Шматтомны праект “Беларускі кнігазбор” папоўніўся новым, 56-м томам: “Выбраным” вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча,
Мікола Ермаловіч. Партрэт з сайта www.pawet.net
якое выйшла ў серыі “Гісторыка-літаратурныя помнікі”.
Легендарная постаць Міколы Ермаловіча, якому ў красавіку гэтага года споўнілася б 90 гадоў, знаёмая бадай усім без выключэння аматарам і даследчыкам беларускай даўніны. Яго цяжкі лёс, праблемы са здароўем, якія гераічна пераадольваліся на працягу жыцця, напісанне прац, шэраг з якіх былі апублікаваныя ўжо ў сталым узросце, фантастычны поспех сярод чытачоў і досыць крытычная рэакцыя калег – усё гэта ўжо стала гісторыяй і паступова пачало пераўтварацца ў легенду.
Укладальнік і аўтар каментарыяў Кастусь Цвірка прапанаваў звыклую для серыі структуру выдання. “Выбранае” адкрываецца прадмовай беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча. Ці не палову кнігі займае праца Ермаловіча “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае”. Акрамя таго змешчаны крытыка і публіцыстыка, гутаркі і вершы, раскіданыя па беларускай перыёдыцы, а таксама лісты Міколы Іванавіча да розных адрасатаў, якія раней не друкаваліся.
Будзем шчырымі: з’яўленне такога выдання не можа не выклікаць пэўныя дыскусіі. Пры ўважлівым разглядзе “зялёнай серыі» “Кнігазбора”, у якой выйшла кніга, бачна пэўная супярэчлівасць тома з агульнай канцэпцыяй. Сапраўды, калі не улічваць твораў нашых сучаснікаў, Гаўрылы Гарэцкага і Адама Мальдзіса, чые заслугі ў беларускай навуцы бясспрэчныя, у “Гісторыка-літаратурныя помніках” дагэтуль выходзілі кнігі, якія вытрымалі выпрабаванні часам або сталі бібліяграфічнай рэдкасцю (“Выбранае” Фадзея Булгарына, Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага, “Рэчыцкае Палессе” Чэслава Пяткевіча і г.д.). З часу смерці Міколы Ермаловіча прайшло дзесяцігоддзе, крыху больш – з публікацыі яго асноўных гістарычных твораў. Ці можна ў такім выпадку казаць пра належную часавую дыстанцыю, якая дазволіць непрадузята прааналізаваць творчыя здабыткі аўтара?
Прыхільнікі Ермаловіча адкажуць нам, што Мікола Іванавіч выступіў пачынальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыграфіі, якая цалкам супярэчыла афіцыйным савецкім поглядам на мінулае. Сапраўды, у сваіх працах гісторык аспрэчыў тэзісы пра літоўскую заваёву Беларусі, пра ВКЛ як літоўскую дзяржаву. Назва яго даследавання “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае” з’яўляецца фактычна квінтэсэнцыяй яго поглядаў. Нездарма Анатоль Грыцкевіч казаў Ермаловічу ў савецкія часы, што той па сваіх ведах “мог бы быць акадэмікам, калі б гэтае званне давалася не з палітычных, а навуковых меркаванняў”.
Але стаўленне да Ермаловіча з боку большасці прафесійных гісторыкаў іншае. Вельмі дарэчы будзе працытаваць урывак з другога тома акадэмічнай “Гісторыі Беларусі”, створанай былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Аўтар раздела “Гістарыяграфія” Георгій Галенчанка піша пра вучонага наступнае: “яго заслугі ў абуджэнні нацыянальнай гістарычнай свядомасці беларусаў бясспрэчныя. Складаней з навуковымі аргументамі. Некаторыя з яго пастулатаў былі выказаны раней у беларускай замежнай гістарыяграфіі (…) або не падцвярджаюцца фактамі (….). Зразумела, што (…) некаторыя (…) аргументы Ермаловіча не маглі быць адаптаваны сучаснымі даследчыкамі, і ацэнка яго поглядаў з боку аўтарытэтных гісторыкаў, як, напрыклад, Улашчык, уяўляецца абгрунтаванай”.
Як жа нам патлумачыць знакавую постаць Міколы Ермаловіча? Як належным чынам ацаніць значэнне выдадзенага “кнігазбораўскага” фаліянту?
