Прапануем чытачам другую частку даследавання, прысвечанага узаемаадносінам класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і мастацтвазнаўцы Ніны Молевай.
Першая частка была прысвечана абставінам іх знаёмства і нараджэнню пачуццяў. Тэкст пабудаваны на падставе параўнання творчасці Караткевіча (вершы і паэмы, раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», у якім героі дзейнічаюць пад імёнамі Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай), і перапіскі пісьменніка з Н..Молевай, Я.Брылём, Ю.Гальперыным (урыўкі ліставання з апошнім друкуюцца ўпершыню). Літаратурны фрагмент у рамане па магчымасці суадносіцца з цытатай эпісталярнай спадчыны. Дадзеная праца з’яўляецца рэканструкцыяй, аўтарскай версіяй узаемаадносін паміж У.Караткевічам і Н.Молевай.
Каб зразумець сваё пачуццё, спатрэбілася яшчэ крыху часу. “На пачатку ліпеня (1959 года – Д.М.) сябры раз’ехаліся па хатах. Андрэй пажыў тыдні тры дома, а потым скарыстаўся запрашэннем дзядзькі, па-паходнаму хутка сабраўся і раніцою наступнага дня ўжо выходзіў з цягніка на перон невялічкай станцыі”. У рамане ён апісаны як Сухадол. У рэальнасці – Рагачоў, дзе жыў Ігар, дзядзька Караткевіча.
У адзін з момантаў герой “раптам з неверагоднай яснасцю зразумеў, адкуль было тамленне. Не хапала яе. Не хапала гукаў яе голасу, не хапала растрапаных пасмачаў, шэрых рахманых вачэй, пяшчотнай выразнасці рухаў. Не хапала да болю. Хоць крычы. “Што са мной?” – падумаў ён. I раптоўна падмываючая хваля радасці ахапіла яго. “Здаецца… здаецца, гэта прыйшло… Нарэшце гэта прыйшло… Няўжо?!”. (…). Ну вядома ж, гэта было так. Вядома, не хапала яе. Ён проста быў упэўнены, што не можа болей пакахаць, таму і не думаў пра яе… А зараз як быццам амыліся вочы. I свет такі шырокі. I вецер дыхае новым жыццём. Ну не, жыццё яшчэ не скончана. Жыццё яшчэ можна пачаць спачатку, вось тут, на гэтай вялікай рацэ, у гэтую хвіліну”.
Яны зноў сустрэліся восенню 1959 года ў Маскве. У рамане сцвярджаецца што “яе не было ў Маскве цэлы верасень”. Але ў рэальнасці 12 верасня Караткевіч пісаў ў лісце да Юрыя Гальперына: “А рецензию оную я покажу нашему экскурсоводу. Ее первая лекция будет у нас только в среду, и я хочу, чтоб она прочла тоже. Потом сразу перешлю тебе” (Ф. 56. Воп. 2. Спр. 14. Л. 35).
21 верасня памёр бацька Караткевіча, Сымон Цімафеевіч, таму пісьменнік тэрмінова вярнуўся дадому. Тыя ж падзеі, той жа час (канец верасня) апісваюцца ў рамане. Згодна раману, “праз два тыдні” пасля пахавання пісьменнік вярнуўся ў Маскву.
У “Леанідах…” Ірына Горава запрасіла Андрэя Грынкевіча да сябе ў госці. У адзін з дзён малады паэт пазваніў у кватэру ля плошчы Маякоўскага (той жа адрас узгадваецца 21 снежня 1959 года ў лісце да Янкі Брыля: “сейчас у них прекрасная квартира в районе площади Маяковского”). Але тут яго чакаў неспадзяваны “сюрпрыз”: дзверы кватэры адчыніў муж. Для паэта, які не ведаў пра яго існаванне, гэта быў страшэнны ўдар: “Я прыйшоў да самых родных дзвярэй,// І тут// Забілі мяне”, – напіша ён ў паэме “Плошча Маякоўскага”. А ў той час паэт “быў няздатны на метафары”, – сцвярджаў пазней яго лірычны герой. Згодна той жа паэтычнай крыніцы, гэта адбылося “у чорны мой панядзелак.// Кастрычніка, дванаццатага чысла”.
