Апошнім часам у гутарках паміж прыхільнікамі музы Кліо актыўна абмяркоўваецца творчасць Анатоля Тараса.
Дыяпазон эмоцый сягае ад эйфарыі і захаплення да поўнага непрымання. Хто ж лепш раскажа пра свае выданні, чым сам аўтар: гісторык, кнігавыдавец, заснавальнік серыі “Неизвестная история”, які з’яўляецца аўтарам больш за 80 кніг па самай разнастайнай тэматыцы: гісторыі, псіхалогіі, ваеннай тэхніцы, баявых мастацтвах.
– Анатоль Яфімавіч, якое месца сярод вашых даследаванняў займае беларуская гісторыя? Як вы прыйшлі да гэтай тэматыкі?
– Зараз гісторыя выйшла на першы план у маім жыцці. Ад іншых тэмаў я імкнуся адмовіцца. Спадзяюся, да лета 2011 года разлічыцца з усімі запазычанасцямі і займацца менавіта праблемамі беларускай мінуўшчыны.
Увогуле, уласнай творчасцю пачаў займацца досыць даўно. Спярша гэта была навука. Я паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па педагогіцы і доктарскую дысертацыю па псіхалогіі. У 1990-я гады пачаў працаваць галоўным рэдактарам у выдавецтве “Харвест”. Выдаваў “Бібліятэку практычнай псіхалогіі”, дзе выйшла каля 80 тамоў, з іх 60 маіх.
У 2004 годзе я заказаў аднаму маскоўскаму аўтару, Аляксандру Шыракараду, кнігу пра маскоўска-польскія адносіны, прысвечаныя гістарычнаму прамежку ад Кіеўскай Русі да сучаснасці. Усяго 500 старонак. Калі пачаў яе рэдагаваць, нічога не ведаў пра беларускую гісторыю. Таму спярша толькі вышукваў логіку і правяраў факты. Паступова прыйшоў да пераканання, што далёка не ўсё з апісваемых падзей – праўда. Пайшоў у бібліятэку, паглыбіўся ў навуковую літаратуру і прыйшоў да высновы, што на пераважнай большасці старонак гэтага аўтара адлюстроўваецца несапраўднае разуменне нашай гісторыі.
У сваёй працы А. Шыракарад даказваў, што Масква з’яўляецца цэнтрам сусвету. Ён хлусіў там, дзе яму было зручна. Мне стала крыўдна за гісторыю сваёй краіны. Я адмовіў аўтару і вырашыў напісаць кнігу самому. Два гады збіраў матэрыялы. У 2006 годзе 800-старонкавае выданне “Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в ХIV—XVII вв.” трапіла на паліцы кнігарняў. У пачатку 2008 года выйшла “Анатомия ненависти. Русско-польские конфликты в ХVIII-ХХ вв.”, пазней складзены мной зборнік “История имперских отношений: Беларусы и русские. 1772-1991 гг”. Мне здаецца, гэта быў аргументаваны адказ А. Шыракараду. Яго аргументы на 500 старонках былі аспрэчаны мной на 2400. У сваіх кнігах я не праводжу класічнага навуковага даследавання. Хутчэй, абагульняю прачытанае, адмаўляўся ад розных версій адных і тых жа падзей і выбіраю тую, якая мне здаецца больш праўдзівай.
– Якой была рэакцыя чытачоў?
– Першая кніга разышлася чатырма накладамі па 3 тысячы кожны. Другая – двума накладамі такой колькасці. Зборнік выйшаў трыма накладамі агульнай колькасцю 4800 асобнікаў. Улічваючы сённяшнія рэаліі і стаўленне чытачоў да кніг наогул і беларускай гісторыі ў прыватнасці, гэта быў грандыёзны поспех.
Чаму чытачоў зацікавілі мае працы? Мяркую, сваю ролю тут адыграла некалькі фактараў. Па-першае, ніхто з нашых гісторыкаў даўно не пісаў вялікіх абагульняльных прац. Па-другое, для маіх выданняў характэрны лёгкі стыль, тады як большасць навукоўцаў, на жаль, ужываюць канструкцыі, складаныя для разумення. Па-трэцяя, прынцыповым было выкарыстанне рускай мовы. Па маіх падліках, толькі каля 10% беларусаў рэгулярна чытаюць выданні на сваёй роднай мове.
– А ці гатовыя вы пры магчымасці перайсці да напісання даследаванняў па-беларуску?
– Праблем не бачу. Я добра валодаю беларускай мовай, прыкметна лепш, чым шэраг прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Акрамя таго, ужо назапашаны вопыт рэдагавання. Напрыклад, па-беларуску выходзіла кніга Дзмітрыя Сасноўскага “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”.
– Даследаванні па гісторыі Беларусі, напісаныя на рускай мове, выдадзеныя ў Расіі… Ды яшчэ і ў назве на першым месцы суседняя краіна. Дык каму адрасаваныя вашы выданні?
