24 студзеня споўнілася 80 гадоў вядомаму беларускаму літаратуразнаўцу, тэкстолагу, доктару філалагічных навук, члену-карэспандэнту НАН Беларусі Міхасю Мушынскаму.
Па шчасліваму супадзенню – майму дзядулю. Пісаць пра сваякоў – заўжды няўдзячная справа. Шэраг творцаў сапраўды лепш успрымаюцца на часавай або прасторавай адлегласці, бо позірк зблізку часам развейвае рамантычны арэол. Але адначасова блізкае знаёмства дае магчымасць паглядзець на творцу як на жывога чалавека, зазірнуць у творчую лабараторыю навуцоўцы і ўбачыць, як узнікаюць яго работы, і зразумець ягоныя погляды на жыццё.
Чытачу “па сакрэту”
Міхась Мушынскі нарадзіўся 24 студзеня 1931 года ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Бацька, Іосіф Кірылавіч, служыў на чыгунцы, маці, Марфа Раманаўна, з’яўлялася хатняй гаспадыняй. Міхась Іосіфавіч быў другім дзіцём у сям’і. Да яго нарадзіўся Іван, ужо нябожчык, пасля Анатоль і Валянціна.
Падчас вайны Іосіф Қірылавіч эвакуіраваўся на Урал і вярнуўся дадому толькі пасля перамогі над Японіяй. Тады сям’я перабралася на жыхарства ў Быхаў. Там дзядуля скончыў сярэднюю школу і ў пачатку 1950-х гадоў паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1955-м год папрацаваў рэдактарам універсітэцкага выдавецтва. А з 1956-га нязменна – у Інстытуце літаратуры (цяпер Інстытуце мовы і літаратуры) Акадэміі навук.
Выдаў звыш 340 навуковых прац, у тым ліку 12 індывідуальных і 31 калектыўных манаграфій. Даследаваў творчую дзейнасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, дасягненні крытыкі і літаратуразнаўства на прцягу ўсяго ХХ стагоддзя. Кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання 13 навукова каменціраваных Збораў твораў, у тым ліку І.Мележа, М.Гарэцкага, Бядулі, М.Зарэцкага, Якуба Коласа, а таксама поўных збораў твораў Я.Купалы і М.Багдановіча.
Кожны юбілей – падвядзенне пэўных прамежкавых вынікаў. Але замест падрабязнага аналізу напісаных манаграфій прапаную чытачу знаёмства з іх аўтарам, навукоўцам і чалавекам. Такім чынам, Міхась Мушынскі гэта…
Адналюб
У 1956 годзе Міхась Іосіфавіч узяў шлюб з Тамарай Кляноўскай (цяпер Мушынскай), з якой дагэтуль жыве ў згодзе і шчасці. Тамара Фёдараўна не толькі жонка і маці двух дзяцей. Кандыдат філалагічных навук, настаўніца мовы і літаратуры, аўтар школьных падручнікаў па рускай літаратуры, яна з’яўляецца першым слухачом, чытачом, крытыкам тых прац, якія піша Міхась Іосіфавіч.
Неаднойчы трапляючы да бабулі і дзядулі ў госці, шмат разоў станавіўся сведкам абмеркавання будучага артыкула. Падчас сняданку або вячэры дзядуля прагаворваў бабулі яго асноўныя палажэнні, выслухоўваў думкі або заўвагі і ўжо з улікам іх ствараў канчатковую версію сваёй новай працы. Цяжка пераацаніць ролю Тамары Фёдараўны і ў афармленні даследаванняў. Справа ў тым, што дзядуля так і не захацеў “перасесці” на камп’ютар. А паколькі друкарская машынка ўжо даўно выйшла з моды і з ужытку, усе навуковыя працы па-ранейшаму ствараюцца ад рукі, а ўжо потым пры дапамозе бабулі пераводзяцца ў электронны выгляд.
Іранічны ліберал
За савецкім часам да палітычных падзей Міхась Іосіфавіч заўсёды ставіўся досыць іранічна і таму знаходзіўся нібы пасярэдзіне: паміж крытыкамі і апалагетамі тагачаснага грамадскага ладу. Але адначасова заўсёды імкнуўся адмовіцца ад адміністрацыйнай і партыйнай працы. На яго думку, яны забіралі час ад любімай навукі. Пасля абароны доктарскай дысертацыі Міхасю Іосіфавічу прапаноўвалі пасаду рэктара Інстытута культуры. А яшчэ задоўга да таго – сакратара партыйнай арганізацыі Інстытута літаратуры. Прычым, у апошнім выпадку ў перспектыве бачылася кватэра ў знакамітым “доме-даляры”. Як расказвалі сваякі, тады адмова выклікала захапленне. Але цяпер, калі глядзіш на цеснаватую “хрушчоўку”, застаўленую кніжнымі шафамі, часам узнікае “крамольная” думка: можа, варта было згаджацца?