Між тым, чалавек, якога Грынкевіч убачыў на лесвічнай пляцоўцы, варты падрабязнага апісання. “Андрэй пабачыў мужчыну, цёмнавалосага, з высокім, трохі залысым лобам. Постаць цяжкаватая, пагляд вачэй разумны і шчыры. Выраз аблічча – з той добрай, трохі занадта інтэлігенцкай іранічнасцю, якую Андрэй і любіў і не любіў у людзях свайго асяроддзя. Ён лічыў яе занадта гарадскою”. У “Леанідах…” гэты чалавек дзейнічае як Міхаіл. Выбар імя, бадай, невыпадковы. Менавіта так клікалі хлопца, які ўзяў шлюб з С.М. – дзяўчынай, якую кахаў Караткевіч падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце. У рэальнасці мужа Молевай клікалі Элігіем (скарочана – Эліям) Бялюціным.
Яго назвалі так па жаданню дзядулі, італьянскага дырыжора, у гонар святога, які апекаваўся рамеснікам і мастакамі. 1925 года нараджэння, Бялюцін у 16 гадоў пайшоў на фронт абараняць Маскву. Як пісалі яго біёграфы, “на фронце яму прастрэлілі лёгкія, там ён зарабіў газавую гангрэну левай рукі, але застаўся жывым і стаў мастаком”.
Франтавыя падрабязнасці з біяграфіі галоўнай гераіні высветліліся падчас адной з наступных сустрэч. У рамане ўзгадваецца дата “дваццаць сёмага”. Якога месяца – не ўдакладняецца. Варыянтаў два – кастрычнік або лістапад. Хутчэй за ўсё лістапада, бо ў творы ўзгадваецца і дата наступнага спаткання, якое адбылося неўзабаве пасля папярэдняга, – 2-га снежня. Менавіта 27-га Андрэя прызнаўся сваёй выкладчыцы ў каханні. А яна расказала яму ўласную гісторыю: “Я чалавек цяжкага лёсу. Вайна зачыніла перада мною дзверы ў тэатр. Абмарожаныя ў сорак першым рукі – у музыку. А я… мне гэта было даражэй за жыццё. Што мне засталося? Пісаць кнігі і тлумачыць другіх. Нешта накшталт прычотніка пры храме мастацтва”.
Згодна раману, у 1941 годзе Ірына Горава ўдзельнічала ў абароне Масквы. Ёй было тады пятнаццаць. Яна дадала сабе гадоў і трапіла ў шэрагі маскоўскага апалчэння. “Пачалося з абстрэлу. Калі ён скончыўся, усё поле было перакапанае, быццам тут цэлы тыдзень рылася свіння. Вялікая, са слана. А потым немцы пусцілі супраць нас пяхоту і танкі. Цяжкія танкі “Валянцін”… I тут здарылася дзіўнае. Нас было дзве сотні амаль дзяцей. I мы адбілі танкавую атаку… Віця (першае каханне Ірыны Горавай – Д.М.) спаліў адну з машын… А нас засталося пяцьдзесят чалавек… I такое ап’яненне – маўляў, вось варта было нам прыйсці – і вораг уцякае, – што гэтыя пяцьдзесят кінуліся ў контратаку… Дурныя, харошыя былі хлопцы… Камандзірам удалося іх затрымаць… Віцька падабраў нямецкі аўтамат і прыкрываў чэргамі тых, што адступалі да сваіх акопаў. Я была непадалёк. I тут… тут міна трапіла якраз у тое месца, дзе стаяў ён… Я яшчэ паспела ўбачыць: высокі такі, чорны, маслісты слуп дыму і зямлі… I потым цемра… Мяне падабралі хлопцы. Міхал (камандзір аддзялення – Д.М.) сам адправіў мяне ў медсанбат… Але што яны маглі тады? Асколак сядзіць у калясардэчнай сумцы і цяпер”. Згодна раману, менавіта Міхаіл стаў яе мужам. “Я чакала, і ён чакаў. Не стамляўся чакаць. I казаў, казаў мне словы… Што мне было да жыцця пасля той смерці? Жыццё адабрала любы шлях, жыццё адабрала любага чалавека… Я згадзілася”.
