Уладзімір ІВАНОЎ: «Жыву толькі на пенсію»

Летам мінулага года балетная трупа Музычнага тэатра на чале з балетмайстрам Уладзімірам Івановым адправілася на гастролі ў Кітай. Але паездка скончылася скандалам: частка танцоўшчыкаў адмовілася ехаць у горад Цяньцзінь, дзе адбылася тэхнагенная катастрофа. Іваноў прыняў бок артыстаў, а восенню тыя адмовіліся з ім працаваць.
У выніку балетмайстар сышоў з тэатра.

«Народная Воля» распытала Іванова, чым ён займаецца і за якія грошы жыве.

Владимир Иванов

– Зараз я не працую, жыву толькі на пенсію, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч пры сустрэчы. – Як вядома, танцоўшчыкі і балерыны афармляюць яе рана, яшчэ да 40 гадоў, калі сканчваюць кар’еру.

Няўжо пенсіі хапае на жыццё? Ці вам сур’ёзна даплачваюць як народнаму артысту?

– Называць канкрэтныя лічбы я не хацеў бы. Але, паверце, сума невялікая. Што тычыцца даплаты за званне, то ўсе народныя артысты атрымліваюць тры базавыя велічыні – цяпер гэта 630 тысяч рублёў.

Ці хапае пенсіі? Мы з жонкай (балерынай Людмілай Цярэнцьевай) перажылі 1990-я гады. Тады я скончыў кар’еру і сышоў з тэатра, а ў мяне было двое маленькіх дзяцей. Быў вымушаны ў адзіночку ўтрымліваць усю сям’ю. Тады было сапраўды цяжка. Але мая жонка – добры эканаміст, яна ведае, дзе і што купіць (смяецца). Выжылі тады, выжывем і цяпер. У нас няма неабходнасці ў вялікіх выдатках. Зараз жывём сціпла, але нармальна.

Няма жадання папрацаваць?

– Калі шчыра, то няма. Мой лёс склаўся так, што пасля харэаграфічнага вучылішча мяне адразу ўзялі ў Оперны тэатр. Усе наступныя гады – а прайшло ўжо чатыры дзесяцігоддзі – я ўколваў. Можа, хтосьці прачытае гэтыя радкі і падумае: “Ды што ён скардзіцца! Ён жа народны артыст! Жыццё ўдала склалася, кар’ера!..” Ды нічога падобнага! Мне ўсё так цяжка даставалася…

Нават пасля кожнай удалай ролі даводзілася даказваць, што я чагосьці варты. Гэта было вельмі цяжка. Калі я прыйшоў у тэатр, мяне ўзялі ў трупу артыстам кардэбалета. Аклад у мяне быў 90 рублёў, “чыстымі” атрымліваў 72. Кожны год уздымаўся на прыступку – мне дадавалі па чырвонцу (смяецца). У канцы 1980-х – пачатку 1990-х, калі заканчваў кар’еру, я атрымліваў вышэйшую стаўку. Але тады была іншая праблема: я атрымліваў шмат, а купіць не было чаго. Крамы стаялі пустыя. На халадзільніку ў мяне ляжалі літаральна пачкі грошай. Прыходзіла цешча, часам іх брала і рабіла пакупкі ў ЦУМе, калі нешта выкідалі.

Цяпер я магу пагуляць з сабакам столькі часу, колькі хачу. Магу спакойна папрацаваць за камп’ютарам. За гады кар’еры ў мяне назапасілася шмат фотаздымкаў, якія я сістэматызую. Вывучыўшы адпаведную праграму ў інтэрнэце, раблю хатнія кліпы, падбіраю музыку. Такіх кліпаў у мяне набралася ўжо каля дваццаці.

Я адчуў сябе свабодным чалавекам. Напэўна, такое адчуванне ў мяне было ў маладосці, калі здаў дзяржаўныя іспыты. Свабода! Прайшло некалькі месяцаў, і я нарэшце адчуў, што крыху адпачыў. Таму адчуваю сябе выдатна.

Уладзімір Іваноў: «Жыву толькі на пенсію» // Народная Воля. 2016. 11 марта. № 19. С. 6.