Вялікі секс у Вялікім Княстве

Чаму ў XVI–XVII стагоддзях ліцвінскія жанчыны лічыліся самымі разбэшчанымі ў Еўропе? Як у грамадстве ставіліся да цнатлівасці? Ці была забаронена прастытуцыя? На гэтыя і шэраг іншых пытанняў адказвае гісторыкНаталля Сліж,  аўтар кнігі «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты  Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII стст.».

%d1%81%d0%bb%d1%96%d0%b6

Наталля Сліж. Фота budzma.org

– Мая першая асацыяцыя з перыядам, які вы разглядаеце, – гісторыя кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл. Як да іх ставіліся сучаснікі?

– Для таго часу гэтыя стасункі лічыліся непрымальнымі. Спадчыннік польскага караля ўзяў шлюб з удавой, меў з ёй сексуальныя адносіны да шлюбу! Гэта супярэчыла кансерватыўнай польскай маралі.

Наогул, царква дазваляла секс толькі ў пэўныя дні (напрыклад, падчас посту ўсялякія стасункі забараняліся). Не дазвалялася публічна паказваць аголенае цела. Праўда, некаторыя людзі парушалі гэтыя забароны. Спачатку каяліся, а потым зноў грашылі.

Але паміж вернікамі розных веравызнанняў існавалі адрозненні. Каталікі лічылі неабходным секс толькі для нараджэння дзяцей. Як кажуць, колькі дзяцей нарадзілася, столькі разоў мужчына мог выконваць свой абавязак (каталіцкая традыцыя грунтавалася яшчэ на працах Св. Аўгусціна, Фамы Аквінскага). А Лютэр, пачынальнік Рэфармацыі і пратэстантызму, лічыў, што сям’я патрэбна яшчэ і для задавальнення сексуальных патрэб мужа і жонкі. Для пратэстантаў шлюб не з’яўляўся такой таямніцай, як для каталікоў. Ды і да разводаў яны ставіліся спакойна.

Не будзем забывацца, што ў той час ліцвінкі лічыліся самымі разбэшчанымі ў Еўропе.

– Няўжо яны, у адрозненне ад палячак або немак, чыталі “Камасутру”?

– Не, гэты тэкст пераклалі на англійскую мову толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя. Але абыходзіліся без яго. Лёгкія паводзіны жанчын-ліцвінак можна патлумачыць тым, што нашы жанчыны былі больш свабоднымі ў эканамічным плане, таму не абавязкова залежалі ад мужа.

Італьянскі нунцый пісаў у Ватыкан, што ліцвінкі такія разбэшчаныя, што падчас падарожжаў спяць упокат побач з мужчынамі. Між тым цэнтрам еўрапейскай прастытуцыі з’яўляўся Рым. З Ватыкана “жрыцы кахання” былі выгнаны толькі ў другой палове ХVІ стагоддзя. У іх нават мелася свая іерархія: жрыцы для эліты і вулічныя гандляркі сваім целам (у ВКЛ такога падзелу не існавала). Прастытуткі на Захадзе, як, дарэчы, і ў Асманскай імперыі, плацілі падаткі. То бок фактычна былі легалізаваны.

– А ў Вялікім Княстве Літоўскім?

– Прастытуцыя была афіцыйна забаронена. Зразумела, яна існавала, хоць была развіта менш, чым у Еўропе. У ВКЛ прастытуткі пераважна сустракаліся ў гарадах: пры корчмах, пры пастаялых дварах (на тэрыторыі княства гарады былі менш развіты, чым на захадзе). Праўда, статыстычных звестак пра гэтую з’яву захавалася няшмат. Напрыклад, да нашага часу з XVI стагоддзя дайшлі толькі магістрацкія кнігі Вільні і Коўна (у большасці гарадоў яны не захаваліся). Ды і не ўсе пытанні траплялі ў суд.

– Вы кажаце, што ў Еўропе жанчын-ліцвінак лічылі разбэшчанымі. А як у грамадстве ставіліся да цнатлівасці? 

– Цнатлівасць нявесты пачала высока цаніцца з сярэдзіны ХVІ стагоддзя, што звязана з усталяваннем інстытута шлюбу. А яе захаванне стала абавязковым з часоў Контррэфармацыі. У тыя часы царква прапагандавала ідэю, што манаскі стан лепшы для чалавека, але з-за прыроднай хцівасці дазваляўся шлюб.

У Еўропе існаваў звычай “ранішні падарунак” (раніцай дзяўчына атрымлівала падарунак за сваю цнатлівасць). У ВКЛ у ХVІ стагоддзі заканадаўча была замацавана такая практыка: калі жанчына прыносіла ў сям’ю пасаг, яна атрымлівала вену – гэта забеспячэнне на выпадак смерці мужа, запісвалася падвоеная сума пасагу на 1/3 маёмасці. Даследуючы  дакументы, знайшла толькі адну згадку, калі муж аддзячыў жонку выплатамі за яе цнатлівасць перад вяселлем.

– Паколькі цнатлівасць цанілася высока, жаніх і нявеста бачыліся толькі перад вяселлем?

