Сем фактаў пра Шамякіна

30 студзеня сполася 95 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт», якія чыталі мільёны чытачоў. «Народная Воля» вырашыла ўспомніць некалькі яркіх і нечаканых фактаў з біяграфіі творцы.

Шамякин

Пазнаёміўся з будучай жонкай у пятым класе 

Першае каханне надзвычай рэдка перарастае ў сур’ёзныя пачуцці, а тым больш у шлюб. Але Шамякін пазнаёміўся з будучай жонкай, калі вучыўся ў пятым класе. Там ён упершыню ўбачыў Машу Кротаву, “маленькую, рыжанькую, з вялікімі блакітнымі вачыма, вельмі жывымі і выразнымі”. Закахаўся ў яе пасля аднаго эпізоду. Хлопец адрасціў доўгія валасы. Дырэктар некалькі разоў папярэдзіў яго, а потым прымусова пастрыг перад усім класам. Усе здзекаваліся (некаторыя нават каментавалі, што іх сябра “стрыгуць, як барана”), спачувала толькі Маша.

Але праз тры месяцы сям’я Шамякіных пераехала. Наступны раз юнакі сустрэліся ў Гомелі, куды паехалі вучыцца пасля заканчэння сямігодкі. Іван Пятровіч паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, Марыя Кротава – у медыцынскі тэхнікум. Праз два гады, убачыўшыся ў кінатэатры, яны пачалі сустракацца, а ў 1940-м, перад прызывам Шамякіна ў армію, узялі шлюб.

Стаў пісьменнікам, дзякуючы каханню
Цяжка паверыць, але Шамякін пачынаў свой шлях у літаратуру з вершаў. Праўда, па ўспамінах самаго аўтара, іх добра крытыкавалі на пасяджэннях гомельскага літаратурнага аб’яднання. Закахаўшыся ў сваю будучую жонку, Шамякін упершыню ў жыцці наважыўся напісаць прозу.

“На зімовых канікулах, седзячы ў лесе, у самотнай адзіноце, я сачыніў, менавіта сачыніў дзённік. Выдумаў рамантычную гісторыю: маладая прыгожая жонка ляснічага (не было такой жонкі! Была кабета сярэдніх гадоў з трыма дзецьмі, якую я бачыў улетку, калі адносіў нейкія паперы бацькавы) закахалася ў мяне (во герой!). Безумоўна, па просьбе яе ляснічы запрасіў мяне, студэнта, інтэлігента, на абед. Доўгі высокаінтэлектуальны дыялог старонак на дзесяць. Размова пра жыццё і пра кнігі, у тым ліку і пра “Что делать?””.

Як пазней прызнаваўся Шамякін, гэтая гісторыя сачынялася для будучай жонкі, каб “узняць, як кажуць сёння, свой імідж у яе вачах: во які герой! На мяне замужняя жанчына кінула вока”. Праўда, праз паўтары гады Маша Кротава прызналася, што не паверыла ніводнаму слову з таго дзённіка. З таго часу Шамякін, паводле яго слоў, “занатоўваў толькі праўдзівыя падзеі і думкі”.

Лепшы сябра – Андрэй Макаёнак
У 1948 годзе Шамякін з сям’ёй перабраўся ў Мінск. Спачатку ён здымаў кватэру на Лагойскім тракце. Побач на такіх жа правах жылі пісьменнікі Аляксей Кулакоўскі, Пётр Васілеўскі і Андрэй Макаёнак. З імі Шамякін сябраваў усё жыццё, але найбольш блізкія стасункі яго звязвалі з драматургам Макаёнкам. “Адзін без аднаго дня не маглі пражыць, – згадваў Шамякін. – Паміж нашымі дачамі ў Ждановічах – кіламетры са два. Здаралася, доўгім летнім вечарам усё перагаворым, абмяркуем, але ўсё роўна паўночы праводзім адзін аднаго, як закаханыя: спачатку ён мяне, потым я – яго”.

А ўпершыню сябры ўбачыліся яшчэ раней, прычым дзякуючы выбарам. Пасля вайны адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет ці то СССР, ці то БССР. Івану Пятровічу даручылі прывезці ў Мінск выбарчыя бюлетэні, каб перадаць іх у цэнтральную камісію. Але выехаць з Гомеля не мог: не было квіткоў. Потым на пероне з’явіўся дзелавы хлопец, які стварыў дэлегацыю, пайшоў да начальніка станцыі і дабіўся, каб да цягніка прычапілі дадатковы вагон. Гэта і быў Макаёнак.

Па дапамогу да КДБ
На рубяжы 1970–1980-х пісьменнік зацікавіўся сюжэтам з савецкай гісторыі. Гаворка пра Брэсцкі мір (1918), калі бальшавікі, ратуючы сваю ўладу, дамовіліся з Германіяй і выйшлі з Першай суветнай вайны. Падшыўкі “Праўды” не далі поўнага ўяўлення пра тыя падзеі. Тады Шамякін вырашыў пазнаёміцца з мемуарамі Льва Троцкага – аднаго з лідараў бальшавікоў, які да таго часу лічыўся “ворагам народа”. Аднойчы пісьменнік апынуўся ў адным прэзідыуме з Якавам Нікулкіным, старшынёй КДБ Беларусі (1970–1980). І папрасіў дастаць яму кнігу Троцкага. “Навошта табе?” – спытаў галоўны чэкіст рэспублікі. “Раман вырашыў напісаць, і трэба ж ведаць галоўнага апанента Леніна!”“Але ж дзе я яго дастану?”“Вы ўсемагутныя!” – адказаў пісьменнік.

