У лесе, без дзяўчат і мабільнікаў. Як рыхтуюць будучых памежнікаў

За мінскай кальцавой, недалёка ад мікрараёна “Зялёны Луг” літаральна пасярод леса ўжо пяць гадоў працуе напаўзакрытая элітарная ўстанова – Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча №2.

“Народная Воля” даведалася, як праходзяць уступныя экзамены, як падлеткі вытрымліваюць без дома і што катэгарычна забараняецца хлопцам, якія праз  некалькі гадоў будуць ахоўваць дзяржаўныя межы.

Фатаграфаваць забаронена!

Трапіць на тэрыторыю вучылішча можна свабодна. А вось далей вестыбюля не пусцяць нават бацькоў. Дзяжурны запытаецца, да каго яны прыехалі, і пакліча кадэта на непрацяглую сустрэчу. Пагуляць па корпусе можна толькі ў “дзень адчыненых дзвярэй”. Фатаграфаваць унутры памяшканняў і родным, і самім падлеткам наогул забаронена.

Пра ўнутранае жыццё вучылішча “Народнай Волі” расказаў Алег Грушэцкі. Менеджар па адукацыі, ён цяпер працуе ў будаўнічай фірме. А ў вольны час піша апавяданні, вершы, супрацоўнічае са шматлікімі айчыннымі СМІ і нават здымаецца ў кіно (Алега можна ўбачыць у фільме Андрэя Курэйчыка “ГараШ”). З вучылішчам звязаны лёсы двух яго сыноў. Вадзім нядаўна паспяхова здаў уступныя экзамены, натхніўшыся прыкладам старэйшага брата Аляксея. А той трапіў у першы набор вучылішча, заснаванага ў 2011 годзе. Цікава, што да паступлення яго падштурхнулі расійскія серыялы “Салдаты” і “Кадэты”, хоць бацькі яго адгаворвалі, разумеючы, што вайсковы побыт не з лёгкіх. Зрэшты, сям’я Грушэцкіх мае даўнюю схільнасць да войска. Адзін са сваякоў у часы Другой сусветнай вайны даслужыўся да звання генерал-маёра. Ваявалі і продкі Алега. Наш суразмоўца прасачыў 15 пакаленняў сваіх прашчураў, аж да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Кажа, што яго род вядомы яшчэ з Грунвальдскай бітвы ў якой прымаў удзел Мацей Грушэцкі, каронны харунжы.

Аляксей Грушэцкі вучыцца зараз на другім курсе Інстытута памежнай службы. Вучылішча звязана з гэтай установай і сярод іншага рыхтуе будучых памежнікаў. Натуральна, паступаць у інстытут ніхто не прымушае. Але калі ўсе адзнакі кадэта 7 балаў і вышэй, ён можа трапіць у гэтую ВНУ без экзаменаў. З першага выпуску больш за 75% навучэнцаў працягнулі навучанне ў ваенных вышэйшых навучальных установах, з іх больш за палову падалі дакументы ў Інстытут памежнай службы.

Дарэчы, цяпер у Мінску гэта адзінае кадэцкае вучылішча. На год раней за яго адкрылася вучылішча №1. Але яго перайменавалі ў спецыялізаваны ліцэй пры Міністэрстве ўнутраных спраў, а нумарацыя засталася без змен.

Блат не працуе

Як трапіць у вучылішча? Уступныя экзамены складаюцца з некалькіх частак. Спачатку псіхалагічны тэст, на якім адсейваецца пэўная колькасць абітурыентаў. “Нам выдалі лісточкі, на якіх былі апісаны розныя сітуацыі з жыцця, – расказаў Вадзім Грушэцкі, які сёлета паспяхова вытрымаў выпрабаванні. –  Сказалі, што трэба адказваць першае, што прыйдзе ў галаву. Тады адказ будзе правільны. Напрыклад, было пытанне “Ці распівалі вы алкаголь?”. Або “Ці баіцеся вы навальніцы?”. Другая частка – фізічныя практыкаванні.“На мой погляд, яны былі зусім не цяжкія, – кажа Грушэцкі-малодшы. – Я чакаў чагосьці больш складанага”. Хлопец даўно рыхтаваўся да экзаменаў. На адзнаку “10” трэба было падцягнуцца дзевяць разоў (прычым без рыўкоў), прабегчы 30 метраў за 4,5 секунды і скокнуць на2,1 метра. Як кажа наш суразмоўца, блат тут немагчымы. Напрыклад, у гэтым годзе ў вучылішча паступаў сын аднаго супрацоўніка міліцыі. Але ён не змог падцягнуцца столькі, колькі трэба. Трэцяя частка іспытаў – традыцыйныя матэматыка, руская або беларуская мова.

