Ягор Конеў і «Новыя палескія рабінзоны»

Аддзел крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» традыцыйна робіць агляд «тоўстых» літаратурных часопісаў: «Полымя», «Маладосці» і «Нёмана». Цяпер фармат рубрыкі крыху змяніўся. Тры крытыка (Ціхан Чарнякевіч, Алеся Лапіцкая і я) атрымліваюць па часопісу. Кожны выбірае любы твор і аналізуе яго. А ў наступным месяцы мяняемся выданнямі. Сёння ў аб’ектыве маёй цікавасці аповесць Ягора Конева “Новыя палескія рабінзоны”,


Ягор Конеў. Фота з сайта www.journ.bsu.by

якая выйшла ў першым нумары часопіса «Маладосць».

Ягор Конеў, дацэнт кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, даўно вядомы сваёй схільнасцю да літаратурнай творчасці. Аўтар п’есы “Гісторыя двух сабак”, пастаўленай ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, ён больш праявіў сябе як празаік, аўтар шэрагу аповесцяў, у тым ліку “Амерыканская адысея Тадэвуша Касцюшкі” і “Глеб Менскі”. Прызнацца, пры іх прачытанні ўзнікалі супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, быў відавочным патрыятызм аўтара, яго жаданне пазнаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі беларускай гісторыі. З другога боку, у пісьменніка часам бракавала фантазіі. Таму ў творы пра першага менскага князя адчуваўся ўплыў твораў Л.Дайнэкі, а “Амерыканская адысея” пры несумненнай закручанасці сюжэта больш нагадвала журналісцкі рэпартаж з мясцін, дзе вандраваў галоўны герой твора. Гэтыя ж якасці паўплывалі на станоўчыя і адмоўныя бакі новага твору Я.Конева.

Відавочна, што пры знаёмстве з “Новымі палескімі рабінзонамі” ў чытача (нават пры іншай назве аповесці) маглі ўзнікнуць пэўныя сумненні наконт яе падабенства з “Палескімі рабінзонамі”, напісанымі яшчэ ў 1929 годзе Янкам Маўрам. Сапраўды, у абодвух выпадках два хлопцы, Мірон і Віктар, накіроўваліся ў падарожжа па Палессі, траплялі ў эстрэмальныя сітуацыі, з-за чаго былі вымушаны пэўны час самастойна жыць на прыродзе, далёка ад людзей. Пры іх дапамозе былі абязброены злачынцы, таму хлопцы вярталіся дадому пераможцамі.

Паколькі лепшы сродак абароны – гэта нападзенне, Я.Конеў наўмысна некалькі разоў сканцэнтраваў увагу чытачоў на гэтай сітуацыі. Пра твор Янкі Маўра ўзгадвалі самі героі, ўдакладняў конеўскі герой Бенядзіктавіч. Калі кіравацца такой логікай, дык атрымліваецца, што падабенства двух аповесцяў – удалы аўтарскі ход. Нездарма у аповесці Я.Конева падкрэсліваецца, што “самае галоўнае ніколі не зменіцца”.

Каб разабрацца ў сітуацыі дакладней, параўнаем паміж сабой “Палескіх рабінзонаў” Я.Маўра і Я.Конева. Якія моманты супадаюць у абодвух версіях, акрамя агульных імёнаў галоўных герояў і месца дзеяння? У абодвух выпадках хлопцы адпраўляюцца на падарожжа ў чоўне. Яны трапляюць на корч, іх зацягвае ў вір, у выніку чаго яны плот перакульваецца, падарожнікі страчваць сродак руху і аказваюцца на востраве. Героі і даўняга, і сучаснага твора аднолькавым чынам здабываюць агонь, выкарыстоўваюць ідэю дынама-машыны, а для дапамогі дастаюць уласныя шнуркі. Падымаюцца раніцай на “раз, два, тры…”, ратуюць ад дажджу вогнішча і знаходзяць арэхі ў вавёрчыным дупле. Вось толькі некаторыя моманты, якія трапіліся на вочы.

