Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка вядомы як мецэнат, які падтрымлівае шматлікія культурныя ініцыятывы. А вось яго сын Эдуард Бабарыка лічыць, што людзі самі павінны збіраць грошы на ўлюбёныя праекты.
Стаўленне бізнесменаў да праблем культуры і філасофію бізнесу «Народная Воля» абмеркавала з Бабарыкам-малодшым на прэзентацыі амбіцыйнага кінапраекта.
Усё пачалося з таго, што рэжысёр Віктар Красоўскі зняў кароткаметражны фільм «Душы мёртвыя». Стужка расказвае пра штодзённае жыццё сучаснага прадпрыемства, на якім працуе шмат людзей з інваліднасцю. Іх наймаюць дзеля падатковых ільгот.
Стваральнікі фільма вырашылі не прасіць дапамогі ў дзяржавы. Маўляў, працэдуры вылучэння грошай непра-зрыстыя, а тэхналогій поспеху няма. Красоўскі здымаў праект на ўласныя сродкі (хоць і пры дапамозе сяброў). Праца акцёраў, транспарт, рэквізіт і іншыя выдаткі абышліся прыблізна ў 22 мільёны беларускіх рублёў.
Апроч прафесійных акцёраў (напрыклад, купалаўца Паўла Харланчука і акцёра РТБД Максіма Брагінца) у стужцы здымаліся непрафесіяналы – 13 юнакоў і дзяўчат з сур’ёзнымі формамі інваліднасці. Паводле слоў аператара Аляксандра Алейнікава, часам яны працавалі нават лепш, чым прафесіяналы. Дарэчы, Алейнікаў здымаў 28-хвілінны мастацкі фільм адным планам – без паўз, дубляў і мантажу.
Стужка ўжо гатовая. Але цяпер стваральнікі фільма збіраюць грошы на канчатковую дапрацоўку: агучку, студыйны запіс музыкі, колеракарэкцыю, субцітры, пераклад, каб стужку можна было адправіць на фестывалі. На ўсё гэта патрабуецца як мінімум 50 мільёнаў беларускіх рублёў. Сабраць іх плануюць праз краўдфандынгавую платформу “Вулей”, дзе абвешчаны збор сродкаў.
Краўдфандынг – дабра-ахвотнае фінансаванне пэўнага праекта. Як правіла, праз пералічэнне грошай праз інтэрнэт. Дагэтуль было вядома пра дзве паспяховыя гісторыі. Праект «Граф у Апельсінах» сабраў больш за 90 тысяч расійскіх рублёў (больш за 25 мільёнаў беларускіх па цяперашнім курсе). А на агучванне па-беларуску мультфільма «Свінка Пэпа» людзі пералічылі больш за 60 мільёнаў беларускіх рублёў.
Такую стратэгію фінансаван-ня якраз падтрымлівае Эдуард Бабарыка, які з’яўляецца дырэктарам па развіцці платформы “Вулей”. Як прызнаўся Бабарыка-малодшы, спачатку да з’яўлення платформы многія ставіліся скептычна. Маўляў, беларусы не будуць падтрымліваць такія праекты, бо ў іх няма магчымасцяў. Ды і няўдалых прыкладаў, калі арганізатары не збіралі патрэбную суму грошай, было багата. Але, на думку Эдуарда, ранейшыя праекты сканчваліся няўдачай, бо ствараліся для саміх аўтараў праектаў. Кшталту, “паглядзіце, які я геніяльны”. “Я бы выключыў з ужытку слова “ахвяраванні”, – кажа Эдуард Бабарыка. – Ахвяраванні не працуюць. Я павінен патлумачыць гледачу, навошта яму гэты фільм. Гэта грамадская дамова”. Як лічыць Бабарыка, у будучым падтрымка фільмаў да іх з’яўлення на экране будзе цалкам нармальнай з’явай. Магчыма, дыялог з гледачамі будзе пачынацца раней, на ўзроўні ідэі і выбару акцёраў.
Але падыход Эдуарда Бабарыкі нібыта супярэчыць дзеянням яго бацькі. Бо банкір Віктар Бабарыка вядомы як мецэнат.
“У вас няма сямейных супярэчнасцяў?” – запыталася “Народная Воля” ў Эдуарда.
“У нас не супярэчнасці, а дапаўненні, – парыраваў Бабарыка-малодшы. – Калі вы прааналізуеце палітыку «Белгазпрамбанка», вы наўрад ці знойдзеце кропкавыя мэты. Міжнародны тэатральны форум “ТЕАРТ”, фонд «Шанец», праект «АRT-Беларусь», якія падтрымлівае банк, – гэта сістэмныя праекты. Ствараецца сістэма, якая дазваляе генерыраваць усё новыя і новыя ідэі”. Як лічыць Эдуард Бабарыка, у сітуацыі з “Вуллем” таксама ствараецца сістэма, якая дазволіць беларусам аб’ядноўвацца. І ўзаемадзейнічаць незалежна ад падтрымкі з боку дзяржавы або буйнога спонсара.
Прыйшоў час вылучыць свой контраргумент: “Эдуард, але ж ваш бацька не кажа: “Дарагія тэатралы! Заплаціце, каб ваш любімы спектакль прыехаў у Мінск”.
“Але спектакль ніколі не акупіць сябе, – парыраваў Бабарыка. – Таму наўрад ці краўдфандынг тут дарэчы. Калі аўдыторыя вузкая, або неплацежаздольная, то бізнес можа прыйсці на дапамогу”.
Я запытаўся, чаго больш у кіно – мастацтва або бізнесу. Як прызнаўся Бабарыка-малодшы, ён не бачыць розніцы паміж гэтымі словамі: “Калі я пішу кнігу, здымаю фільм або стаўлю спектакль, якія нікому не патрэбны і нецікавыя, ці можна назваць гэта мастацтвам? Магчыма. Але ці гэту мэту ставіў перад сабой аўтар? Аналагічна і з бізнесам”. На думку Эдуарда, існуе стэрэатып, што місія кампаніі – выключна прыносіць прыбытак. “Такі стэрэатып быў цікавы для індустрыяльнага грамадства, калі эканамічныя паказчыкі былі ў прыярытэце. Але я ўпэўнены, што ў аснове ўсяго ляжыць стварэнне. Бабарыка ўпэўнены, што з’яўленне якаснага фільма або вывад на рынак года прадукту (нават таго ж тэлефона) знаходзіцца на перасячэнні бізнесу і мастацтва. На яго думку, “любы бізнес стварае. Таму кіно – гэта мастацтва. Але і бізнес – таксама мастацтва”.
Як сын банкіра збірае грошы на кіно // Народная Воля. 2016. 19 февраля. № 14. С. 6.