Праз месяц яму патэлефанаваў памочнік Нікулкіна. І паведаміў, што на мытні арыштавалі асобнік кнігі, але на нямецкай мове. Шамякін схлусіў, што яму перакладзе дачка. Кнігу выдалі пад распіску, папярэдзіўшы: ніякіх калектыўных чытак! Суседка Шамякіна знайшла супрацоўніка Лінгвістычнага інстытута, які перакладаў з ліста. Як расказваў Шамякін, яны месяц сядзелі з каньяком, чытаючы “Маё жыццё” Троцкага. У выніку з-пад пяра Шамякіна выйшаў раман “Петраград–Брэст”.

Адваротны бок шчаслівага жыцця
Шамякіна прынята лічыць шчасліўчыкам. Сапраўды, рэдка хто з пісьменнікаў атрымліваў такое прызнанне. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Яго кнігі ў савецкія часы выходзілі вялікімі накладамі і мелі поспех сярод чытачоў. Але шмат што засталося па-за кадрам. Напрыклад, той жа раман “Петраград–Брэст” доўга не друкавалі.

Як згадваў гісторык і энцыклапедыст Іосіф Хаўратовіч, у час напалу спрэчак “Іван Пятровіч захварэў (у выніку высокага крывянога ціску ў воку лопнулі сасуды)”. Шмат у чым лёс рамана залежаў ад Івана Антановіча, тады загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ. Калі верыць усё таму ж Хаўратовічу, Антановіч цынічна пракаментаваў гэты выпадак: “Усе творы Шамякіна праходзілі і прымаліся на “ўра”. Адзін раман крыху прытармазілі, і ў яго, бачыце, нервы не вытрымалі, інсульт у вока стрэліў. Падлечыцца, вернецца, можа, што падправіць, і раман пойдзе ў свет”. Кніга ўрэшце выйшла, але можна толькі здагадвацца, колькі гэта каштавала аўтару.

Начальнік, які «выбіваў» кватэры
Пералік пасад, якія займаў Іван Шамякін, уражвае. Адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Але на ўсіх гэтых пасадах Шамякін дапамагаў сваім калегам па працы. “Я любіў выбіваць, у прыватнасці, кватэры, не саромеўся дабірацца да самага верху, да таго ж Ціхана Кісялёва, старшыні Саўміна, і нават да Машэрава”, – прызнаваўся Шамякін.

У адным з інтэрв’ю ён расказваў, як не мог трапіць на прыём да Піліпа Коханава, старшыні рэспубліканскага Дзяржплана (толькі той мог вылучыць ліміты на будаўніцтва). “Пайшоў да Машэрава, – расказваў Шамякін. – Расплакаўся, што такі доўгі спіс бескватэрных пісьменнікаў”. Кіраўнік БССР патэлефанаваў Коханаву, спытаў, ці чытаў той Шамякіна, і папрасіў дапамагчы. Не паспеў Іван Пятровіч вярнуцца ў Саюз пісьменнікаў, як яму патэлефанавалі з Дзяржплана. Абураны чыноўнік заявіў, што возьме ліміты з Гомельскай вобласці і скажа, што забраў Шамякін. “Я ж яшчэ раз пайду”, – парыраваў пісьменнік, намякаючы на паход да Машэрава. Неўзабаве новыя кватэры атрымалі 12 пісьменніцкіх сем’яў.

За ім прыйшлі анёлы
Жыццё Шамякіна падзяліў на дзве часткі 1991 год. Пісьменнік не прыняў распад Савецкага Саюза і застаўся верны ранейшым каштоўнасцям. Апроч таго, у яго “на кніжцы” знаходзілася гіганцкая сума. Як пісаў літаратуразнаўца Аляксандр Станюта, гаворка ішла пра сто тысяч рублёў, якія збіраліся дзесяцігоддзямі, а “згарэлі” ў адно імгненне. Немалады пісьменнік мусіў зноў зарабляць сабе на хлеб. Потым адбылося страшнае – у 41 год памёр сын Аляксандр. Апошнім ударам для Шамякіна стала смерць любімай жонкі Марыі Філатаўны (у 1998-м).

Пра смерць пісьменніка (14 кастрычніка 2004 года) расказала ва ўспамінах яго дачка Алеся Шамякіна. У апошнюю ноч яна, устрывожыўшыся, зайшла да бацькі са сваім мужам Сяргеем. “Бацька не спаў, паглядзеў на нас і раптам сказаў”: “Шэпчуць…” – і слабым рухам рукі паказаў некуды ў бок. Мы падумалі, што гэта яму прымроілася ў сне. “Тут нікога няма, што шэпчуць?” – запытаўся Сяргей. Адказ нас уразіў: “Малітвы”. У тую ноч Шамякіна не стала. Зяць пісьменніка тады сказаў жонцы: “Ты ведаеш, гэта анёлы па яго прыходзілі і спявалі малітвы. Ён ужо чуў іх…”

У газеце «Народная Воля» выйшла скарочаная версія гэта матэрыяла:

Шэсць фактаў пра Шамякіна // Народная Воля. 2016.  20 студзеня. № 8. С. 4.