Максім КЛІМКОВІЧ: «Я называў Караткевіча «падпіты анёл»

Як дзядуля майго суразмоўцы – аўтар гімна БССР Міхась Клімковіч – выратаваў Янку Купалу? Як Максіму Клімковічу працавалася на Беларускім тэлебачанні з Рыгорам Кісялём і Ягорам Рыбаковым? І колькі грошай яму плацілі ў Маскве за напісанне камерцыйных раманаў? На гэтыя і іншыя пытанні “Народнай Волі” адказаў пісьменнік Максім Клімковіч.

Клімковіч1

Інжынерны мозг і літаратурныя канструкцыі
Максім, які ваш лепшы твор?

– Аўтамагістраль Брэст–Мінск.

Па шчырасці, я ніколі не чуў пра раман ці аповесць з такой назвай.

– Я маю на ўвазе рэальную трасу, якую я будаваў. Кожны
раз, як па ёй праязджаю, ацэньваю прафесійным вокам. Будаўнік не захапляецца краявідамі. Ён глядзіць і бачыць: напрыклад, вунь там адхон няправільна зроблены (смяецца). Мне за гэтую дарогу не сорамна.

Унук пісьменніка – і раптам дарожнік.

– Не толькі ўнук пісьменніка. І сын, і пляменнік (смяецца). Пісьменнікам быў мой бацька Алесь Махнач, абаронца Брэсцкай крэпасці. Цётка, Святлана Клімковіч, вядомая як аўтар лібрэта (напрыклад, да оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”). У нейкі момант мне падалося, што ў нашай сям’і пісьменнікаў і без мяне багата, таму паступіў у Політэхнічны інстытут. Але не адчуваю, што нешта страціў. Наадварот, інжынерны мозг дазваляе выбудоўваць літаратурныя канструкцыі. Будаўнічая механіка вельмі прыдатная да канструявання літаратурнага твора. А ў кожным рамане павінна быць арматура, якую заліваеш бетонам слоў.

Як вы трапілі на будаўніцтва аўтамагістралі?

– Па размеркаванні. На той момант я ўжо ажаніўся. Але заставалася толькі адно месца ў Мінску. Вольны дыплом не давалі. Раптам бачым: ёсць два месцы ў Калініне (сённяшняя Цвер). Параіліся і вырашылі, што з Цверы будзе лягчэй зліняць. Бо раптам яшчэ адправяць ва Уладзівасток або Ташкент. Потым высветлілася, што ў Калініне знаходзіўся толькі агульнасаюзны трэст, які займаецца будаўніцтвам аўтастрад саюзнага значэння. А мехкалона, куды нас размеркавалі, базіравалася ў Кобрыне. Працавалі вахтавым метадам. Калі пачыналася вахта – ехалі на будаўніцтва, калі заканчвалася – вярталіся ў Мінск. Спачатку я працаваў геадэзістам, потым начальнікам участка – прарабам. З таго часу запомніліся словы Васіля Шарапава, міністра будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог БССР: “Чым меншы начальнік, тым на большай машыне ён прыязджае”. Шарапаў прыязджаў на планёркі на “Волзе”, а я – на самазвале (смяецца).

Вы паходзіце з вядомай сям’і. Дабрабыт адчуваўся ўжо з дзяцінства?

– Як вам сказаць… У трохпакаёвай кватэры на вуліцы Карла Маркса, 36, што ў знакамітым пісьменніцкім доме, жылі восем чалавек: бабуля, маці, бацька, нас двое дзяцей, цётка з мужам і дачкой. Вось і мяркуйце самі (смяецца). Потым бацька атрымаў трохпакаёвую кватэру на Чарнышэўскага, 7. Калі яны з маці развяліся, мы вярнуліся на Карла Маркса. З чым мне пашанцавала, дык гэта з суседзямі. Памятаю Янку Маўра. Яго сваякі выносілі на балкон старое крэсла. Маўр сядзеў і грэўся на сонцы. Калі расказваю пра тое маладым, яны не вераць. Ім што Францыск Скарына, што Янка Маўр – недзе блізка (смяецца).

На Чарнышэўскага з намі ў адным доме жылі Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў. Дарэчы, з Караткевічам звязана камічная гісторыя. Мы вярнуліся на Карла Маркса. Праз нейкі час званок у дзверы. Я адчыняю. Стаіць крыху падпіты Караткевіч у белай кашулі (я называў яго “падпіты анёл”: ён часам мог узяць кілішак, але ніякага шуму ад гэтага не было). Бачу: у яго поўная няўцямнасць ад сітуацыі. Ён атрымаў новую кватэру на Карла Маркса. Пайшоў знаёміцца з суседзямі і ўбачыў тых жа самых людзей, з якімі суседнічаў на Чарнышэўскага.

