Сем фактаў пра Мележа

8 лютага споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, аўтара эпічнага цыкла “Палеская хроніка” Івана Мележа. “Народная Воля” ўспомніла некалькі нечаканых фактаў з біяграфіі творцы. Як ён майстраваў сабе ровар, хто быў яго першым каханнем і як дачка пісьменніка ледзь не спаліла раман “Людзі на балоце”.

Мележ

Шыў сабе абутак і змайстраваў ровар
Фраза “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” лічыцца штампам. Але да Мележа яна падыходзіць ідэальна. Як згадваў яго аднакласнік Пятро Чарняк, у дзяцінстве Іван хадзіў у школу ў пасталах, якія сам зрабіў з лазы (пасталы – мяккі сялянскі абутак, часта зроблены з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі). Тады як астатнім вучням да чацвёртага класа пасталы плялі бацькі. Але сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.

«Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся»
У жыцці Мележа былі дзве гісторыі кахання. Яго першую дзяўчыну звалі Алеся. Яна нарадзілася ў той жа вёсцы Глінішчы, што і будучы пісьменнік. Юнакі пасябравалі падчас вучобы ў Алексіцкай сямігодцы. Далей Іван працягнуў вучобу ў дзесяцігодцы, што знаходзілася ў Хойніках, а Алеся паступіла ў педагагічны тэхнікум, скончыла яго і працавала настаўніцай. Каханых разлучыла вайна. Дзяўчына засталася на акупаванай тэрыторыі, а Мележ знаходзіўся на фронце. У 1942 годзе ён быў паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. У горадзе Бугуруслан, што ў Арэнбургскай вобласці, ён пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай, маладзейшай за Івана Паўлавіча на два гады. У красавіку 1943-га яны, не сказаўшы нікому ні слова, пайшлі ў загс і распісаліся. Як згадвала пазней жонка пісьменніка, яны палічылі, што шлюб – іх асабістая справа і шумнага вяселля ім не трэба. Лідзія Пятрова-Мележ стала першым чытачом усіх твораў мужа.

Паэт “Іван Мелеш”
Напэўна, гэта быў лёс большасці беларускіх пісьменнікаў: спачатку пісаць вершы, а ўжо потым пераходзіць да прозы. Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. Праўда, адна з іх была падпісана “Мелеш”. Калі паэт Мікола Аўрамчык спытаў, адкуль з’явіўся такі дзіўны псеўданім, Іван Паўлавіч, усміхнуўшыся, адказаў: “Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам”. Праўда, захапленне паэзіяй было непрацяглым. У 1938 годзе Мележ прыехаў у Мінск на курсы-канферэнцыю маладых творцаў. І прывёз на абмеркаванне толькі адзін верш “На сенажаці”, які быў бязлітасна раскрытыкаваны. Як згадваў пісьменнік Мікола Гарулёў, некалькі дзён з Мележа было “не выцягнуць слова”. Падчас вайны пісьменнік пачаў пісаць апавяданні (адно з іх высока ацаніў Кузьма Чорны). Таму вярнуўшыся ў вызвалены Мінск, Іван Паўлавіч сказаў таму ж Гарулёву, што паэзія – эпізод у яго жыцці, які не паўтарыцца.

«Тут святло павінна быць, а не туманы…»
Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана, які потым стаў называцца “Людзі на балоце”. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс “Полымя”, дык на асобным лісце мелася ажно пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: “Людзі на балоце” і “Туманы над багнай”. Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі “Туманы над багнай”. Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: “Даволі змрочна ўсё гэта. А назва “Туманы над багнай” яшчэ больш прыгнятае. Першыя гады савецкай улады, тут святло павінна быць, а не туманы…” Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва “Людзі на балоце” яму больш па душы. “Хай ідзе ў часопісе. Калі што – потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай…”.

«Людзі на балоце» ледзь не згарэлі
Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачуўся пах гарэлага, потым паказаўся дым. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. “Прымчаліся пажарныя, – расказваў Вітка. – Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа…” Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман “Людзі на балоце”. Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.
“Палеская хроніка” засталася няскончанай. Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

Стары Глушак – сусед па лецішчы
Яшчэ да таго, як з’явіліся знакамітыя лецішчы на Лысай гары, некаторыя пісьменнікі (напрыклад, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак і Іван Мележ) атрымалі ўчасткі для будаўніцтва ў Ждановічах. Праўда, ад свайго лецішча Мележ меў не толькі станоўчыя ўражанні. Адзін ў яго суседаў, заняты канцэртнай і выкладчыцкай дзейнасцю, нячаста прыязджаў у Ждановічы. Затое ў доме пастаянна жыў яго цесць. Для аховы лецішча ён завёў сабаку. Ці то апошні быў злы па характару, ці то сабаку не кармілі і ўвесь час трымалі на прывязі, але “чацвераногі сябра” часта выў. Мележ не вытрымаў і папрасіў, каб сабаку кудысьці прыбралі, але сусед адмовіўся. Але пісьменнік знайшоў у знаёмстве свае перавагі. Часова змірыўшыся са сваім становішчам, пісьменнік пачаў прыглядацца да асобы гэтага мужчыны, каб зразумець матывацыю яго ўчынкаў. Як пісаў паэт Алесь Бачыла, Мележ прызнаўся яму, што пісаў з суседа вобраз свайго Глушака з “Палескай хронікі”.

Васіль і Ганна маглі пачаць усё з пачатку?
“Палеская хроніка” засталася няскончанай. Але ў нататніках Мележа засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася б з галоўнымі героямі. Так Ганна Чарнушка ўрэшце звязала бы свой лёс не з Васілём, Яўхімам, ці з Башлыковым, а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Тым самым, які асабліва настойліва агітаваў аднавяскоўцаў будаваць грэблю. Згодна Мележу, урэшце абраннік Ганны зрабіў бы крок, які заслужыў павагу аднавяскоўцаў. Калі нейкі начальнік хацеў пакінуць калгаснікаў без хлеба, Міканор “здаў нарыхтоўкі. Выдзеліў насенне. А ўсё астатняе размеркаваў. І дачакаўся пракурора”. Васіль Дзяцел мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай. У адным з запісаў сустракаецца такая фраза: “Калі палалі Курані – сям’я (Васіля – “НВ”) загінула. Выратаваўся сынок адзін. Яго выпадковая смерць абмінула”. Дарэчы, Лідзя Пятрова-Мележа пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

У скарочаным варыянце апублівакана:
Нечаканы Іван Мележ // Народная воля. 2016. 5 лютага. № 10. С. 6.