Што там, на Беларускай АЭС?

Як на будучай атамнай станцыі плануюць вырашаць пытанні бяспекі? Якая будучыня чакае горад пасля закрыцця АЭС?
Чаму станцыя можа перашкодзіць еўрапейскай інтэграцыі Беларусі? У рамках журналісцкага прэс-тура я наведаў дзве АЭС (Беларускую і Ігналінскую ў Літве), а дагэтуль самастойна з’ездзіў у Астравец, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі.

АЭС

Будаўніцтва – па плане
Пытанне бяспекі для АЭС – адно з ключавых. Каб наведаць станцыю, усе журналісты адправілі арганізатарам свае пашпартныя дадзеныя. Падчас падарожжа па тэрыторыі станцыі нас суправаджаў начальнік службы бяспекі, які папярэдзіў: агароджу вакол АЭС здымаць катэгарычна забаронена.

Як ідзе будаўніцтва АЭС? У адпаведнасці з распрацаваным графікам. Знешні выгляд атамнай станцыі асацыіруецца з дзвюма градзірнямі. Гэта збудаванне неабходна для ахало-джвання вялікай колькасці вады. Першая градзірня вышынёй каля 170 метраў ужо пабудавана, другая гатова прыкладна на трэць.

Працягваецца будаўніцтва двух энергаблокаў, унутры якіх будуць знаходзіцца атамныя рэактары. Вышыня першага энергаблока дасягне 70 метраў. Пакуль будаўнікі працуюць на вышыні 42 метры.

Перад Новым годам у Астравец прывезлі корпус для рэактара. Цяпер спецыялісты займаюцца яго мантажом. Як паведамілі ў прэс-цэнтры, корпус прайшоў папярэднія выпрабаванні ў Расіі. А вось па горадзе ходзяць чуткі, што корпус даставілі без выпрабаванняў і будуць праводзіць іх на месцы. Што, дыму без полымя не бывае?

Запуск першага энергаблока запланаваны на лістапад 2018 года. Другога – праз год.

Станцыя трэцяга пакалення
Як пераконваў Эдуард Свірыд, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў станцыі, Беларуская АЭС будзе кардынальным чынам адрознівацца ад тых, на якіх у мінулым адбыліся сур’ёзныя аварыі. Тая ж Чарнобыльская станцыя з’яўляецца АЭС другога пакалення, а Беларуская – трэцяга.
Як падкрэслівае Свірыд, у свеце пакуль няма станцый з рэактарам, які паўстане на Астравецкай АЭС.

Беларуская станцыя будзе мець некалькі слаёў абароны. Рэактар – у металічным корпусе (яго таўшчыня – 30–40 сантыметраў). Уверсе – двайная абалонка са сценкамі з бетону і арматуры (іх таўшчыня – 0,8 і 1,2 метра). Гэтыя слаі павінны вытрымаць паводку, ураган, 8-бальны землятрус і нават па-
дзенне самалёта з канцэнтраванай масай 20 тон. Калі падчас аварыі рэактар расплавіцца, радыеактыўная магма трапіць у так званую “пастку расплаву”, якая знаходзіцца пад рэактарам. Матэрыял, які там знаходзіцца, дазволіць астудзіць магму і знізіць радыеактыўнасць. Дарэчы, састаў гэтага матэрыялу з’яўляецца сакрэтам.

Праўда, існуе і адваротны бок медаля: не вядома, як будзе працаваць новая сістэма. Апрача таго, у спецыялістаў няма вопыту ліквідацыі нестандартных сітуацый на АЭС трэцяга пакалення.

Зарплата падае, людзі звальняюцца
Як расказаў намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу Уладзімір Горын, на Роўненскай АЭС, дзе ён працаваў дагэтуль, зарплата складала каля 3 тысяч долараў чыстымі. Натуральна, каб завабіць яго ў Беларусь, абяцалі няменшую суму. У адносінах да запрошаных спецыялістаў беларускі бок, мабыць, стрымаў слова. А вось што тычыцца айчынных супрацоўнікаў станцыі, з якімі на ўмовах ананімнасці атрымалася пагутарыць у Астраўцы, дык некаторыя з іх скардзяцца на памер заробку. У першы год будаўніцтва рабочыя атрымлівалі па 9–15 мільёнаў рублёў. Тады, можна сказаць, ніякага адбору не было, мясцовых жыхароў бралі амаль усіх. Потым зарплаты рэзка ўпалі. Той, хто, напрыклад, працуе на дапаможных аперацыях, атрымлівае крыху больш за 3 мільёны рублёў у месяц. Рабочыя, якія заняты на цяжкай некваліфікаванай працы, – нібыта каля 4 мільёнаў. У цэхах – да 6,5 мільёна.

Некаторыя незадаволеныя работнікі звольніліся. Але ці шмат у іх магчымасцяў для новага працаўладкавання? Сур’ёзных прамысловых прадпрыемстваў у горадзе няма. Натуральна, для некаторых людзей высокімі з’яўляюцца нават такія заробкі.