Што ж наватарскага прапануе Ягор Конеў? Уводзіць у дзеянне Юлю, сястру Віктара (такім, чынам, падарожнікаў становіцца трое). Пераўтварае двух злодзеяў з паляўнічых на баброў (паводле Я.Маўра) ў “чорных археолагаў”. Выкарыстоўвае ў якасці звязкі паміж двума сюжэтнымі лініямі “чорнагаловую, шэрахвостую варону”, якая толькі і ведае, што носіцца па небе, пакуль не знаходзіць асабістае шчасце ў асобе крумкача. З дыдактычнага пункту гледжання прыемна даведацца, што конеўскія Віктор і Мірон (у адрозненне ад герояў Я.Маўра) не паляць і чытаюць “Тры талеры” Андрэя Федарэнкі.

Вядома, можна папракнуць аўтара за некаторыя дробязі. Напрыклад, цяжка ўявіць сітуацыю, калі дзяўчына пачынае тануць і паспявае выкрыкнуць доўгую фразу: “Ратуй мяне брацік! Я не ўмею плаваць!”. Не вельмі ўдалым падаюцца сітуацыі, калі “археолаг” Сяргей Свідэрскі ўвесь час забываецца імя па бацьку дзядулі-правадніка (“Бенядзіктавіч”) і называе яго то “Багданычам”, то “Браніслававічам”. Магчыма, такія моманты былі задуманы як гумарыстычныя. Але ў трэці-чацвёрты раз гэткія танныя прыёмы пачынаюць проста раздражняць. Тым больш аўтар прызнаваўся на старонках аповесці, што “з часоў аспірантуры Белдзяржуніверсітэта Сяргей навучыўся хутка чытаць і запамінаць самае істотнае”.

Зрэшты, гэтыя моманты сапраўды не могуць уплываць на агульную ацэнку твора. Істотна іншае. Калі б Ягор Конеў напісаў самастойную аповесць, сам распрацаваў сюжэт і раскрыў характары герояў, атрымаўся хоць і не класічны, але і не самы горшы твор беларускай літаратуры. Але “Новыя рабінзоны” ў тым выглядзе, якім яны прадстаўлены чытачу, цалкам упісваюцца ў сусветную тэндэнцыю па стварэнні рымейкаў – новых версій або інтэпрэтацый раней выдадзенага твора (фільма, песні, музычнай кампазіцыі або драматургічнай працы). Раней такая з‘ява была пашырана ў кіно і музыцы, але цяпер, як бачна, перайшла і ў літаратуру. Відавочна, што новыя інтэрпрэтацыі класічнай спадчыны маюць права на існаванне. Але хутчэй ў тым выпадку, калі новая версія адбываецца ў іншым жанры (літаратура – тэатр, літаратура – кіно), а паслядоўнікі захоўваць атмасферу твора, яго галоўныя думкі і сюжэтныя лініі. Так, напрыклад, зрабіў харэограф Барыс Эфман, які паставіў шэраг балетаў, у тым ліку “Чайка” і “Майстар і Маргарыта”.

А вось праца ў тым жа жанры (літаратурным, музычным і г.д.), імкненне стварыць працягі знакамітых твораў (напрыклад, “Скарлет” Аляксандры Рыплі, дзеянне якога адбываецца пасля заканчэння “Знесеных ветрам”, “П’ер і Наташа” Васіля Старога – адпаведна, пасля талстоўскага рамана-эпапеі) або іх новую інтэпрэтацыю (“Герой іншага часу” Анатоля Бруснікіна – кажуць, за апошнім псеўданімам нібыта хаваецца Барыс Акунін), прымушаюць сумнявацца ў творчым патэнцыяле аўтараў. На маю думку, такія творы – у тым ліку, і “Новыя палескія рабінзоны” – з’яўляюцца, на жаль, шмат у чым другаснай з’явай, якія толькі паўтараюць ранейшыя знаходкі класікаў.

Літаратура і мастацтва. 2011. 25 лютага.
Апублікавана з невялікімі скарачэннямі