Як у Эстоніі змагаюцца з дармаедамі? Колькі атрымлівае бізнесмен, а колькі выхавацель у дзіцячым садку? Чаму Талін становіцца рускамоўным горадам? Як у Эстоніі рэалізавалася мара Анатоля Тозіка пра платнае наведванне паліклінік?
На гэтыя і іншыя пытанні адказвае беларускі прадпрымальнік Артур Цурбакоў, які ўжо сем гадоў жыве ў Эстоніі.
– Як ты трапіў у Эстонію?
– Я нарадзіўся ў Гомелі, скончыў мясцовы ўніверсітэт і працаваў інжынерам, але без асаблівага поспеху. Пасля вырашыў пайсці ў прадпрымальнікі. Сядзеў на кірмашы, гандляваў пральнымі парашкамі. Атрымліваў крыху менш, чым у сярэднім па краіне. Але лічыў, што варты большага. Пасля займаўся інтэрнэт-гандлем, аднак сутыкнуўся з яго рэгуляваннем. У нейкі момант вырашыў, што справа не ўва мне, а ў сістэме, і заняўся грамадскай дзейнасцю. Я хацеў змяніць свет вакол сябе, але ўбачыў, што час для палітычных змен яшчэ не прыйшоў. Тады вырашыў інвеставаць у сябе, атрымаць адукацыю. Год адвучыўся на курсе паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце. А пасля атрымаў эстонскую стыпендыю…
– Якія карэнныя адрозненні паміж беларускай і эстонскай адукацыяй?
– У іх абсалютная свабода. Усё залежыць ад самога студэнта. Дазваляецца абсалютна ўсё, нават даследаваць тэрарызм.
Яшчэ ў эстонскіх ВНУ навучыліся змагацца з плагіятам. Калі пішаш эсэ або курсавую, навуковаму кіраўніку трэба перадаць не толькі папяровую, але і электронную версію. Калі кагосьці ловяць, студэнт атрымлівае адзінку па пяцібальнай сістэме.
– Кім ты працаваў пасля заканчэння ВНУ?
– Зарэгістраваў грамадскую арганізацыю – Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр у Эстоніі. Тады мне здавалася: калі ёсць месца працы, грошы павінны сыпацца з неба. Давялося ўжо ў Эстоніі перагартоўвацца з савецкага хлопчыка ў паўночнаеўрапейскага (смяецца). Цэнтр пераарыентаваўся на супрацоўніцтва з беларускімі турыстамі, якія прыязджалі ў Эстонію з культурніцкімі мэтамі (пазнаёміцца з жыццём беларускай дыяспары, наведаць музеі). Да крызісу 2011 года праз мае рукі прайшло некалькі тысяч чалавек з Беларусі. Але пасля эканамічнага крызісу ў беларусаў не стала грошай на такія вандроўкі.
Тады я стварыў фірму, як займаецца абслугоўваннем аўтамабіляў. Зарэгістраваць яе вельмі проста. Заходзіш у інтэрнэт, устаўляеш сваю ID-карту ў картрыдар, заходзіш на дзяржаўны сайт, які рэгіструе фірмы. Адпраўляеш паведамленне пра заснаванне фірмы. Два тыдні чакаеш інфармацыі ад дэпартамента рэгістрацыі, ці падыходзіць выбраная назва. Калі ўсё як мае быць, табе прызначаецца нумар падаткаплацельшчыка. І наперад – працуй!
Часам я працую адзін, у пікавыя сезоны (вясна або восень) наймаю трох-пяцёх чалавек, якія працуюць па гнуткім графіку. Мы ажыццяўляем хімчыстку салонаў. Я распрацаваў новую методыку, якая дазваляе прапанаваць кошт у два разы таннейшы, чым у канкурэнтаў, прычым без пагаршэння якасці працы (для легкавых аўто гэта паслуга каштуе 39–55 еўра). Людзі згодны чакаць, каб сэканоміць даволі значныя грошы. Таму чарга складае тры тыдні. Сярэдні афіцыйны заробак у Эстоніі – 1180 еўра. Атрымліваю на рукі “чыстымі” столькі ж або крыху больш. Бо 40% зарплаты сыходзіць на падаткі.