Гэта падзеі рамана. Як яны суадносяцца з рэчаіснасцю? Вышэй ўжо адзначаўся удзел Э.Бялюціна ў абароне савецкай сталіцы. А вось цытата з успамінаў Молевай пра ўласнае прадстаўленне на літаратурных курсах: “Представление нового преподавателя Ю.Г.Лаптевым было коротким. Научная степень. Книги. Журналистская работа. Участница обороны Москвы. Участница Великой Отечественной”. І яшчэ адзін доказ наконт праўдзівасці літаратурнай цытаты. 29 лютага 1960 года Уладзімір Сямёнавіч пісаў з Масквы пра Н.Молеву свайму сябру Янку Брылю: “І ўсё адно, лепей бы не нараджацца на свет. Таму што для яе засталіся лічаныя гады, магчыма, месяцы. Была дзяўчынка. Быў выбух бомбы. І, як вынік, асколак у каласардэчнай сумцы. І аперацыю зараз рабіць позна”.
Але нават пасля шчырай размовы “я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, – сказаў Андрэй. – Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было”.
Гэта было нейкае насланне. “Андрэю гэта было тым горш, што ён апошнія месяцы дрэнна спаў. Ён нават еў дрэнна ў тыя дні, калі не бачыў яе. Як марфініст без морфію. Дзень праходзіў у напружаных думках аб ёй, ва ўпартай, але часта бясплоднай працы, у бязмэтных бадзяннях па горадзе. А вечарам чалавек клаўся ў ложак і гадзін да чатырох не мог спаць. Ліхаманкавыя думкі, уяўленні, часам нейкая блытаная сувязь слоў, знешне стройныя сказы, якія нічога не азначаюць. Потым – цяжкі сон, у якім ён ні разу не бачыў яе. А потым, гадзін у сем, быццам шокавы ўдар, калі прачынаешся, седзячы на ложку”.
Падчас адной з экскурсій “Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай”.
Часам цяжка было зразумець, гульня гэта з яе боку, ці проста жаданне ўцячы ад кахання. На адной з лекцый Горава расказала слухачам нібыта абстрактную гісторыю, а фактычна прысвечаную іх ўзаемаадносінам: “Вось я, напрыклад, чытала нядаўна раман. Ён – амерыканскі мастак. Яна – псіхіятр з Парыжа. Пакахалі. Так, як рэдка бывае. Што рабіць яму без скалістых гор, без узараных прэрый, без мамантавых дрэў? I што рабіць ёй без Парыжа, без клінікі, без справы свайго жыцця? І, як ні стараюцца, каханне гіне, бо кожны не можа дараваць другому нежадання ахвяраваць сабой”. З ліста Ю.Гальперыну 21 снежня 1959 года: “Нас очень разделяет работа, крепко призывающая ее к Москве (…), но все это важно, если она меня любит”.
У рамане пасля лекцый Горава і Грынкевіч накіраваліся на выстаўку, а потым у заснежаную зону адпачынку. Дазволю сабе тры цытаты з рамана: “Менавіта таму падаў ёй зялёную літоўскую хустку і футрачку, а потым выйшаў з ёю на сляпуча белы снег, які яшчэ не паспелі запляміць сятчатымі слядамі галёш.
– А на мне гэтая хустка. Я не хацела сёння ісці з вамі.
