У рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і мастацтва” выйшла кніга Паўла Шпілеўскага “Беларусь у абрадах і казках”,
перакладзеная на беларускую мову Аляксандрам Вашчанка.
Апошнім часам да ўдзельнікаў беларускага літаратурнага працэса прыйшло трывалае ўсведамленне каштоўнасці перакладу. Прычым як праз увасабленне на беларускай мове твораў іншых народаў свету, так і наадварот. Сведчаннем такой пазіцыі з’яўляецца аднаўленне серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”, ініцыятывы дзяржаўных і прыватных выдавецтваў. Але пры аналізе выдадзеных кніг, а не публікацый у перыёдыцы, нельга не звярнуць увагу на наступную акалічнасць: увага перакладчыкаў звернута на ўсе мовы… акрамя рускай.
Пры ўважлівым разглядзе сітуацыі становіцца зразумелай унутраная логіка працэсу. Сапраўды, найбольшую патрэбу ў перастварэнні маюць творы іншамоўных аўтараў, якія недаступныя для большасці чытачоў на мове арыгіналу. Паколькі насельніцтва краіны свабодна валодае рускай мовай, неабходнасці ў тэрміновым перакладзе яе літаратуры нібыта няма. Навошта тады на беларускай мове выходзіць “Беларусь у абрадах і казках”?
Для адказу на гэтае пытанне нагадаем чытачу пра некаторыя факты з біяграфіі яе аўтара, вядомага беларускага пісьменніка, этнографа, краязнаўцы, фалькларыста, журналіста і тэатральнага крытыка ХІХ стагоддзя Паўла Шпілеўскага. Сын праваслаўнага святара, выпускнік Мінскай семірыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, ён некаторы час выкладаў у Варшаве, а апошнія гады свайго кароткага жыцця правёў у Санкт-Пецярбургу. Такім чынам, пераважны перыяд яго творчай дзейнасці адбываўся не ў беларускамоўным асяроддзі.
Але самае галоўнае, што ў той час яшчэ не існавала беларускай літаратурнай мовы. Таму Шпілеўскі быў вымушаны пісаць пісаць па-руску, але, як адзначае перакладчык А.Вашчанка, “народныя песні, прыказкі, прымаўкі, якія ён ўжываў у сваіх творах, заўсёды выдзяляў курсівам і перадаваў з усімі арфаэпічнымі асаблівасцямі роднай мовы”. Таму падаецца цалкам лагічным увасобіць нацыянальныя па духу працы Шпілеўскага па-беларуску.
За сваё кароткае жыццё аўтар, які памёр у 1861 годзе, нават не дажыўшы да свайго 38-годдзя, напісаў багатую колькасць прац. Але зараз нашчадкам часцей за ўсё вядомая толькі яго кніга “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”, тады як астатнія публікацыі раскіданыя ў перыёдыцы. Перакладчык узяў на сябе задачу пазнаёміць чытачоў з як мага больш шырокай колькасцю артыкулаў і даследаванняў Шпілеўскага. У кнізе “Беларусь у абрадах і казках” чытач знойдзе ўрыўкі з прац “Беларускія павер’і”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных павер’ях”, “Даследаванне аб ваўкалаках” і шэраг іншых публікацый. Дапаўняюць кнігу каментарыі аўтара, перакладчыка, спіс прац Шпілеўскага і рэкамендуемая літаратура па тэме.
Як адзначае А.Вашчанка, асноўная заслуга П.Шпілеўскага бачыцца ў тым, што “у самыя змрочныя часы нашай гісторыі ён адстойваў самабытнасць і таленавітасць свайго народа, захаваў для нас перліны вуснай народнай творчасці беларусаў і спрыяў іх папулярызацыі сярод адукаваных чытачоў”.
Дзяніс, дзякуй за інфармацыю аб маёй кнізе, на працу над якой пайшло чатыры гады жыцця. Матэрыялы збіраліся з расійскай дарэвалюцыйнай перыёдыкі, частку з іх прывёз з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санк-Пецярбургу. Потым перавод у электронны выгляд, пераклад, падбор ілюстрацый. Але праца зроблена! Сабраных матэрыялаў хопіць яшчэ на адну кнігу, але для выдання трэба шукаць спосараў. Буду працягваць працу па вяртанню з небыцця беларускіх пісьменнікаў і этнографаў.
Аляксандр Вашчанка
Дзякуй Вам!
Сапраўды, тытанічная праца!
Шкада толькі, што большасць такіх выданняў робяцца на энтузіязме фанатаў і дзякуючы дапамозе прыватных спонсараў.
Падкажiце, калi ласка, дзе можна набыць гэтую кнiгу? Мабыць якая-небудзь онлайн-крама ўжо прапануе яе?
Наконт онлайн-крамы, на жаль, нічога не ведаю. Але калі вы з Мінска, раю Вам зайсці ў саму рэдакцыйна-выдавецкую установу. Адрас: Захавара, 19. Гэта станцыя метро «Плошча Перамогі», насупраць Лінгвістычнага універсітэта. У аддзеле маркетынга кнігу можна набыць без нацэнкі. Кошт 32 900 руб.
Дарэчы, інфармацыю пра ўсе кнігі ўстановы можна знайсці на сайце http://www.lim.by
Дзякуй за адказ i за адрас. Я з Гомеля — па горадзе нiдзе не знайшоў. Вiдаць буду заказваць праз мiнскiх знаёмых.