Настаўнік і вандроўнік
Калі падрастаюць унукі, яны бачацца з бабулей дастаткова часта. А з дзядулем мы сустракаліся звычайна на святы або летам, калі я прыязджаў да іх пагасціць. Тым не менш, яго выхаваўчае ўздзеянне адчувалася не менш, толькі мела іншыя формы. Часцей за ўсё яно праяўлялася падчас сумесных падарожжаў.
Колькі сябе памятаю, падчас сумесных адпачынкаў Міхась Іосіфавіч заўсёды шмат вандраваў. Прыезд у любы дом адпачынку ўрэшце рэшт заканчваўся тым, што ён абыходзіў ўсё накаволле і ведаў кожную сцежку-дарожку. А гадоў дзесяць – пятнаццаць таму смела сыходзіў у падарожжа на палову дня. З аднаго боку, доўгія вандроўкі былі для дзядулі своеасаблівай формай адпачынку. З другога боку, як чалавеку, што нарадзіўся ў вёсцы, яму часам надакучваў аднастайны урбаністычны пейзаж гарадоў, а краявіды радавалі вока і надавалі неабходнае натхненне. Акрамя таго, хто ведае, магчыма, думкі з новых артыкулаў нараджаліся менавіта ў дарозе?
Падчас адной з сумесных вандровак па Мінску мы выйшлі да старога, занядбанага басейна. І раптам Міхась Іосіфавіч прапанаваў паспаборнічаць: хто прабяжыць уздоўж яго хутчэй? Сумненняў ва ўласнай перамозе ў мяне нават не ўзнікала. Усё ж такі дзядулю на той час было ўжо каля 70 гадоў. Напачатку я лідзіраваў, расслабіўся, але тут нечаканым фінішным рыўком ён абагнаў перад самым фінішам. Цяжка пераацаніць ступень уздзеяння такога эпізода для дзіцячай псіхалогіі: тут і прышчэпка ад уласнай самаўпэўненасці, і падказка, каб кантраляваў сітуацыю да канца, і павага да ўжо немаладога чалавека, які мае столькі жыццёвых і фізічных сіл.
Істотна паўплываў на мяне Міхась Іосіфавіч і ў пытаннях навуковых. Гісторыяй і літаратурай я пачаў цікавіўся яшчэ ў пачатковай школе. Зразумела, толькі ў якасці аматара і чытача. І вось падчас сумесных вандраванняў адбываліся шматлікія размовы пра гэтыя тэмы. Іх часавы дыяпазон сягаў ад глыбокай даўніны да сучаснасці. Расказы пра жыццё ў вёсцы пад акупацыяй і цяжкасці пры паступленні ў аспірантуру, рэакцыя яго калег па працы на «застой» і перабудову, характары і паводзіны класікаў беларускай літаратуры ў паўсядзённым жыцці. Прычым, усе героі аповедаў паўставалі без німба вакол галавы, як жывыя людзі. Істотна, што ніводны з расказаў не быў катэгарычны. Мяркую, менавіта тады ў мяне нарадзілася разуменне таго, што ў жыцці няма нічога абсалютна адназначнага і ў кожнага ёсць свая праўда. Такія размовы перавярнулі маё разуменне гісторыі і літаратуры і пазней прывялі да прафесійнага інтарэса ў гэтых сферах.
Спартсмен… і аматар дэтэктываў
Яшчэ ў маладосці Міхась Іосіфавіч актыўна займаўся спортам, у прыватнасці лёгкай атлетыкай (бегаў на кароткія дыстанцыі). З гадамі зацікаўленасць спортам перайшла ў захапленне заўзятара і тэлегледача. Ён заўсёды з задавальненнем глядзеў Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свецу і Еўропы па футболе, спаборніцтвы`па лёгкай атлетыцы, гімнастыцы, хакеі. Паколькі дзядуля добра памятаў куміраў мінулых гадоў, я заўсёды з задавальненем абмяркоўваў з ім гульню мінскага “Дынама” 1980-х гадоў ці перамогу Уладзіміра Куца ў алімпійскім Мельбурне.
Падчас адпачынку Міхась Іосіфавіч заўсёды чытаў “лёгкую” літаратуру. Звычайна, дэтэктывы. Асабліва ўпадабаў серыю Фрыдрыха Нязнанскага пра следчага расійскай генеральнай пракуратуры Турэцкага, на аснове якіх быў зняты вядоы серыял.
Памятаю, у дзяцінстве доўга не мог зразумець, чаму дзядуля не чытае “сур’ёзную” літаратуру. Толькі з часам прыйшло разуменнеĬ шо класікай з’яўляецца яго працай і прадметам вывучэння, ад сур’ёзнасці і велічнасці якой часам трэба проста пераключацца на больш лёгкае “чытво”.
Рамантык і гумарыст`
Несумненна, што большасць даследчыкаў беларускай мовы, гісторыі і літаратуры з’яўляўцца рамантыкамі. Пад такім азначэннем разумею іх захопленасць нацыянальнай культурай і яе мінулым. Міхась Іосіфавіч – не выключэнне. Слухаючы яго, цяжка стрымаць захапленне аб’ектам яго даследаванняў, глыбінямі, якія схаваныя ў творах аўтараў. Магчыма, менавіта такія размовы паспрыялі змене ўспрымання ягонай асобы – ад дзядулі да арыгінальнага і маштабнага даследчыка.
