Выдавецтва «хуткай дапамогі»

Побач з гэтай установай гістфакаўцы праходзяць кожны дзень. Ды што там: знаходзяцца з ёй у адным будынку. І не ўсе здагадваюцца, што на Чырвонаармейскай,6 месціцца Выдавецкі цэнтр БДУ. Як яго супрацоўнікі рыхтуюць і выпускаюць кнігу за два-тры тыдні, распавядае Таццяна Янчук, яго галоўны рэдактар.

Выдавецтва «хуткай дапамогі»
Ад паступлення рукапісу ў выдавецкі цэнтр БДУ да выхаду кнігі часам праходзіць да двух-трох тыдняў. Як звязана хуткасць і якасць у выдавецкай справе? Ці не ўплываюць яны адзін на аднаго адмоўна? Таццяна Янчук галоўны рэдактар Выдавецкага цэнтра Беларускага дзяржаўнага універсітэта, расказвае пра яго дзейнасць і заўпэўнівае, што ўсё немагчымае магчыма.

— Пачаткам выдавецкай дзейнасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце можна лічыць 25 лістапада 1921 года, калі пабачыў свет навуковы часопіс “Працы Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску”. З той пары адбылося шмат арганізацыйных змен. У 2001 годзе было зарэгістравана Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Выдавецкі цэнтр БДУ”.

Калі б давялося характарызаваць сваю арганізацыю, як бы Вы вызначылі яе адметнасць і своеасаблівасць?

— Па-першае, нашай спецыфікай з’яўляюцца малатыражныя выданні ад 100 да 5000 асобнікаў. Так, далёка не кожнае выдавецтва будзе друкаваць навуковыя манаграфіі. Па-другое, у іншых выдавецтвах уласна выдавецтва і друкарня знаходзяцца ў розных месцах. У нас выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства, што істотна скарачае час на падрыхтоўку выдання. Таму, і гэта па-трэцяе, мы досыць хутка робім сваю працу. Напрыклад, ад паступлення рукапісу ў выдавецтва да выхаду кнігі часам праходзіць ад паўтара да двух-трох тыдняў. Да нас звяртаюцца як да “хуткай дапамогі”. Напрыклад, неабходна тэрмінова выдаць матэрыялы навуковай канферэнцыі. Або ў аспіранта набліжаецца абарона дысертацыі, і яму трэба прадставіць уласнае даследаванне ў якасці кнігі.

Ці не ўплывае ў такім выпадку хуткасць падрыхтоўкі на якасць выдання?

— Сапраўды, у ідэале праца над кожным выданнем павінна працягвацца пэўны час. Напрыклад, падручнікі для школ мэтазгодна рыхтаваць не спяшаючыся. Выдаўцы нават жартуюць, што падрыхтоўка гэтых кніг падобна на выношванне дзіцяці. Але часам даводзіцца працаваць і хутчэй. Напрыклад, заказ на вучэбныя дапаможнікі для новага, 2010/11 навучальнага года паступіў у красавіку, а ў ліпені яны ўжо пабачылі свет. Як спраўляемся з такім тэмпам? Дзякуючы моцнаму рэдактарска-карэктарскаму складу і прафесіяналізму дызайнераў, тэхнічных рэдактараў, вярстальшчыкаў. Тым больш, што ў год цэнтр выпускае больш за 1500 назваў самай разнастайнай прадукцыі. У нашай прафесіі ўсё залежыць ад калектыву, а ён немаленькі: 47 чалавек, аб’яднаныя ў 4 аддзелы і 2 цэхі.

Па назве ўстановы можна меркаваць, што вы выдаеце літаратуру толькі для БДУ ці наогул для вышэйшай школы…

— Спектр літаратуры, якая выходзіць з нашага выдавецтва, надзвычай шырокі. Мы маем ліцэнзію амаль на ўсе віды выданняў: навуковыя, навукова-папулярныя, вучэбныя, літаратурна-мастацкія, вытворча-практычныя, рэкламныя, даведачныя, выданні для вольнага часу.

