Сваякі

У 1960-я гады па Савецкім Саюзе хадзіў жарт: “Не имей сто друзей, а женись, как Аджубей”. Сапраўды, журналіст Аляксей Аджубей, які ўзяў шлюб з дачкой Мікіты Хрушчова, зрабіў фантастычную кар’еру. А каму-небудзь з беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў сваяцтва дапамагло дасягнуць вышынь у палітыцы, гаспадарчай сферы і культуры?“Народная Воля” адшукала некаторыя цікавыя гісторыі з жыцця айчыннай эліты.

Машеров

Шлюб у брэжнеўскім Палітбюро
Цягам усёй савецкай гісторыі сяброўства паміж вышэйшымі маскоўскімі чыноўнікамі або нават іх кантакты па-за службай не віталіся. Падазроныя генсекі баяліся, што такім чынам супраць іх плятуцца змовы. Што тут ужо казаць пра сваяцтва! Але ў кожнага правіла існуюць выключэнні.

У 1965 годзе лідара БССР Кірылу Мазурава перавялі на павышэнне ў Маскву, дзе ён стаў першым намеснікам старшыні ўрада і членам Палітбюро. Разам з бацькам у сталіцу СССР пераехала сям’я: жонка і дзве дачкі – 17-гадовая Наталля і 15-гадовая Алена. Праз пэўны час Наталля пачала сустракацца з Уладзімірам Капітонавым. Бацька апошняга, Іван Капітонаў, цягам усіх гадоў “застою” з’яўляўся сакратаром ЦК КПСС і адказваў за прызначэнне кадраў. Маладыя пабраліся шлюбам.

Сваяцтва з верным брэжнеўскім паплечнікам не дапамагло Мазураву: у 1978 годзе яго пасля канфлікту з “дарагім Леанідам Ільічом” накіравалі на пенсію. Паводле адной з версій, Кірыл Трафімавіч у кулуарах дазволіў сабе засумнявацца, ці варты Брэжнеў чарговай, трэцяй па ліку, зоркі Героя Савецкага Саюза. Капітонова адправілі ў адстаўку ўжо пры Гарбачове.

Але шлюб яго дачкі аказаўся мацнейшы за палітычную кан’юнктуру. Паводле звестак на сярэдзіну 2000-х, Уладзімір Капітонаў працаваў намеснікам кіраўніка прэс-службы Маскоўскай гарадской думы. А вось Наталля Капітонава абараніла доктарскую дысертацыю па гісторыі. Яна дагэтуль выкладае ў МГІМО і з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў па знешняй палітыцы Вялікабрытаніі.

Сваяк Машэрава – шэф КДБ
Цікава, што ў Пятра Машэрава, як і ў Кірылы Мазурава, таксама нарадзіліся дзве дачкі. Прычым іх таксама звалі Наталля і Алена!

Наталля працавала ў БДУ, была прэзідэнтам Беларускага саюза імя П.Машэрава “Зніч”, які аказваў дапамогу ахвярам Чарнобылю. На пачатку 1990-х гэта арганізацыя выступала адным з сузаснавальнікаў першага “Славянскага базару”.
Праз дачку Машэраў стаў сваяком старшыні КДБ БССР Васіля Пятрова (займаў гэту пасаду ў 1959–1970 гадах). Як сцвярджае журналіст Славамір Антановіч, пасля разводу з першым мужам Наталля ўзяла шлюб з сынам Пятрова. У іх нарадзілася трое дзяцей, ёсць сямёра унукаў (дарэчы, двое з іх – блізняты).

Як дзядька і пляменнік партыю не падзялілі
Апошнія 20 гадоў палітык Сяргей Калякін знаходзіцца ў апазіцыі. А вось у 1996 годзе ён лічыўся адным з самых уплывовых палітыкаў. Партыя камуністаў Беларуская, якую ён узначальваў, сфарміравала буйную фракцыю ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання. Калякін прэтэндаваў і на пасаду спікера, але саступіў Сямёну Шарэцкаму.

Безумоўна, гэтых поспехаў Сяргей Іванавіч дасягнуў самастойна. А вось старту кар’еры, як мяркуе хто-ніхто, мог паспрыяць дзядзька Мікалай Дземянцей – сакратар ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы (1979–1989) і спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання (1990–1991). Распад СССР 39-гадовы Калякін сустрэў на пасадзе першага сакратара Савецкага райкама КПБ горада Мінска. Праўда, сам Калякін адмаўляе факт якой-небудзь дапамогі: “Што тычыцца пратэкцыі бацькоў або іншых сваякоў у прынцыпе, то ў нашай сям’і гэта было проста немагчыма. Я ж у Мінскім радыётэхнічным інстытуце пачынаў вучыцца на вячэрнім аддзяленні, на дзённае паступіць не змог. Пасля першага курса сышоў на два гады тэрміновай службы ў войска. Вярнуўся на студэнцкую лаву і толькі пасля трэцяга курса перавёўся на дзённае аддзяленне”.

