Урал Латыпаў працаваў на маскоўскіх ранцье

Што звязвае беларускага сенатара Уладзіміра Сянько і расійскага мільярдэра Міхаіла Прохарава? Чым цяпер займаецца Іван Антановіч? Колькі зарабляе ў Маскве Урал Латыпаў?  “Народная Воля” ўзгадала ўсіх кіраўнікоў айчыннага МЗС і высветліла, куды яны сыходзяць пасля міністэрскай пасады.

Мид

Музей ва ўласным катэджы

З моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі Міністэрства замежных спраў змянілася ўжо шэсць кіраўнікоў. Апошнім міністрам замежных спраў БССР і першым міністрам замежных спраў незалежнай Беларусі стаў Пётр Краўчанка (1990–1994). Былы сакратар Мінскага гаркама кампартыі, Пётр Кузьміч перамог на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання. Па прапанове Вячаслава Кебіча дэпутаты зацвердзілі яго на пасадзе міністра.

Расказваць біяграфію Пятра Кузьміча пасля адстаўкі – усё роўна, што пісаць авантурны раман. У 1995-м Краўчанка перамог на чарговых парламенцкіх выбарах і вярнуўся ў вялікую палітыку, узначаліўшы камісію па міжнародных справах у Вярхоўным Савеце 13-га склікання. Экс-міністр падтрымаў ініцыятыву па імпічменце ў дачыненні да прэзідэнта Лукашэнкі, і пасля роспуску парламента не быў уключаны ў склад Палаты прадстаўнікоў.

Але ў 1998-м Краўчанка нечакана вярнуўся на дзяржаўную службу – стаў паслом у Японіі (і па сумяшчальніцтве на Філіпінах). Вяртанне на Радзіму ў 2002-м было звязана са скандалам. Атрымаўшы паведамленне пра адстаўку, Краўчанка на некалькі дзён знік. Як сцвярджалі тагачасныя СМІ, ён нібыта прыхапіў з сабой фінансавыя і афіцыйныя дакументы, а таксама пячатку місіі.

Пасля вяртання Пётр Кузьміч напісаў кнігу мемуараў “Беларусь на ростанях: нататкі дыпламата і палітыка” (дарэчы, яна друкавалася ў “Народнай Волі”) і заяўляў пра свае палітычныя амбіцыі. Але публічна кінуць пальчатку Аляксандру Лукашэнку Краўчанка так і не наважыўся.

У вольны час дыпламат займаўся калекцыяніраваннем рэчаў, звязаных з родам Агінскіх. Летась ён прэзентаваў невядомыя лісты прадстаўнікоў гэтага роду, набытыя на аўкцыёнах. Цяпер яны захоўваюцца ў прыватным музеі імя Агінскага, які заснаваў сам Краўчанка. Але шараговых наведвальнікаў туды не пусцяць, бо музей пакуль займае адзін з пакояў катэджа ў Раўбічах, дзе жыве экс-міністр. Як сказаў Краўчанка “Народнай Волі”, “адчыняць уваход для публікі ва ўласны катэдж я не буду”.

Дапамога мільярдэру Прохараву

Пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах Міністэрства замежных спраў узначаліў кадравы дыпламатУладзімір Сянько (1994–1997). Дагэтуль ён з’яўляўся намеснікам Краўчанкі, працаваў паслом у Польшчы і Вялікабрытаніі.

Пасля адстаўкі з пасады міністра Сянько вярнуўся на пасольскую службу. Ён з’яўляўся паслом у Францыі, Іспаніі і Партугаліі, а таксама пры ЮНЕСКА (1997–2004). Пасля – у Бельгіі, адначасова – пры Еўрасаюзе і НАТА (2004–2011). Напярэдадні перадапошніх прэзідэнцкіх выбараў менавіта Уладзіміра Сянько называлі адным з ініцыятараў перазагрузкі адносін Беларусі з Еўропай. Аднак пасля разгону дэманстрацыі ля Дома ўрада Сянько быў адкліканы з Бруселя ў Мінск і з тых часоў не з’яўляўся на публіцы.

У верасні 2012 года Сянько вярнуўся ў вялікую палітыку. Ён быў абраны членам Савета Рэспублікі ад Мінска. У Верхняй палаце беларускага парламента дыпламат узначальвае Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Сёлета чакаюцца новыя выбары. Але Сянько цалкам можа захаваць сваю пасаду. У беларускай гісторыі вядомы прыклады, калі сенатары заставаліся на сваёй пасадзе два тэрміны запар.