– Што паўплывала на поспех? Твая методыка?
– Так, але яшчэ і неверагодна нізкія кошты на камерыйную нерухомасць. За сваю майстэрню плошчай у 65 квадратных метраў з электрычнасцю, вадой і аховай тэрыторыі я плачу толькі 265 еўра штомесяц. Для Мінска гэта не проста танна, а дарма. Чаму так атрымалася? У Эстоніі прайшлі рэформы. У Таліне стала нявыгадна ўтрымліваць былыя савецкія заводы-гіганты. Іх трансфармавалі і перасялілі за рысу горада. Пакуль на іх тэрыторыях не пабудуюць нешта новае, усе закінутыя цэхі можна арандаваць за нізкі кошт. Спадзяюся, тое ж самае будзе ў Мінску, калі за кальцавую пераедуць МАЗ і Трактарны завод.
– Ты добра валодаеш эстонскай мовай?
– На жаль, на даволі нізкім узроўні. У краіне жыве прыкладна 1 мільён 340 тысяч чалавек. Па-эстонску размаўляюць каля 80 працэнтаў, гэта значыць каля мільёна. У Таліне суадносіны 50 на 50, прычым рускамоўных жыхароў становіцца ўсё больш.
– Няўжо прыязджаюць мігранты з Расіі?
– Эстонцы самі з’язджаюць з Таліна, паколькі жыць за горадам становіцца ўсё больш прэстыжна. Але ўскосна гэтаму спрыяе мясцовае самакіраванне. Ва ўладзе ў Таліне знаходзіцца партыя цэнтрыстаў, ідэалогія якой збольшага папулісцкая. Яны ўвялі ў горадзе бясплатны праезд у транспарце. Але такія прывілеі маюць толькі тыя асобы, якія зарэгістраваны ў сталіцы Эстоніі. Каб эканоміць грошы на праезд, чалавек рэгіструецца ў Таліне і плаціць там падаткі, якія ідуць у гарадскі бюджэт. Адначасова ён атрымлівае права голасу на мясцовых выбарах, што павялічвае электарат цэнтрыстаў.
– Ці няма небяспекі стварэння эстонскага Данбаса?
– Пятая калона сфармі-равалася дзякуючы расійскаму тэлебачанню. У той жа Літве дамінуюць кансерватары і сацыял-дэмакраты. Грамадства гатова на абмежаванні ў вяшчанні расійскіх каналаў. А Эстонія – прынцыпова ліберальная дзяржава. Таму такія пытанні нават не абмяркоўваюцца. Але абсалютная свабода прыводзіць да свабоды прапаганды. Нарва ператварылася ў рускамоўны анклаў (97% насельніцтва – рускамоўнае). Калі эстонцы ў савецкія часы захоўвалі сваю культуру, ладзілі спеўныя фестывалі і імкнуліся да змен, рускамоўнае насельніцтва пасіўна назірала на тое збоку. У выніку яны нечакана апынуліся грамадзянамі добрай еўрапейскай краіны. Паколькі рускамоўныя не прыкладвалі для дасягнення незалежнасці намаганняў, дык не лічаць яе каштоўнасцю.
Дзякуй Богу, еўрапейцы пачалі варушыцца. З 1 верасня ў Эстоніі адкрываецца рускамоўны тэлевізійны канал. Яго палітыка – не контрпрапаганда, а стварэнне іншага светапогляду, прадстаўленне іншага кантэнту, які будзе цікавы рускамоўным гледачам. Гэта будзе міжнародны канал, які можна будзе глядзець па ўсёй Еўропе. Мяркую, гэта будзе эфектыўны крок у змаганні з расійскай прапагандай.