Калі сябры, што прыходзілі да мяне ў госці, даведваліся, што ў гэтым жа пад’ездзе жыве іх кумір, маглі рушыць да яго ў госці і пазваніць у дзверы без папярэджання. Караткевіч падпісваў нам кнігі. Часам даставаў крамянёвы нож з каменнага веку, чысціў ім яблыкі і частаваў нас.

Але больш з Караткевічам кантактавала мая маці, якая яшчэ і абменьвалася з ім кнігамі. Тады дэтэктывы было немагчыма дастаць. А палякі вельмі шмат выпускалі пакетбукаў. Таму маці і Караткевіч увесь час мяняліся польскамоўнымі дэтэктывамі. Я падсеў на іх і такім чынам без падручніка вывучыў польскую мову. Бо ўжо ўмеў чытаць беларускай лацінкай. У нас дома ў дзядулевай бібліятэцы мелася падшыўка «Нашай Нівы» (як, дарэчы, і кнігі Ластоўскага і Смоліча).

Адкуль? У сталінскія часы за іх захоўванне можна было трапіць у Сібір.

– Думаю, пісьменнікам дазвалялася больш, чым шараговым грамадзянам.
«Калі Уладзімір Карызна ўзяўся пераробліваць тэкст дзядулі, мы хацелі перашкодзіць гэтаму»

Пра вашага дзядулю ходзяць чуткі, што ён меў дачыненне да рэпрэсій.

– Нават ведаю, адкуль гэтыя чуткі ідуць. У адной са сваіх кніг даследчык Леанід Маракоў пералічваў людзей, якія бралі ўдзел у рэпрэсіях, і назваў нейкага Клімковіча. Па эўфемізмах можна было зразумець, што гаворка ідзе менавіта пра дзядулю. Прычым Маракоў напісаў, што мае пэўныя дакументы. Калі я ў прыватнай размове вырашыў удакладніць, якія менавіта, ён адказаў: на іх стаяць подпісы дзядулі. Але канкрэтна нічога не сказаў.
У сталінскія часы Міхась Клімковіч узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Калі нейкага пісьменніка рэпрэсіравалі, яго трэба было выключыць з саюза. Адмовішся ад гэтай працэдуры – сам пойдзеш у ГУЛАГ. Як я разумею, меліся на ўвазе менавіта гэтыя дакументы. Але я не лічу гэта ўдзелам у рэпрэсіях.

Наадварот, ад гісторыка Анатоля Сідарэвіча я чуў вельмі цікавую гісторыю, як дзядуля выратаваў Янку Купалу. Падчас рэпрэсій той палічыў, што яму ўжо нядоўга засталося быць на волі. Таму ён паехаў па пуцёўцы на поўдзень у Дом творчасці і не спяшаўся вяртацца ў Мінск. Тым часам у газетах з’яўляліся артыкулы, якія абвінавачвалі Купалу ў буржуазным нацыяналізме. Але ў наступным нумары выходзіў адказ паэта, які сцвярджаў, што ён правільны савецкі творца. “Я задумаўся, – кажа Сідарэвіч. – Як у 1930-я гады, калі не было ніякага інтэрнэту, так аператыўна прыходзілі адказы?” У архіве ён знайшоў арыгінал адказаў, на якіх было нешта выпраўлена і напісана. Бачыць – почырк Міхася Клімковіча, які знаходзіўся ў Мінску і адказваў за Янку Купалу.

Другая гісторыя – ужо сямейная легенда, праверыць якую я пакуль не магу. Бабуля расказвала мне, што дзядуля дапамог выцягнуць з Казахстана Наталлю Арсенневу. Тады беларускія пісьменнікі і паэты пісалі калектыўны паэтычны твор з нагоды ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР – “Ліст беларускага народа Вялікаму Сталіну”. Як расказвала бабуля, Міхась Клімковіч заявіў, што сярод аўтараў няма ніводнай жанчыны. Дзеля гэтага Арсенневу вярнулі з высылкі. Таму за свайго дзядулю мне не сорамна.

А за камуністычны гімн?

– Ён пісаў гімн не Беларусі, а БССР. Гэта было тэхнічнае заданне і сацыяльны заказ, з якім дзядуля справіўся. Калі распаўся СССР, гэты гімн страціў сэнс, які быў у яго закладзены. У 1990-я камуністы звярталіся да маёй цёткі Святланы Клімковіч з прапановай перапісаць словы. Але ўся наша сям’я была катэгарычна супраць. Мы лічылі, што патрэбны іншы тэкст. “Пагоня”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” або нейкі іншы. Калі Уладзімір Карызна ўзяўся пераробліваць тэкст, мы хацелі перашкодзіць гэтаму. Але высветлілася, што сцяг, герб і гімн не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскага права.

