Ідэальная Беларусь. Версія Анатоля Дрыбаса

Напрыканцы зімы ў Дзяржаўным музее гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё персанальнай фотавыставы Анатоля Дрыбаса “Мая Беларусь”,


Фота з сайта www.ctv.by

арганізаванай сумесна з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” і грамадскім аб’яднаннем “Фотамастацтва”.

Творчасць любога майстра немагчыма зразумець без звароту да яго біяграфіі. Менавіта у ёй хаваюцца тлумачэнні цікавасці да таго ці іншага жанру, творчыя прыярытэты, сакрэты поспеху і прызнання. Большая частка прафесійнага шляху Анатоля Дрыбаса звязана з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Выпускнік Мінскага радыётэхнічнага інстытута, ён прыйшоў туды ў студзені 1981 года. Спярша працаваў фоталабарантам, пасля фотакарэспандэнтам. Спецыфіка дзейнасці ў выдавецтве патрабуе ўмення фатаграфаваць самыя розныя аб’екты, фабрыкі і заводы, гарады, помнікі архітэктуры, інтэр’еры, творы мастацтва. Але найбольш любімай тэмай у творчасці А.Дрыбаса быў і застаецца беларускі пейзаж.

Сведчанне прафесійных здольнасцяў і густу А.Дрыбаса – дзевяць альбомаў, прысвечаных культурным помнікам Беларусі (касцёлы, цэрквы, манастыры), альбомы “Хатынь”, “Ю.П.Пэн”, “Мінск”, “Вытокі натхнення”, “Непаўторныя імгненні”, “Я ад дрэва твайго”, “Першамайскі раён г. Мінска”, “Алмаз – 20 гадоў у дзеянні”, “Барысаў”, “Шклоў”, два тамы энцыклапедыі пра прыроду, альбом пра рэспубліку для выставы ў кітайскім Шанхаі. Працы фатографа сталі асновай серыі каталогаў-праспектаў, прысвечаных культурнай спадчыне Беларусі – Жыровіцкаму манастыру, Камянецкай вежы, гомельскаму палацу Румянцавых-Паскевічаў, Свята-Духаваму сабору ў Мінску і шэрагу іншым помнікам архітэктуры.

На што зараз скіраваны аб’ектыў Анатоля Дрыбаса? Гэта праца ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Нездарма большасць надрукаваных там не абыходзяцца без здымкаў фатографа. Супрацоўніцтва з газетай “Мінскі кур’ер” і часопісам “Родная прырода”. А яшчэ А.Дрыбас з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва” і фотаклуба “Мінск”. Паводле слоў калег, якія прагучалі на адкрыцці выставы, ён самы працаздольны прадстаўнік клуба, які рэгулярна прымае ўдзел у яго мерапрыемствах і ахвотна дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі.

“Мая Беларусь” стала шостай персанальнай выставай фатографа. Дагэтуль былі прыведзены тры выставы “Замалёўкі з натуры” ў “Доме фота”, экспазіцыя “Скарбы Нясвіжа” у Нацыянальнай бібліятэцы і праект пра Мінск, паказаны ў расійскім горадзе Тальяці. На пляцоўцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прадстаўлены 72 работы, зробленыя за апошнія два гады, Акрамя іх на выставе можна будзе таксама пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі, якія выйшлі ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”.

Пляцоўка выставы падзелена на тры залі. Адпаведную колькасць сэнсавых і тэматычных частак мае выстава майстры. Першая заля прысвечана помнікам архітэктуры і гарадскім краявідам. Гледчачы ўбачаць хрэстаматыйныя фотаздымкі Мірскага замка, палаца Радзівілаў у Нясвіжы і Камянецкую вежу. Але больш за ўсё тут прадстаўлены Мінск.


Фота з сайта www.ctv.by

Фатограф выхапіў з гарадскіх краявідаў Палац спорта, Нацыянальную бібліятэку, Прывакзальную плошчу, Чыгуначны вакзал, адзнаку нулявога кіламетра на Кастрычніцкай плошчы. Амаль усе “сталічныя” фотаздымкі зроблены ў зімовы марозны дзень, што дадае асаблівую канстраснасць двум цёплым, летнім кадрам Траецкага прадмесця.

Другая заля насычана пахамі і гукамі прыроды. На фотаздымках А.Дрыбаса адлюстраваныя найбольш крохкія стварэнні фауны: мушкі-зелянушкі, матылькі.


Фота з сайта www.zombo-box.ru

Прычым яны ўбачаны з такой блізкай адлегласці, што нагадваюць партрэты: так дакладна бачна кожная частачка іх цела. Гэтую частку экспазіцыі найбольш варта ўбачыць дзецям. Упэўнены, не адзін з іх пасля наведвання “Маёй Беларусі” захопіцца прыродай свайго краю.

Нарэшце, трэцяя заля (разам з часткай другой) прысвечана беларускай прыродзе.


Фота з сайта www.ctv.by

З прадстаўленых там фотаздымкаў найбольшую ўвагу звяртаюць на сябе некалькі. Звычайнае поле падчас паводкі. Уся мясцовасць, здавалася б, да самага гарызонта, падзелена на вузкія гарызантальныя лініі. Зялёныя палоскі густой травы чаргуюцца з блакітна-шэрым адлюстраваннем рачной вады.

Дзве лодкі на беразе возера. Не толькі бераг, але і ўсю далячынь засцілалае туман, а яны, нібы сёстры, прытуліліся адна да адной, спяць, а можа, проста дрэмлюць і чакаюць гаспадароў на ранішнюю рыбалку.

Цэлая група дрэў на розных фотаздымках. Адно з іх скаванае маразамі, што ўгадваецца па халадзечы неба. Другое, наадварот, хаваецца ў навакольнай зеляніне. А вось яшчэ тры, старыя, высахлыя дрэвы пракідаюць самае моцнае ўражанне. Адно з іх засланяе сабой сонца, што садзіцца за лесам.
Святло шырокім веерам рассыпаеца ва ўсе бакі і стварае эфект жывых промняў. Застаецца толькі здагадваецца, што сімвалізуе гэты кадр. Можа, шчодрасць людзей старых гадоў, што, не шкадуючы сябе, дзеляцца жыццёвай энэргіяй з наваколлем, часам не пакідаючы нічога самому сябе.

Мастак Рыгор Сітніца адзначыў на адкрыцці выставы, што Анатоль Дрыбас убачыў праз аб’ектыў фотаапарата і стварыў у сваіх працах вобраз ідэальнай Беларусі, вобраз раю на зямлі. Паводле яго словаў, з’яўленне выставы – гарантыя таго, што Беларусь такой і будзе.

Вобраз ідэальнай краіны// Кніжны свет. 2011. 11 сакавіка. Выпуск 38. С. 1.

P.S. Выстава будзе працаваць на працягу сакавіка.
Адрас музея: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13 (Траецкае прадмесце).
Музей працуе з 9.30 да 17.30. Выхадны – нядзеля. Каса: з 9.30 да 17.00.