– Артур, уявім горшы варыянт: у Эстоніі з’яўляюцца “зялёныя чалавечкі”…
– Я жыву ў городзе Палдзіскі, што ў 52 кіламетрах ад Таліна, куды езджу на работу. Напрыклад, узімку раніцай я кожны дзень бачу салдат тэрміновай службы са зброяй, якія ў маскіровачных халатах, з намётамі белага колеру выходзяць з лесу. Учарашнія простыя хлопцы вучацца выжываць аўтаномна ў зімовым лесе. Патэнцыял прызыўнікоў і людзей, якія адслужылі ў арміі (тэрмін службы, абавязковай для ўсіх мужчын, складае 9 месяцаў), дапаможа аператыуна сфарміраваць войска эфектыўных дыверсантаў. Яно зможа стрымаць наступленне ворага, а пасля на дапамогу прыйдуць сілы НАТА. Але не хацелася б, каб такі сцэнарый абмяркоўваўся.
– Якую пазіцыю могуць заняць беларусы?
– Беларуская дыяспара, якая налічвае каля 14 тысяч, – цалкам савецкая. Гэта класічны прыклад купалаўскіх “тутэйшых”. З усёй дыяспары па-беларуску ў лепшым выпадку размаўляюць сто чалавек.
– А твайму сыну ёсць з кім размаўляць па-беларуску?
– Якубу пяць з паловай гадоў. Першыя два гады ён хадзіў у рускамоўны дзіцячы садок. Псіхолагі параілі: калі ў дзіцяці фарміруецца апарат маўлення, то лепей карыстацца мовай, якая бліжэй да штодзённага карыстання. У сям’і мы размаўляем па-беларуску, але, на жаль, Якуб ведае беларускую мову пасіўна. Прыходзіцца намагацца, каб размаўляў актыўней. Бо сапраўды, апроч мяне і жонкі, размаўляць па-беларуску яму няма з кім. Цяпер Якуб ужо другі год навучаецца ў эстонскамоўным дзіцячым садку.
– Вам давядзецца плаціць за адукацыю сына?
– У Эстоніі наступная сітуацыя. Вышэйшая адукацыя ўмоўна бясплатная. Каб не плаціць, трэба выконваць праграму на 100 працэнтаў. Калі працуеш, гэта складана. Вучоба ў школе бясплатная. А вось у дзіцячым садку – платная. У месяц мы плацім 50 еўра. Згаджуся, што дарагавата! Але ніякіх іншых грошай у садку не збіраюць: ні за фарбу, ні за шпалеры. Ды і каб вы ведалі, наколькі якасна кормяць дзяцей! За басейн (8 заняткаў штомесяц) плацім 25 еўра. Раз на два тыдні ў садок прыязджае тэатр. Квіток на прадстаўленне у сярэднім каштуе 2 еўра.
– А колькі атрымліваюць выхавацелі?
– Па законе “бруднымі” выхавацель павінен атрымліваць не менш за 1,1 тысячы еўра. Значыць, на рукі ён атрымае каля 600 (настаўнік у школе яшчэ больш). Гэта добры ўзровень. Тыя, хто працуе ў сферы абслугоўвання, у сярэднім атрымліваюць каля 490–580 еўра.
– З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца?
– На мой погляд, эстонцы ставяцца да барацьбы з наркотыкамі не так радыкальна, як іншыя дзяржавы Еўрапейскага Саюза. З гэтай праблемай не змагаюцца татальна, адсутнічаюць аблавы. Працуе ліберальны падыход: калі хочаш быць наркаманам, будзь ім.
Дорага каштуе паліва (зараз 1 еўра 20 цэнтаў, але часам бывае і 99 цэнтаў), што, праўда, кампенсуецца нізкімі падаткамі на аўтамабілі. Год ад году робіцца даражэйшым алкаголь. Пасля працы люблю выпіць піва. Прынцыпова купляю піва па зніжцы не даражэй за 75 цэнтаў за бляшанку. Купіць яго за 1 еўра 10 цэнтаў – значыць перайсці псіхалагічную мяжу (смяецца).
