Праўда, пакуль толькі ў суседзяў. Летась Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон “Пра доступ да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917–1991 гг.”.
Беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які стала жыве ва Украіне, папрацаваў з сакрэтнымі дакументамі спецслужбаў і расказаў “Народнай Волі”, як атрымаць да іх доступ, адкуль у архівах матэрыялы пра беларусаў і калі са справамі зможа пазнаёміцца любы жадаючы.
– Уладзіслаў, ці лёгка трапіць у архіў КДБ?
– Зразумела, проста чалавека з вуліцы на падставе аргумента “я хачу!” у архіў не пусцяць. Нагода? Ваш дзед ці прадзед быў рэпрэсаваны карнымі органамі на тэрыторыі УССР. Або вы – гісторык, журналіст ці пісьменнік, які займаецца гэтым перыядам. Прычым ніякіх абмежаванняў па нацыянальнасці (я ж не ўкраінец) няма. Наадварот, атмасфера даволі прыязная: пакуль яшчэ не было выпадку, каб мне ў нечым адмовілі. Нават сканіраванне дакументаў бясплатнае.
– Няўжо наведвальнік зможа, напрыклад, прачытаць дакументы за 1987 год?
– На вялікі жаль, пазнаёміцца з усімі справамі наўрад ці атрымаецца. Скажам, абсалютная большасць “паведамленняў агентуры” (то бок даносаў стукачоў, завербаваных спецслужбамі) была выцягнута са спраў яшчэ ў 1980-я гады і знішчана. Але сляды ўсё адно застаюцца: і ў допытах падследных, і ў пытаннях да іх. Трэба ўмець шукаць. Гэтаксама засталіся ў архівах і імёны катаў.
Іншая справа, што нават тыя дакументы, якія засталіся, даюць поўнае ўяўленне пра савецкую рэчаіснасць. Асабліва ўражваюць справы сталінскай эпохі. Асабіста для мяне яна нагадвае нейкае жыццё іншапланяцян. Іншым разам я проста не здольны зразумець ані матывацый тых людзей, ані прычынна-выніковых сувязяў. Вось вам сітуацыя: 1952 год, “справа ўрачоў”, то бок – жахлівы антысемітызм, узведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Малады камсамолец хоча пабрацца шлюбам з яўрэйкай. А ягоны дзядуля, “ветэран калчакаўскіх франтоў”, з уласнай ініцыятывы піша на ўнука данос: “завербаваны сіяністамі”. Далейшы лёс гэтай сям’і прасачыць не атрымалася: інфармацыя ў архіве адсутнічае.
Прытым за часамі позняга Сталіна колькасць даносаў на сваякоў і крэўных павялічвалася проста ў геаметрычнай прагрэсіі, быццам штам нейкага смяротнага віруса. Людзі хадзілі на першамайскія дэманстрацыі, спявалі песні Дунаеўскага, віншавалі адзін аднаго з рознымі “выбарамі” і “днямі сталінскай Канстытуцыі”. А па вечарах, высалапіўшы языкі, пісалі даносы на тых жа людзей, у тым ліку на жонак, братоў і дзяцей.
– Што прывяло ў архіў вас?
– Асабіста я трапіў у архіў дзякуючы Максіму Гарэцкаму. У красавіку ў Купалаўскім тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля, пастаўленага паводле аповесці “Дзве душы”. Я рабіў яе інсцэнізацыю і зацікавіўся: можа, у архівах украінскіх спецслужбаў засталіся звесткі пра Гарэцкага, рэпрэсіраванага ў 1938 годзе. На жаль, пакуль інфармацыі пра яго не знайшоў.
– А якое дачыненне Гарэцкі мае да Украіны?
– Ва ўкраінскіх архівах маецца больш за 1250 спраў беларусаў! Усе яны падзяляюцца на дзве катэгорыі. Першая – этнічныя беларусы Сівершчыны, Валыні і іншых памежных рэгіёнаў. Другая – людзі, якія былі накіраваны ва Украіну на працу ці на службу. Апошнія пераважна і станавіліся фігурантамі розных спраў “польскіх шпегаў” 1930-х гадоў. Вядома справа “Польскай арганізацыі вайсковай”, выдуманай у НКВД за часамі сталінскага наркама Яжова.
Адзін з самых вядомых фігурантаў той справы – Уладзіслаў Корчыц са Слонімшчыны, будучы савецкі генерал-палкоўнік і генерал бранятанкавых войскаў Польскай Народнай Рэспублікі. У 1938-м Корчыца арыштавалі як “польскага фашыста-манархіста”. Сярод абвінавачанняў, якія яму былі прад’яўлены, цытую паво-дле арыгінала – “вредительство в пользу белопольских фашистов в банно-прачечном деле Харьковской военно-хозяйственной Академии». Пасля пачварных катаванняў Корчыц ва ўсім прызнаўся і ўсё падпісаў. Але адно прызнанне зацягвала ў крымінальную справу, бы той вір, сотні іншых людзей. Некаторыя, між іншым, паводзілі сябе вельмі годна і нават пасля катаванняў нічога не падпісвалі і нікога не здавалі.
– Атрымліваецца, рукапісы пераважна не гараць…
– Даносы таксама. Таму звяртаюся да маіх суайчыннікаў, якія пісалі даносы або займаюцца гэтай бруднай справай у наш час: не пішыце даносы, не катуйце людзей! Рана ці позна адкрыюцца і беларускія архівы, я ў гэта веру. І тады вашы дзеці-ўнукі проста вас праклянуць. Дадам, што цяпер вядзецца праца над стварэннем лічбавай версіі архіваў украінскага КДБ. Плануецца, што праз два гады ўсе архівы будуць выкладзены ў інтэрнэце ў вольным доступе. Тады іх змогуць прачытаць не толькі даследчыкі, але і ўсе жадаючыя.
Даносы не гараць // Народная Воля. 2016. 5 красавіка. № 26. С. 5.