Алесь Пашкевіч: «Мы маглі б атрымаць Смаленск, але з тым жа поспехам страціць Брэст»

Каго з дзеячаў БНР можна назваць “беларускім Чапаевым”?  Чаму беларускія дыпламаты ледзь не аддалі Брэст Украіне?  Які след у гісторыі БНР пакінулі масоны? 

На гэтыя і шэраг іншых пытанняў, пра якія не пішуць у падручніках, адказвае гісторык Алесь Пашкевіч. Ён выступіў выдаўцом кнігі Дароты Міхалюк “Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 гг.”, якая перакладзена з польскай на беларускую мову.

Алесь Пашкевіч

– Спадар Алесь, чаму мы з вамі жывём у Рэспубліцы Беларусь, а не ў Беларускай Народнай Рэспубліцы?

– Беларускі нацыянальны рух пачаў сур’ёзна развівацца толькі на пачатку ХХ стагоддзя. Таму свядомасць большасці беларусаў моцна адставала ад суседніх народаў: літоўцаў, палякаў, украінцаў. Грамадства было несфарміраваным, а беларускія палітыкі аказаліся не гатовыя да будаўніцтва незалежнай дзяржавы. Не хапала ні вопыту, ні кадраў. Вось толькі адзін прыклад. У тыя часы мелася толькі адна крыніца, у якой былі праведзены межы краіны. Гэта карта, якую склаў Яўхім Карскі (дадатак да яго фундаментальнай працы “Беларусы”). Згодна з ёй Вільня, Смаленск і Беласток былі беларускімі, а Брэст і заходняе Палессе – украінскімі. Прычына ў тым, што Карскі быў лінгвіст. Перадусім, ён браў пад увагу моўныя крытэрыі. Дыялекты на заходнім Палессі маюць як украінскія, так і беларускія рысы. Карскі лічыў, што ўкраінскіх было больш. На перамовы з украінскай дэлегацыяй беларусы прыехалі менавіта з картай Карскага.

– Уяўляю, як узрадаваліся ўкраінцы!

– У якасці кансультанта на перамовах прысутнічаў прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі. Яму давялося тэрмінова ўдакладняць гэту карту і даказваць, чаму заходняе Палессе павінна знаходзіцца ў складзе Беларусі.

– Смаленск, Вільня і Беласток у складзе Беларусі – мара любога нацыяналіста. Гэта было рэальна?

– Да Першай сусветнай вайны Беларусь, Украіна, Польшча і Літва існавалі ў складзе Расійскай і іншых імперый і не мелі выразна акрэсленых межаў. Кожны з суседніх народаў меў на пэўныя землі свае прэтэнзіі, якія перасякаліся паміж сабой. Ніхто не збіраўся адмаўляцца ад іх і імкнуўся пацвердзіць свае аргументы зброяй. Большасць спрэчных тэрыторый былі этнічна неаднародныя (на той жа Беласточчыне жылі як беларусы, так і палякі). Патэнцыяльна мы маглі б атрымаць Смаленск, але з тым жа поспехам маглі страціць Брэст.

Наогул цяжка прыгадаць хоць бы адну кантынентальную дзяржаву, якая здолела б уключыць у свой склад усе тэрыторыі, на якія некалі прэтэндавала. Для гэтага яе жыхары павінны ці жыць недзе на астравах, ці быць адмежаваны ад іншых нейкімі натуральнымі межамі – напрыклад, горным хрыбтом. Таму пытанне трэба задаваць па-іншаму: ці маглі мы тады атрымаць увогуле хоць нейкую тэрыторыю? Асабліва калі ўлічваць, што БНР фактычна ніколі не кантралявала нават тыя землі, што сёння ўваходзяць у склад Беларусі.

– А чаму Беларусі не дапамог Захад? Стварылі ж заходнія дзяржавы незалежную Польшчу.

– Не зусім правільна казаць, што незалежную Польшчу ў 1918 г. стварылі менавіта заходнія дзяржавы. Перадусім яе адваявалі самі палякі, здолеўшы стварыць цалкам баяздольнае войска. Праўда, палякі мелі ўплывовую эміграцыю, якая ўвесь час нагадвала свету пра цяжкі лёс сваёй краіны. У той жа час на пачатку ХХ стагоддзя на Захадзе, на жаль, ніхто не ведаў, што існуе такая краіна, як Беларусь, што яна адрозніваецца ад Польшчы і Расіі і прэтэндуе на незалежнасць. Калі еўрапейцы і амерыканцы не ведалі пра беларусаў нічога, давесці ім пра неабходнасць незалежнасці гэтага народа было нерэальна. Вось адзін прыклад гэтага няведання. Пры перакладзе беларускіх дакументаў на англійскую мову наша краіна атрымала назву White Russia – і пасля гэтага ў Англіі пачалася дыскусія. Гучалі версіі, што “белыя” захапілі тэрыторыю Беларусі і дайшлі да Вільні.

– Дарэчы, белагвардзейцы цікавіліся дзейнасцю БНР? 

– Цікавіліся гэтак жа сама, як і ўсім тым, што адбывалася на прасторах былой Расійскай імперыі. Аляксандр Бахановіч, паручнік інжынерных войскаў, спрабаваў нават стварыць у Адэсе Беларускі краёвы ўрад – і ў мясцовых газетах з’явілася тэлеграма генерала Дзянікіна ў яго падтрымку. У тым ліку і такім чынам “белыя” спрабавалі ўтрымаць Беларусь у складзе Расіі. Паколькі Бахановіч і іншыя падобныя дзеячы ўзнікалі невядома адкуль і да гэтага не былі заўважаны ў беларускім руху, выклікае падазрэнні, што іх дзейнасць была небескарыслівая.