Што чакае Астравец?
У райцэнтры пераважаюць 2–3-павярховыя дамы, на ўскраінах сустракаюцца сядзібная забудова і шматпавярховыя гмахі. Цэнтр выглядае чыстым і ўпарадкаваным. Як кажуць мясцовыя жыхары, такім ён стаў у 2006–2008 гадах, калі горад зведаў “капітальны рамонт”. Цяжка паверыць, але ў цэнтры ёсць нават грамадская прыбіральня! Здаецца, шараговы факт. Але некалькі гадоў яе не было нават у тысячагадовым Полацку. А вось архітэктурных адметнасцяў, на жаль, няшмат: усяго некалькі храмаў (самы стары – каталіцкі касцёл Св. Казьмы і Дзям’яна 1785–1787 гадоў пабудовы). Як бачна, перад намі тыповы беларускі раённы цэнтр.

Многія жыхары Астраўца звязваюць з будаўніцтвам атамнай станцыі надзеі, што жыццё горада зменіцца ў лепшы бок. Дастаткова тыповую пазіцыю выклаў хлопец Слава. На вока яму каля 30 гадоў. Працуе дальнабойшчыкам, ездзіць у Маскву і Пецярбург. «Я – за АЭС, – кажа Слава. – Горад будзе расці. Зараз майму дзіцяці два гады. Як падрасце, будзе куды аддаць. Узводзяцца і новыя школы, і спартыўныя палацы”.

Вядома, пабудова АЭС кардынальна зменіць жыццё раённага цэнтра. Плануецца, што ў бліжэйшай перспектыве ў гора-дзе будуць жыць 25–30 тысяч чалавек. З іх 2,3 тысячы будуць працаваць на АЭС. Натуральна, для іх ужо цяпер узводзіцца жыллё (калі меркаваць па знешнім выглядзе новых дамоў, яны не саступаюць сталічным), развіваецца інфраструктура.

Але што будзе з Астраўцом, калі АЭС рана ці пазна закрыецца? Калі вам падаецца, што гэтае пытанне зусім не актуальнае, раю наведаць літоўскі Вісагінас, пабудаваны для супрацоўнікаў Ігналінскай АЭС. Горад надзвычай прыгожы: калісьці Вісагінас павінен быў адлюстроўваць усе дасягненні савецкай урбаністыкі.

Пасля таго як было вырашана закрыць станцыю, насельніцтва горада пачало скарачацца. Калі ў канцы 1990-х яно складала 33 тысячы, дык цяпер усяго каля 20 тысяч чалавек. Асноўны ўдар прыйшоўся не па спецыялістах (яны проста пераехалі на іншую АЭС, некаторыя – на Беларускую), а па мясцовых жыхарах.

Цяпер Вісагінас жыве не сучасным, а мінулым. Нават кавярня, дзе абедалі журналісты, называецца “Трэці блок” (трэці рэактар застаўся недабудаваным з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС). У насельнікаў горада адчуваецца дэпрэсіўны стан. Бо станцыя была асноўным прадпрыемствам, якое вызначала існаванне горада. У размовах мясцовыя жыхары скардзіліся на жыццё. Амаль усе не згодны з закрыццём АЭС. Дарэчы, гэта не ныццё маргіналаў. Вісагінас да гэтага часу лідзіруе ў Літве па долі жыхароў з вышэйшай адукацыяй (персанал станцыі – у асноўным тэхнічная інтэлігенцыя).

Падчас прэс-тура я пагутарыў з членам Еўрапарламента і былым мэрам Ігналінскага раёна Бронісам Ропе, які займаў гэтую пасаду 20 гадоў. Як шчыра прызнаўся Ропе, улады зрабілі не ўсё, каб знайсці для мясцовых жыхароў альтэрнатыўную працу. Напрыклад, ён кажа, што была пабудавана мэблевая фабрыка. Там працуе 700 чалавек. Але сам жа Ропе прызнаецца: 2/3 супрацоўнікаў паходзяць не з Вісагінаса. Праўда, мясцовыя ўлады дабіліся прыняцця закона аб абароне сацыяльных правоў супрацоўнікаў станцыі. Некаторыя з іх змаглі раней выйсці на пенсію. Звольненыя спецыялісты атрымалі гадавую зарплату.

Былы мэр Вісагінаса лічыць, што сітуацыю магла б выратаваць доўгатэрміновая дапамога для бізнесу ў гэтым рэгіёне. Ён прапаноўвае зрабіць тут свабодную эканамічную зону. Але ж рашэнне пра закрыццё АЭС было прынята ў 2001 годзе.
Атрымліваецца, за 15 гадоў еўрапейская Літва не змагла вырашыць гэтыя пытанні.