Цікава, што ў Савет Рэспублікі Сянько быў абраны тады, калі з’яўляўся прадстаўніком расійскага бізнесу – быў памочнікам дырэктара прадстаўніцтва расійскай кампаніі “Ё-инжиниринг” у Беларусі. Апошняя займалася распрацоўкай знакамітага “ё-мабіля” (электрамабіля). Майстэрня кампаніі размяшчалася ў мікрараёне “Шабаны”. Праект фінансаваў расійскі мільярдэр Міхаіл Прохараў. Але ў 2014 годзе праект “ё-мабіля” быў афіцыйна закрыты. Афіцыйна гэта патлумачылі эканамічнымі прычынамі: вытворчасць электрамабіляў стала нявыгаднай. Летам 2015 года закрылася і сама фірма. Аднайменная кампанія, якая існуе ў Маскве, працуе на рынку прамысловых матэрыялаў і не звязана з аўтамабілямі.

Магчыма, Сянько спатрэбіўся “Ё-инжинирингу” для лабіравання праекта ў Беларусі. У любым выпадку праца ў кампаніі не перашкодзіла дыпламату вярнуцца ў палітыку.

Праца над “Прэзідэнцкай рэспублікай”

Пасля Сянько новым міністрам замежных спраў стаў Іван Антановіч (1997–1998). Доктар філасофскіх навук, у савецкія часы ён узначальваў аддзел культуры ЦК КПБ. Але на сваёй пасадзе Антановіч прабыў усяго два гады. Кажуць, Іван Іванавіч сышоў з МЗС пасля канфлікту, звязанага з пасёлкам Дразды. Нагадаем, што беларускія ўлады паспрабавалі выселіць адтуль замежных дыпламатаў. Дразды былі абвешчаны рэзідэнцыяй прэзідэнта Беларусі. Таму дыпламаты пакінулі Беларусь і адправіліся для кансультацый у свае краіны. Паводле некаторай інфармацыі, Антановіча зрабілі вінаватым за той канфлікт.

Як зласліва пісаў у мемуарах Пётр Краўчанка, які не любіў Івана Іванавіча, “Лукашэнка не прапанаваў Антановічу нават пасады пасла ў якой-небудзь трэцеразраднай краіне. Некаторы час пасля адстаўкі той выкладаў філасофію ў сталічным Універсітэце культуры, а потым паехаў шукаць лепшага жыцця ў Маскву”. У сталіцы Расіі Антановіч займаецца выкладчыцкай працай.

На пачатку 2015 года былы дыпламат прэзентаваў у сталічным Лінгвістычным універсітэце сваю кнігу «Беларусь у глабальным свеце». Для свайго ўзросту 79-гадовы Антановіч выглядаў добра і выступаў упэўнена. Не забыўся нагадаць пра сваю фішку: ЗША кіруе не прэзідэнт Абама, а масоны.

Калі меркаваць па рэцэнзіі на кнігу Антановіча, змешчанай у газеце “Советская Белоруссия”, цяпер былы міністр працуе над даследаваннем “Прэзідэнцкая рэспубліка”, дзе хоча “выкласці свае ўяўленні пра сучаснае і будучае Беларусі”.

Свой чалавек у Маскве

Доктар юрыдычных навук і выхадзец з КДБ Урал Латыпаў  застаецца адзіным міністрам, які пасля працы ў МЗС (1998–2000) пайшоў на павышэнне: спачатку стаў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі, а потым узначаліў Адміністрацыю прэзідэнта. З апошняй пасады Урал Рамдракавіч быў вызвалены ў лістападзе 2004 года. З таго часу ён шчыруе ў сферы бізнесу. Спачатку Латыпаў з’яўляўся старшынёй кансультацыйнага савета “Лукойл-Беларусь”, але потым на пэўны час знік з поля зроку журналістаў. Пазней яго заўважылі ў Маскве. Там Латыпаў узначаліў кампанію “Директ-Менеджмент”, якая кіравала аб’ектамі нерухомасці ў Маскве. Зарплаты Латыпава дазволілі яму купіць сваім дзецям дзве кватэры на агульную суму 930 тысяч долараў.

У ліпені 2014 года Урал Рамдракавіч увайшоў у назіральны савет “Альфа-банка” як трэці незалежны дырэктар. На новай пасадзе былы дыпламат стаў займацца стратэгіяй развіцця банка, ацэнкай дзейнасці праўлення, зацвярджэннем справаздач і планаў.

