Як ўзаемадзейнічаюць зараз айчынныя і нямецкія гісторыкі? Што прымушае еўрапейскіх даследчыкаў прымаць удзел у штогадовай канферэнцыі “Беларусь – Германія”? Пра гэта наша гаворка з вядучым беларускім “германістам” Сяргеем Новікавым,
кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры айчыннай гісторыі і сусветнай культуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта.
– Сяргей Яўгенавіч, як Вы зацікавіліся Германіяй, нямецкай гісторыяй? Такі інтарэс узнік у маладыя гады ці пазней?
– Захапленне гісторыяй і культурай Германіі пачалося ў 1970-я гады падчас навучання на гістарычным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Тады студэнты гістфаку вывучалі замежную мову нароўні з гісторыяй, паколькі атрымлівалі па ёй другую спецыяльнасць. Паступіўшы ў аспірантуру, спадзяваўся выбраць тэму дысертацыі менавіта па нямецкай гісторыі. Але тагачасны загадчык кафедры гісторыі СССР, прафесар Віталь Фамін паставіў мяне перад выбарам: пісаць працу на аснове дакументальнай базы айчынных архіваў, або чакаць магчымасці працаваць у архівах ГДР. Тады я нават не мог здагадвацца, што ў тагачасным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі на ўліку знаходзіліся спецфонды з дакументамі і матэрыяламі на нямецкай мове. Але да так званай “архіўнай рэвалюцыі” 1990-х гадоў пра гэта было амаль нікому невядома. Таму я выбраў першую прапанову, а напісанне дысертацыі на аснове нямецкіх матэрыялаў засталася ў марах.
У канцы 1990-х гадоў у мае рукі патрапіла праца нямецкага даследчыка Хартмута Ленхарда “Жыццёвая прастора на ўсходзе. Немцы ў Беларусі 1941–1944 гг.”, малавядомая на той час для шырокага беларускага чытача. Тады не ведаў, што яе частка была перакладзена на рускую мову і апублікавана ў 1993 годзе ў часопісе “Нёман” пад даволі нечаканай назвай “Невядомая вайна”. Пад уражаннем працы мной былі напісаны тэзісы, з якімі ў красавіку 1999-га ўдалося выступіць у маёй альма-матэр на канферэнцыі. Выступленне мела назву “Адэкватнасць – у навуковай аб’ектыўнасці: да пытання эканамічнай палітыкі нямецкай акупацыйнай улады ў Беларусі (1941–1944)”. Яго можна лічыць маім “першым баявым хрышчэннем” на ніве ваеннай германістыкі.
– З таго часу Вамі напісана дзве ўласныя манаграфіі (“Эканамічная палітыка нацыскай германіі ў Беларусі 1941-1944 гг.” і “Беларусь у кантэксце германскай гістарыяграфіі гісторыі Другой сусветнай вайны”), у суаўтарстве – шэраг кніг і вучэбных дапаможнікаў, каля 200 навуковых артыкулаў. Прычым адзін з апошніх, “Магілёўская бітва летам 1941 года” выйшаў у маскоўскай энцыклапедыі да 65-й гадавіны Перамогі. Зразумела, гэта немагчыма без цудоўнага ведання нямецкай мовы. У Вашым выпадку гэта вынік адукацыі ў педінстытуце ці самападрыхтоўка?
– Мяркую, і першае і другое. Вельмі ўдзячны настаўнікам па нямецкай мове, якія не толькі бліскуча ведалі сваю справу, але і выдатна валодалі методыкай навучання студэнтаў. Станоўчы вынік мела і тое, што студэнты гістфаку на той час навучаліся па праграмах інстытута замежных моў. Апроч усяго памятаю наказ першай інстытуцкай выкладчыцы па нямецкай мове Тамары Калебошынай: заўсёды мець звычку да штодзённага чытання на замежнай мове любых матэрыялаў, нават у невялікім аб’ёме. Гэта дало свой плён. Як і тое, што актыўна займаўся самападрыхтоўкай. Каб вярнуцца да мовы, якой у штодзённым побыце не карыстаўся амаль 15 гадоў, прайшоў гадавыя курсы перападрыхтоўкі на базе Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Усё гэта і стала падставай для даследавання арыгінальных нямецкіх дакументаў, чытання нямецкай навуковай літаратуры на мове арыгінале, выступленняў па-нямецку з дакладамі на канферэнцыях і г.д.
– Ці не найбольш вядомай Вашай ініцыятывай стала правядзенне штогадовых канферэнцый “Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць”.
– На сённяшні момант яны лічацца брэндам Лінгвістычнага ўніверсітэта. Амаль дзесяць гадоў таму, у 2002-м, маю ініцыятыву аб правядзенні такіх канферэнцый падтрымалі прафесійныя гісторыкі, калегі па кафедры гісторыі і беларусазнаўства: прафесар Ніна Краснова, старэйшы выкладчык Сяргей Кубека, дацэнты Валянцін Курганаў і Эдуард Ліпецкі. Пры закладванні традыцыі мы з’яўляліся прыхільнікамі ідэі аб комплексным вывучэнні ваеннай праблематыкі. Гэта бачылася немагчымым без удзелу даследчыкаў беларускай гісторыі як з Германіі, так і з іншых краін.
– Наколькі атрымалася ўстанавіць кантакты такога кшталту?
– Яны развіваліся паступова. Але дасягнутыя вынікі ўражваюць. У першай канферэнцыя, якая была прысвечана 10-й гадавіне аднаўлення адносін паміж Беларуссю і ФРГ, і адбылася ў МДЛУ 23 мая 2002 года, прымалі ўдзел 25 беларускіх гісторыкаў, эканамістаў, палітолагаў і культуролагаў, каго цікавілі праблемы беларуска-нямецкіх і нямецка-беларускіх узаемадачыненняў. А вось на 9-й міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў мінулым годзе, гэта лічба павялічылася больш чым удвая. Самае галоўнае, што цяпер ў МДЛУ з ахвотай прыязджаюць германісты Беларусі, Расіі, Украіны, беларусісты Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Літвы і Польшчы.
Зараз пачалася арганізацыя чарговай, юбілейнай, дзесятай па ліку канферэнцыі “Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць”. Створаны аргкамітэт пад старшынствам рэктара ўніверсітэта Наталлі Баранавай.
– Якія перспектывы акрэсліваюцца ў бліжэйшы час у галіне Вашых даследаванняў?
– Зараз з асаблівым нецярпеннем чакаю працу даследчыка Цэнтра па даследаванні антысемітызму пры тэхнічным універсітэце ў Берліне Петры Рэнтрап аб гісторыі мінскага гета і лагера смерці Трасцянца. Нават цяпер прадчуваю, якія пытанні паўстануць перад беларускімі гісторыкамі пасля выхаду гэтай працы. У такім кантэксце неабходна разглядаць і перспектыву для далейшага супрацоўніцтва.
Сёння стала відавочным, што даследаванне некаторых пытанняў перыяду вайны на Беларусі практычна немагчыма без выкарыстання нямецкіх архіўных крыніц і даследаванняў. Выклікі часу ставяць перад беларускімі гісторыкамі задачы па ліквідацыі “белых плямаў” у вывучэнні нашага мінулага, а таксама вымагаюць ад навукоўцаў дасягнення кансенсусу ў гістарыяграфіі, працягу вывучэння ваеннай гісторыі Беларусі ў сістэме гістарычных ведаў, адэкватных цяперашняму часу.
Гутарыў Дзяніс Марціновіч
Беларуская мінуўшчына// Літаратура і мастацтва. 2011. 4 лютага. № 5. С. 15.