Беларус у АБСЕ

Як стаць супрацоўнікам гэтай арганізацыі? Ці існуе ў АБСЕ дрэс-код і як ставяцца да джынсаў? Якую мову (зусім не нямецкую або англійскую) трэба ведаць, каб не згубіцца ў аўстрыйскай сталіцы? Беларус Сяргей Кастрама расказаў “Народнай Волі” пра сваю стажыроўку ў АБСЕ.

%d0%ba%d0%b0%d1%81%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%bc%d0%b0

– Як простаму чалавеку з вуліцы трапіць у АБСЕ?

– Я вельмі доўга сачыў за вакансіямі гэтай арганізацыі. Калі ўбачыў пасаду, якая адпавядае майму досведу і інтарэсам, запоўніў анкету і адправіў яе. Калі не пазначыць штосьці цікавае, што зачэпіць і зацікавіць, анкету адкладуць у бок. Я напісаў, што пытанне медыяў – гэта маё жыццё, што я пішу пра гэта дыплом (зараз заканчваю Карлаў універсітэт у Празе) і даследаваў гэтыя праблемы ў Беларусі. Пасля мяне дапусцілі да сумоўя, якое адбывалася па скайпе. Запытвалі, што я ведаю пра АБСЕ, чым планую там займацца, ці змагу працаваць у мультыкультурным калектыве ды яшчэ і ў стане стрэсу. У выніку я быў прыняты і цяпер працую ў офісе, які адказвае за свабоду СМІ (ім кіруе баснійская праваабаронца Дуня Міятавіч).

– Як праходзіць працоўны дзень стажора АБСЕ?

– Працоўны дзень пачынаецца а 9-й і працягваецца да паловы на шостую. Звычайны рабочы дзень чыноўніка (смяецца). Уваход – толькі па картках, усе супрацоўнікі мусяць насіць бэйджы (з указаннем, у якім аддзеле працуе). Дрэс-код адсутнічае. Зразумела, рваныя кеды не вітаюцца. Але гальштук і пінжак не абавязковыя. Пакінем іх для дзяржаўных служачых у Беларусі (смяецца). У такіх арганізацыях, як АБСЕ, супрацоўнікі ходзяць у джынсах і кашулях навыпуск. Можна туфлі, можна красоўкі.

У першай палове дня займаюся маніторынгам, адсочваю развіццё медыяў на прасторы АБСЕ. Перш за ўсё – ці парушаліся правы журналістаў.

– Які рэгіён у цэнтры тваёй увагі?

– Часцей за ўсё аналізую сітуацыю на постсавецкай прасторы і Балканскім паўвостраве. Напрыклад, нядаўна высветлілася, што адна з македонскіх партый (Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства), якая мае большасць у парламенце Македоніі і сфарміравала ўрад, незаконна праслухоўвала 20 тысяч чалавек. Сярод іх былі ўплывовыя апазіцыйныя палітыкі з сацыял-дэмакратычнай партыі, прадстаўнікі СМІ. Калі журналісты апазіцыйнай газеты напісалі пра гэту гісторыю, на іх напалі.

Найгоршая сітуацыя – у Сярэдняй Азіі. З некаторых краін (напрыклад, з Узбекістана) часта немагчыма атрымаць ніякую інфармацыю. Але сустракаюцца праблемы і ў краінах Заходняй Еўропы. Напрыклад, пасля нападу на рэдакцыю сатырычнага часопіса “Шарлі Эбдо” і масавага забойства яе журналістаў, у Францыі было прынята новае заканадаўства. Цяпер праваахоўнікі могуць праслухоўваць грамадзян без  санкцый суда. Гэта дрэнна, бо з’яўляецца ўмяшаннем у прыватнае жыццё.

У другой палове дня раблю апрацоўку дадзеных. Па просьбе начальства магу падрыхтаваць пэўныя запыты або зрабіць больш глыбокае даследаванне пра пэўнага журналіста або выпадак, каб АБСЕ магло адэкватна зрэагаваць на сітуацыю. Па чацвяргах прысутнічаю на пасяджэннях Пастаяннай рады, на якой кіраўніцтва АБСЕ абмяркоўвае найбольш важныя пытанні (апошнім часам у цэнтры ўвагі знаходзіцца Украіна).

– За стажыроўку плацяць вялікія грошы?

– Казаць пра канкрэтныя лічбы не маю права, але павер: сума мінімальная. Яе большая частка сыходзіць на арэнду жылля (здымаю пакой у студэнцкім інтэрнаце). Астатнія грошы ідуць на ежу.

– Большасць беларусаў адразу спытаюць: навошта працаваць амаль бясплатна? Ты  спадзяешся застацца ў структуры АБСЕ?

– Мая паўгадавая стажыроўка не гарантуе працаўладкавання. Хоць, калі пакажаш сябе добрым працаўніком, шанец застацца вельмі высокі. Я стажыруюся, каб зрабіць вельмі тлусты пункт у рэзюмэ і добра працаўладкавацца. У сферы міжнародных стасункаў, правоў чалавека, палітычных праектаў чалавек нікуды не трапіць на працу без сур’ёзнай стажыроўкі. Калі атрымаецца застацца ў АБСЕ – цудоўна, не – знайду іншую працу. А ў перспектыве хачу вярнуцца ў Беларусь. Але праз некаторы час.

– Што скажаш пра паўсядзённае жыццё ў Вене?

– Аўстрыі ўласціва з’ява, якую я назваў бы “парадак без стрэсу”. Асабліва яна адчуваецца раніцай у грамадскім транспарце, які ходзіць надзвычай дакладна, літаральна па хвілінах (у тым ліку начны транспарт, які ў Мінску амаль адсутнічае). Ніхто нікуды не спяшаецца. Поўны спакой, адсутнасць стрэсу. Гэта такі лад жыцця: устаць раней, павольна прагуляцца па вуліцы, падумаць пра жыццё, раніцай пачытаць у кавярні навіны за кубачкам кавы. Асабіста я дабіраюся да працы за 15 хвілін, хоць жыву не ў цэнтры: даехаў да метро, перасеў на другую лінію – і вось ужо ў офісе. Апроч таго, Вена – сапраўды мультыкультурны цэнтр. Венцы любяць жартаваць, што ў іх горадзе можна вывучаць не нямецкую, а сербскую ці харвацкую мову. Бо вельмі шмат жыхароў Балканскага паўвострава. А вось беларусаў мала. Разам са мной у АБСЕ працуе ўсяго адна наша суайчынніца. Таму заклікаю чытачоў: не бойцеся стажыравацца і верце ў сябе!

Беларус у АБСЕ // Народная Воля. 2015. 5 чэрвеня (пад псеўданімам Максім Плотнікаў)