Мяркую, уся справа ў ракурсе, пад якім мы разглядаем дзейнасць Ермаловіча. Пераважная большасць чытачоў і апанентаў успрымае яго толькі як гісторыка. Менавіта гэтым тлумачыцца узаемная хваравітая рэакцыя прыхільнікаў і апанентаў яго творчасці. Першыя абвострана рэагуць на непрызнанне Міколы Іванавіча з боку афіцыйнай навукі. Другія здзіўляюцца папулярнасці Міколы Іванавіча і наракаюць на тое, што для Ермаловіча “быў характэрны шлях ад уласнай канцэпцыі да фактаў, а не наадварот”.
Але ж чаму толькі гісторык? На маю думку, штучнае звужэнне сферы дзейнасці Ермаловіча стварае толькі бар’еры для яго паўнавартаснага ўспрыняцця. Мікола Іванавіч праявіў сябе як пісьменнік і публіцыст. Але дакладней будзе назваць яго адным з ідэолагаў беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Для прыкладу нагадаю пазіцыю Міколы Іванавіча па пытанню ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. У навуковых спрэчках і дыскусіях важнае месца займае пытанне аб месцы знаходжання летапіснай Літвы. Як вядома, існуюць канцэпцыі, які змяшчалі яе на тэрыторыі сучаснай Літвы і на памежжы двух дзяржаў (на паўднёвым усходзе Літвы і паўночным захадзе Беларусі). Менавіта Ермаловіч заявіў, што летапісная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дзякуючы гэтаму паміж двума дзяржаўнымі ўтварэннямі быў пастаўлены знак пераемнасці. Больш за тое, дадзеная канцэпцыя была пакладзена ў аснову гістарычных раманаў Леаніда Дайнекі (“Жалезныя жалуды”), Вольгі Іпатавай (“Залатая жрыца Ашвінаў”), Генрыха Далідовіча (“Кліч роднага звона”), а значыцца, ўвайшла ў грамадскую свядомасць. Фактычна Ермаловіча стаў папярэднікам згаданага пакалення пісьменнікаў, своеасаблівым “предтечей” – калі выкарыстаць гэтае старое, але ёмістае рускае слова.
Калі разважаць пра Міколу Іванавіча як гісторыка і ацэньваць яго з гледзішча гэтай прафесіі, бачна паспешлівасць “кнігазбораўскай” публікацыі. Пры адсутнасці новых крыніц відавочна, што ў бліжэйшы час на пытанне пра утварэнне ВКЛ не будзе дадзена адназначнага адказу. Што датычыцца прыналежнасці княства, гісторыкі схіляюцца да таго, каб называць яго беларуска-літоўскай дзяржавай.
Але будзем шчырыя: ва ўмовах стварэння незалежнай дзяржавы і абуджэння нацыянальнай самасвядомасці такія пытанні адыходзілі на другі план. Жыхару краіны трэба была лагічная канцэпцыя, якая звязвала б мінулае і сучаснае, тлумачыла прычыны адставання Беларусі як ад Заходняй Еўропы, так і ад калег па былым сацыялістычным лагеры, стымулявала і натхняла краіну на паскоранае развіццё. Такое тлумачэнне было прапанавана менавіта Ермаловічам, і ў гэтым яго заслуга. Акрамя таго аўтар фактычна справакаваў шырокую навуковую дыскусію па пытаннях развіцця ВКЛ. Нават некаторыя працы яго апанентаў былі напісаны дзеля абвяржэння тэзісаў Ермаловіча, што прасунула навуку наперад. Нездарма гісторык Андрэй Кіштымаў калісьці заўважыў: “Калі б не было на Беларусі Міколы Ермаловіча, яго трэба было б выдумаць”.
А паколькі шэраг гістарычных пытанняў застаюцца на ўзроўні гіпотэз, далёка не ўсе жыхары краіны атаясамляюць сябе са старажытнымі ліцвінамі, а ў спадчыне Ермаловіча яшчэ застаюцца нявывучаныя некаторыя эпізоды з яго біяграфіі ды і асобныя творы, аўтарскае “Выбранае”, што выйшла ў “Беларускім кнігазборы”, актуальнае і патрэбнае нам сёння.
Вялікае Княства: чужое ці сваё?// Літаратура і мастацтва. 2011. 25 лютага. № 8. С. 6.