– Як беларускаму, так і расійскаму чытачу, бо прысвечана гісторыям гэтых краін. У назвах маіх кніг закладзены дакладны камерцыйны разлік. Справа ў тым, што больш за 90% кніг выдавецтва “Харвест” ідзе на продаж у Расію. А нашым суседзям цікавая толькі ўласная гісторыя. Кнігі пра Беларусь, Літву, Украіну яны купляць не будуць. Таму выкарыстоўваю эфект “траянскага каня”: стаўлю ў назве на першым месцы словы “Расія” або “Маскоўскі”. Між тым у расійскай гістарычнай навуцы дагэтуль пануе афіцыйная канцэпцыя, выкладзеная ў творах М. Карамзіна, С. Салаўёва і В. Ключэўскага. У яе аснове канцэпцыя пра выключную ролю Расіі, яе станоўчую ролю ў развіцці суседніх рэгіёнаў. Праз уласныя кнігі спадзяюся пазнаёміць расійскіх і беларускіх чытачоў з альтэрнатыўнымі поглядамі на гісторыю. Даказваю, што Расія заўсёды з’яўлялася каланіяльнай імперыяй.
– Як адбываецца працэс падрыхтоўкі сваіх і чужых выданняў да друку?
– Выглядае гэта наступным чынам. Да мяне ў рукі трапляе рукапіс. Калі бачна, што ён будзе цікавы чытачу, пачынаю шукаць прыватнае выдавецтва, якое згодзіцца яго надрукаваць. Часцей за ўсё, за вельмі сціплы ганарар. У сярэднім выходзіць адно выданне ў месяц. Спачатку гэта былі кнігі ў чужых серыях. Зараз стварыў серыю “Неизвестная история”, якая ў асноўным прысвечана падзеям з мінулага Беларусі і Расіі. Цікава, што шэраг выданняў выходзіць якраз у суседняй краіне. Нават там знаходзяцца людзі, якія дзеля камерцыйнага прыбытку гатовыя друкаваць кнігі, якія не супадаюць з афіцыйным пунктам гледжання.
– Якія вашыя далейшыя планы?
– Зараз у друку адначасова знаходзяцца адразу некалькі выданняў. Гэта кнігі Анатоля Грыцкевіча “Борьба за Украину в 1918-20 гг.” і Ніны Стужынскай “Беларусь мяцежная”, прысвечаная антысавецкаму руху ў Беларусі ў 1920-я гады; манаграфія, у якой аналізуюцца пытанні партызанскага руху падчас Вялікай Айчыннай вайны (збольшага па матэрыялах Украіны); даследаванне Максіма Кірчанава “Интеллектуальная история белорусского национализма”, а таксама зборнік артыкулаў “Беларусь превыше всего”. Наогул, любая гістарычная кніга – сучасны погляд на даўніну. На мой погляд, у гістарычнай навуцы незалежнай Беларусі дагэтуль пануе савецкая ідэалогія. У сваіх кнігах мне б хацелася выказаць беларускі погляд на мінулае.
Гутарыў Дзяніс МАРЦІНОВІЧ
Кніжны свет. 2011. 28 студзеня. С. 1.
У меня есть 3 книги «неизвесной истории» и еще одну должны скоро прислать
А какое Ваше впечатление от них? Для меня лично, как для человека, получившего историческое образование, какой-то Америки (в области фактов) Тарас не открывает. Интересна скорее их интерпретация и общая позиция автора . Поэтому любопытен взгляд со стороны.
Ну что — то я узнал новое( ну например, что во времена ВКЛ и РП на территории теперешней Беларуси лидерство занимала униатская уерковь, я до этого думал что православье, а после унии с Польшей — католичество), а что — то уже знал. Книги этой серии просто великолепные, читал их просто залпам, мне очень интересно, так как увлекаюсь историей и в этом году собираюсь поступать на ист.фак. Еще мне осталось прочитать «Беларусь мяцежная»( http://artem-ablozhei.livejournal.com/31102.html), но это не Тараса.
Тогда до встречи на истфаковских коридорах:)
Дзякуй спадару Дзянісу Марціновічу за артыкул. Нарэшце ўдалося больш блізка пазнаёміцца з дадзеным аўтарам. Чытаў яго “Историю имперских отношений: Беларусы и русские. 1772-1991 гг”. Нічога асабліва новага для сябе, як чалавека таксама скончыўшага гіст.факт, там не знайшоў. Звычайная аўтарская трактоўка падзей мінулага. Мне чамусьці дадзеная праца нагадала творчасць такога вядомага «гісторыка ад матэматыкі» як Анатоль Фаменка.
Куды больш мне спадабаліся зборнікі пад агульнай рэдакцыяй А.Е. Тараса, што выйшлі ў выдавецтве «Харвест» у 2004 і 2007 адпаведна — «Войсковая разведка» и «Борьба с НВФ — негосударственными вооружёнными формирования» серыі «Камандос».
Дзякуй Вам!
Кнігі з серыі «Камандос» чытаць не даводзілася. Але з параўнаннем Тараса і Фаменка катэгарычна не згаджуся. Тарас выкарыстоўвае агульнавядомыя гісторыкам (і нават сваім апанентам) факты. Проста інтэрпрэтуе іх па-свойму. Яго можна прымаць ці не прымаць.
А Фаменка піша сапраўдную бязглуздіцу! Напрыклад, што паўстанне Пугачова і вайна за незалежнасць ЗША адбываліся з удзелам «ардынскай» Русі, якая існавала да таго часу і кантралявала Сібір і Паўночную Амерыку:)))