Сем фактаў пра Мулявіна

12 студзеня, споўнілася б 75 гадоў Уладзіміру Мулявіну, заснавальніку і лідару легендарных “Песняроў”. “Народная Воля” згадала сем фактаў з яго біяграфіі, некаторыя з якіх вядомы толькі асобным фанатам творчасці ансамбля.

Пераплываў Урал, як і Чапаеў
Дзяцінства будучага музыканта было няпростым. Як казаў сам Мулявін, “не надта ружовым”. Калі хлопчыку было тры гады, бацькі развяліся. Старэйшага брата Валерыя (у будучым – таксама саліста “Песняроў”), Уладзіміра і малодшую сястру Наталлю выхоўвалі маці, Акуліна Cяргееўна Палычава, і жонка яе старэйшага брата Піліпа – цётка Маня. “Гэта цётка была данской казачкай, і яна шмат расказвала пра сваіх 12 братоў, якія ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне, – расказваў у інтэрв’ю Мулявін. – Але лёс так распарадзіўся, што палова братоў змагалася на баку чырвоных, палова – белых. Вядома, маме (яна была швачкай) цяжка было з намі, таму я некаторы час жыў у Магнітагорску ў дзядзькі Піліпа. Там я навучыўся добра плаваць і нават, пераймаючы Чапаева, пераплываў Урал”. Васьмігодку Мулявін скончыў у Свярдлоўску і мог пайсці на фабрыку цукерак, каб зарабляць грошы (там жа працавала яго маці). “Але мама, мудрая мама выбрала для мяне музвучылішча”, – прызнаваўся Уладзімір Георгіевіч. На жаль, бацькі “песняра” памерлі рана. Тата, Георгій Арсенцьевіч, сышоў у іншы свет у снежні 1962 года, а роўна праз год памерла і маці.

Не меў музычнай адукацыі
Як прызнаваўся кампазітар Ігар Лучанок, у Саюз кампазітараў Мулявіна прынялі з парушэннем статута, які забараняў членства асобам без класічнай базавай адукацыі. Бо Мулявін не скончыў ні вышэйшай, ні нават сярэдняй cпецыяльнай установы. У 1956 годзе ён паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча на аддзяленне народных інструментаў па класе балалайкі і гітары. “Але хутка за захапленне джазам, дакладней “за нізкапаклонства перад заходняй культурай” мяне з трэскам адлічылі з вучылішча”, – праз гады згадваў тую гісторыю Мулявін. Яго аднавілі ў вучылішчы дзякуючы выкладчыку Аляксандру Наўроцкаму. Апошні быў палітзняволеным, але за што канкрэтна сядзеў, не расказваў. Урэшце, так і не скончыўшы 3-га курса, Уладзімір Георгіевіч сам сышоў з вучылішча, каб зарабляць сабе на хлеб. Зрэшты, Лучанка гэта не збянтэжыла. Неўзабаве рашэнне, якое прыняло праўленне Беларускага саюза кампазітараў, было зацверджана ў Маскве. Але ў кнізе “Композиторы Беларуси”, якая выйшла ў 2014 годзе, біяграфія Мулявіна адсутнічае.

«Песняры» маглі называцца «Палескімі зубрамі»
У 1968-м Мулявін, які за пяць год да гэтага трапіў у Мінск пасля работы ў абласных філармоніях, стварыў пры Белдзяржфілармоніі ансамбль «Лявоны». Але пасля гастроляў ва Украіне музыкантаў выклікаў да сябе тагачасны міністр культуры Міхаіл Мінковіч і “мякка так прапанаваў змяніць назву: “Ну што за “Лявоны”? Неяк не вельмі сур’ёзна. Вы вельмі таленавітыя хлопцы, але з такой візітнай карткай далёка не з’едзеце. Думайце…” Паводле слоў Мулявіна, гучалі розныя варыянты: “Палескія зубры”, “Маладыя галасы”, “Арлы”. “Нарэшце наш бас-гітарыст Лёня Тышко, па сумяшчальніцтве паэт, вялікі гуманітарый, пасядзеўшы некалькі дзён у бібліятэцы, дзесьці ў энцыклапедычным слоўніку або нейкім паэтычным зборніку знайшоў слова “пясняр”. Тады гэта слова было мала каму знаёма, хоць знаўцы Янкі Купалы маглі яго сустрэць яшчэ ў ранніх вершах паэта”. Праўда, кінарэжысёр Уладзімір Арлоў (цёзка пісьменніка) расказваў са слоў Мулявіна іншую версію. Маўляў, іх перайменавалі спецыяльна для ўдзелу ў адным з маскоўскіх конкурсаў. “Як можна было прадстаўляцца Лявонамі, калі панаваў у краіне самы галоўны “Лёнька”, герой Малой зямлі?! Валодзя заявіў рашуча ў размове: пасля конкурсу вярну назву. Але пасля ўжо было позна: слава калектыву імкліва расла. І гэта была слава менавіта “Песняроў”.