«Пры Рыгору Кісялю я спакойна хадзіў па тэлебачанні з бел-чырвона-белай значкай»

—  Як вы з дарожнага будаўніцтва прыйшлі ў літаратуру? Сказаўся ўплыў бацькі?

Не думаю. Мой бацька больш паўплываў на мяне ў плане свядомасці. Ён заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Бацька любіў згадваць такую гісторыю. Ён вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Там трэба было здаваць замежную мову. Нямецкую мову ён ведаў нядрэнна, бо ў часы вайны апынуўся ў палоне. Дарэчы, ён расказваў, што абаронцы Брэсцкай крэпасці верылі, што нашыя вось вось павінны падысці. Потым, калі яны знайшлі радыёстанцыю і батарэі да яе, закінулі антэну на мур, і ўключылі эфір, пачулі толькі нямецкія галасы. Даведаліся, што немцы ўжо ўзялі Мінск. Хто мог хадзіць, вырашылі ісці на прарыў. Параненых пакінулі, каб яны іх прыкрывалі. Але ўсе, хто сыходзіў, загінулі… Дык вось, бацька мог здаваць нямецкую мову. Але ён упёрся і кажа: “Мне яна нагадвае брэх аўчарак”. Яму ў якасці выключэння дазволілі здаць як замежную мову рускую! Так напісана ў дыпломе. Гэта прыклад таго, як сваю беларушчыну трэба адстойваць.

Я паспрабаваў адысці ад пісьменніцкай дынастыі. Але як адыдзеш, калі, напрыклад, я навучыўся друкаваць на машынцы раней, чым пісаць ад рукі? Прычым гэта быў стары Continental, на якім мой дзядуля набіраў гімн БССР. Яшчэ працуючы ў будаўніцтве, пачаў пісаць. Калі нарадзіўся сын, я не мог ездзіць на працяглыя змены. Таму яшчэ пэўны час папрацаваў у Мінску ў арганізацыі, якая займалася рамонтам кінатэатраў. Потым з’явілася вакансія інжынера ў Доме літаратара. Адтуль мяне бралі на тэлебачанне.

Генадзь Бураўкін падпісаў загад, але асабіст з першага аддзела яго адмяніў.

— Чым жа вы нашкодзілі савецкім спецслужбам?

— Дакладна не ведаю. Адна з сітуацыя была звязана з “Тутэйшымі”. Я ўваходзіў у гэтую літаратурную арганізацыю, якую ўтварылі Анатоль Сыс, Сяргей Дубавец, Адам Глобус і іншыя. Якраз тады адбываўся з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Была жорсткая каманда: нікога з “Тутэйшых” на гэты з’езд не пусціць. Кэдэбісты стаялі ля ўвахода і прыглядаліся. А ў мяне кабінет быў на цокальным паверсе і выходзіў вокнамі на гаспадарчы двор, туды, дзе гараж, смеццевыя кантэйнеры. Я і сам часам карыстаў самы кароткі шлях да гаража, які лічыўся за інжынернай гаспадаркай – праз акно. Адкрыў яго для хлопцаў і пусціў іх усіх на з’езд. Таму на тэлебачанне я трапіў толькі ў 1994 годзе.

— На БТ ужо існавалі нейкія забароны і ўнутраныя правілы?

— Абсалютна ў паралельным свеце існавала Агенцтва тэлевізійных навін, дзе ўсё было заідэалагізавана. Мы з імі амаль не кантактавалі. Хадзілі чуткі, што ў іх існавалі свае, асобныя разлікі, куды большыя за нашыя. Але ў “Тэлефільме” – рэдакцыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, якую тады ўзначальваў пісьменнік Уладзімір Сцяпан, мы сумленна рабілі сваю працу. Добра складваліся стасункі і з начальствам. Тады Белтэлерадыёкампанію ўзначаліў Рыгор Кісель, да яго спачатку ставіліся з іроніяй. Маўляў, ён жа непрафесіянал, прыйшоў з газеты “Магілёўскія ведамасці”. Але ён даволі хутка зразумеў спецыфіку тэлебачання. Шэфа нават запаважалі як чалавека, які не ганяе рэдактароў і не прымушае сядзець ад званка да званка. Пры Кісялі я спакойна хадзіў з бел-чырвона-белай значкай. І яго гэта абсалютна не бянтэжыла.