Цікава, што дзевяць гадоў таму, у 2006-м, паміж дзядзькам і пляменнікам прабегла чорная кошка. Разам з іншымі былымі савецкімі партыйцамі (напрыклад, экс-прэм’ерамі БССР Аляксандрам Аксёнавым і Міхаілам Кавалёвым) Дземянцей падпісаў ліст, у якім заклікаў да аб’яднання дзве камуністычныя партыі: апазіцыйную Партыю камуністаў Беларускую (ПКБ), якую ўзначальваў яго пляменнік, і прадзяржаўную Камуністычную партыю Беларусі (КПБ). Прычым на платформе КПБ. Калякін змог адстаяць сваё дзецішча. Пазней Дземянцей заявіў, што не размаўляе з пляменнікам. А вось той выказваўся пра дзядзьку з павагай.

Дачка – пісьменніца, унук – фігурыст
Кар’ера Аляксандра Радзькова, лідара “Белай Русі” (а ў мінулым – міністра адукацыі і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта), пачыналася ў Магілёўскім педагагічным інстытуце (цяпер Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова). Радзькоў стаў яго рэктарам, абараніў доктарскую дысертацыю па педагогіцы. Цікава, што яго дачка Наталля Ігнаценка таксама звязала лёс з працэсам навучання. Яна выкладчыца музыкі і спеваў у адной з маскоўскіх пачатковых школ. Таксама Ігнаценка спрабуе свае сілы ў літаратуры. Спачатку ў яе выйшла кніга паэзіі, разлічаная на дарослую аўдыторыю. Прычым настаўнікам Наталлі можна лічыць самога Аляксандра Міхайлавіча. Як яна прызнавалася ў адным з інтэрв’ю, “яшчэ мяне выдатна натрэніраваў на паэзію ў дзяцінстве бацька – мы часта гулялі з ім у бурымэ, калі трэба рыфмаваць словы”.

Пазней Ігнаценка напісала некалькі кніг для дзяцей. Адна з іх называлася “Как два брата спортсменами стали”. Прататыпам галоўнага героя быў яе сын і ўнук Радзькова Павел Ігнаценка, які выступае за зборную Беларусі па фігурным катанні. Летась ён заняў 21-е месца на чэмпіянаце Еўропы, а вось сёлета туды не трапіў (на першынство паехаў яго калега, які выйграў чэмпіянат Беларусі). Апроч таго, Ігнаценка з’яўляецца адным з герояў свецкай хронікі. Летась прэса пісала пра яго магчымы раман з Адэлінай Сотнікавай, алімпійскай чэмпіёнкай 2014 года ў жаночым адзіночным катанні. Іх сумесныя фотаздымкі з’явіліся на старонцы Сотнікавай у сацыяльнай сетцы. Сама дзяўчына ніяк не каментуе чуткі, настойваючы, што яны з Паўлам – толькі сябры.

Сын машэраўскага міністра – намеснік Макея
У савецкія часы чыноўнікі займалі свае пасады не год – дзесяць! Але Юрый Міхневіч адназначна з’яўляецца адным з рэкардсменаў: ён стаў міністрам культуры БССР у лістападзе 1971-га і займаў гэтую пасаду цягам 18 гадоў. Яго сын, Аляксандр Міхневіч, мае шанцы працягнуць міністэрскую традыцыю сям’і.

Калі Юрый Міхневіч стаў міністрам, яго сын з’яўляўся студэнтам Маскоўскага інжынерна-тэхнічнага інстытута. У інтэрв’ю газеце “Культура” (адзіным, дзе гаворка ішла пра сваяцкія стасункі) Аляксандр Юр’евіч расказваў пра бацьку праз прызму яго пасады: “Падчас маёй вучобы ў маскоўскай ВНУ бацьку прызначылі на міністэрскі пост. Зразумела, ён стаў часта наведвацца ў саюзную сталіцу па рабочых справах. Дык вось, я не памятаю ніводнага выпадку, каб мы сядзелі ўвечары ў рэстаране (хаця мне, галоднаму студэнту, можа, гэтага і хацелася). Ён жа складаў план: “Сёння пойдзем на прэм’еру ў Вялікі, заўтра нас чакаюць “Сталевары” ў МХАТ, праз тры дні будзем на Таганцы, бо нам трэба абавязкова паглядзець “Гамлета” з Высоцкім, дый “Юнону” і “Авось” нельга прапусціць у «Ленкоме”. І ў кожны прыезд мы з ім хадзілі па тэатрах”. Зрэшты, у інтэрв’ю маецца адзіная згадка, што Міхневіч-малодшы ўжо тады далучаўся да вялікай палітыкі: “Калі тату неабходна было падрыхтавацца да выступлення, напрыклад, на пленуме ЦК партыі ці да справаздачнага бюро ЦК, то ён раіўся з намі, асабліва з жонкай Раісай Яраслаўцавай”.

Аляксандр Міхневіч пачаў кар’еру на “Інтэграле”, але ўжо праз год перайшоў на камсамольскую працу. Далей яго чакала вучоба ў маскоўскай Акадэміі знешняга гандлю, праца ў навукова-даследчым інстытуце пры беларускім Дзяржплане, у Міністэрстве лёгкай прамысловасці, канцэрне “Беллегпрам”… З 2000 года лёс Міхневіча звязаны з айчынным МЗС: намеснік міністра, пасол у Вялікабрытаніі. З 2012 года, калі МЗС узначаліў Уладзімір Макей, Міхневіч з’яўляецца яго першым намеснікам.

Сваякі // Народная Воля. 2016. 23 февраля. № 15. С. 8.