Адзінота ў тлуме. «Сіндром Медэі» у РТБД

Развязку гэтая гісторыі мы даведаемся на пачатку спектакля: маладая жанчына Марына, ад якой сыходзіць муж (ды яшчэ і спрабуе забраць дзяцей) ​​выкідвае абодвух сыноў (трох і сямі гадоў) з акна. Спрабуе кінуцца за імі, але не паспявае: яе пераймае сусед. Чаму гэта здарылася і хто вінаваты — на такія пытанні спрабуюць адказаць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Рэжысёр Кацярына Аверкава паставіла там спектакль «Сіндром Медэі» паводле аднайменнай п’есы Юліі Чарняўскай.

%d1%81%d1%96%d0%bd%d0%b4%d1%80%d0%be%d0%bc-%d0%bc%d0%b5%d0%b4%d1%8d%d1%961

Фота rtbd.by

На сцэне — маналітны «каменны» блок. Пры жаданні ў ім можна ўбачыць жылую клетку звычайнага шматпавярховага дома з чорнай ніткай парэнчаў. А можна ўспрымаць блок як шэрую сцяну з адбітай тынкоўкай. Зверху — гліняныя фігуркі дзяцей, якія сімвалізуюць сыноў Марыны. На пачатку спектакля блок нахіліцца, фігуркі ўпадуць і разаб’юцца. А блок так і застанецца стаяць нахіленым. Як сімвал міфічнага карабля «Арго», на якім старажытныя грэкі падарожнічалі, шукаючы залатое руно. Ці як увасабленне пахіснутага свету, які пасля здрады ўжо ніколі не будзе такім жа. Характэрна, што касцюмы усіх герояў супадаюць з колерам сцяны. Пастаўце іх побач — і чалавек зліецца з каменем, іх не адрозніць. Бо іх шэрасць і пасрэднасць далёкія ад міфа і мары. Адзінае выключэнне — галоўная гераіня ў белым грэчаскім хітоне.

Асацыяцыя з старажытнай Грэцыяй не выпадковая. Пад тэрмінам «сіндром Медэі» маюць на ўвазе стан жанчыны, гатовай на любую помсту мужчыне, які падмануў і кінуў. Яго вытокі — старажытнагрэчаскі міф пра Медэю, якая дапамагла Ясону здабыць залатое руно. Дзеля шчасця каханага яна забіла ўласнага брата, але муж у рэшце рэшт здраджвае яе і сыходзіць да іншай.

Нячасты выпадак: пастаноўка выклікала ажыўленую рэакцы ў сацыяльных сетках. У гераіні многія глядачкі пазналі сябе (гаворка пра псіхалагічны стан, а не пра ўчынак). Іх водгукі пра спектакль зрабіліся калектыўным флэшмобам. Аказалася, сыход каханага да іншай, больш маладой саперніцы (што для многіх мужчын ўспрымаецца як нармальная сітуацыя) стаў для некаторых жанчын жыццёвай катастрофай. Пасля таго, што адбылося, хтосьці нават задумваліся пра суіцыд. Тое, што праблема агучана са сцэны, — мабыць, галоўная вартасць пастаноўкі. Беларускаму грамадству трэба выгаварыцца.

%d1%81%d1%81%d1%96%d0%bd%d0%b4%d1%80%d0%be%d0%bc-%d0%bc%d0%b5%d0%b4%d1%8d%d1%962

 

Фота rtbd.by

Дарэчы, сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-супольнасць становяцца паўнапраўным удзельнікам спектакля. Але ў зусім нечаканым ракурсе. Яшчэ ў антычнасці важную ролю ў п’есах іграў хор, які каментаваў падзеі, мог выказаць уласнае стаўленне да персанажа. Гэтую ролю ў спектаклі бярэ на сябе фэйсбукавая супольнасць. Фрэнды, якім дапамагае Марына (яна псіхолаг-кансультант) у складанай сітуацыі не адказваюць ёй дабром. Наадварот, бяздумна лайкаюць рэзкія каментары ў яе адрас, адмаўляюць у дапамозе, а потым фактычна здраджваюць ёй. Іх віртуальныя крыкі нагадвае рэакцыю наведвальнікаў Калізея, якія патрабавалі забіць гладыятараў. У фінале спектакля «фрэнды» выбудуюць доўгі калідор, які прывядзе Марыну-Медэю да аконнага праёма.

