Караткевіч і Молева. Доўгае развітанне

Прапануем чытачам чацвёртую, заключную частку даследавання, прысвечанага узаемаадносінам класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і мастацтвазнаўцы Ніны Молевай. Першая частка была прысвечана абставінам іх знаёмства і нараджэнню пачуццяў. Другая – шчаслівым момантам ўзаемнага шчасця, трэцяя — гульні з каханнем з боку Ніны Молевай.


Уладзімір Караткевіч

Тэкст пабудаваны на падставе параўнання творчасці Караткевіча (вершы і паэмы, раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», у якім героі дзейнічаюць пад імёнамі Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай), і перапіскі пісьменніка з Н..Молевай, Я.Брылём, Ю.Гальперыным (урыўкі ліставання з апошнім друкуюцца ўпершыню).

Неўзабаве пасля вандроўкі ў Ленінград адбылася вырашальная сустрэча. “I тут яна павярнула да яго аблічча, нейкае такое незнаёмае аблічча, што ў Андрэя абарвалася ўнутры. Што ў ім было, у гэтым чужым абліччы? Вядома, было яно трохі больш змарнелым, чым заўсёды. Але галоўнае было не гэта, не пустыя вочы, нават не пасмяглыя вусны. Галоўным быў выраз. Быў на гэтым твары выраз такой грэблівай пагарды, што стократна горшы і за самую нянавісць. (…). …Наступнае патанула ў тумане. Часу не было. Ён не ведаў, гадзіны прайшлі ці дні. Бы ў п’янага, у вачах засталіся толькі рэдкія ўрыўкі падзей. А між тым, ён не піў ні кроплі. Наўрад ці ён і еў нешта ўсе гэтыя дні. (…). Сустрэў на вуліцы суседа па інтэрнаце. Той казаў нешта аб тым, што яго шукаюць тры дні… (…). Значыць, тры дні не начаваў там. А дзе? Гэтага ён не помніў”. Потым, “дома, перад тым як легчы спаць, ён знішчыў вершы, прысвечаныя Ірыне, знішчыў усе паперы, дзе хаця б прыпаміналася яе імя. Ён падаў з ног ад стомы, але не мог спаць, пакуль у пакоі заставаліся сведкі яго слабасці і яго ганьбы”.

А вось сведчанні самога пісьменніка. 28 чэрвеня 1960 года Уладзімір Караткевіч пісаў Юрыю Гальперыну: “Предстоит лето работы. Кончена Москва. А жаль немного. И хуже всего, что (…) оставил в Москве едва ли не самого дорогого мне человека. Так ничего у меня и не вышло. И ведь знаю, что что не такой уж добрый она человек, что, может, и жалеть не стоит, а все равно так скверно на душе, что дальше некуда. Что называется, “не везет”. Напоследок из-за всей этой неурядицы, из-за огорчений и предстоящей разлуки неделю беспробудно трескали с ребятами винище. Уж мы его жрали, лакали, уничтожали. И все равно много осталось этой пакости в мире.

А до этого был Ленинград и короткие дни вместе: музеи, сады, улицы. И о каждом доме легенда, а о каждой картине в музее хоть новеллу пиши. Я влюблен в этот город, в горбатые мостики, в начало белых ночей, в блоковские острова, в закат над стрелкою, в тени рогатых колонн на нем. И каждая улица освящена ею.

Нескоро я теперь, парень, смогу полюбить, много, наверное, огорчений принесу другим и нескоро, наверное, попаду в Ленинград. Только когда притупится все окончательно, а иначе – как на дорогую могилу ехать.
Может еще и сведет бог. Мои, на студии, предлагают через год отправить меня на два года в Москву на курсы сценаристов. Условия те же, и я не вижу причин отказываться. Все же это лучше, чем те два года вкалывать в редакции газеты”
(БДАМЛМ. Ф.56. Воп. 2. Спр. 15. Л. 6).

Доўгае развітанне
Той намер ажыццявіўся. У 1960-1962 гадах Караткевіч зноў жыў і вучыўся ў сталіцы саюза. Гэта была тая і не тая Масква. Здавалася б, горад не паспеў істотна змяніцца. Нават жыў пісьменнік у тым жа інтэрнаце, што і раней. Але побач не было Ніны. Дакладней, была. Толькі не на яве, не побач, а нас старонках рукапісаў і ва ўяўленні.

