Хто падтрымае тэатральныя эксперыменты?

Летась у Мінску ў прыватным “Тэатры Ч” паставілі спектакль “Што рабіць з тыграм?”. У яго аснову пакладзены дзве п’есы Славаміра Мрожака, напісаныя ў жанры абсурду. Неўзабаве пасля першых паказаў купалаўская актрыса Юлія Шпілеўская, запрошаная на адну з галоўных роляў, прызналася: дагэтуль у спектаклях у традыцыях абсурду яна не іграла.
Малюнак Алега Карповіча

Для беларусаў тут няма нічога дзіўнага. Але ў замежнікаў такое выказванне магло б выклікаць шок. Акцёрскага вопыту ў такім жанры не мела адна з вядучых актрыс Нацыянальнага тэатра! Натуральна, пытанне не да Шпілеўскай. Пад яе словамі маглі падпісацца большасць айчынных акцёраў і актрыс. Пастаноўкі ў жанры абсурду не з’яўляліся ў айчынных тэатрах хіба не з пачатку 1990-х. Іх рэпертуар трымаецца на двух кітах: касавых камедыях і спектаклях, пастаўленых па сістэме Станіслаўскага. Трэцяга амаль не дадзена! Выключэнні — эксперыментальныя пастаноўкі — можна пералічыць па пальцах. Нядзіўна, што вырасла цэлае пакаленне тэатралаў, знаёмае з тым жа жанрам абсурду або выключна праз драматургію, або дзякуючы рэдкім паказам на міжнародных фестывалях.
 Здаецца, прыйшоў час спытаць: хто вінаваты? Аднак адказу няма.
Гледачы? Але вядома, што галоўная катэгорыя айчынных гледачоў — сталыя жанчыны, якія ходзяць у тэатр з сяброўкамі, каб адпачыць пасля напружанага працоўнага дня. Адкуль у іх можа ўзнікнуць цікавасць да абсурду і яго глыбокае разуменне? Ды і асветніцкую работу з імі праводзіць няма каму.
 Акцёры? Але яны іграюць тое, што ім прапануюць рэжысёры. А калі і паглыбляюцца ў абсурдысцкія тэксты, дык адсутнасць вопыту не дазваляе ператварыць спектакль у мастацкую падзею (што ў сваю чаргу адштурхоўвае тэатральных снобаў).
 Рэжысёры? Але яны таксама не маюць вопыту пастановак у такім жанры, бо сталая традыцыя адсутнічае. У сваю чаргу кіраўніцтва тэатраў не згаджаецца на такія пастаноўкі, бо яны не збіраюць залу і не маюць глядацкага попыту. Такім чынам, кола замкнулася, і выйсця з яго пакуль не відаць. Натуральна, ніхто не спрачаецца, што калі-нікалі ў тэатрах можна і трэба адпачываць. Больш за тое, ніхто не збіраецца скідваць з “парахода сучаснасці” ні Станіслаўскага, ні яго вялікі метад. Але такое ўражанне, што беларускі тэатр глядзіць на свет адным вокам, прыжмурыўшы другое. У выніку частка сусветнай прыгажосці застаецца нябачнай.
Дык што рабіць? Мая прапанова — дзяржаўны ўплыў.
 Колькі гадоў таму ўвесь інтэрнэт успрымаў у штыкі ініцыятыву, згодна з якой айчынная музыка мусіла складаць 75% эфіру на радыё. Дзяржаву абвінавачвалі ва ўмяшанні ў культуру. “Якая беларуская музыка? Там няма чаго слухаць!” — абураліся слухачы. Даходзіла да смешнага: у расійскіх спевакоў знаходзілі беларускія карані (напрыклад, у салістаў гурта “Бі-2”, якія нарадзіліся ў Бабруйску і Мінску), каб запісаць іх беларусамі. Як не дзіўна, але тое рашэнне ўсё ж такі паспрыяла развіццю айчыннай папулярнай музыкі. Так, магчыма, яе яшчэ цяжка параўноўваць з расійскай або польскай. Але і ў нас ужо ёсць каго паслухаць.
Дык вось я прапаную ўзяць прынцып дзяржаўнага ўплыву на ўзбраенне. Вядома, эксперыментальныя пастаноўкі не павінны займаць 75% рэпертуару. Натуральна, няварта навязваць рэжысёрам ніякіх тэм і жанраў. Мяркую, варта зрабіць прасцей: трэба, каб у рэпертуары кожнага дзяржаўнага тэатра былі адзін-два спектаклі, вольныя ад касавых збораў і патрабаванняў па запаўняльнасці залы. Можна назваць іх эксперыментальнымі, паказваць на малой сцэне або адзін-два разы ў месяц прадстаўляць ім вялікую пляцоўку. Але гэта будуць спектаклі, на якіх тэатр зможа развіваць свайго гледача. А таксама прывучыць публіку, што тэатр — гэта не толькі камедыя Рэя Куні і спектакль па п’есе Астроўскага, дзе дакладна перададзена атмасфера ХІХ стагоддзя. Што на сцэне знойдзецца месца і саўндраме, і таму ж абсурду, і пастаноўкам, увасобленым праз тэхніку вербацім.
 Вядома, я не лічу гэтую прапанову ідэальнай. Але іншай пакуль не існуе. Якімі б смелымі ні былі прыватнікі, эксперыментальныя пастаноўкі ніколі не зробяць ім касы. А значыць, будуць фінансава стратныя, а жыццё гэтых спектакляў на сцэне — непрацяглае. Такім чынам, апошняе спадзяванне на дзяржаву. Не згодныя? Я гатовы паспрачацца.
Мала абсурду // Народная газета. 2016.  25 сакавіка.