Напрыканцы мінулага месяца пра актыўнасць Латыпава напісала уплывовая маскоўская газета “Коммерсант”. Гаворка ішла пра бацьку і сына, Юрыя і Аляксея Хоціных, якія прыехалі ў Маскву з Беларусі. На радзіме яны займаліся вытворчасцю касметыкі і бытавой хіміі (Юрый Хоцін кіраваў фірмай “Белкосмекс”). У сталіцы Расіі яны заняліся пакупкай нерухомасці. Па выніках 2015 года іх прыбытак ад здачы ў арэнду 2 мільёнаў квадратных метраў у Маскве склаў, паводле падлікаў часопіса “Forbes”, 325 мільёнаў долараў. Выданне паставіла бацьку і сына на 8-е месца ў рэйтынгу “Каралі расійскай нерухомасці”. Паводле інфармацыі “Forbes”, Хоцін-малодшы валодае амаль мільярдам долараў.

У 2011 годзе Хоціны набылі ў сваю ўласнасць “Горбушкин двор” – гандлёвы цэнтр, дзе прадавалі аўдыё- і відэапрадукцыю, камп’ютарную тэхніку. Мінулым уласнікам “Двора” з’яўляўся  маскоўскі тэлевізійны завод “Рубин” (адзначым, што з 2003 года ён займаўся выключна кіраваннем камерцыйнай нерухомасцю). Кампанія “Директ-Менеджмент”, якую ўзначальваў Латыпаў, – упраўляючая структура холдынга МТЗ “Рубин”. Як сцвярджае “Коммерсант”, перад продажам “Горбушкиного двора” “у савет дырэктароў «Рубина» ў інтарэсах пакупнікоў увайшоў Урал Латыпаў”.

Гэта была адна з першых здзелак Хоціных з маскоўскай нерухомасцю, пасля чаго іх справы рэзка пайшлі ўверх. Як сцвярджаюць расійскія выданні, сям’я Хоціных знаходзіцца ў добрых адносінах з экс-міністрам унутраных спраў Беларусі Уладзімірам Навумавым, які пазнаёміў іх з Барысам Грызловым, экс-міністрам унутраных спраў Расіі, экс-спікерам Дзярждумы і цяперашнім старшынёй Вышэйшага савета партыі “Единая Россия”. Паводле інфармацыі “Коммерсанта” і “Forbes”, інтарэсы Хоціных ва ўрадзе Расіі лабіруе Барыс Грызлоў або паводле яго просьбы экс-кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў. Як нагадвае “Коммерсант”, на вышэйшых курсах КДБ у Мінску Латыпаў быў начальнікам кафедры, якую ў свой час закончылі віцэ-прэм’ер Расіі Сяргей Іваноў і той жа Патрушаў.

Кадравыя дыпламаты

Наступнымі міністрамі замежных спраў былі кадравыя дыпламаты. Пасля сваёй адстаўкі Міхаіл Хвастоў (2000–2003) з’яўляўся апошнім на дадзены момант паслом Беларусі ў ЗША (пасля пахаладання ў адносінах з Беларуссю інтарэсы нашай краіны прадстаўлялі толькі часовыя павераныя). З 2009-га з’яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У жніўні 2015 года 66-гадовага Хвастова адправілі ў адстаўку. “Я ахарактарызаваў бы Хвастова як вернага чыноўніка, – пісаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. – Ён зрабіў сабе кар’еру ад кіраўніка пратакола да віцэ-прэм’ера. Я нагадаю, што Хвастоў нейкі час быў адначасова і міністрам замежных спраў, і віцэ-прэм’ерам. Быў такі статус у МЗС. Калі параўнаць яго актыўнасць з сённяшнім міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, то Хвастоў, безумоўна, саступаў. Тады роля кіраўніка МЗС была не настолькі важнай. Ніякіх гучных ініцыятыў з боку міністра Хвастова я не адзначыў бы. Ён годна і акуратна выконваў свае абавязкі”.

Наступным міністрам стаў Сяргей Мартынаў, які затрымаўся на гэтай пасадзе ажно дзевяць гадоў (2003–2012).Прапрацаваўшы амаль 10 гадоў на пасадзе міністра, Сяргей Мікалаевіч адносна даўно ўжо выказаў жаданне папрацаваць на іншай рабоце, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта была ініцыятыва Сяргея Мікалаевіча. Пры тым, з майго пункту гледжання, яна выглядала вельмі годна, па-мужчынску. Асабліва матывацыя”. У кастрычніку 2012-га Мартынаў стаў спецыяльным прадстаўніком кампаніі “РуссНефть” у Беларусі. Як паведамілі ў кампаніі, дыпламат стаў адказваць за паглыбленне супрацоўніцтва з Беларуссю і ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі перспектыўных нафтагазавых праектаў у рэспубліцы і іншых краінах.

Цяпер Міністэрства замежных спраў узначальвае Уладзімір Макей.

Урал Латыпаў працаваў на маскоўскіх ранцье // Народная Воля. 2016. 14 чэрвеня. № 45. С. 3.