Яшчэ 16 сакавіка 1960 года Уладзімір Сямёнавіч напісаў Янку Брылю: “І калі-небудзь, калі ўсё будзе скончана наўзаўсёды, я паспрабую апісаць гэта, каб самому яшчэ раз прайсці гэтай дарогай і правесці па ёй блізкіх і дарагіх людзей, для якіх я пішу заўсёды. І, магчыма, трошкі супакоіцца”. “Другі маскоўскі перыяд” стаў часам стварэння рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі”. Твор пачаў пісацца ў верасні 1960-га і быў завершаны ў лютым 1962 года. Публікацыя адбылася ў майскім і чэрвеньскім нумарах часопіса “Полымя” за 1962 год.

На наступны год была запланавана аднайменная кніга, куды павінны былі ўвайсці раман і аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Але набор падрыхтаванага тома быў рассыпаны. Доўгі час “Леаніды…” заставаліся вядомы беларускаму чытачу толькі ў часопісным варыянце. На іншыя мовы раман не перакладаўся наогул. У 1982 годзе твор пад назвай “Нельга забыць” выйшаў асобнай кнігай. Цікава, што Молева казала ў інтэрв’ю, што не чытала раман, паколькі не ведае беларускай мовы.

Між тым узаемаадносіны з Нінай Міхайлаўнай, цяжкія, балючыя, але такія прыцягальныя, то згасалі, то аднаўляліся зноў. У рамане Ірына Горава ўсё ж злучыла свой лёс з Андрэем Грынкевічам. І, адначасова, згадзілася на аперацыю. Пасля яе правядзення яе сэрца не вытрымала.

Прызнацца, пакуль даследчыкі не маюць звестак, якія дазваляюць удакладніць узаемаадносіны У.Караткевіча і Н.Молевай у “другі маскоўскі перыяд”. Наогул, ці былі яны? Як у рэальнасці прайшла аперацыя? На апошняе пытанне адказаць прасцей. Калі ўлічваць факт, што Молева на радасць сваім чытачам жыве зараз, відавочна, усё прайшло добра.

У ліставанні пісьменніка з Ю.Гальперыным і І.Брылём асоба Ніны Міхайлаўны больш не ўзгадваецца. Між тым успаміны Валянціны Паповай (Чакалавай), апублікаваныя ў лістападаўскім нумары часопіса “Полымя” за 2000 год, сведчаць, што ў той час у пісьменніка былі іншыя захапленні.

Вядомы яшчэ адзін ліст Уладзіміра Сямёнавіча да Н.Молевай, які датаваны 26 сакавіка 1963 года. Караткевіч пісаў ёй з Мінску: “Нина, милая! До сих пор не могу прийти в себя, и мне делается не по себе от воспоминаний о нашей последней встрече. Глупо как получилось, правда? Уезжал и видел в окне твоё лицо и руку. Что же это ты натворила, чёртик из табакерки? (…).

Из-за дел нет даже времени на то, чтобы обосноваться на новом месте. Сижу в доме друга в своей комнате. Это самая окраина. За домом дорога, а дальше заснеженное поле. Временами льёт дождь и ест снег так, что скоро появятся проталины. В полях стада ворон. Картина не очень весёлая, но она вся полна какого-то неясного ожидания и предчувствия, как я сам. [Скоро весна, и я не думал, что она будет такой, что жизнь подарит мне Москву и тебя и всё, чем только и может жить человек. Ничто ещё, как оказывается, не кончено.]”.

“Адышло, адбалела, больш ужо не баліць…”
Але час паступова браў сваё. У 1967 годзе Караткевіч пазнаёміўся з Валянцінай Нікіцінай, з якой у 1971 годзе ўзяў шлюб.