– Хто мог стаць першым прэзідэнтам БНР? Цывільны палітык? Або вайсковец? Нездарма пасля Першай сусветнай вайны ў большасці краін Усходняй Еўропы (акрамя Чэхаславакіі) былі ўстаноўлены ваенныя дыктатуры.

– Краіны Усходняй Еўропы прыйшлі да дыктатур не адразу – як правіла, іх усталяванню папярэднічаў большы ці меншы перыяд парламенцкай дэмакратыі. Людзей жа, схільных да ўсталявання дыктатуры, звычайна вылучала само жыццё. І зусім не абавязкова яны паходзілі з ліку прафесійных вайскоўцаў. Напрыклад, Юзаф Пілсудскі яшчэ да вайны арганізаваў у Аўстрыйскай імперыі польскія легіёны. З іх дапамогай ён пазней прыйшоў да улады. Але беларусы не здолелі стварыць самастойнага войска. Калі такія злучэнні ўзнікалі, дык толькі пад чужым камандаваннем – у складзе польскіх і літоўскіх узброеных сіл. У тых умовах ніводны вайсковец не меў магчымасці сябе праявіць.

– А як жа генерал Станіслаў Булак-Балаховіч? Колькі гадоў таму “Белсат” зняў пра яго дакументальны фільм “Генерал няскончанай вайны”.

– Ён не меў стратэгічных талентаў, не ўмеў распрацоўваць аперацыі на фронце. Яго мабільная армія добра дзейнічала ва ўмовах партызанскай вайны. Гэтым ён нагадваў такіх людзей, як Нестар Махно, Васіль Чапаеў, Сямён Будзённы, якія да сусветнай вайны не былі вайскоўцамі, але мелі прыхаваныя таленты, якія раскрыліся падчас грамадзянскай вайны.

У Беларусі хапала цывільных лідараў. Напрыклад, Антон Луцкевіч – найбольш дасведчаны палітык з прыстойнай адукацыяй і вялікімі сувязямі. Многія з тых людзей, якія потым апынуліся ў кіраўніцтве літоўскай або польскай дзяржавы, былі асабіста знаёмы з ім яшчэ да рэвалюцыі 1917 года – напрыклад, па сумеснай дзейнасці ў масонскіх ложах.

– БНР утварылі масоны?

– Не (смяецца). Людзі любяць шукаць у гістарычных падзеях масонскія змовы. У нацыянальным руху масонаў было няшмат. Антон Луцкевіч, яго брат Іван (ён рана памёр з-за сухотаў), Вацлаў Ластоўскі, Дамінік Сямашка… Але кожны з іх меў у масонскіх ложах свае інтарэсы і цікавасці. Непасрэднага ўплыву на ўтварэнне БНР масоны не мелі. Гэта былі звычайныя знаёмствы.

Але існуе яшчэ адна акалічнасць, на якую не мог паўплываць нават Луцкевіч. Дзяржаўная сістэма не была створана, улады БНР не маглі збіраць падаткі з насельніцтва. Патрэбныя грошы магла даць эліта (прадстаўнікі шляхты і буржуазіі), што мела знаёмствы на Захадзе. Яна магла стаць праваднікамі інтарэсаў БНР на міжнароднай арэне. Той жа Раман Скірмунт, рэспектабельны палітык, багаты памешчык, яшчэ да рэвалюцыі з’яўляўся дэпутатам Дзяржаўнай думы. Але беларускі рух арыентаваўся на ніжэйшыя пласты грамадства. Беларускія эсэры і іншыя палітычныя партыі прапаноўвалі забраць зямлю і падзяліць паміж сялянамі. Калі б іх  радыкальныя праграмы былі рэалізаваны, эліта страціла б усё, што мела. Таму ўсе людзі з грашыма бачылі ў беларускім руху не саюзніка, а ворага. У выніку нават імаверныя шанцы на поспех аказаліся страчанымі.

– Якое рашэнне дзеячаў БНР стала іх фатальнай памылкай? 

– Гледзячы на абвяшчэнне БНР з адлегласці часу, трэба прызнаць: рэальных шанцаў на поспех у тых умовах проста не было. Па сутнасці, рабілася ўсё, што ў тых умовах можна было рабіць. Асноўная прычына няўдачы – унутраная слабасць беларускага нацыянальнага руху з усім тым, што з гэтага вынікае, а не нейкія дапушчаныя памылкі. На жаль, за некалькі месяцаў ці нават гадоў немагчыма паўнавартасна прайсці той шлях, на які іншым народам спатрэбіліся дзесяцігоддзі.

Галоўнае, што дзеячы БНР запусцілі ў масы саму ідэю, што можа існаваць беларуская незалежная дзяржава са сваімі межамі, што беларускі народ не горшы за іншыя. Пасля 1918 года гэта ідэя не памірала і актуальная дагэтуль. Цяпер, у тым ліку дзякуючы і БНР, існуе беларуская дзяржава, прызнаная ўсім светам.

Алесь Пашкевіч: «Маглі б атрымаць Смаленск, але з тым жа поспехам страціць Брэст» // Народная Воля. 2015. 5 мая (пад псеўданімам Максім Плотнікаў).