Усё скончылася, калі ў пачатку 2000-х тэлебачанне ўзначаліў 29-гадовы Ягор Рыбакоў. Ён пачаў знішчаць рэдакцыі і стаў адбудоўваць сістэму прадусарскага тэлебачання. Знікалі рэшткі беларускамоўнага вяшчання. Знікала пераемнасць (заўсёды рэжысёр перадае уласны досвед іншаму рэжысёру як майстар – памочніку майстра). Рыбакоў дасведчаных людзей і пачаў пераводзіць на кантрактную сістэму. Прычым дамову маглі падпісаць усяго на тры месяцы. Калі супрацоўнікі не запускаўся з пэўным праектам, кантракт не падаўжалі. Паставілі турнікеты, дзе адбівалася, у колькі ты прыйшоў працу. Даходзіла да абсурду: пазаштатных аўтараў у будынак не пускала міліцыя. Каб з імі пагаварыць, выходзіў у хол. Атрымлівалася, у гэты час мяне не было на працы. Або даводзілася пісаць тлумачальныя, чаму застаўся на працы пасля працоўнага дня.

Я яшчэ папрацаваў год у службе генеральнага прадусара, якую ўзначальваў Ягор Хрусталёў. Дарэчы, пра яго магу сказаць толькі пазітыўнае. Праблем з ім не ўзнікала. Скажу больш, нават пра Аляксандра Зімоўскага, які ўзначаліў тэлебачанне крыху пазней, казалі як пра прафесіянала, які разумее спецыфіку тэлебачання. Дык вось, начальства было гатовае працягнуць са мной кантакт на адзін год. Але я прынёс заяву аб сыходзе па ўласным жаданні. Бо зразумеў: каб запусціць нейкі годны праект і прабіць яго, трэба выдаткаваць у дзесяць разоў больш сілаў, чым на само стварэнне.

Колькі можна было зарабіць за напісанне кнігі?

– Як дамовішся. Кніжны бізнес пачынаўся ў апошнія гады існавання СССР. Тады кніжка магла каштаваць 120 долараў. Але мая зарплата ў часопісе “Бярозка”, дзе я працаваў, была 12 долараў. Потым, калі бізнес разгарнуўся, ганарары даходзілі да 4–5 тысяч долараў за кнігу. Але ўсё залежала ад накладу. У часы росквіту ён мог дасягаць 40–50 тысяч. Потым людзі сталі чытаць менш. Наклад да 5 тысяч лічыўся добрым. Тады ганарар мог складаць 1–1,5 тысячы долараў.

За колькі часу вы маглі напісаць кнігу?

– Калі нічым іншым не займацца і толькі пісаць, калі добра набітая рука і цябе нічога не торгае, можна напісаць за два тыдні. Звычайна пісалася за месяц. Вядома, можна напісаць і за тыдзень. Але потым тыдзень ты не ў стане пісаць. Мой асабісты рэкорд – 120 тысяч сімвалаў за адзін дзень, але за дзень апошні – перад здачай рукапісу. Можаце ўявіць, які ў мяне потым быў стан. Больш за 20–30 тысяч сімвалаў у дзень лепш не пісаць.

Вам не шкада пісаць кніжкі-аднадзёнкі?

– Не. Бо дзе гарантыя таго, што праз гады чытачы будуць цікавіцца маімі кнігамі, напісанымі па-беларуску? Да таго ж гэта цудоўная школа. Калі напішаш сто раманаў, ведаеш, як іх трэба рабіць (смяецца). Трэба нечым зарабляць на жыццё, бо беларускай літаратурай практычна немагчыма пракарміцца. Якая розніца: я працую на будоўлі або пішу раман для выдавецтва? Наадварот, я маю магчымасць прыпыніць тую працу, адсунуць яе ўбок і зрабіць нешта беларускае.

Мне як аматару тэатра вельмі даспадобы спектакль “Чорны квадрат”, пастаўлены паводле вашай п’есы. Здаецца, ён ішоў у Мінску ці не дваццаць гадоў.

– Мы напісалі п’есу разам з Міраславам Адамчыкам. Якраз у той час мы захапіліся Хэмінгуэем і знайшлі ў яго зборы твораў накід на дзве старонкі. Нейкі чалавек сядзіць у бары. Прыходзяць двое наёмных забойцаў. Але яны не ведаюць у твар таго, каго павінны забіць. Пачынаюць распытваць мужчыну: можа, ён і ёсць патэнцыяльная ахвяра? На гэтым накід заканчваецца. Мы падумалі: а калі разгарнуць накід, даць яму пачатак і канец? Узялі і дапісалі Хэмінгуэя.

Максім Клімковіч: «Я называў Караткевіча «падпіты анёл»» // Народная Воля. 2016. 19 красавіка. № 30. С. 7.

Курсівам вылучаны фрагменты, якія не трапілі ў друкаваную версію.