Падарожжа на Балканы

Чаму ў Босніі нельга заходзіць за жоўтыя стужкі, якімі агароджаны звычайны камень ля дарогі?
Якімі лесвіцамі штоноч карыстаюцца пасажыры цягнікоў, што ідуць з Чарнагорыі ў Сербію?
Хто поначы будзіць турыстаў, якія прыязджаюць у Сараева?
Прадстаўнік якой прафесіі абыходзіць разам з памежнікамі кожны вагон на мяжы? На гэтыя і іншыя пытанні я знайшоў падчас падарожжа па Балканах праз Боснію, Харватыю, Чарнагорыю, Сербію.

Мостар

Мостар

Памяць пра вайну? Забыць!
Яшчэ дваццаць гадоў таму падзеі на Балканах займалі першыя радкі ў сусветных навінах. У краінах былой Югаславіі ішла вайна, падчас якой Боснія і Харватыя змагаліся за незалежнасць ад Сербіі. Адначасова гэтыя краіны дзялілі тэрыторыі, на якіх жылі прадстаўнікі трох нацый. Адрэзак у два дзесяцігоддзі – добрая магчымасць паглядзець, як у рэгіёне захоўваюць памяць пра вайну. Кантраст з былым СССР відавочны.

Амаль у кожным горадзе Беларусі, Расіі і Украіны можна знайсці мемарыял, прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Такіх помнікаў на Балканах вы амаль не ўбачыце. За час падарожжа, а гэта больш за тыдзень, я сустрэў усяго каля пяці сціплых помнікаў. У некаторых населеных пунктах Босніі (напрыклад, у яе сталіцы Сараеве) на сценах жылых дамоў дагэтуль бачны сляды ад снарадаў. У той жа Босніі асобныя тэрыторыі за горадам (часта літаральна ў некалькіх метрах ад дарогі) абнесены жоўтымі стужкамі. Гэта сведчыць, што ўчастак або лапік зямлі (нават звычайны камень) дагэтуль не размініраваны. Яшчэ адзін прыклад – Сербія. На вуліцах часта можна ўбачыць надпісы, што Косава – сербская тэрыторыя (барацьба гэтай непрызнанай рэспублікі за незалежнасць – відавочны працяг балканскіх войнаў).
Зрэшты, сітуацыю ў Сербіі можна патлумачыць праз нацыяналізм, традыцыйна моцны ў гэтай краіне (гісторыкі лічаць, што сербы – адзіная імперская нацыя ў балканскім рэгіёне). А прыклады з жыцця Босніі – праз матэрыяльны фактар. Узровень жыцця ў гэтай краіне – невысокі ў параўнанні з суседзямі. Таму ў баснійцаў няма сродкаў, каб ліквідаваць наступствы вайны. Але калі абагуліць, Балканы забыліся пра жахлівыя падзеі мінулага і жывуць сучасным жыццём. Тады як у некаторых краінах былога СССР пра вайну ніхто і не збіраецца забываць.

Мяжа як фармальнасць
Беларусы – усходнія славяне, а сербы, харваты і нават баснійцы (якія былі даўно ісламізаваны) – славяне паўднёвыя. Здавалася б, паміж імі не павінна быць вялікіх адрозненняў. Але ў дадзеным выпадку розніца палягае ў геаграфіі і менталітэце. У параўнанні з намі жыхары Балканскага паўвострава з іх імпульсіўнасцю і гарачым норавам выглядаюць як дзеці поўдня.

Не дзіўна, што правілы руху ніхто асабліва не выконвае. Ні кіроўцы, чые машыны не спяшаюцца спыняцца перад пешаходамі. Ні шараговыя мінакі, якія пераходзяць дарогу там, дзе ім хочацца. Красамоўны прыклад я ўбачыў у Бялградзе: каля дзесяці чалавек парушылі правілы на вачах у паліцэйскіх. Нагадаю, што ў шэрагу краін (у тым ліку ў Сербіі) такой службы, як ДАІ, няма. Яе ролю выконвае ўсё тая ж паліцыя. То бок парушальнікі пераходзілі дарогу на чырвонае святло на вачах тых, хто мог іх аштрафаваць. На фоне сербаў і іншых жыхароў Балкан беларусы выглядаюць як сапраўдныя немцы або скандынавы, правільныя і педантычныя.

