Музей за ўласную пенсію

Унікальная прыватная ўстанова пад пагрозай закрыцця.

Паруліс

У звычайным гродзенскім доме на вуліцы Лермантава, 25 вось ужо тры гады працуе Музей гарадскога побыту і гісторыі Гродна. Яго гаспадар – мясцовы жыхар Януш Паруліс. Яго продкі тры стагоддзі таму прыехалі ў Беларусь з Грэцыі, атрымалі шляхецтва. Апошнія дзвесце гадоў род Парулісаў стала жыве ў Гродне.

Біяграфія Януша вартая ўвасаблення ў мастацкім творы: у маладосці быў мараком, пазней займаўся прадпрымальніцтвам, пэўны час працаваў у мастацкіх майстэрнях, а ў вольны час выязджаў на рэстаўрацыю цэркваў і касцёлаў. У 2013 годзе Паруліс адкрыў ва ўласным доме музей, дзе знаходзіцца каля 300 тысяч унікальных экспанатаў.

У чым праблема? Палова дома належыць сям’і Паруліса, палова – дзяржаве. Паводле слоў Паруліса, кошт арэнды ўвесь час павялічваецца. Гэтым летам гаспадар вымушаны за яе плаціць 300 рублёў (3 мільёны да дэнамінацыі). Але яго пенсія 270 рублёў (2,7 мільёна). Таму ён вымушаны не толькі аддаваць за арэнду ўсе грошы, але і прадаваць некаторыя экспанаты. Але і тут вялікіх прыбыткаў няма. “Ніхто нічога не хоча купляць, – расчаравана кажа Януш. – У людзей няма грошай”. Па гэтай жа прычыне гаспадар музея асабліва не зарабляе на ўваходных квітках. Іх кошт усяго 2 рублі 50 капеек (25 тысяч да дэнамінацыі). “Больш браць не магу, бо людзі наогул хадзіць перастануць”, – кажа Паруліс.

Гаспадар музея запрашае да сябе ў госці. Даведаўшыся, што я тэлефаную з Мінска, прызнаецца: “Калі б не прыязджалі са сталіцы, быў бы поўны гамон”. Сярод наведвальнікаў музея хапае гасцей з Еўропы і Расіі, а вось мясцовыя жыхары прыходзяць слаба. А грошай на рэкламу ў Паруліса няма.  Між тым сярод 300 тысяч экспанатаў можна ўбачыць больш за тысячу старых паштовак (сярод іх каля чатырохсот прысвечаны Гродна), Біблію 1856 года, прадметы гарадскога побыту ХІХ стагоддзя (ад венскай мэблі да скрынак ад чаю і кавы).

Калі ніхто з прыватных інвестараў або дзяржава ў бліжэйшы час не прыйдзе на дапамогу Янушу Парулісу, праз пэўны час музей спыніць існаванне. А экспанаты будуць расцярушаны па прыватных калекцыях.

Дарэчы, музей працуе цэлы дзень. Для наведвання трэба толькі патэлефанаваць гаспадару (яго телефоны можна лёгка знайсці ў інтэрнэце) і дамовіцца пра візіт. Згадзіцеся: 2 рублі 50 капеек – не самая вялікая сума, каб дакрануцца да сваёй гісторыі.