У кожнага з герояў нашага аповеда было сваё жыццё. Няма звестак, ці бачыўся пазней Караткевіч з Раісай Ахматавай і Эліем Бялюціным. А вось нячастыя кантакты з Нінай Молевай ў яго засталіся. Характэрныя чатыры надпісы пісьменніка на сваіх кнігах, падараваныя сваёй колішняй выкладчыцы: “Нине Михайловне — “Лазурь и золото дня” — ото всего-всего сердца. Владимир. 30.IX.61. Москва”, “Дорогой Нине Михайловне Молевой на очень долгую добрую память. В. Короткевич. 15.III.69 г.”, “Милой Нине Михайловне — за Нерль. В. Короткевич. 15.III.69”, “Уважаемой Нине Молевой от — просто Владимира Короткевича. 1 июня 73 г.”. “Ото всего-всего сердца”“дорогой” і “милой”“уважаемой”. У гэтых словах уся эвалюцыя стаўлення аўтара да адрасата. “За лет восемь до смерти я видела его, – згадвала Н.Молева. – Просто разговаривали. Он, кажется, уже был женат”.

Лёс усіх чатырох герояў гэтай гісторыі склаўся па-рознаму. Уладзімір Караткевіч атрымаў шырокае чытацкае прызнанне і справядліва лічыцца класікам беларускай літаратуры. Раіса Ахматава стала самай вядомай чачэнскай пісьменніцай савецкай эпохі. Доўгі час яна ўзначальвала Саюз пісьменнікаў Чачэна-Інгушскай АССР і Вярхоўны Савет рэспублікі, атрымала званне народнай пісьменніцы. Памерла ў 1992 годзе. Шэраг даследчыкаў мяркуюць, што поўны архіў яе твораў, які складаў больш за 600 тэчак, быў знішчаны падчас Першай чачэнскай вайны.

Муж Ніны Молевай, мастак і мастацтвазнаўца Элій Бялюцін у 1962 годзе выступіў арганізатарам знакамітай выстаўкі авангардыстаў у Манежы, якая выклікала шалёную рэакцыю Мікіты Хрушчова. 85-гадовы Бялюцін дагэтуль жыве ў Маскве. Ён – аўтар 17 манаграфій па тэорыі выяўленчага мастацтва.

Творы Бялюціна знаходзяцца ў фондах 44 музеях Расіі, Францыі, Італіі, ЗША, Канады і іншых краін, у тым ліку ў Траццякоўскай галерэі, санкт-пецярбургскім Дзяржаўным музеі і Цэнтры Жоржа Пампіду ў Парыжы.
Сама Ніна Міхайлаўна, якой споўнілася 82 гады, па-ранейшаму плённа працуе і выпускае даследаванні і нават раманы. Ва ўласнасці сямейнай пары знаходзіцца ўнікальная калекцыя заходнееўрапейскага мастацтва XV – XVII стагоддзяў. Між тым, асобныя творы з яе Ірына Горава паказвала ў рамане Андрэю Грынкевічу.

Кожны з “чацвёркі” дасягнуў значных вышыняў. Выпадкова ці не, але ніхто з іх не любіў згадваць мінулае. Кожны мог сказаць пра сябе: “адышло, адбалела, больш ужо не баліць”. Але ніхто не трывожыў даўнія сардэчныя раны.

“I канец. Сталі толькі маім успамінам”
Ці быў непазбежнасцю такі фінал узаемаадносінаў Караткевіча і Молевай? Спынюся толькі на некалькіх момантах, якія дапамогуць зразумець аўтарскую пазіцыю.

10 лютага 1960 года, падчас знаходжання Н. Молевай за мяжой, У. Караткевіч напісаў прарочы верш “Снягір”: “О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,// Явар мой, мой агністы снягір на сасне,// Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,// Што ў душы не хацела і ведаць мяне.// Ёй былі непатрэбныя звялыя травы,// I, ад вераса горкі, вятрыскі павеў,// І твая некрыклівая гордая слава,// I твая перамога, і мукі твае.// (…).
I канец.// Сталі толькі маім успамінам:// Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,// Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней// I рука, што лягла на маю далонь.// I для шчасця, для сонечнай вечнай кароны// He хапіла мазка адзінага мне:// He хапіла радзімы, іскры чырвонай,// Снегіра на заснежанай сіняй сасне”
(“Снягір”). Між тым Н.Молевай сапраўды былі не надта цікавымі караткевічаўская зямля і беларуская мова.