Іншы бок медаля – у поўнай раскаванасці і адчуванні свабоды. Для большасці беларусаў пераадоленне мяжы – гэта подзвіг, у якім прысутнічае элемент небяспекі. Бо ледзь не ў кожнай суседняй краіне, а таксама ў самой Беларусі маецца спіс рэчаў або прадуктаў, якія нельга вывозіць або ўвозіць. На Балканах перасячэнне мяжы – фармальнасць. Падчас падарожжа давялося пераехаць амаль з дзясятак межаў (не лічачы праверкі ў аэрапортах). Але толькі на румынскай мяжы мытніца спытала, ці не вязу я цыгарэты. Часцей за ўсё асабістыя рэчы ніхто не даглядаў.
Характэрны прыклад. Цягнік перасякае чарнагорска-сербскую мяжу. Вагон спыняецца. Мужчыны выходзяць у калідор, адчыняюць вокны і пачынаюць паліць. Прычым, калі з’яўляюцца памежнікі, толькі робяць паўзу паміж зацяжкамі. Пакуль цягнік стаіць на мяжы, па вагоне ходзіць прадавец, які прапануе пасажырам піва, сок і ваду.

Кіроўца аўтобуса – модная прафесія
Калі турыст карыстаецца балканскім транспартам, гендарныя і ўзроставыя стэрэатыпы абавязкова будуць разбураны. Напрыклад, хто звычайна з’яўляецца кіроўцам беларускіх міжгародніх або міжнародных аўтобусаў? Сталыя мужчыны 40–60 гадоў. А вось у Босніі, Харватыі, Чарнагорыі і Сербіі за стырном спрэс моладзь ад 25 да 35 гадоў. Дарэчы, маладзёны пераважна апрануты ў стыльныя кашулі з гальштукамі. Цікава, што кіроўцаў заўжды двое. Адзін кіруе транспартным сродкам, другі правярае квіткі. Здавалася б, знешні выгляд і ўзрост кіроўцаў – дробязь. Але як жа гэта павышае прэстыж прафесіі!

Або возьмем чыгунку. У нас праваднікамі пераважна з’яўляюцца жанчыны (ад маладзенькіх дзяўчат да сталых кабет). А вось у начным цягніку, у якім я ехаў з Падгорыцы (сталіцы Чарнагорыі) у Бялград (сталіцу Сербіі), правадніком быў сталы мужчына, нават дзядуля, з густой барадой.
У тым жа цягніку я сутыкнуўся з цікавай сістэмай. Квіткі прадаваліся на сядзячыя месцы і ў купэ. Месцаў у апошнім – шэсць (па тры з кожнага боку). На самыя высокія з іх вядзе металічная лесвіца, прыхіленая да акна. Купэ ад калідора аддзяляе шкло, таму тое, што адбываецца за зачыненымі дзвярыма, добра бачна. Але знаходзіцца ў купэ не надта камфортна. Падняць уверх спальныя месцы нельга. Сесці на іх таксама. Застаецца толькі ляжаць. Няма і століка, за якім можна перакусіць або пакласці свае рэчы. Таму пасажыры, якія хочуць пагутарыць, стаяць у калідоры.
Што яшчэ кідаецца ў вочы на Балканах? Напрыклад, ідэя, як змагацца з “нелегальнымі” пасажырамі (якія купляюць квіткі не на станцыі, а непасрэдна ў кіроўцаў). У чарнагорскіх гарадах Будва і Котар чалавек можа трапіць на перон аўтавакзала толькі тады, калі пакажа свой квіток. Іншую стратэгію прыдумалі ў Бялградзе. У касе пасажырам разам з квітком даюць жэтон. Яго трэба ўкінуць у турнікет і праз яго трапіць на перон. Праўда, пасажыры і тут знайшлі выйсце. Яны прыходзяць не на вакзал, а пільнуюць аўтобусы па дарозе з горада.