Адначасова да яго рамантызму дадаецца нязменнае пачуццё гумару, веданне безлічы жартоўных гісторый і анекдотаў. Расказвае ён іх з сапраўдным артыстызмам. Гэта надзіва кантрастуе з ягонай заглыбленасцю і не дае пераўтварыцца ў тыповага “кабінетнага” навукоўцу.
Прыклад Міхася Іосіфавіча, захопленага і апантанага даследчыка, надзвычай паўплываў і на мае ўласныя навуковыя спробы. Прызнаюся, што некаторыя праявы сённяшняга навуковага жыцця далёка не заўсёды спрыяюць зацікаўленасці менавіта гэтай галіной дзейнасці. Часцей наадварот, адштурхоўваюць поўнай адарванасцю ад рэальнага жыцця. Шэраг даследчыкаў адчуваюць сябе камфортна толькі ў нечым адным: або ў паўсядзённым жыцці, або ў навуцы, і ніяк не могуць аб’яднаць іх у адно цэлае. Таму для мяне, як ні пафасна гэта прагучыць, Міхась Іосіфавіч з’яўляецца ідэалам сапраўднага вучонага, прыкладам таго, якой можа і павінна быць навука, якая з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця.
Шчаслівы
У рамане Самерсэта Маэма “Тэатр” галоўная гераіня, Джулія згадвала знакамітую фразу Шэкспіра “Увесь свет – тэатр, у ім жанчыны, мужчыны – усе акцёры”. І доўжыла афарызм вялікага англічаніна ўласным назіраннем: “Але тое, што я бачу (…), усяго толькі ілюзія, толькі мы, акцёры, рэальныя ў гэтым свеце”.
Мяркую, працытаваны ўрывак дапаможа зразумець псіхалогію ўчынкаў і паводзінаў творцаў. Іх справы, штодзённая праца з’яўляецца для іх сэнсам жыцця. Магчымасць пісаць пра самых маштабных асоб нацыянальнай літаратуры і прыносіць даследчыку сапраўдную асалоду. У неабсяжнай прасторы літаратуразнаўства адкрываюцца новыя далягляды. У няспынным руху да іх Міхась Мушынскі жыве, працуе. А значыцца – застаецца шчаслівы…
Дзяніс Марціновіч Навуковае даследаванне — як асалода// Літаратура і мастацтва. 2011.28 студзеня. № 4. С. 15.
Мае віншаванні і глыбокая павага шаноўнаму юбіляру!
Дзякуй вялікі! Абавязкова перадам!
Далучаюся да віншаванняў:)
Жадаю няспыннага працягу навуковай дзейнасці і такой жа цікавасці да жыцця:)
Самыя шчырыя віншаванні Міхасю Іосіфавічу.
Адзін з сапраўдных Вучоных, якіх я ведаю.
Дай яму Бог здароўя і моцы!
Міхасю Іосіфавічу моцнага здароўя
і ўсяго самага найлепшага!!!
Унук — малайчына.
Шчырыя віншаванні ўсёй сям’і і блізкім гэтага выдатнага чалавека. Сто гадоў!
Сардэчна Вiншуем з днем нараджэння!!! Далейшых поспехау у Вашай далейшай працы!!!
Усім вялікі-вялікі дзякуй!
Усе пажаданні перададзены юбіляру!
Сапраўды, дай Божа кожнаму ў такім паважным узросце так цікавіцца жыццём і з такой ахвотай пісаць!
Шчырыя віншаванні! Любім, заўсёды памятаем!
А яшчэ гэта вельмі добры і шчыры чалавек, які заўсёды гатовы дапамагчы, вельмі просты ў стасунках, ён ніколі не бывае змрочным. Калі яго бачыш, хочацца падбегчы да яго, каб пабачыць яго шчырую ўсмешку і быць у гэты дзень у настроі.
Дзякуй!
Шаноўны і дарагі Міхась Іосіфавіч!
Сардэчна віншую Вас з васьмідзесяцігоддзем! Радуюся з таго, што Вы сваім яскравым талентам вучонага-гуманіста абнялі велізарныя літаратурныя абсягі, сонечна абагрэлі іх
глыбінна беларускім нацыянальным сэрцам і наблізілі да ўдзячных адораных чытачоў.
Зычу Вам і ўсім родным, што клапоцяцца пра Вас, добрага здароўя, паболей радасці штодня!
Будзьма!
Васіль Жуковіч
Вядома ж, я ведаю, што Міхасю Мушынскаму — 85! Шчыра перапрашаю. Яшчэ раз — з ВЫСОКІМ юбілеем!
Васіль.
Дзякуй!
Абавязкова перадам вашыя цёплыя словы Міхасю Іосіфавічу!