Масавая літаратура: прывітанне з Польшчы

Два тыдня таму мяне папрасілі зрабіць маленькае інтэрв’ю з Янушам Леонам Вішнеўскім. Маёй першай рэакцыяй было пытанне «А хто гэта?».

Пасля давялося адкрыць «Вікіпедыю», каб прачытаць яго біяграфію. У суботу 7 жніўня схадзіў у «Светач», дзе адбывалася яго сустрэча з чытачамі. Задаў неабходнае пытанне і запісаў адказ. Так атрымаўся маленькі матэрыял. Ён, дарэчы, абсалютна не сведчыць пра інтэлектуальны ўзровень апытваемага чалавека. Таму і прыводзіць яго не мае асаблівага сэнсу.

Што мяне здзівіла, дык гэта колькасць прысутных, а таксама ажыятаж вакол Вішнеўскага.  Вядома, прыемна, што цяпер у нас папулярна не толькі расійская, але і польская масавая літаратура. Але…

У свой час у рукі трапіў на раман беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай «Площадь согласия». Пра кнігу кажуць, што гэта жаночая і, адначасова, масавая літаратура. Так няхай ўся масавая будзе такой масавай! Бо Вішнеўскі нават да яе недацягвае.

Шукаючы пра паляка матэрыял у Інтэрнэце, напаткаў вось такія «арыгінальныя» і «глыбокія цытаты»: «У Иисуса, если бы он жил сейчас, был бы агент, юрист, электронный адрес и сайт в интернете», «Как важно, чтобы у тебя был кто-то, по кому ты скучаешь…», «Он коснулся пальцами ее волос, она ощутила, что к ней прикоснулась любовь».

І матэрыялы пра Вішнеўскага прайшлі па ўсіх СМІ. Зрэшты, «ЛіМ» быў не выключэнне.

Масавая літаратура: прывітанне з Польшчы: 3 комментария

  1. О! Пра масавую літаратуру — гэта асобная опера. Як ні круці, а без яе зусім ніяк: я з Кафкай у метро выглядаю прыдурак-прыдуркам. Гэта шчыра. Што да якасці масавай літаратуры — яна ж таксама розная была. Вось амерыканскі дэтэктыўшчык Рэйманд Чандлер. Абаслютна масавая літаратура. Але напісана настолькі якасна, што даўно ужо ягоныя творы вывучаюць у курсе амерыканскай літаратуры ХХ стагоддзя. Гледзячы што лічыць масавай — вунь у Талстога пры жыцці было столькі чытачоў, што неяк нават і няёмка))). Ці ў іншых класікаў. Што тычыцца Вішнеўскага — гэта да, чарговы псіхоз, хаця лепш, чым папярэдні — там увогуле жах быў. Я маю наўвазе графамана Каэльа, ад трох старонак любога ягонага твора станавілася рэальна дрэнна. Я шчыра спрабаваў па парадзе аднаго чалавека прачытаць «На беразе Рыа-нешта-та села я…», мяне ўпэўнівалі што гэта вельмі «філасоўская рэч». Карацей, дзесяць старонак гэтай бурды і плакаць захацелася ўжо мне — не ад пачуццяў, ад усведамлення таго , што гэтая шалёная, абсалютна графаманская брэдзяціна з’яўляецца САМАЙ ЧЫТАНАЙ кнігай. Сэнс у гэтым такі: бярэцца прапісная ісціна і загортваецца ў прытчываю форму. Дык вось, у параўнанні з гэтым і Вішнеўскі за генія пойдзе))).

  2. Наконт Каэльа не зусім згодзен. Чытаў некалькі яго кніг: «Алхімік», «Вераніка вырашае памерці», «Адзінаццаць хвілін» і «Заір» (так шмат, бо пазычалі). «Алхімік» не спадабаўся (прэтэнзія на філасофію, якой няма). «Заір» сярэдненька. У «Адзінаццаці хвілінах» былі арыгінальныя фрагменты:) А вось «Вераніка вырашае памерці» напісана проста супер. Можа, гэтай кніга ён і застанецца ў літаратуры.

  3. Да «Веранікі» не дайшоў, усё скончылася «Алхімікам» і паловай «На беразе….».
    Дарэчы, гляжу я на стыль ягоны і форму, і разуемю, што ўсё гэта ўзята ў Рычарда Баха, які ў сваю чаргу ўсё гэта браў у Экзюперы.

Комментарии запрещены.