Мусульманкі ў красоўках
Балканы – той рэгіён, дзе перакрыжоўваюцца асноўныя еўрапейскія рэлігіі. Каталіцкая Харватыя належыць да заходняй культуры. Сербія і Чарнагорыя – праваслаўныя, Боснія – мусульманская. Апроч таго, у кожнай з гэтых рэспублік маюцца нацыянальныя меншасці. Таму распад Югаславіі быў непазбежны. Тут варта дадаць, што, калі б не падпісанне Белавежскіх пагадненняў і не рашэнне Міхаіла Гарбачова сысці, нас мог бы чакаць “югаслаўскі сцэнарый”.
Але значэнне рэлігіі ў сучасным жыцці Балкан усё ж такі не варта перабольшваць. Асабліва красамоўны прыклад – Боснія. Здавалася б, тыповая мусульманская краіна, дзе словы ў гонар Алаха гучаць праз гукаўзмацняльнік з мінарэта (прычым нават пасярод начы). Але большасць дзяўчат і маладых жанчын апрануты па сучаснай еўрапейскай модзе. Іх абцасам і нагавіцам у абцяжку могуць пазайздросціць і беларускі. Некаторыя прыгажуні карыстаюцца ярка-бардовай памадай, якая наўрад ці гарманічна суадносіцца з ісламам. Згаджуся: некаторыя баснійскія жанчыны закрываюць галаву хусткай. Але адначасова могуць абуць новыя красоўкі. Таму знешні выгляд жанчын спалучаецца як з традыцыяй, так і з модай. А ў Босніі іслам набыў адценне еўрапейскасці і не мае нічога агульнага з фундаменталізмам.

Колькі каштуе вандроўка?
У чым адметнасць падарожжа на Балканы ды яшчэ ў нетурыстычны сезон? Плюсаў некалькі. Першы – тэмпература. Зіма – не самы камфортны час для падарожжа, летам на Балканах лепш за ўсё знаходзіцца на беразе мора або басейна. А вясной і восенню (я падарожнічаў у першай палове сакавіка) тэмпература прымальная: ад +5 у Босніі да +18 у харвацкім Дуброўніку. Другі плюс – невялікая колькасць турыстаў. Згадзіцеся, непараўнальна лепш з камфортам паглядзець знакаміты мост у баснійскім Мостары (унесены ў спіс помнікаў ЮНЕСКА), чым прабірацца праз натоўп. Трэці плюс – мясцовыя кошты. Калі пераводзіць іх у беларускія рублі, дык абед у кавярні баснійскага Сараева або сербскага Бялграда абыдзецца ў 50–80 тысяч на аднаго чалавека. Даражэй хіба ў Харватыі, дзе больш высокі ўзровень жыцця.
Але самы галоўны аргумент – агульны кошт вандроўкі. Знаёмыя, пачуўшы маршрут падарожжа, шчыра здзіўляліся: адкуль у цябе такія вялікія грошы?! Аднак расчарую іх, а таксама некаторых чытачоў. Напрыклад, чатыры авіяпералёты (па два ў кожны бок; каб сэканоміць, давялося ляцець з перасадкамі) каштавалі ўсяго 55 еўра (па цяперашнім курсе 1,2 мільёна рублёў). Гэта менш, чым збор, які плацяць у пасольстве для атрымання візы. І ўсяго на 400 тысяч больш, чым квіткі на цягнік да Вільнюса і назад. Еўропа адкрыта – гайда у падарожжа!

Падарожжа на Балканы // Народная Воля. 2016. 25 сакавіка. № 23. С. 3.