21 снежня 1959 года Караткевіч пісаў Гальперыну: “Я дам ей очень большую нежность. И я должен дать ей покой и возможность безмятежно работать. Потому что она – талант, большая умница и человек великой души” (БДАМЛМ. Ф.56. Воп. 2. Спр. 14. Л. 38-39). Але ўвесь сэнс у тым, што для плёну пісьменніцкай працы менавіта будучая жонка Караткевіча павінна была даць яму спакой і магчымасць працаваць.

Вядома, што Валянціна Нікіціна вывучыла для яго беларускую мову. Менавіта яна стварыла яму атмасферу духоўнага камфорту. Ці была здатная на такія ўчынкі Ніна Міхайлаўна? Хутчэй за ўсё не. Раней ці пазней для творцы такія адносіны сталі б непрымальнымі і ў будучым маглі прывесці да канфлікктаў.

Знайсці яшчэ адну прычыну расстання нам дапаможа асэнсаванне таго, якое месца займае Ніна Молева ў творчасці Караткевіча. У інтэрв’ю, апублікаваным у “Камсамольскай праўдзе”, журналістка Вольга Анціповіч называе сваю суразмоўцу (са спасылкай на сяброў пісьменніка) “ракавой жанчынай”. А вось цытата з рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі”: “Я ведаю, яна не заўсёды добрая. Змучыла мяне… Год вар’ятам хаджу, на апошніх нервах. Ведаю – часам зменлівая. Ведаю – часам гуляе са мною…”. Прыведзеная вышэй перапіска пераконвае, што такую ацэнку можна распаўсюдзіць не толькі на раманных герояў, але і на ўзаемаадносіны Н.Молевай і У.Караткевіча.

Сярод знакамітых “ракавых жанчын” можна назваць Апалінарыю Суславу, чый вобраз знайшоў адлюстраванне ў многіх твораў Дастаеўскага, і Лілю Брык, якой прысвечаны шматлікія творы Маякоўскага. З гераінь сусветнай літаратуры – Настассю Філіпіпаўну ў “Ідыёце” Дастаеўскага, Кармэн у аднайменнай навэле Мерыме і оперы Бізэ. Раманы ці дакументальныя творы пра пачуцці творцаў і “ракавых жанчын” чытаюцца ці глядзяцца на адным дыханні і заўсёды ўражваюць накалам пачуццяў.

Але дзіўная рэч: пераважная большасць людзей, выходзячы вечарам з тэатра, або закрываючы старонкі кнігі, вяртаюцца не да жанчын кшталту Кармэн, а да Мікаэлы, яе антыпода па оперы, жывой і натуральнай дзяўчыны. Адносіны творцаў з “ракавымі жанчынамі” сапраўды актывізуюць іх працу, нахтняюць на новыя творы. Але здараецца, што адначасова і спустошваюць дашчэнту.

Сярод мастацтвазнаўцаў ёсць традыцыя вылучаць у біяграфіі некаторых мастакоў пэўныя перыяды, якія наўпрост звязаны з іх асабістым жыццём. Напрыклад, менавіта так многія даследчыкі ўспрымаюць творчасць Пабла Пікасо. Але ж “маскоўскі перыяд” у жыцці і творчасці Караткевіча цалкам звязаны з Нінай Міхайлаўнай Молевай.

Няўжо яе вобраз можа быць намаляваны толькі драматычнымі і згушчана-цёмнымі фарбамі? Вядома ж, не! Менавіта яна адкрыла Уладзіміру Караткевічу ўсю бязмежнасць чароўнага свету мастацтва і ўзняла яго да ўзроўню свайго разумення гэтай з’явы. Але адначасова акрэслілася і жахлівае несупадзенне! Для Ніны Міхайлаўны мастацтва было светам і сэнсам ўсяго існавання. Для Караткевіча – толькі часткай багатага і разнабаковага жыцця. Таму ў пэўны момант Уладзімір Сямёнавіч як пісьменнік пераўзышоў сваю былую настаўніцу і рушыў далей. Адзін – па прасторах жыцця…

Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Доўгае развітанне// Літаратура і мастацтва. 2011. 4 сакавіка. № 9. С. 15.