Усю літаратуру, якую выдаём, можна падзяліць на тры часткі. Першая – гэта падручнікі для агульнаадукацыйных школ, якімі займаемся з 2002 года. Пачыналі з падручнікаў па астраноміі і біялогіі. Цяпер сканцэнтраваліся на гуманітарных дысцыплінах, у прыватнасці, на гісторыі. Як правіла, гэтыя кнігі маюць вялікі наклад, таму, каб надрукаваць іх, мы звяртаемся да нашага партнёра — Мінскай фабрыкі каляровага друку.
Другая частка — літаратура, якую рыхтуем для ВНУ. З аднаго боку, гэта выданні з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якімі могуць карыстацца ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. З другога — гэта выданні з грыфам ВМА (вучэбна-метадычнага аб’яднання) – па маркетынгу, менеджменту, інфармацыйных тэхналогіях, а часам па хіміі і фізіцы для БДУ. Дарэчы, у 2009 годзе мы распачалі новую серыю падручнікаў — “БУС” (“Библиотека успешного студента”).

Да трэцяй часткі можна аднесці ўсю астатнюю прадукцыю: залікоўкі, каталогі, буклеты, бланкі, календары, пасведчанні…

Што чакае выданні цэнтра пасля выхаду кнігі ў свет?

— Кнігі, якія замаўляюцца прыватнымі заказчыкамі, аддаюцца ім на рукі пасля абавязковай рассылкі ў найбольш буйныя бібліятэкі. Іншыя выданні рэалізуюцца аддзелам маркетынгу. Усю прадукцыю можна набыць у нашых спецыяльных крамах: на 1-м паверсе ў галоўным корпусе БДУ і на юрыдычным факультэце. Актыўна супрацоўнічаем з “Цэнтральнай кнігарняй”, “Ведамі”, “Акадэмкнігай”, “Бібліятэчным калектарам”.

Ці ёсць складанасці з рэалізацыяй?

— Пэўныя праблемы, безумоўна, ёсць. Усё ж такі мы выпускаем не дэтэктыўныя выданні і жаночыя раманы. Ды і ўплыў крызісу адчуваецца. Кніга, на жаль, перастала быць прадметам першай неабходнасці. Цяпер людзі пачалі менш чытаць кнігі ў звычайным разуменні гэтага слова. Яны імнуцца адшукаць у Інтэрнэце электронную версію кнігі. Шэраг нашых выданняў (напрыклад, серыя “Scriptor universitatis” — “Універсітэцкі аўтар”), у якой выйшлі кнігі “Гісторыя Беларусі” выдатнага вучонага-гісторыка і першага рэктара БДУ Уладзміра Пічэты, “Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края” Пятра Бацюшкава, “Ваенная школа ў Беларусі” Пятра Брыгадзіна і Андрэя Лукашэвіча і інш., разыходзяцца больш павольна, чым нам хацелася, бо разлічаны на асаблівую чытацкую аўдыторыю. Таму такія публікацыі мы можам сабе дазволіць адзін раз у тры-чатыры гады.

Ведаю, што выдавецкі цэнтр быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі на прэстыжных выдавецкіх выставах…

— У кірмашах і выставах удзельнічаем абавязкова. Гэта Мінская Міжнародная выстава-кірмаш, Нацыянальная выстава-ярмарка “Кнігі Расіі”, Маскоўская Міжнародная кніжная выстава-ярмарка і інш. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць паказаць свае выданні і пагядзець на дасягненні калег. Часам здараецца, што чытачы падказваюць на кірмашах ідэі новых праектаў. Што датычыцца перамог, дык у 2008 годзе наша прадпрыемства прывезла на Шосты агульнарасійскі конкурс “Універсітэцкая кніга”, які праводзіцца ў Маскве, выданне “Філасофія ў сучасным свеце”, падрыхтаванае супрацоўнікамі факультэта філасофіі і сацыяльных навук пад рэдакцыяй прафесара А. Зелянкова. Дык вось, яно стала прызёрам у намінацыі “Лепшае навучальнае выданне па гуманітарных навуках”.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч

Кніжны свет. 2010. 20 жніўня. Выпуск 10. С. 1.