Але п’еса Юлія Чарняўская ўсё ж не толькі пра гэта. Яе твор —  гісторыя антычнай гераіні, якая быццам патрапіла ў наш час (нездарма па сюжэце Медэя — сапраўднае імя Марыны). Гэта аповед пра тое, як антычныя сюжэты і рэаліі ўваходзяць у наш свет. Як у тугі вузел перакручваюцца і пераплятаюцца часы. Як уласныя ўчынкі вяртаюцца да цябе бумерангам, а адолець прадвызначанасць падзей пад сілу не кожнаму.

Але ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Кацярыны Аверкавай гэтыя пласты зніклі. Ад сцэны да сцэны нам распавядаюць побытавую гісторыю пра клапатлівую маці, жонку, гаспадыню — і яе няўдзячнае асяроддзе (як віртуальнае, так і рэальнае), якое сваімі паводзінамі давяло гераіню да жудаснага ўчынку. Парадокс, але Медэі спачувае толькі інтэлігентны сусед (Валянцін Салаўёў). Усе астатнія ўяўляюць сабой нейкі паноптыкум: слабавольны Ян (Максім Паніматчанка), сцярвозная Галя (Гражына Быкава), хамаватая маці Яна, якая размаўляе трасянцы (Галіна Чарнабаева). Калі Марына не бачыла іх сапраўднае аблічча, дык які яна псіхолаг? Калі бачыла, дык адкуль ілюзіі і шок?

%d1%81%d1%96%d0%bd%d0%b4%d1%80%d0%be%d0%bc-%d0%bc%d0%b5%d0%b4%d1%8d%d1%963

Фота rtbd.by

Ці мае права на існаванне падобная інтэрпрэтацыя? Зразумела! Але ўзнікае пытанне: навошта ў гісторыі спатрэбілася старажытная Грэцыя і міф пра Медэю? Парадокс, што ад антычнага міфа рэжысёр цалкам не адмовілася. У выніку узнікла некалькі праблем.

Выдатная артыстка Людміла Сідаркевіч у адпаведнасці з аўтарскай задумай іграе менавіта Марыну-Медэю. Нездарма ў п’есе яна не проста забівала дзяцей, а па сутнасці адпраўляла іх у антычны «рай». А вось усё партнёры Сідаркевіч (хто больш, хто менш пераканаўча) іграюць выключна сучасных людзей (паводле  рэжысёрскай задумы). Таму Марына і яе муж Ян часам нагадвалі замежнікаў, якія гавораць на розных мовах. У 1-й дзеі падзеі каментуе хор, які надае спектаклю пэўны рытм. У 2-й дзеі хор чамусьці знікае.

Але самае галоўнае: побытавая гісторыя ў тым фармаце, які нам прапанавалі РТБД, патрабуе хутчэй суперажывання, чым сур’ёзнай інтэлектуальнай працы: на бок Марыны глядзельня перайшла ўжо на пачатку спектакля, масімум — да антракту. Таму частка другой дзеі ператварыўся ў дадатак — мілы, але часам не абавязковы.

Ці трэба вам паглядзець «Сіндром Медэі»? Абавязкова! Зрэшты, калі пасля спектакля глядачкі і, галоўнае, гледачы, паглядзяць на ўласныя сем’і іншымі вачыма, мэта стваральнікаў пастаноўкі будзе дасягнутая.

Адзінота ў тлуме // Мастацтва. 2017. № 4. С. 45.