Доўгажыхары

За гады незалежнасці Беларусі ў адстаўку паспелі сысці сямёра прэм’ер-міністраў, шасцёра міністраў замежных спраў і васьмёра старшынь КДБ. А які лёс напаткаў людзей творчых прафесій, каго з іх можна лічыць доўгажыхаром на адной пасадзе?

 

Барыс Маісееў “Харошкам” не падышоў

Адзіная жанчына ў спісе творцаў-доўгажыхароў – Валянціна Гаявая, стваральніца знакамітага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Валянціна Іванаўна нарадзілася ў Расіі і трапіла ў Беларусь ужо далёка не ў юным узросце. Але нацыянальны танец шмат у чым асацыіруецца менавіта з ёй. Ансамбль узнік у 1974 годзе, і з таго часу Гаявая, якой ужо 80, з’яўляецца яго мастацкім кіраўніком і галоўным балетмайстрам. Больш за 40 гадоў, як кажуць, на п’едэстале! Хто такім стажам можа пахваліцца?

Цікава, што калектыў мог называцца “Крыніца”. Але потым танцоўшчыкі расказалі Гаявой, што так называецца віно, якое яны бачылі ў магазіне. Таму выбар быў зроблены на карысць “Харошак” – так называлася вёска на Магілёўшчыне. Калісьці Гаявая ўбачыла самадзейны калектыў з тых мясцін.

Дарэчы, Гаявая прызнавалася, што двойчы не ўзяла ў свой ансамбль Барыса Маісеева, цяпер вядомага прадстаўніка расійскага шоу-бізнесу. Харызма выканаўцы ўжо адчувалася, але вольных ставак не было. Цікава, што тады Маісееў не думаў пра эстраду. Ён скончыў харэаграфічнае вучылішча, пазней пэўны час з’яўляўся танцоўшчыкам балетнай трупы.

 

Іспыт у аўташколе ўразіў больш, чым канцэрты

Дырыжор – адна з тых прафесій, у якіх ўзрост не з’яўляецца вызначальным. “Прыкладаў таму мноства, – расказваў “Народнай Волі” дырыжор Анатоль Лапуноў. –Вялікі Мравінскі ў апошнія гады нават не стаяў, а сядзеў за пультам перад сваім аркестрам, але выходзіў дырыжыраваць! Таму што справа не ў фізічным стане… Тое ж і ў свеце. Герберт фон Караян працаваў да свайго апошняга ўздыху не толькі таму, што яго палымяна любілі: ён быў патрэбны як музыкант – такая асаблівасць прафесіі”.

У якасці прыкладу Лапуноў назваў і прозвішча Міхаіла Казінца, які з 1975 года, з часоў Машэрава і Брэжнева, узначальвае Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча. Зрэшты, не зазірнуўшы ў энцыклапедыю або ў інтэрнэт, не кожны правільна назаве ўзрост маэстра – 78 гадоў! Казінец заўжды дэманстраваў пагарду да ўзроставых стэрэатыпаў. У 68 гадоў ён здаў на правы.“Падобнага пачуцця я не вызнаваў нават пасля самых трыумфальных сваіх канцэртаў”, – ці то ўсур’ёз, ці то жартам казаў маэстра, згадваючы той дзень.

 

“Майскі вальс” у падарунак маме

Славуты кампазітар Ігар Лучанок не мае патрэбы ў дадатковым прадстаўленні. Дастаткова сказаць, што музыка да многіх хітоў “Песняроў” – куляшоўскай “Алесі”, купалаўскай “Спадчыны”, багдановічаўскай “Веранікі”, песні “Зачарованая мая” на вершы Генадзя Бураўкіна – напісаны менавіта ім. З напісаннем кожнай песні звязана свая гісторыя. Вось адна з іх. “Тата і мама вельмі хацелі, каб я стаў музыкантам. І, што самае цікавае, мая мама любіла вальсы Штраўса. І я ёй потым напісаў “Майскі вальс”: “…помнит Вена, помнят Альпы и Дунай”, – расказваў Лучанок.

