы, акцёры, рэальныя ў гэтым свеце”. Працытаваны ўрывак дапамагае зразумець псіхалогію ўчынкаў і паводзінаў шэрагу творцаў. Справы, штодзённая праца з’яўляецца для іх сэнсам жыцця. Так і для Міхася Іосіфавіча магчымасць пісаць пра самых маштабных асоб нацыянальнай літаратуры, аднаўляць у гісторыі іх імёны і, калі казаць глабальна, справядлівасць, прыносілі яму сапраўдную асалоду.

Упэўнены, што дзядуля пражыў складанае, але ўсё ж шчаслівае жыццё чалавека, які працаваў на мяжы сіл і напоўніцу рэалізаваў уласны талент.

Навуковец, які не захацеў стаць акадэмікам

Прыемна ўсведамляць, што Міхась Іосіфавіч не пісаў тэкстаў і даследаванняў, за якія б давялося чырванець яго дзецям і ўнукам.

Аднойчы мы абмяркоўвалі з дзядулем, ці было яму сорамна за штосьці напісанае. “Сорамна, бадай, не, а непрыемна — было”, — адказаў ён. Напрыканцы 1980-х кіраўніцтва Інстытута літаратуры навязала яму планавую працу, прысвечаную беларускай эміграцыі. Высновы такога тэксту аказаліся занадта катэгарычныя. “Калі б адкруціць час назад, — казаў Міхась Іосіфавіч, — я дакладна не пісаў бы яе”. Але выключэнне толькі пацвярджае агульную думку: на вялікаму рахунку даследчыку не было чаго саромецца.

Яго імкненне застацца, так бы мовіць, у “белым адзенні” ўспрымаліся як пэўны ідэалізм. Так, я некалькі разоў цікавіўся ў дзіду, чаму ён, сабраўшы  ўсе магчымыя рэгаліі, спыніўся недалёка ад Алімпу і не стаў акадэмікам НАН Беларусі. Згадзіцеся, лагічнае пытанне з пункту гледжання юнака-максімаліста.

Ён патлумачыў рашэнне так: выбранне патрабавала надта вялікіх высілкаў. Сапраўды, падчас выбараў галасуюць усе акадэмікі – хімікі, фізікі, матэматыкі, якія (што зусім натуральна!) далёкія ад літаратуразнаўчых праблем. А значыцца, трэба хадзіць па кабінетах, паказваць кнігі, рэкламаваць сябе. Іначай не перамагчы, бо іначай пра цябе не ўсе даведаюцца. Зрэшты, калі вучоны стаў член-карэспандэнтам, яго не бянтэжыла тая акалічнасць. Відаць, справа ўсё-такі ў іншым.

Міхась Іосіфавіч быў абраны член-карам у 1991-м, напярэдадні абвяшчэння незалежнасці. Адразу пайсці ў акадэмікі не мог (так хутка б яго не выбралі). А калі патэнцыйна быў гатовы, надышлі іншыя часы.

У сярэдзіне 1990-х бабуля хадзіла на мітынгі і шэсці, з’яўлялася адной з нешматлікіх абаронцаў нешчаслівага Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Яна выходзіла ў першыя шэрагі і пачынала саромець сілавікоў у ачапленні: я такіх, як вы, вучыла ў школе, а вы ідзяце супраць народа.

Дзядуля падзяляў ідэі сваёй жонкі (хоць часам і не пагаджаўся з яе катэгарычнасцю). Аднойчы ён прызнаўся мне, што не хацеў атрымаць званне акадэміка і быць чымсьці абавязаны той уладзе. Для кагосьці такая логіка выглядае дзіўнай. Для яго, надзвычай прынцыповага чалавека, яна была натуральнай.

Да таго ж статус акадэміка прадугледжваў актыўны ўдзел у афіцыйным жыцці – бясконцых сходах, пасяджэннях, пленумах, якія адрывалі яго ад любімай працы. Званне члена-карэспандэнта дазваляла мець высокі грамадскі статус – і нібыта знаходзіцца ў ценю.

Час пацвердзіў слушнасць рашэння, якое прыняў Міхась Іосіфавіч. Рэгаліі забываюцца, застаюцца творы і даследаванні. А яшчэ імя і памяць. Маральны аўтарытэт Міхася Мушынскага ў беларускай навуцы быў і застаецца надзвычай высокім, калі не сказаць бездакорным.

А для мяне лепшых бабулі і дзядулі ўявіць немагчыма. Ды і не трэба.