Мулявін узаконіў ВІА
Назва калектыву была зменена дзеля ўдзелу ў ІV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, які ў 1970 годзе прайшоў у Маскве. Як узгадвала спявачка Нэлі Багуслаўская, “то быў час “бітламаніі”, якая скарыла ўвесь свет. Цяпер я разумею, што ідэя мужчынскіх ансамблевых спеваў проста насілася ў паветры. «Бітлз» былі першыя, хто яе падхапіў. Услед за імі ВІА пачалі з’яўляцца, як грыбы пасля дажджу”. Але такія групы (напрыклад, “Бітлз” і “Ролінг стоўнз”), а таксама музычныя інструменты, на якіх яны ігралі, выклікалі ў партыйных чыноўнікаў непрыняцце. “Памятаю, як у час шматразовай здачы сваёй праграмы мастацкаму савету я, іграючы на бас-гітары, час ад часу чуў абуранае: «Гучная бас-гітара!», – абураўся спявак Аляксандр Ціхановіч. – Я рабіў цішэй. І зноў: «Гучная бас-гітара!» І калі я яе зусім адключаў, усё роўна чулася: “Гучная бас-гітара!” І нічога нельга было зрабіць. Цікава, што “Песняры” выступалі ў Маскве як “артысты-вакалісты”. На думку Ціхановіча, менавіта майстэрства і бездакорны густ “Песняроў” дазволілі ім потым афіцыйна ўзаконіць у СССР жанр вакальна-інструментальных ансамбляў.

Званне «народнага» – за «Александрыну»
У кожнага беларускага слухача ёсць свае любімыя “песняроўскія” песні: «Белавежская пушча» або «Зачараваная», «Касіў Ясь канюшыну» або «Малітва». А вось Пятру Машэраву найбольш падабалася «Александрына». Існуюць дзве легенды. Згодна з першай, так клікалі дзяўчыну, якую ў маладосці кахаў будучы кіраўнік БССР. Згодна з другой версіяй, аднайменны верш Петруся Броўкі быў прысвечаны актрысе Зінаідзе Канапелька. А Машэраў пазнаёміўся з ёй яшчэ ў маладосці і нават лічыў эталонам жаночай прыгажосці. Як расказваў “Народнай Волі” адзін з салістаў “Песняроў” Уладзіслаў Місевіч, кіраўнік БССР завітаў на 10-годдзе “Песняроў”: “Мы бачылі, як Машэраў зняў пінжачок, зручна размясціўся, расслабіўся, выпіў 50 грамаў каньячку. Памочнік да нас звяртаўся за кулісы ў перапынках: “Усё нармальна, хлопцы. Усе песні падабаюцца. А “Александрына” будзе?” А мы яе ўжо не ставілі ў канцэрты – старая, 10 гадоў! Ну, а тут абавязкова “Александрына”. Пасля юбілею нам сталі рыхтаваць дакументы на званні: Мулявіна – на народнага, нас, пяць музыкантаў, – на заслужаных артыстаў”.

Быў тройчы жанаты
Упершыню Мулявін узяў шлюб рана, у 18 гадоў. Яго жонкай стала эстрадная артыстка Лідзія Кармальская, якая выступала ў дастаткова рэдкім на эстрадзе жанры – мастацкім свісце. У іх нарадзіліся дачка і сын, але неўзабаве пасля нараджэння апошняга Уладзімір Георгіевіч сышоў да іншай жанчыны – Святланы Слізкі, якая пазней стала яго жонкай. У адным з інтэрв’ю Мулявін называў гэты шлюб сваёй памылкай. Як сцвярджае Уладзіслаў Місевіч, «атрымаўшы тэхнічную адукацыю, працаваць Святлана не стала. У іх нарадзілася дачка, але сямейнае жыццё так і не склалася. Святлана ў справы Валодзі не ўмешвалася, старалася не ездзіць з намі на гастролі. Гуляла направа і налева. У рэшце рэшт Мулявіну гэта надакучыла, і ён падаў на развод». Трэцяй жонкай знакамітага музыканта стала Святлана Пенкіна, якая праславілася выкананнем ролі Каці Булавінай у 13-серыйным тэлефільме «Хаджэнне па пакутах» (паводле аднайменнага рамана Аляксея Талстога).

«Другая мая прафесія – шафёр»
Страсцю Мулявіна былі машыны. Як згадвала яго кума Таццяна Лукашэвіч, Уладзімір Георгіевіч часам казаў: “Другая мая прафесія – шафёр, так што можаш павіншаваць з Днём аўтамабіліста”. Музыкант любіў капацца ў машыне, увесь час яе рамантаваў і часта прыцягваў куму да гэтай справы. Лукашэвіч згадвае, як аднойчы ён узяў яе з сабой на аўтамабільны рынак, хацеў прыгледзець для сябе новае аўто. “Прыехалі на рынак. Аўтамабіляў было няшмат. Таго, што яму хацелася, не было. Пайшлі па радах. Купілі дворнікі. А ён усё нешта шукае. Я яму кажу: “Уладзімір Георгіевіч, скажы, што трэба, буду запытваць”. – “Запытвай ступары да пярэдняга левага кола “Опель-Рэкорд” 1982 года”. Ну, я і пайшла. З куражом, вядома. Ён за мной у вязанай шапачцы, “выдзіманым” паліто – вусы і ўсмешка. Азірнуся – усмешка. І так рады чатыры прайшлі, пакуль адзін прадавец не сказаў: “Ступа ў Бабы Ягі, а вам патрэбны супорты!” Божанька мой мілы, як жа Мулявін рагатаў! Так падкузьміць Танюху змог! Я была рада яго добраму настрою”. Па сумнай іроніі лёсу, менавіта захапленне Мулявіна наблізіла яго смерць. Вясной 2002 года ён трапіў у аўтакатастрофу, а праз 8 месяцаў памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Фота Яўгена КОКТЫША

Сем фактаў пра Мулявіна // Народная Воля. 2016. 12 студзеня. № 3. С. 7