Ужо шмат часу, з 1980 года, Ігар Міхайлавіч узначальвае Саюз кампазітараў Беларусі. У савецкія перыяд гэта была моцная ўплывовая арганізацыя. Цяпер ад СКБ засталіся, можна сказаць, толькі рэшткі былой велічы. У будынку на плошчы Свабоды, дзе раней месціўся Саюз, – рэстаран  і салон прыгажосці. Замест гэтага кампазітары атрымалі некалькі пакояў на другім паверсе аднаго са старых сталічных будынкаў. Але трапіць да новага месца працы Лучанку няпроста. Як расказалі “Народнай Волі” сябры кампазітара, Ігару Міхайлавічу тры гады не маглі паставіць правільны дыягназ (кампазітар зламаў тазабедраны сустаў). Таму пад’ём на другі паверх – для чалавека сталага ўзросту і пры пэўных фізічных акалічнасцях – адна пакута. І ўсё ж і вось ўжо, лічы, 36 год Ігар Міхайлавіч – бязменны кіраўнік Саюза кампазітараў. Не шкадуюць творцы музыкальнага мастацтва паважанага чалавека…

 

 

З авіяцыі – у дырэктары

Кар’ера Эдуарда Герасімовіча пачыналася у… авіяцыі. Трапіўшы ў армію, ён служыў механікам па спецабсталяванні, абслугоўваў самалёты. Пасля нейкі час працаваў на адным з мінскіх заводаў грамадзянскай авіяцыі, але любоў да мастацтва аказалася мацнейшай. Герасімовіч пісаў вершы, музыку. «У мяне і свой аркестр быў з прыгожай назвай – «Арфей», ігралі мы ў Астрашыцкім Гарадку», – згадваў ён у адным з інтэрв’ю. Таму паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут, дзе тады ўпершыню вырашылі рыхтаваць кіраўнікоў творчых калектываў. У 1982-м Герасімовіч стаў намеснікам дырэктара Рускага тэатра, а ў 1983-м, яшчэ ў часы Юрыя Андропава, – дырэктарам і знаходзіцца на гэтай пасадзе ўжо 33 гады.

Пра асобу Герасімовіча сведчыць наступная сітуацыя. Напрыканцы «нулявых» свае пасады пакінулі Барыс Луцэнка, тагачасны мастацкі кіраўнік Рускага, і Валерый Раеўскі, які ўзначальваў Купалаўскі тэатр. Некаторыя калегі паставіліся да апошняга не надта прыгожа. Раеўскі сышоў з калектыву, што скараціла яго жыццё. А Луцэнка – у тым ліку дзякуючы падтрымцы Герасімовіча – застаўся ў Рускім і дагэтуль радуе прыхільнікаў сваёй творчасцю.

 

Калега Уладзіміра Караткевіча

З авіяцыяй магло быць звязана жыццё і Аляксандра Козака. У школьныя гады ён марыў стаць лётчыкам, але бацькі пераканалі яго паступаць у педінстытут. На іспытах ён дапамог рашыць задачу па матэматыцы незнаёмай дзяўчыне, а сам вярнуўся дадому – зразумеў, што педагогіка не яго справа. Бліжэй да канца лета Аляксандра адправілі да сваякоў у Мінск. Убачыўшы аб’яву аб наборы ў Тэатральна-мастацкі інстытут, ён вырашыў паспрабаваць… І паступіў.

Сваю кар’еру Козак пачаў як акцёр Брэсцкага тэатра драмы. У 1988-м, яшчэ ў гарбачоўскія часы, узначаліў калектыў. Цікава, што на пачатку 1990-х Козак адпрацаваў разам з Уладзімірам Караткевічам. Праўда, не са славутым пісьменнікам, а з яго поўным цёзкам – тэатральным рэжысёрам. У 1994-м Козак стаў яшчэ і мастацкім кіраўніком тэатра.

Справа жыцця Козака – міжнародны фестываль “Белая Вежа”, які праводзіцца ў Брэсце ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час былі паказаны спектаклі, пастаўленыя больш як у 50 краінах свету (нават такіх экзатычных, як Туніс і Егіпет).

Дарэчы, з авіяцыяй дырэктар брэсцкага тэатра канчаткова не развітаўся. Як кажа жартам, у камандзіроўкі па магчымасці лятае самалётам.

 

Тэатр у спадчыну

Кіраўнічыя пасады не перадаюцца ў спадчыну. Праўда, адну гісторыю можна назваць выключэннем. У 1956 годзе Дзяржаўны тэатр лялек БССР узначаліў Анатоль Ляляўскі. Як кажуць спецыялісты, менавіта пры ім у тэатры, які традыцыйна лічыўся дзіцячым, з’явіліся спектаклі для дарослых, а акцёры выйшлі з-за шырмы да гледачоў.

На пасадзе галоўнага рэжысёра Анатоль Аляксандравіч адпрацаваў 30 гадоў. Пасля чаго ў 1986 годзе яго змяніў сын, Аляксей Ляляўскі. Натуральна, яго прызначэнне тлумачылася талентам, а не вядомым прозвішчам.

