Птушыныя спевы за тысячу долараў

Кожны год 300–400 замежнікаў з Заходняй Еўропы плацяць вялікія грошы, каб прыехаць на Тураўскі луг, што на Палессі, і ўбачыць рэдкія віды птушак.

берд

Пра гэта “Народнай Волі” расказаў аглядальнік інтэрнэт-выдання “Wildlife.by” (“Дзікая прырода”) Андрэй Барадзін.
– У Заходняй Еўропе гэта папулярнае баўленне часу, – патлумачыў Андрэй. – Еўрапейцы прыязджаюць у пэўнае месца. Задача гіда – паказаць ім птушак тых відаў, якіх яны хочуць убачыць. За кімсьці (як за кулікамі) паназіраць у падзорную трубу, бо яны надта пужлівыя, іншых – сфатаграфаваць…

Гэта элітарны адпачынак?

– Так. І ён мае сваю назву – бёрдвотчынг. У апошні час арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” стварыла школу для падрыхтоўкі такіх аматараў прыроды. Чалавека, які ходзіць з біноклем і глядзіць на птушак, многія ўспрымаюць як гарадскога вар’ята. Людзі не могуць зразумець, навошта хадзіць па лесе з іншай мэтай.
Але ў той жа Швецыі, дзе колькасць насельніцтва параўнальная з Беларуссю, колькасць бёрдвотчараў каля 8–10 тысяч, у Польшчы – каля 4–5 тысяч. Прычым у нас касцяк такіх людзей ствараюць прафесійныя арнітолагі. А на Захадзе сярод іх пераважаюць аматары, у якіх няма біялагічнай адукацыі, яны назіраюць за птушкамі ў свой вольны час.

Кошт тураў дарагі?

– Гэта закрытая інфармацыя. Туры ў Заходнюю Еўропу, якія працягваюцца тыдзень або дзесяць дзён, каштуюць некалькі тысяч еўра. Я думаю, што вандроўкі ў Беларусь могуць складаць палову гэтай сумы. Штогод у той жа Тураў прыязджаюць 300–400 заходнееўрапейцаў (англічане, бельгійцы, галандцы). Прычым без аніякай рэкламы. Калі б у яго раскрутку ўкладалі столькі грошай, колькі ў Нясвіж і Мір!.. Гэтымі паездкамі займаюцца 3–4 замежныя турфірмы (балгарская, польская, венгерская). Пакуль з беларускіх фірмаў турыстаў на сталай аснове ніхто не возіць. Мы маем рэсурс, але ім не карыстаемся.

Беларускі накірунак папулярны з-за нізкіх коштаў?

– Не толькі. Многія птушкі зімуюць у Афрыцы і Паўднёвай Еўропе (часцей за ўсё ў Міжземнамор’і). З наступленнем цяпла яны накіроўваюцца адтуль на поўнач. Па дарозе ім важна дзесьці спыніцца, каб пад’есці, аднавіць сілы, фактычна нагуляць тлушч. Беларусь знаходзіцца якраз пасярэдзіне гэтага шляху. Напрыклад, калі турухтаны прылятаюць у Беларусь, яны важаць 120–140 грамаў. Калі адлятаюць – 200–250 грамаў. За тры тыдні або месяц ім трэба падвоіць сваю вагу, бо яны ляцяць да Якуціі.
Асабліва ўнікальнае месца – Тураўскі луг, размешчаны недалёка ад Турава. Гэта адно з галоўных месцаў адпачынку для мігрыруючых птушак. А таксама першы і пакуль адзіны на дадзены момант недзяржаўны заказнік у Беларусі. Зараз арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” арандавала гэтую тэрыторыю. Там ёсць станцыя кальцавання птушак – адзіная ў Беларусі. Цягам года на лузе спыняюцца качкі, гусі, кулікі i іншыя віды птушак. Рэкорд – больш за 200 тысяч птушак за адзін дзень.

Яшчэ адна прычына папулярнасці Тураўскага лугу – у цікавым спалучэнні відаў. Некаторыя птушкі, якія туды прылятаюць, наогул не сустракаюцца ў Заходняй Еўропе, або іх можна знайсці на далёкіх адлегласцях адна ад адной. Фактычна на ўскраіне Турава гняздзіцца такі від, як марадунка. Гэтая птушка абітае ў тундры. Бліжэйшае месца, дзе можна яе ўбачыць, – Фінляндыя. Недалёка ад Турава на вадаёме рыбгаса “Белае” сустракаецца савук-луток – від качак, які жыве ў тайзе. У Еўропе яго можна знайсці дзесьці ў Румыніі ды ў Скандынавіі. Самы жаданы трафей – белая лазараўка. Па пойме Прыпяці праходзіць заходняя мяжа яе распаўсюджвання. Нават у Польшчу гэтая птушка залятае вельмі рэдка.

Напэўна, галоўная праблема з інфраструктурай?

– Якраз не. У Тураве з інфраструктурай парадак. Раённая гасцініца адрамантавана. Ёсць прыватная гасцініца і гасцявы дом у суседняй вёсцы. Замежныя бёрдвотчары (хутчэй фірмы, якія іх возяць) скардзяцца на недахоп гідаў (для таго, каб стаць гідам, патрабуецца вельмi высокая кваліфікацыя). Яшчэ адна праблема ў тым, што луг зарастае, бо людзі ўжо не займаюцца гаспадарчай дзейнасцю. Тады птушкі не хочуць там спыняцца.
Яшчэ адна цяжкасць – у паляванні. Беларусь – адзіная краіна Еўропы, у якой дазволена страляць у птушак падчас веснавой міграцыі. Сезон пачынаецца 1 красавіка і працягваецца месяц (раней – два месяцы, таму скарачэнне – відавочны поспех).

Неафіцыйна чыноўнікі прыводзяць наступны аргумент: паляванне ідзе на пералётных, небеларускіх птушак. (Але забіваць птушак, якія потым будуць размнажацца, не вельмі правільна. Асабіста я супраць палявання. Аднак калі ўжо кіравацца такой логікай, правільна адстрэльваць маладняк на адваротным шляху.) Гэта вельмі негатыўна ўплывае на імідж Беларусі сярод арнітолагаў. На тым жа Тураўскім лузе забаронена паляваць. У гэтым годзе была непрыгожая сітуацыя, калі стралялі па ўсіх межах заказніка. Гэта фактар неспакою для птушак. Як толькі пачынаецца паляванне, усе птушкі здымаюцца і злятаюць.

Птушыныя спевы за тысячу долараў // Народная Воля. 2016. 29 красавіка. № 33. С. 6.