– А што хустка?
– Ды я ў ёй на матрошку падобная (…).
А дрэвы былі заснежаныя. I ён моцна патрос за сук клёна, пад якім яны ішлі.
Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін. (…)
– Ведаеце, чаго не хапае на гэтых сініх дрэвах?
– Ведаю. Снегіра. Чырвонай іскры”.
А цяпер урывак з ліста Караткевіча ад 7 студзеня 1960 года: “Мне нужны ваши изумительные серые глаза, ваша улыбка, ваши «матрёшкины волосы» под платком, мне нужна ваша любовь ко мне и моя бесконечная любовь к вам. (…). Для меня сейчас хорош снег только потому, что его можно отряхнуть на вас и на себя с ветки, хорош снегирь, потому что вы их любите, хороша луна только потому, что, — помните? — когда мы ехали из Загорска, она, как на воде, проложила дорожку на льду пруда. И кругом были чёрные силуэты верб, а по этой лунной дорожке скользили тени мальчишек”.
Згодна раману, у той дзень Горава паведаміла Андрэю, што “учора я чамусьці дала згоду на аперацыю. Мне раптам вельмі захацелася жыць. Не ведаю чаму. У студзені еду ў міжнародны шпіталь, у Вену. Калі не паеду – абяцаюць год жыцця”. У якасці падцвярджэння гэтага факта прывядзем цытату з ліста Караткевіча да Молевай ад 2 студзеня 1960 года: “Вот и Новый год прошёл. И скоро вы вернётесь из Женевы. Боже мой, хоть бы только у вас всё удачно вышло с Веной”.
Наступныя сцэна “Леанідаў…” найбольш трапяткая і лірычная – гэта эпізод першай блізкасці герояў. Якраз у той жа час, 21 снежня 1959 года Караткевіч напісаў Ю.Гальперыну: “И наконец, та, о которой я тебе писал, призналась мне, что любит меня” (БДАМЛМ. Ф.56. Воп. 2. Спр. 14. Л. 38-39).
У рамане ў той дзень Ірына кажа Андрэю: “Калі б у мяне, хоць пяць год… Пайшла б не думаючы, адразу”. А вось цытата з ліста пісьменніка да Янкі Брыля, датаванае 29 лютага 1960 года: “І гэты чалавек хоча быць са мной. Я ведаю гэта, і не толькі са слоў. І ніколі са мною не будзе менавіта з гэтай прычыны. Не хоча, каб мне было дрэнна. Сказала: “Каб я ведала, што мне далі тры гады – не было б нават слова супраць гэтага. А пакінуць цябе праз месяц, – я не магу, не трэба”. (…). А я без адзінага слова падзяліў бы з ёю ўсё, усе гады, што мне дадзены. У другіх ёсць справа, ёсць сваё жыцця. А мне ўсё гэта непатрэбна».
У той вечар Горава “раптам прыўзнялася.
– Абяцай мне, што ніколі не здымеш са сценкі майго падарунка.
– Абяцаю.
– Я табе падару, рэпрадукцыю “Венеры” Бацічэлі. Усе кажуць, што гэта я…
Праўда ж, гэта можна?.. Што б ні здарылася потым – гэта ж толькі фрагмент карціны”. Тое, што гэты эпізод – не фантазія, сведчыць цытаты з ліста Караткевіча да Гальперына ад 21 снежня 1959 года (“Если хочешь знать – какова ее наружность – посмотри на лицо мадонны Боттичелли. Это почти точный ее портрет”; БДАМЛМ. Ф.56. Воп. 2. Спр. 14. Л. 38-39) і самой Молевай ад 7 студзеня 1960 года: “А от вас всё ещё нет ни строчки, ни, хотя бы, Боттичелли”.
Іх шчасце было нядоўгім.
Працяг будзе
Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Старонкі кахання// Літаратура і мастацтва. 2011. 18 лютага. № 7. С. 15.