Нарэшце, не усё проста ў сістэме аховы здароўя. Калі ты звяртаешся да свайго сямейнага доктара, узровень сэрвісу вельмі высокі. У выпадку хваробы трэба патэлефанаваць яму і паведаміць, што захварэў. Ён адкрые табе бальнічны, які цягам першых пяці дзён не аплачваецца. Гэта стымулюе людзей дбаць аб сваім здароўі. Па выздараўленні доктар павінен агледзець пацыента, упэўніцца, што ён здаровы, і выдаць адпаведную даведку. Дарэчы, за візіт у паліклініку трэба заплаціць 5 еўра.
– У Эстоніі рэалізавалі мару Анатоля Тозіка? Памятаю, як ён прапаноўваў увесці такую плату ў беларускіх паліклініках.
– Шкада, што ў Беларусі адмовіліся ад гэтай ідэі. Людзі менш дураць галаву дактарам. Праблема ў іншым. Калі чалавек мае спецыфічныя захворванні і трэба звярнуцца да спецыяліста, то чарга можа скласці нават тры месяцы. Добра, калі ёсць магчымасць пачакаць. Але калі існуе захворванне скуры, то праз тры месяцы наступствы могуць быць жахлівыя. У такім выпадку трэба заплаціць – за 25 еўра вас пусцяць без чаргі. Дарэчы, ведаеш, як у Эстоніі змагаюцца з дармаедамі? (Смяецца.)
– Як?
– Сістэма аховы здароўя – страхавая. Калі працуеш, то плаціш страхавы падатак. Калі губляеш працу, страхавая картка дзейнічае яшчэ цягам трох месяцаў. Калі рэгіструешся на біржы беспрацоўных, медыцынскае страхаванне ў цябе аднаўляецца. Але калі ты працуеш неафіцыйна, у цябе няма ніякай медыцынскай страхоўкі. За візіт да доктара трэба плаціць па поўным кошце. Тры дні ў шпіталі будуць каштаваць крыху больш за 200 еўра.
– Традыцыйнае і, магчыма, не заўжды прыемнае пытанне да беларусаў, якія жывуць за мяжой. Ці плануеш вяртацца?
– Беларусь ад Эстоніі знаходзіцца недалёка. Ад мяжы да мяжы – 300 кіламетраў. Кантактаў з радзімай я ніколі не разрываю. Часта праводжу ў Таліне экскурсіі для турыстычных груп з Беларусі. Апроч таго, на 4-м канале эстонскага радыё вяду беларускамоўную перадачу “Бацькаўшчына”. У яе эфіры пабывалі ледзь не ўсе дзеячы беларускай культуры. Нядаўна ў нас у гасцях быў спявак Зміцер Вайцюшкевіч, да яго – мастак Павел Татарнікаў.
Цяжкасць у тым, што ў Беларусі адсутнічаюць тыя ўмовы для бізнесу, якія існуюць у Эстоніі. Напрыклад, мая жонка мае касметалагічны салон. Там працуюць як касметыкі, так і касметолагі (у Беларусі такі падзел адсутнічае). Касметыкам зусім не патрэбна медыцынская адукацыя. У Мінску без яе ніяк.
– Дык правільна! А дзе гарантыя?
– Пасля няякаснай паслугі ў кліента ёсць магчымасць звярнуцца ў суд і кампенсаваць усе пашкоджанні. Пакуль усе застаюцца задаволеныя (смяецца). Калі казаць пра маю сітуацыю, у Мінску адсутнічае нізкі кошт на арэнду. Поспех, якога наша сям’я дасягнула ў Эстоніі, немагчымы ў Беларусі. Падаецца, спявак Віктар Шалкевіч сказаў залатыя словы: калі ты збіраешся заняцца палітыкай і змяніць свет, то спачатку дакажы, чаго варты, што асабіста зрабіў у гэтым жыцці. Цяпер у мяне ёсць досвед жыцця і вядзення бізнесу ў еўрапейскай дзяржаве. У будучым спадзяюся рэалізаваць яго ў Беларусі.
Чаму беларус стаў… эстонцам // Народная Воля. 2015. 26 мая (пад псеўданімам Максім Плотнікаў).