Падчас наведвання прэс-цэнтра карэспандэнт “Народнай Волі” спытаў у Эдуарда Свірыда, дзе будуць працаваць жыхары Астраўца, калі ў будучым АЭС закрыецца. Той адказаў, што не можа рабіць прагноз на такую далёкую перспектыву. Але чаму б не распрацаваць план развіцця горада пасля закрыцця АЭС? Іначай атрымаецца, што сыны або ўнукі цяперашніх будаўнікоў будуць марыць хутчэй збегчы з Астраўца.

А што ў перспектыве?
Пасля наведвання Беларускай АЭС склалася ўражанне, што айчынныя спецыялісты дастаткова слаба ўяўляюць, якім чынам яны будуць закрываць станцыю пасля таго, як яна адпрацуе свой тэрмін. Падчас яе эксплуатацыі пэўная сума заробленых грошай пойдзе ў спецыяльны накапляльны фонд. Такім чынам АЭС як быццам сама заробіць сабе на закрыццё. Гэтую інфармацыю пацвердзіла і прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Жанна Зянькевіч.

Але ні Свірыд, ні Зянькевіч не змаглі расказаць, дзе будуць захоўвацца гэтыя грошы, у якой валюце. Калі ў беларускай, дзе гарантыя, што з часам яны не абясцэняцца? Як патлумачыла Жанна Зянькевіч, на гэта пытанне зможа адказаць толькі той, хто будзе адказваць за фінансы.

Як сведчыць вопыт Ігналінскай АЭС, гэтае пытанне мае прынцыповае значэнне. Паводле слоў Марцінаса Нагевічуса, дырэктара Літоўскай канфедэрацыі аднаўляемых рэсурсаў, закрыццё станцыі будзе каштаваць прыкладна столькі ж, колькі і яе будаўніцтва.

Пакуль няма ніякай пэўнасці, колькі будзе працаваць станцыя і якім чынам яе будуць закрываць. Як сказала “Народнай Волі” Жанна Зянькевіч, канцэпцыя і ўся дакументацыя будзе распрацоўвацца за пяць гадоў да заканчэння работы Беларускай АЭС.

З-за АЭС Беларусь не трапіць у Еўрасаюз?
Еўрапейскі Саюз не вельмі падтрымлівае ядзерныя тэхналогіі. Як прагназуе той жа Марцінас Нагевічус, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў атамная энергія ў ЕС будзе забаронена. Адзін з кіраўнікоў Міністэрства энергетыкі Літвы заявіў падчас прэс-тура, што да 2020 года электраэнергія з аднаўляемых крыніц зойме ў Літве 24%. Да 2050 года яна павінна дасягнуць 50%. Як бачна, краіны Еўрапейскага Саюза выступаюць за выкарыстанне альтэрнатыўных відаў энергіі.

Выключэнняў не робіцца ні для кога. Таму можна спрагназаваць, што менавіта існаванне Беларускай АЭС у будучым можа стаць перашкодай для ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі Саюз. Калі Беларусь праз пэўны час агучыць такое жаданне, Расія дакладна не дапаможа фінансамі, бо не зацікаўлена ў такім геапалітычным павароце. Уласна беларускіх грошай можа не хапіць. Але ці захоча Еўрасаюз спансіраваць закрыццё такога праекта?

«Пасля нас хоць патоп…»
Зноў-такі звернемся да прыкладу Ігналінскай АЭС. Да 2038 года ад яе не павінна застацца нічога. Усе канструкцыі будуць дэмантаваны. Напэўна, такі ж лёс праз шэсць дзесяцігоддзяў чакае і Беларускую АЭС.

Але скажыце, што рабіць з ядзернымі адходамі? Нават спынены рэактар яшчэ каля 700 мільёнаў гадоў будзе працягваць выпраменьванне радыяцыі. Як кажа былы мэр Ігналінскага раёна Броніс Ропе, у свеце дагэтуль не існуе адназначнага адказу на гэта пытанне. Паводле яго слоў, у Літве ўрэшце выбар быў спынены на нямецкім варыянце, пры якім адходы змяшчаюцца ў сотні кантэйнераў. Але праблема ў тым, што тэрмін працы такіх кантэйнераў – усяго 50 гадоў.

“Калі станцыя пачала закрывацца, нам сказалі, што праз паўстагоддзя навука нешта прыдумае, – згадвае Ропе. – Але прайшло 15 гадоў, а ніякіх ідэй няма”. Адзін з варыянтаў – перакласці адходы ў новыя кантэйнеры. Аднак гэта вельмі дорага. Ды і няўжо іх давядзецца перакладваць бясконцую колькасць разоў?

Так, будаўніцтва Беларускай АЭС вядзецца шпаркімі тэмпамі. Аднак многія надзвычай сур’ёзныя пытанні да сённяшняга дня так і не вырашаны. Ствараецца ўражанне, што тыя чыноўнікі, якія дзвюма рукамі агітуюць за развіццё атамнай энергетыкі, жывуць па прынцыпе “пасля нас хоць патоп”.

Мінск–Астравец–Ігналіна–Мінск.

Што там, на Беларускай АЭС? // Народная Воля. 2016. 20 мая. № 38. С. 2