Сёлета ў восьмы клас падалі заявы каля 50 чалавек. З іх узялі толькі 24. Але летась не ўсе кадэты перайшлі ў дзявяты клас. Таму вучылішча аб’явіла дабор. На 11 месцаў прэтэндавалі 28 чалавек.

Цікава, што першыя паўгода навучэнцы яшчэ не з’яўляюцца кадэтамі. Яны павінны даказаць, што годныя гэтага звання, – і толькі тады пасля Новага года прымуць прысягу. Як згадвае Грушэцкі, сярод аднакласнікаў яго старэйшага сына прысягі не дачакаліся толькі тры чалавекі: іх адлічылі за парушэнне дысцыпліны.

Чаму сыходзяць кадэты? Кагосьці забіраюць бацькі. Іншыя не вытрымліваюць самі. З некаторымі развітваюцца па ініцыятыве настаўнікаў: маўляў, вы не падыходзіце нам па адзнаках або паводзінах.

Умовы жыцця – спартанскія

Падлеткі жывуць і вучацца ў вучылішчы пяць дзён штотыдня. Вечарам у пятніцу прыкладна ў шэсць гадзін іх забіраюць дадому. Вярнуцца ў вучылішча трэба вечарам у нядзелю або раніцай у панядзелак, яшчэ да заняткаў. Цікава, што кадэты абавязаны ехаць у сваёй форме. Ім не дазваляецца займаць сядзячыя месцы ў транспарце, калі ёсць стаячыя пасажыры. Трэба трымаць гонар кадэта!

Тэрыторыя ўстановы абгароджана, выходзіць за яе не дазваляецца. Зрэшты, вольнага часу ў кадэтаў няшмат. Падлеткі вывучаюць тыя ж прадметы, што і звычайныя школьнікі. У іх ёсць свае спартыўныя секцыі (па барацьбе, рукапашным баі, валейболе), факультатывы (па англійскай мове, матэматыцы і іншых прадметах). Адрозненне ў тым, што дзень пачынаецца з фізічнай падрыхтоўкі.

З кадэтамі займаюцца вайскоўцы (у тым ліку з Інстытута памежнай службы). Таксама ладзяцца вайсковыя гульні (кшталту савецкай “Зарницы”), спартыўныя спаборніцтвы. Летам арганізуюцца палявыя зборы. Падлеткі ездзяць на мяжу, жывуць у казармах, вывучаюць зброю і праводзяць час са спецыяльна навучанымі сабакамі. “Фізічнай падрыхтоўкі больш, чым у звычайнай школе. Але акцэнт усё ж такі робіцца на веды, каб кадэт мог паступіць у любую ВНУ”, – кажа Алег Грушэцкі.

Умовы жыцця – спартанскія. У адным пакоі тры-чатыры ложкі, адпаведная колькасць тумбачак і стол. Душавая і прыбіральня на калідоры. З аднаго боку, будынак калісьці будаваўся не для патрэб кадэцкага вучылішча. Размяшчэнне санітарнага блока засталося з часоў санаторнай школы-інтэрната, якая знаходзілася там да 2011 года. З другога боку… “Гэта не лагер адпачынку і не гасцініца, – усміхаецца мой суразмоўца. – Распарадак не армейскі, але набліжаны да яго”.

Пытаюся пра дзедаўшчыну: ці сустракаецца яна ў кадэцкім вучылішчы? Алег Грушэцкі ўпэўнены, што такога няма. “Натуральна, калектыў хлапечы, але атмасфера не жорсткая, больш дысцыплінаваная, – кажа ён. – Калі юнак няздатны быць мужчынам, аднакласнікі гэта хутка адчуваюць. Такія кадэты ў вучылішчы не прыжываюцца”. Мой суразмоўца з цяжкасцю згадаў усяго адну форс-мажорную сітуацыю, якая здарылася за чатыры гады вучобы яго сына. “Адзін хлопец скраў у таварыша гадзіннік, – расказвае Алег Грушэцкі. – Дык ад яго адразу адвярнуўся ўвесь калектыў. Хлопец не вытрымаў, што з ім ніхто не размаўляе, і неўзабаве сышоў у звычайную школу”. Як падкрэслівае мой суразмоўца, такі выпадак мог здарыцца і ў звычайнай школе.