– Не, шляхта (асабліва дробная) гадавалася ў сваім асяроддзі. Таму будучыя жаніх і нявеста мелі добрыя магчымасці для знаёмства і доўгіх заляцанняў. Шляхціц Самуэль Маскевіч, які на пачатку ХVІІ стагоддзя ўдзельнічаў у паходах на Маскву, пісаў у сваім “Дыярыушы”: “Маскалі па-жыдоўску жэняцца, амаль не бачацца перад вяселлем”. У нас такога не было.

– Яшчэ са школьных часоў памятаю карціну “Няроўны шлюб”. Такія выпадкі здараліся?

– Толькі калі гаворка ішла пра сацыяльны стан жаніха і нявесты. У ідэале ён мусіў супадаць. Напрыклад, Леў Сапега пачынаў сваю кар’еру на ўзроўні аршанскага падстарасты, а толькі пазней стаў дзяржаўным канцлерам. Як патэнцыяльны жаніх ён мог быць цікавы Радзівілам толькі на гэтай пасадзе. Дарэчы, прадстаўнікі гэтага магнацкага роду выкарыстоўвалі інстытут шлюбу для сямейных стратэгій. Вядомы прыклад, калі сын віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла – Станіслаў ажаніўся з дачкой уплывовага і заможнага кракаўскага мешчаніна Якуба Бонера – Магдаленай. Але яе сям’я адыгрывала значную ролю пры двары Жыгімонта Старога. Бедныя шляхціцы маглі ўзяць шлюб з багатымі мяшчанкамі. Але наогул шлюбы рэдка заключаліся па ўзаемных пачуццях.

А вось няроўных шлюбаў па ўзросце амаль не сустракалася. Жанчыны выходзілі замуж ужо ў 16 гадоў, але мужчынам было рана браць шлюб у 18. Таму часцей за ўсё розніца паміж жаніхом і нявестай складала гадоў дзесяць.

– А як жа 70-гадовы Ягайла, які ў ХV стагоддзі ўзяў шлюб з 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай? 

– А вы ўпэўнены, што менавіта ён быў бацькам сваіх дзяцей? У трох папярэдніх шлюбах ён не меў нашчадкаў. Не здзіўлюся, калі іх рэальным бацькам быў нехта іншы. Нават са згоды Ягайлы – усё ж такі яму трэба было мець спадчынніка. Але праўду мы ніколі не даведаемся: наўрад ці палякі дазволяць зрабіць генетычную экспертызу.

– Ягайла меў чатыры жонкі. Іван Жахлівы – ажно шэсць. А звычайныя шляхціцы?

– Наўрад ці хтосьці са шляхціцаў мог паводзіць сябе як маскоўскі цар: пакарыстацца адной жонкай і ўзяць сабе іншую. А для разводу патрабавалася ўважлівая прычына (імпатэнцыя, дрэннае сумеснае жыццё). Без яе развод не мог адбыцца (сваякі жонкі не дазволілі б). Паколькі  працягласць жыцця была невялікай (прыкладна да 50, а то і менш), мужчына мог мець максімум тры-чатыры шлюбы (згодна з праваслаўнай традыцыяй, іх магло быць не больш за тры). Зрэдчас сустракаліся прыклады бігаміі, калі мужчына, не развёўшыся са сваёй жонкай, жыў з іншай жанчынай. Праўда, існаваў тэрмін даўніны. Калі адзін з сужэнцаў знікаў больш як на пяць гадоў, можна было браць другі шлюб.

– Ці сустракаліся ў ВКЛ “героі” кшталту Сіняй Барады, які забіваў сваіх жонак?

–  У ХVІІІ стагоддзі аднаго з Радзівілаў, які здзекаваўся са сваіх жонак, давялося браць пад апеку. Але ён быў псіхічна хворым чалавекам. Забойствы, якія адбываліся працяглы час і не раскрываліся, магла здзяйсняць хіба залётная група. Усе астатнія злачынствы такога кшталту раскрываліся вельмі хутка. Людзей мелася мала, прастора была надзвычай замкнёная, таму жыццё чалавека з’яўлялася вельмі публічным (усе яго дзеянні і ўчынкі былі навідавоку). Нават смерць станавілася публічнай падзеяй. Калі чалавек адчуваў сябе блага, ён клікаў сваякоў і суседзяў. Апошняя воля агучвалася ў іх прысутнасці.

– Ці моцна змянілася сямейнае жыццё ліцвінаў за чатыры-пяць стагоддзяў?

– У нечым усё засталося без змен. Напрыклад, у ХVІ–ХVІІ стагоддзях да жанчын заўсёды прад’яўлялі большыя патрабаванні ў галіне маралі, чым да мужчын. Але кожная эпоха стварае свае падыходы, свае ідэалы і стэрэатыпы. Напрыклад, у ХVІІІ стагоддзі, калі надышлі часы Асветніцтва, нармальнай (але не для павятовай шляхты) лічылася сітуацыя, калі жанчына нараджала дзяцей не толькі ад мужа, але і ад каханка. У пэўнай ступені гэта звязана з разбэшчанасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які меў шмат каханак і пазашлюбных дзяцей. Але  гэта ўжо тэма іншай публікацыі.

Вялікі секс у вялікім княстве // Народная Воля. 2015. 7 красавіка (пад псеўданімам Максім Плотнікаў)