Цікава, што Аляксей не збіраўся станавіцца рэжысёрам. “Я някепска вучыўся на фізіка-матэматычных курсах і сваю будучыню планаваў звязаць з лічбамі, паколькі любая публічнасць была звязана для мяне тады з вялікім стрэсам, – расказваў ён у адным з інтэрв’ю. – А напярэдадні экзаменаў так хваляваўся, што тата прапанаваў «для пачатку» схадзіць пачытаць вершы ў Тэатральна-мастацкі інстытут – правесці нешта кшталту рэпетыцыі «сапраўдных» экзаменаў. Нечакана для мяне “рэпетыцыя” аказалася паспяховай…” Сёлета Ляляўскі-малодшы атрымаў “Залатую маску” – самую прэстыжную тэатральную ўзнагароду Расіі – у намінацыі “Лепшы рэжысёр тэатра лялек”.

Дарэчы, начальнік Аляксея Анатольевіча, дырэктар тэатра Яўген Клімакоў, працуе на сваёй пасадзе яшчэ даўжэй – з 1985 года. АВіктар Клімчук, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька”, што дзейнічае ў Віцебску, узначальвае тэатр з 1990 года.

 

“Мая сям’я – гэта мой аркестр”

Імя Міхаіла Фінберга асацыіруецца з Дзяржаўным канцэртным аркестрам, які ён узначальвае з моманту заснавання гэтага калектыву – з 1987 года. А таксама з папулярызацыяй беларускай музыкі і паэзіі, з Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і са шматлікімі выступленнямі ў гарадах Беларусі.

Цікава, што кар’ера Фінберга пачыналася ў мінскім цырку, аркестр якога ён узначальваў паўтара дзесяцігоддзя. Міхаіл Якаўлевіч працаваў з савецкімі зоркамі – Карандашом, Алегам Паповым, Ігарам Кіо і прадстаўнікамі дынастыі Запашных. “Яны мяне выхоўвалі, яны навучылі мяне самаму галоўнаму ў жыцці – працы, – расказваў у адным з інтэрв’ю Фінберг. – Я працаваў без выхадных і без адпачынкаў, як я працую і цяпер у аркестры. У мяне самы вялікі адпачынак – 7–8 дзён”.

Маэстра любіць паўтараць: “Мая сям’я – гэта мой аркестр”.

 

… А цяпер — аншлагі

У большасці чытачоў рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў асацыіруецца выключна з кіно. Усё лагічна: тут і кіраванне Беларускім саюзам кінематаграфістаў, і непрацяглая праца дырэктарам “Беларусьфільма”, і амаль два дзясяткі стужак, у якіх здымаліся беларускія і расійскія зоркі (“Дунечка”, “Снайпер: зброя адплаты”, “Пакушэнне”).

SONY DSC

SONY DSC

Але адначасова з 1991 года Яфрэмаў узначальвае сталічны Тэатр-студыю кінаакцёра. Дарэчы, адной з вядучых актрыс трупы з’яўляецца жонка Аляксандра Васільевіча, прыгажуня Валерыя Арланава. Цяпер калектыў не ведае праблем з наведвальнасцю: на кожным спектаклі аншлагі. А вось на пачатку 1990-х назіралася іншая сітуацыя. “Тады ў тэатры амаль не хадзілі, – расказваў Яфрэмаў. – У нас кантрольнай лічбай было 15 чалавек у зале. Калі гледачоў збіралася менш, мы не ігралі. Потым з’явілася пастаноўка “Мы ідзём глядзець “Чапаева”. З яе і пачалася цікавасць да трупы”.

 

У аднаго з заснавальнікаў АГП – свая арганізацыя

Сітуацыя з Аляксеем Дударавым у нечым падобна на тую, што адбылася з Ігарам Лучанком. Суперпаспяховы драматург, аўтар п’ес “Выбар”, “Вечар” і “Радавыя”, якія ішлі па ўсім Савецкім Саюзе, аўтар сцэнарыя фільма “Белыя Росы”, ён яшчэ ў 1992 годзе ўзначаліў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Паралельна ў Дударава была процьма іншых спраў: ён пісаў новыя п’есы (напрыклад, “Князь Вітаўт”), узначальваў часопіс “Мастацтва” і нават займаўся палітыкай (напрыклад, быў адным з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

Праўда, паміж Дударавым і Лучанком усё ж такі ёсць адрозненне. Падобна на тое, што ў першага маюцца канкурэнты. У 2012 годзе тэатральны крытык Таццяна Команава вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Саюза тэатральных дзеячаў. Але Дудараў перамог, набраўшы дзве трэці галасоў. З таго часу жыццё саюза праходзіць без змен. Колькі яшчэ працягнецца доўгажыхарства знакамітага драматурга на кіруючай пасадзе – жыццё пакажа.