У інтэрнэт – пад наглядам

Цікава, што вольна карыстацца мабільнымі тэлефонамі кадэтам забаронена. «Сотавыя, гаджэты ў іх адбіраюць, – расказвае Алег. –  Просяць пакідаць іх дома. Калі хлопец прыязджае ў вучылішча з мабільным, ён здае яго і атрымлівае ў пятніцу, калі сыходзіць дадому. Калі якую-небудзь тэхніку знойдуць на ўроку або ў пакоі, забяруць. Але аддадуць у такім выпадку ўжо не ў рукі падлетку, а выклікаюць бацькоў». Педагог (а частка выхавацеляў жыве ў корпусе разам з падлеткамі) можа зазірнуць ноччу ў пакой і праверыць, каб дзеці не гулялі на мабільным. Дарэчы, камп’ютараў у жылых пакоях няма. Ёсць асобны камп’ютарны клас, дзе ў вольны час можна выйсці ў інтэрнэт або пагуляць у прысутнасці настаўніка. Але выхаду ў сацыяльныя сеткі няма.

Алег Грушэцкі цалкам падтрымлівае такую ініцыятыву. На яго думку, празмернае карыстанне мабільнікамі і захапленне гульнямі перашкаджае вучобе і не дае спаць. На заўвагу, што на выхадных падлеткі могуць дарвацца да мабільніка і камп’ютара, наш суразмоўца ўсміхаецца: «Спакусы не ўзнікае. За пяць дзён яны паспяваюць адвыкнуць». Для сувязі з домам выкарыстоўваецца бясплатны станцыянарны тэлефон.

Натуральна, кадэтам можа не хапаць не толькі сродкаў сувязі. Калі разам з табой вучацца выключна хлопцы, як пабачыцца з прыгожай паловай чалавецтва? «Некаторыя дзяўчаты прыязджаюць да сваіх хлопцаў у вучылішча, – расказвае Алег Грушэцкі. –Можна гадзінку паразмаўляць у самім корпусе, можна пагуляць па тэрыторыі. Калі захочуць больш паразмаўляць або кудысьці схадзіць, ёсць выхадныя». Тым больш вольнага часу ў суботу і нядзелю хапае. Паколькі падручнікі застаюцца ў вучылішчы, кадэтам не задаюць на выхадныя хатнія заданні.

Прастудзіўся? Марш у ізалятар!

У любы дзень да сваіх дзяцей могуць прыехаць і бацькі. Праўда, ім не дазваляюць перадаваць дзецям прадукты, якія хутка псуюцца. Баяцца, каб падлеткі не атруціліся. На ўсялякі выпадак у вучылішчы ёсць уласны медыцынскі пункт. Калі ў кадэта нешта сур’ёзнае (напрыклад, грып), бацькоў папросяць забраць яго дадому. Калі лёгкая прастуда, абавязкова патэлефануюць дадому і пакінуць у невялікім медыцынскім ізалятары, разлічаным на некалькі месцаў.

Паводле слоў Алега Грушэцкага, кормяць кадэтаў вельмі добра. Меню падобнае на школьнае. “Яно нават больш каларыйнае, бо шмат фізічных практыкаванняў”, – кажа мой суразмоўца. Для тых, каму не хапае сняданка, абеда або вячэры, працуе буфет.

Як вядома, афіцыйна беларуская адукацыя з’яўляецца бясплатнай. Але ў рэальнасці бацькі вучняў часта павінны скідвацца то на рамонт, то на тэхніку. Якая сітуацыя назіраецца ў кадэцкім вучылішчы? “Мне грэх скардзіцца, – адказвае Алег Грушэцкі. – Падлеткі знаходзяцца на поўным утрыманні дзяржавы. Натуральна, даводзіцца набываць сшыткі або ручкі. Часам просяць дапамагчы з рамонтам: не прымусова, па жаданні. Недзе падклеіць шпалеры, дзесьці адрамантаваць замок. Бо пасля санаторыя некаторыя памяшканні былі не ў самым лепшым стане”. Дарэчы, шэсць-сем гадоў таму аўтар гэтых радкоў трапіў па журналісцкіх справах у будынак, дзе цяпер працуе вучылішча. Уражанне сапраўды было дастаткова сумнае. Мой суразмоўца прызнаецца, што пэўныя траты правакуюць… самі кадэты. “Гэта ж хлопчыкі! – кажа Алег. –  То яны душ зламаюць, то дзверы пашкодзяць. Бацькі менавіта гэтых дзяцей прыязджаюць і або рамантуюць, або аплачваюць рамонт”.

Алег Грушэцкі вельмі задаволены кадэцкай адукацыяй: “Калектыў добры, мужчынскі. Пасля вучылішча аднакласнікі сына засталіся яго сябрамі. Кадэцкае братэрства – назаўсёды”.